Метадычная распрацоўка воркшопа “Я ад людзей не адварочваўся”.

Аўтар: Давідоўская Галіна Эдуардаўна, 

метадыст аддзела забеспячэння гісторыка-

грамадазнаўчай і сацыякультурнай адукацыі 

Нацыянальнага інстытута адукацыі.

 

Галіна Давідоўская: “Я змагла пазнаёміцца з такой цікавай формай навучання як воркшоп у 2019 годзе. У кастрычніку – на семінары “Кіно як сродак фарміравання медыяінфармацыйнай пісьменнасці вучняў у навучанні гісторыі і грамадазнаўству”, які праводзіўся ў Нацыянальным інстытуце адукацыі, у лістападзе – падчас адукацыйнай паездкі ў Чэхію. Тэмы былі розныя, але ў тым і іншым выпадку вядучай воркшопа была Марціна Чурдава, супрацоўнік некамерцыйнай арганізацыі Post Вellum, тэатральны рэжысёр і выкладчык. У 2020 годзе я ужо сама праводзіла воркшоп з групай настаўнікаў на семінары ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Такая форма навучання забяспечвае інтэнсіўнае ўзаемадзеянне ўсіх яго ўдзельнікаў, кожны з каторых мае магчымасць праявіць самастойнасць, ініцыятыўнасць і асабістую зацікаўленасць працэсам навучання. Эксперт, вядучы воркшопа, дапамагае ўдзельнікам вызначыць мэты і задачы мерапрыемства, падбірае метады і прыёмы для актыўнага даследавання. Удзельнікі мерапрыемства не толькі выкарыстоўваюць асабісты вопыт, веды і ўменні, наяўныя ў іх па тэме воркшопа, а і дзеляцца імі з іншымі. Асноўныя метады і прыёмы – аналіз і разбор сітуацый, «мазгавы штурм», выкананне індывідуальных і групавых практыкаванняў і інш. Па заканчэнні воркшопа ў удзельнікаў ёсць пэўны інструментарый, мадэль паводзінаў у канкрэтнай сітуацыі. Аднак такая форма навучання доўжыцца ад паўтары гадзіны да некалькіх дзён, таму ў школе лепш выкарыстоўваць яе на пазакласных мерапрыемствах. Але асобныя прыёмы можна выкарыстаць і на ўроках.

Воркшоп “Я ад людзей не адварочваўся” прысвечаны жыццю і дзейнасці вядомага беларускага прамыслоўцы і палітыка, першага Прэм’ер-міністра Рады БНР Рамана Скірмунта, пабудаваны па метаду структураванай драмы”.

Метадычная распрацоўка воркшопа “Я ад людзей не адварочваўся”.

Мэта: фарміраванне яркага вобраза гістарычнай асобы і гістарычнай эпохі, на фоне якой адбывалася дзейнасць асобы, праз асобаснае ўспрыманне інфармацыі, эмпатыю, выказванне сваёй кропкі погляду, камунікацыю і рашэнне задач у малых групах.

1 этап. Знаёмства.

Удзельнікі майстэрні знаёмяцца паміж сабой і ствараюць 5 груп.

2 этап. Гістарычнае даследванне. 

Знаёмства з галоўным героем – Раманам Скірмунтам праз вывучэнне рэальных прадметаў, рэчаў, звяваных з жыццём і дзейнасцю гістарычнай асобы (фотаздымкі, нататкі, артыкулы, выказванні і інш.). Рэчы павінны быць ананімнымі, без прамой падказкі імя асобы, з якой яны звязаныя. Удзельнікі воркшопу характарызуюць гістарычную асобу на падставе атрыманага факталагічнага матэрыяла, не раскрываючы імя асобы. 

Чакаемы вынік: удзельнікі майстэрні ствараць першасны вобраз гістарычнай асобы на аснове рэчаў, звязаных з яе жыццём і дзейнасцю.

Матэрыялы для груп.

 

Выказванні Р.Скірмунта:

Хто ідзе абараняць добрую справу, той не шукае асабістай карысці. Не здабудзе яе і той, хто абярэ гэтую стромкую і цярністую дарогу… Неаднакроць мы застанемся незразумелымі, але пракладзем шлях будучым пакаленням! 

…Кожны з нас – паляк, літовец або русін – стане мацнейшым, змагаючыся пад сцягам справядлівасці для ўсіх, а не працуючы на эгаістычныя лозунгі. Гэта цалкам адпавядае традыцыям Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, якія пакінулі нам лозунг павагі да нацый (1904 г).

У палітыцы трэба імкнуцца да дасягнення найвялікшай рэальнай карысці, не забываючы пра нацыянальную годнасць. Яе абарона павінна заставацца краевугольным камнем у падмурку палітыкі. Імкненне атрымаць рэальную выгоду, спалучанае з адмовай ад уласнай годнасці, можа быць добрым падчас…выпасу свіней, але не ў палітыцы (1905 г.)

