За свой не вельмі працяглы, але і не надта кароткі тэрмін працы ў сярэдняй школе я паспеў паспрабаваць сябе на многіх пасадах: ад настаўніка і да дырэктара. Школай кірую я і зараз, аднак з кожным днём мне становіцца ўсё больш брыдка ад сябе самога, бо работа, якую я выконваю, не можа выконвацца прыстойным чалавекам з больш-менш устойлівымі маральнымі перакананнямі. Пару дзён таму я вырашыў, што маё дзіця будзе навучацца дзе заўгодна, але толькі не ў дзяржаўнай установе адукацыі, як іх прынята называць у адпаведнасці з сучаснымі нарматыўнымі прававымі актамі. Чаму? Я гатовы распавесці.
Па-першае, гэта фарысейства. Фарысеі жылі ў чысы Хрыста, але, як мне здаецца, зараз іх нашмат больш і сканцэнтраваны яны ў школах і органах кіравання адукацыяй. Дух выхавання яны замяняюць літарай, і за адпаведнасць гэтай літары могуць перагрызць глоткі каму заўгодна. Колькі радкоў ці клетачак трэба апусціць ад адной работы да другой у рабочым ці кантрольным сшытку становіцца пытаннем планетарнага маштабу, а за адступленне ад устаноўленых патрабаванняў парушальнік можа з лёгкасцю атрымаць дысцыплінарнае спагнанне. Колер ручкі, правілы справаводства, дзелавы стыль адзення, выкананне метадчыных рэкамендацый і шматлікае іншае ў разуменні фарысеяў ад адукацыі, гэта тое на чым выбудоўваецца ўся школа, а дзеці разам з педагогамі ператвараюцца ў бяздушныя інструменты па выкананню бязглуздых патрабаванняў і правіл.
Па-другое, гэта праверкі. Я хачу каб маё дзіця давярала людзям і, на мой погляд, навучыць даверу мусіць у тым ліку і школа. Але ў беларускай школе гэтага слова не існуе, яно татальна заменена іншым – праверка. Правяраюць ва ўстановах адукацыі ўсё і ўсіх. Амаль што кожны дзень супрацоўнікі школ знаходзяцца ў чаканні наезду правяраючых асоб, якія асноўнай мэтай свайго візіту лічаць знаходжанне недахопаў і праблемных момантаў. Упраўленні па адукацыі правяраюць кіраўніцтва школ, кіраўніцтва настаўнікаў, настаўнікі навучэнцаў і ўся нэрвовасць ад гэтага перадаецца па замкнёным коле ад аднаго суб’екта адукацыйных адносін да іншых.
Па-трэцяе, гэта ідэалогія. Ёй прасякнута ўся сістэма адукацыі. Ад інфармацыйных і класных гадзін, выхаваўчых мерапрыемстваў і да звычайных урокаў, дзе настаўнікаў прымушаюць прамываць дзіцям галовы расповедамі аб поспехах беларускай дзяржавы і яе лідара. Прымусовае ўступленне ў бессэнсоўныя дзіцячыя і маладзёжныя грамадскія аб’яднанні дапаўняе абсурдную карціну рэчаіснасці беларускай школы. І пра падпіску на газеты і часопісы, якія адразу накіроўваюцца ў макулатуру, я ўжо маўчу.
Па-чацвёртае, гэта заарганізаванасць. Калі б вышэйшае кіраўніцтва арміі патрапіла ў школу, яны, напэўна, пазайздросцілі б заарганізаванасці навучэнцаў і маглі б пераняць шэраг прыёмчыкаў для работы з жаўнерамі. Усё ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ідзе па распарадку, які ні ў якім выпадку нельга парушаць, бо будзе кепска. Чаму кепска? Ніхто не ведае, проста фарысеі любяць парадак і распарадак у якім няма месца творчаму мысленню. Розныя санітарныя правілы, здаецца, імкнуцца зрабіць становішча навучэнцаў у школе найбольш спрыяльным, аднак, насамрэч, толькі замінаюць нармальнай рабоце настаўнікаў з дзецьмі.
Па-пятае, гэта прымусовасць. Кожны імкнецца прымусіць астатніх. Настаўнікаў прымушаюць уступаць у грамадскія аб’яднанні і выпісваць макулатурныя газеты, дзяцей вымушаюць удзельнічаць у нецікавых конкурсах, хадзіць на факультатывы і гурткі. Прабачце, паважаныя правяраючыя, я ўжыў недазваляльную фармуліроўку. Гаварыць гурткі нельга, трэба казаць – аб’яднанні па інтарэсах. Даруйце, калі ласка. Дзеці у такіх абставінах не вучацца рабіць самастойны выбар, за іх усё ўжо даўно вырашана.
Па-шостае, гэта архаічнасць. У беларускай школе састарэла ўсё – ад вучэбных праграм да настаўнікаў. Вы хочаце каб ваша дзіця прыходзіла на ўрок да чалавека, які не валодае сучаснымі тэхналогіямі і ментальна знаходзіцца на мяжы 70-80-х гадоў? Я не хачу. Толькі нязначная частка школ можа ганарыцца наяўнасцю неабходнай колькасці патрэбных ў адукацыйным працэсе інфармацыйна-камунікацыйных сродкаў, а астатнія вымушаны заставацца ў мінулым, дзе лепшыя дапаможнікі ў правядзенні ўрока гэта дошка і крэйда.
Па-сёмае, гэта нячэснасць. У дзяржаўнай установе адукацыі трэба мірыцца з хлуснёй ва ўсім. Адкрыта нельга абмяркоўваць актуальныя праблемы, трэба хлусіць і заплюшчваць вочы. Трэба распавядаць пра вялікія дасягненні бясплатнай адукацыі ў сацыяльна арыентаванай дзяржаве, якія, насамрэч, фінансуюцца бацькамі праз апякунскія саветы. Дык ці бясплатная такая школа?
Па-восьмае, гэта беспрэцэндэнтны ціск на педагагічную супольнасць у час выбарчай кампаніі, а таксама паслявыбарчы перыяд. Настаўнікі, як і іншыя супрацоўнікі ўстаноў адукацыі, сутыкнуліся з адназначным выбарам: альбо захаваць працу, альбо захаваць права на выказванне ўласнай пазіцыі. Трэцяга няма. Віна за ўдзел навучэнцаў, настаўнікаў і нават бацькоў у масавых мерапрыемствах ускладаецца на кіраўніцтва школ, якое, па меркаванні разнастайных пракуратур, не дастаткова якасна праводзіць выхаваўчую і ідэалагічную работу. Падкрэсліваю, выхаваўчую работу ў тым ліку з бацькамі. Аказваецца і дарослыя людзі мусяць быць выхаванымі беларускай школай. Парадокс ды і толькі.
За свой не вельмі працяглы, але і не надта кароткі тэрмін працы ў сярэдняй школе я паспеў паспрабаваць сябе на многіх пасадах: ад настаўніка і да дырэктара. Школай я кірую і зараз, аднак з кожным днём мне становіцца ўсё больш брыдка ад сябе самога, бо работа, якую я выконваю не можа выконвацца прыстойным чалавекам з больш-менш устойлівымі маральнымі перакананнямі. Пару дзён таму я вырашыў звольніцца і атрымаць шанец глядзець на сябе ў люстэрка без агіды.