Структураваная драма як метад навучання гісторыі (выкарыстанне коміксаў, інтэрв'ю са сведкам і інш.)

Аўтар: Шумель Таццяна Іванаўна, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства ДУА "Гарадоцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад - базавая школа Маладзечанскага раёна".
Прапануем  вашай увазе метадычную распрацоўку настаўніцы гісторыі Таццяны Шумель па метаду структураванай драмы. Таксама матэрыялы  будуць карысныя для настаўнікаў, якія выкарыстоўваюць коміксы ў навучанні, працуюць з інтэрв'ю сведкаў гістарычных падзей. 
Знаёмімся з метадам структураванай драмы і выкарыстаннем коміксаў у навучанні гісторыі.
Таццяна Шумель: "У кастрычніку 2019 г. я брала ўдзел у міжнародным навукова-практычным семінары «Кіно як сродак фарміравання медыяінфармацыйнай пісьменнасці вучняў у навучанні гісторыі і грамадазнаўству», які праходзіў у Нацыянальным інстытуце  адукацыі. На семінары сваім вопытам падзялілася педагог з Чэхіі - Марціна Чурдова, супрацоўнік некамерцыйнай арганізацыі Post bellum, тэатральны рэжысёр і выкладчык. На семінары Марціна Чурдова паказала, як метад структураванай драмы можна выкарыстоўваць пры вывучэнні гістарычных падзей. Адзначым, што структураваная драма - гэта комплексны педагагічна-драматычны метад, які прадугледжвае навучанне праз прамое перажыванне пэўных гістарычных сітуацый. Гэта форма навучання дазваляе навучэнцам максімальна пагрузіцца ў атмасферу часу і эмпатычна перажыць некаторыя моманты з паўсядзённага жыцця "чалавека часу".
Метадычная распрацоўка занятка "Асоба Б.І. Жалязоўскага ў савецкай грамадска-палітычнай сістэме ў канцы 1920-х - 1930-х гг."
Прадмет, тэма: дадзеную метадычную распрацоўку можна выкарыстоўваць як на ўроку сусветнай гісторыі, так і на ўроку гісторыі Беларусі, а таксама ў якасці пазакласнага мерапрыемства. Можна правесці міжпрадметны ўрок "сусветная гісторыя + гісторыя Беларусі". Тады на вывучэнне матэрыялу будзе больш часу.
Сусветная гісторыя, "Палітычнае развіццё савецкай дзяржавы";
гісторыя Беларусі, «Грамадска-палітычнае жыццё ў БССР у 1920 - 1930 я гг.».
Узрост навучэнцаў (клас): ІХ клас.
Назва коміксу: "Вы-жившие"
Назва навелы, на якой пабудаваны занятак: «Добрый день, Инночка».
Мэта настаўніка: фарміраванне аб'ектыўнага разумення аб савецкай грамадска-палітычнай сістэме к.1920 -1930-х гг., на фоне якой адбывалася дзейнасць гістарычнай асобы, праз асобаснае ўспрыманне вучнямі інфармацыі, эмпатыя, выражэнне свайго пункту гледжання, камунікацыю і рашэнне задач у малых групах.
Мэта ўрока для вучняў:  навучэнцы будуць ведаць чаму ў СССР праводзіліся палітычныя рэпрэсіі і супраць каго яны былі накіраваны; сутнасць паняццяў: савецкая грамадска-палітычная сістэма, ідэалогія, культ асобы, палітычныя рэпрэсіі; гістарычную асобу: Жалязоўскага Барыса Іванавіча;
навучэнцы будуць умець: характарызаваць савецкую грамадска-палітычную сістэму і параўноўваць тэкст вучэбнага дапаможніка з тэкстам коміксу, ілюстрацыямі, інтэрв'ю; характарызаваць дзейнасць асобы праз гістарычную эпоху і эпоху праз гістарычную асобу; даваць ацэнку палітычным рэпрэсіям.