Стартаваў пяты курс дыстанцыйнага навучання для настаўнікаў "Медыяадукацыя ў школе"

Сёння 23 лістапада Таварыства беларускай школы распачынае пяты курс дыстанцыйнага навучання "Медыяадукацыя ў школе". 187 настаўнікаў з усіх рэгіёнаў падалі заяўкі на навучанне. Гэта больш за тры чалавекі на месца. З улікам патрэбаў грамадства ў медыя-інфармацыйных кампетэнцыях было вырашана падрыхтаваць новых ментараў і прынняць на курс максімальную колькасць ахвочых. Такім чынам, 134 настаўнікі сёння атрымалі запрашэнні, з імі на працягу амаль пяці месяцаў будуць працаваць 17 ментараў. 
Калі Вы падавалі заяўку, прагледзьце, калі ласка, сваю пошту, зазірніце ў тэчку "спам", бо пры масавых рассылках ліст-запрашэнне можа трапіць туды. 
 

Чаму мы выбралі гэту тэму?

Медыяадукацыя з’явілася як адказ на новыя патрабаванні сучаснага свету.
Па-першае, раней інфармацыю трэба было здабыць – гэтаму дапамагала школа. Сёння інфармацыі занадта шмат. Школа павінна навучыць адбіраць патрэбнае, пазбягаць небяспекі падману і маніпулявання, адрозніваць факты ад меркаванняў і дапушчэнняў, у якой бы прыгожай абгортцы яны ні падавалася.

Па-другое, нашыя дзеці растуць ва ўмовах інфармацыйнага грамадства, калі ўсё навокал ззяе, мільгае, гучыць і круціцца, каб завалодаць увагай. Традыцыйная школа з яе традыцыйнымі метадамі вучню здаецца занадта сумнай. Настаўнік з дапамогай медыя можа зацікавіць вучняў і актуалізаваць змест свайго прадмета.  Але істотна тое, што ВУНаў, якія патрабуе школьная праграма, сёння вучню недастаткова, каб арыентавацца ў падзеях і быць канкурэнтаздольным на рынку працы і паспяховым у асабістым жыцці.

Цяпер кажуць пра медыйную кампетэнтнасць – як пра базавую патрэбу сучаснага чалавека. Але як яе сфармаваць, калі адмысловага прадмета «медыяпісьменнасць» у раскладзе не існуе, школьная праграма перанасычана, а настаўнікі часта не маюць ні адпаведных уменняў, ні дадатковага часу на медыяадукацыю, нават калі ўсведамляюць яе важнасць?

З падобнай праблемай сутыкаюцца ўсе настаўнікі ва ўсім свеце, бо медыяадукацыя ўзнікла параўнальна нядаўна ў выніку бурнага развіцця інфармацыйных тэхналогій, якія кардынальна змянілі наша жыццё. Школа нідзе не паспявае за гэтымі імклівымі зменамі. Таму можна з упэўненасцю сказаць: беларуская школа ў медыяадукацыі не адстае, мы ідзем разам з усім светам і разам шукаем шлях! Педагогі-практыкі, якія ўжо маюць досвед медыяадукацыі, заклікаюць не разглядаць медыя-інфармацыйны бум як праблему – медыя даюць шмат новых магчымасцяў для адукацыі.

Як будзе арганізаваны курс?

Мы склалі гэты курс для таго, каб дапамагчы настаўніку выкарыстаць «бонусы» медыйнай прасторы для навучання: пашырэння і актуалізацыі зместу, павышэння матывацыі вучняў і фармавання іх медыйнай граматнасці. Курс будзе практыка-арыентаваным і не будзе патрабаваць ад настаўніка шмат часу.

Мы будзем прытрымлівацца інтэграцыйнага падыходу да медыяадукацыі. Такі падыход патрабуе ад настаўніка толькі жадання і творчасці ў падборы медыяпаведамленняў, але не патрабуе вылучэння асобнага часу на дадатковыя заняткі. Падобна навучанню традыцыйнай граматнасці, медыяграматнасць уяўляе сабой набор кампетэнцый, якія можна фармаваць пры выкладанні любых прадметаў.

Амерыканскія медыяпедагогі Сіндзі Шэйбэ і Фэйт Рогаў пішуць: «Важна медыяадукацыю ўключаць у навучальны план усіх прадметаў. Толькі так магчыма фармаванне медыйных кампетэнцый: звычкі аналізаваць усю інфармацыю. Гэта не адмяняе асобнага правядзення факультатываў і інфармацыйных гадзін па медыяграматнасці. Вядома, магчыма навучаць крытычнаму мысленню, не займаючыся спецыяльна фармаваннем медыяграматнасці, некаторыя школы ўжо шмат гадоў паспяхова дзейнічаюць у гэтым кірунку. Аднак вучні, асабліва малодшыя, не заўсёды аўтаматычна пачынаюць выкарыстоўваць атрыманыя навыкі ў іншых сферах, такім чынам, яны не абавязкова пачнуць крытычна ацэньваць медыя, калі мы толькі не навучым іх, як гэта рабіць. А калі мы вучым вучняў аналізаваць усе тыпы медыя, уключаючы і тыя, якія яны самі ствараюць, мы падсвядома прывучаем іх крытычна ацэньваць усе, а не толькі пэўныя формы медыя і кантэнту ў пэўныя прамежкі часу».

