У нядзелю на маршы затрымалі майго сябра, паплечніка, педагога, кандыдата навук Міхася Кудзейку. Чалавека, які вядомы многім тысячам калег, з якім 15 гадоў працуем у адной камандзе, вядзем праграмы падтрымкі настаўнікаў. Г этая каманда, створаная Таварыствам беларускай школы, працуе для настаўнікаў як армія выратавання: навучыць, параіць, усё зразумее, выратуе ад эмацыйнага выгарання, і Міхась для калег-педагогаў — і аўтарытэт, і любімчык. Здаецца, у ягоную абарону павінна выступіць уся педагагічная супольнасць, стаць гарой, знесці тое Акрэсціна, напісаць процьму петыцый, запатрабаваць адстаўкі міністра МУС… Але, на вялікі жаль, разлічваць на салідарнасць педагогаў не выпадае. Чаму? Як так здарылася? Што адбываецца ў нашай школе?
Чаму школа не скарыстала шанец для зменаў?
Раніцай 10 жніўня Беларусь прачнулася ў новай рэальнасці. Падзеі разгортваліся як у камп’ютарнай гульні: напярэдадні каля выбарчых участкаў (збольшага — у школьных дварах) сабраліся воіны святла — звычайныя грамадзяне, якія чакалі пратаколаў з вынікамі выбараў, на іх напалі атрады чорных карнікаў. Шмат дзе гэтых карнікаў выклікалі настаўнікі, якія вучаць дзетак гэтых грамадзян «разумнаму, добраму, вечнаму». Пасля бітвы дабра са злом светлыя сілы панеслі страты, але набраліся досведу і рашучасці — і перайшлі на новы ўзровень гульні.
Сярод светлых сілаў былі не толькі збітыя на горкі яблык АМАПам грамадзяне, але і настаўнікі.
Памятаеце шматтысячны марш настаўнікаў супраць гвалту і хлусні, які адбыўся 14 жніўня? Настаўнікі прайшліся праз увесь горад, зрабілі імправізаваную лінейку на плошчы Незалежнасці, праспявалі каля ЦВК для Лідзіі Ярмошынай песню «Дважды два — четыре» і ўсклалі кветкі да Міністэрства адукацыі, каб спачывала з мірам.
Цяпер такое здаецца нейкай фантасмагорыяй. А тады, у жніўні, на нейкі час падалося, што школа мае шанец змяніцца, што да яе могуць вярнуцца функцыі навучання, а не кантролю.
Памятаю, як дырэктарка школы №69, куды мы прыйшлі з незалежнымі назіральнікамі, адкрыта казала пра фальсіфікацыі, скардзілася, што пад аховай АМАПу вывезлі толькі «сваіх» чальцоў камісіі — супрацоўнікаў заводу шасцерняў, — а яе пакінулі адну супраць натоўпу пабітых дубінкамі людзей. Слёзы цяклі ў два ручаі, калі яна прызналася, што не ведае, як далей жыць, як глядзець у вочы сваім выпускнікам і бацькам вучняў. Дырэктарка раілася, што рабіць, бо ўжо пазванілі з КДБ, прыедуць забраць запісы з камер назірання. Жанчыну было шкада. Яна выглядала шчырай. Гаварыла праўду. Здавалася, што вось ён — момант ачышчэння. Са школы сыходзіць хлусня, двудушша, прыходзіць час зменаў і адкрытага вырашэння праблем.
На жаль, ілюзіі доўжыліся нядоўга. Убачыўшы начальства, тая дырэктарка зноў ператварылася з чалавека ў біяробата. Ні шчырасці, ні слёз раскаяння, ні шкадавання. Больш вучні, іх бацькі і збітыя выпускнікі, якіх у гэты час ужо катавалі на Акрэсціна, і ўсё, звязанае з адукацыяй, мараллю, сумленнем яе перастала цікавіць. Значыць, і заўтра яна зноў без долі сумневу выкліча на мірных людзей АМАП, не пусціць назіральнікаў да падліку галасоў, падпіша любы фальшывы пратакол.
Чаму настаўнікі не падтрымалі змены, не аб’ядналіся для адстойвання сваіх інтарэсаў? Чаму не скарысталіся энергіяй бацькоў, якія стварылі чаты, тэлеграм-каналы і адсочваюць, каб калі што — бараніць дзяцей і настаўнікаў ад ціску, пабораў, ідэалогіі, непатрэбных мерапрыемстваў, прамывання мазгоў, якія так і засталіся асноўнымі функцыямі школы? У мяне няма адказу на гэтыя пытанні. Губляць настаўнікам, здаецца, няма чаго. Ды і такая пазіцыя маўчуноў найперш б’е па іх саміх. Іх цяпер няма каму бараніць, калі другая хваля пандэміі выкошвае да 30 працэнтаў педагагічнага складу. Прафсаюзу — няма, Белай Русі напляваць на сваіх чальцоў, статыстыка хаваецца, а настаўнікі выбіраюць шлях не крычаць, а маўкліва памерці.
Нават найлепшыя прадстаўнікі прафесіі — за выключэннем адзінак — дагэтуль думаюць, што могуць сядзець на двух крэслах. Калі не зрабіць выбар, настаўніку лёгка стаць саўдзельнікам злачынстваў. Настаўнікі ў сваёй большасці нават не спрабуюць зрабіць гэты выбар, янытупа працягваюць выконваюць загады ўлады, нават калі гэта ўлада стала забойцам не толькі вучняў, бацькоў, але і іх саміх.
Няўжо за гады праўлення Лукашэнкі ў адукацыю прыйшоў чалавечы капітал такой нізкай якасці? Няма заробку, няма канкурэнцыі, няма прафесійнага адбору на прафпрыдатнасць. Пра якія гонар і прафесійную годнасць можна казаць? Самі настаўнікі хоць ведаюць, што такое гонар ці годнасць?
Конкурсы, святкаванні, паказуха — пляскі перад уладай — усё, што ўмее наша школа. Гэта мадэль беларускай школы, якая была да 9 жніўня 2020 года: ШКОЛА І НАСТАЎНІКІ ПАВІННЫ АБСЛУГОЎВАЦЬ УЛАДУ. Справядлівасць, інтарэсы бацькоў і дзяцей, сама адукацыя — гэта ўсё другаснае — як той шосты вучэбны дзень.
Але такая сітуацыя не можа захоўвацца доўга. Бо грамадства змянілася. Змянілася ўсё асяроддзе — і школа не можа доўга заставацца ранейшай. І нават шэрая маса, якая атабарылася ў нашых школах, але па ўзроўню культуры, адукацыі і маралі яўна не павінна дапускацца да выхавання дзяцей, нічога не зможа зрабіць.
Што змянілася ў школе?
Калі пытаешся ў настаўнікаў, што змянілася, яны адказваюць, што дзеці не маўчаць. Яны больш не хочуць трываць атмасферу затхласці і цвілі. Яны ніколі не вернуцца ў мінулае, найперш — з эстэтычных прычынаў. Эстэтыку калгасна-камсамольскага ўра-партыятызму ў ХХІ стагоддзі новае пакаленне не ўспрымае. Таму на перапынках гучаць пратэсныя песні і заклікі да зменаў, уздымаюцца сцягі. Для вучняў больш не існуе забароненых тэмаў — яны задаюць адкрытыя пытанні настаўнікам на ўроку і па-за ім.
Актывізаваліся і аб’ядналіся бацькі. Яны толькі вучацца кантраляваць і патрабаваць якаснай працы школы, якая існуе за іх жа падаткі. Але навучацца — няма сумневу.
З настаўнікамі — больш складана. Настаўнікі ў школах падзяліліся на два лагеры: добрыя прафесіяналы, упэўненыя ў сабе самадастатковыя асобы выступаюць за змены, а, так бы мовіць, чалавечы капітал ніжэйшай якасці трымаецца старой парадыгмы.
Адміністрацыя нервуецца. Атмасфера ў школах напружаная, дэпрэсіўная. У паветры лунае пагроза рэпрэсій. Улада спадзяецца, што школа дапаможа закруціць гайкі — будзе пагражаць бацькам, што іх сем’і паставяць на ўлік, а то і адбяруць дзяцей, каб тыя не далучаліся да пратэстаў, павыганяе настаўнікаў з дэмакратычнымі поглядамі.
Часткова школа апраўдала давер улады — настаўнікі ў верасні ўжо ладзілі ўрачыстыя прыёмы ў акцябраты-піянеры і спрабавалі прыструніць іншадумцаў. А зварот педагогаў супраць гвалту, беззаконня і хлусні падпісалі каля тысячы чалавек — не больш за 1% настаўнікаў.
Бацькі па-ранейшаму разглядаюцца школай як ворагі. Праўда, цяпер можна сказаць, што хутчэй адміністрацыя школаў баіцца аб’яднання бацькоў і настаўнікаў. Рана ці позна настаўнікі зразумеюць, што трэба проста аб’яднацца з тымі, для каго працуе школа. Але стэрэатып паслугачоў рэжыму так уеўся ў свядомасць нашых педагогаў, што яны сталі падобныя да зашораных вучняў-выдатнікаў, якія не могуць рашыць простую алімпіядную задачку, бо там трэба адыйсці ад двухмернай прасторы і паглядзець на яе ў трох вымярэннях.
Цяпер, калі працэс пайшоў, у педагогаў толькі адно выйсце, каб выжыць і не ператварыцца ў големаў: стаць на адзін бок з бацькамі, студэнтамі, дзецьмі і разам бараніць нашы агульныя інтарэсы. Нягледзячы на ўсё, у нас яшчэ ёсць шанец пабудаваць школу без хлусні, без страха, без халуйства. Трэба паглядзець на сябе з трохмернай прасторы. Не пазбаўляць сябе будучыні, бо яна ўжо настала.
У інфармацыйным грамадстве немагчыма нічога схаваць — ні станоўчае, ні адмоўнае. Бруд адразу ўсплывае і становіцца заўважным. (Узгадайце відэазапіс кіроўцы аўтазака, які разляцеўся па ўсіх чатах!) Смелыя ўчынкі і імёны добрых людзей таксама фіксуюцца ў лічбавай прасторы для далейшага асэнсавання і стварэння гонару нацыі. У часы пераменаў немагчыма мець двайную мараль, служыць і вашым і нашым. Цябе заўсёды прыб’е ці да герояў, ці да здраднікаў. Дык да якога берага прыб’е нашу школу?
Тамара Мацкевіч, Новы час, 13.11.2020