У працэсе навучання прыкладна раз на два-тры тыдні вы будзеце атрымліваць невялікі дыдактычны матэрыял і заданне, якое патрэбна будзе зрабіць у класе са сваімі вучнямі падчас урокаў, інфармацыйных ці класных гадзін або іншых выхаваўчых мерапрыемстваў.

            Пры жаданні настаўнік зможа карыстацца дадатковай літаратурай: медыяадукацыі прысвечаны раздзел «Медыякомпас» на сайце nastaunik.eu, іншымі крыніцамі, на якія мы даем спасылкі ў матэрыялах курса.

Сёлетняя навінка - платформа для размяшчэння практыкаванняў з медыязместам для ўрокаў і выхаваўчых заняткаў https://nastaunik.eu/mediatoolkit/.  Мы разлічваем, што ў працэсе навучання наша метадычная скарбонка папоўніцца новымі матэрыяламі ўдзельнікаў курса.

Як удзельнік/удзельніца курсаў вы будзеце паступова пры дапамозе ментара знаёміцца з тэорыяй і практыкай медыяадукацыі і ўводзіць на сваіх уроках і выхаваўчых занятках элементы фармавання медыя-інфармацыйных кампетэнцый вучняў.

Курс складаецца з шасці модуляў. 

Настаўнікі, якія скончаць курс «Медыяадукацыя ў школе», атрымаюць пасведчанне аб заканчэнні 60-гадзіннага курса.

Ацэнка і ўмовы заканчэння курса

Праца на курсе будзе ацэньвацца з дапамогай сродкаў актыўнай ацэнкі. Гэта значыць, што падчас дыстанцыйнага навучання кожны ўдзельнік будзе мець дадатковую магчымасць пазнаёміцца з прынцыпамі і элементамі актыўнай ацэнкі і на сабе адчуць перавагі і хібы гэтай тэхналогіі. Адзнакі ў балах выстаўляцца не будуць.

Актыўная ацэнка не разглядае ацэньванне як кантроль, яна выкарыстоўвае зваротную сувязь (каментаванне) для рэкамендацый па паляпшэнні эфектыўнасці навучання, стымулявання матывацыі навучэнцаў, прапануе браць на сябе адказнасць за сваё навучанне. Кожны ўдзельнік будзе мець свайго ментара, які пасля азнаямлення са справаздачай піша да яе каментар.

Актыўная ацэнка заахвочвае ўдзельнікаў да самаацэнкі і ўзаемнай ацэнкі, узаеманавучання. 

Наш досвед дыстанцыйнага навучання сведчыць: чым актыўней вы будзеце ўдзельнічаць у абмеркаваннях матэрыялаў, тым больш карысці вы атрымаеце ад навучання.

У курсе няма экзаменаў. Ён адрозніваецца ад іншых курсаў тым, што яго ўдзельнікі набываюць веды найперш праз досвед працы.

 

Праблемы, з якімі вы можаце сутыкнуцца падчас навучання.

 

Медыйная граматнасць патрабуе пэўнага ўзроўню крытычнага мыслення, які не заўсёды маюць нашы вучні. Калі мы пачнем рабіць практыкаванні па дэкадаванні навін, рэкламы, можа здарыцца такая сітуацыя, што дзеці зробяць выснову, што ўсе медыя нас падманваюць, скажаюць інфармацыю, заводзяць у тупік і наогул шукаць праўду не мае сэнсу. У такім выпадку рэкамендуем вам скіроўваць увагу вучняў на тое, што мы можам зрабіць у адказ (праверыць інфармацыю, запытацца у дарослых, знайсці першакрыніцу, «забаніць» ілжывы сайт ці канал і г.д. ). Дзеці павінны ўсведамляць, што медыйна граматны чалавек – гэта скептык, а не цынік. Цынізм – гэта рэакцыя слабага пакрыўджанага чалавека.

Іншая праблема можа ўзнікнуць пры абмеркаванні «гарачых» тэмаў, прыкладам, неадназначнага тлумачэння ўкраінскай сітуацыі ці поглядаў на гістарычныя падзеі. Дзеці будуць шукаць у настаўніку аўтарытэт, каб пацвердзіць сваю выснову. Тут важна сканцэнтраваць увагу не столькі на змесце паведамлення, колькі на метадах, якія выкарыстаны ў медыя для данясення пасылу. Часцей задавайце пытанне «Што прымусіла вас так думаць?» Дзеці павінны рабіць высновы самі. Дапаможа ў такой сітуацыі і залатое правіла настаўніка: калі хочаш перадаць нейкую інфармацыю вучням – скажы гэта ў форме пытання.

Мы спадзяёмся, што у вас усё атрымаецца і, напэўна, вы часцей будзеце чуць ад вучняў, бацькоў і калег фразу: «Ого, вось яно як!», чым «Навошта нам гэта трэба?». І настаўніцкая праца будзе прыносіць значна больш задавальнення.

 

 Тамара Мацкевіч, каардынатар курса.