Я сам ураджэнец беларускага Палесся, нашчадак літоўскай сям’і, са старажытных часоў, спакон вякоў аселай у гэтым краі, і мае продкі да XVII ст. карысталіся беларускай мовай як хатняй. Я заўжды быў і буду горача адданым сваёй радзіме і свайму народу (красавік 1917 г.)

Наагул кепскія адносіны былога расейскага ўрада да асветы стварылі цяперашні ніхват культурных сілаў, але па-за тым на Беларусі маюцца ўсе элементы, патрэбныя для будавання дзяржавы. У беларускім народзе захаваныя ўсе задаткі для прыняцця культуры і ўладкавання ім свайго незалежнага дзяржаўнага жыцця. Хаця беларусы і будуць бараніць нацыянальныя прынцыпы Беларусі, але ўважаючы на шляхетны і талерантны характар беларускага народу, жыццё нацыянальных меншасцяў будзе зусім забяспечаным… Цяпер момант, калі патрабуецца збіранне ўсіх інтэлігентных сілаў краю для творчай працы ў справе аснавання Беларускай дзяржаўнасці. Трэба сабраць усе сілы, якія могуць быць карыснымі, як у дзяржаўна-творчай працы, так і для культурна-эканамічнага адраджэння краю (1918 г.)

3 этап. Атмасфера часу.

Удзельнікі выказваюць свае адносіны да тых падзей, на фоне якіх праходзіла жыццё і дзейнасць гістарычнай асобы.

Чакаемы вынік: удзельнікі майстэрні атрымаюць уяўленне аб гістарычнай эпохе, на фоне якой праходзілі жыццё і дзейнасць гістарычнай асобы і змогуць выказаць свае асабістыя адносіны да яе.

 

Удзельнікі воркшопу становяцца ў круг. Вядучы пералічвае важнейшыя падзеі вывучаемай гістарычнай эпохі, а удзельнікі вызначаюць свае адносіны да названых падзей рухам: станоўчыя адносіны – крок уперад, адмоўныя – крок назад. Вядучы можа запытаць асобных удзельнікаў, чаму менавіта такія адносіны яны выказваюць.

Падзеі:

Прамысловы пад’ём на беларускіх землях у 1880-я – 1890-я гг.

Крывавая нядзеля 9 студзеня 1905 г.

Абвяшчэнне Мікалаем II Маніфеста аб стварэнні Дзяржаўнай Думы і іншых палітычных свабодах.

Дзейнасць I Дзяржаўнай Думы ў Расійскай імперыі.

Выхад першага нумара газеты “Н@ша н*ва”.

Пачатак Першай сусветнай вайны.

Адрачэнне Мікалая II ад прастолу.

Кастрычнцкая рэвалюцыя і прыход бальшавікоў да ўлады.

Падпісанне Брэсцкага мірнага дагавору.

Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі.

Утварэнне ССРБ 1 студзеня 1919 г.

Пачатак польскай інтэрвенцыі на Беларусь.

Падпіснне Рыжскага мірнага дагавору з Польшчай.

Пачатак Другой сусветнай вайны.

Паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь.

4 этап. Знаёмства з гістарычнай асобай. 

Вядучы расказвае аб асабістых якасцях гістарычнай асобы ад імя нейкай блізкай яму асобы (у дадзеным выпадку ад імя пляменніцы Рамана Скірмунта Вацлавы Нээф). Пры гэтым можна назваць імя гістарычнай асобы, калі ўдзельнікі ўжо пазналі яе. Вельмі важнымі якасцямі вядучага на гэтым этапе з’яўляюцца артыстызм і ўменне эмацыйна перадаваць інфармацыю.

Пасля аповеду удзельнікі воркшопу могуць задаць сваі пытанні пляменніцы Рамана Скірмунта аб яго асабістым жыцці.

Чакаемы вынік: удзельнікі майстэрні атрымаюць уяўленне аб асобасных якасцях гістарычнай асобы.

Аповяд пляменніцы Рамана Скірмунта 

Вацлавы Нээф

Мой дзядзька Раман нарадзіўся ў 1868 г. у сям’і уладальнка маёнтка Аляксандра Скірмунта і быў адным з 9 дзяцей у сваіх бацькоў. Вучыўся ён у Рыжскай класічнай гімназіі, потым вывучаў юрыдычныя навукі ў Варшаўскім універсітэце, вывучаў таксама філасофію ў Вене. Вышэйшай адукацыі ён не атрымаў, але быў вельмі адукаваным чалавекам, ведаў некалькі замежных моў.

Чалавекам ён быў вельмі сціплым, негледзячы на тое, што быў вядомым палітыкам: дэпутатам I Дзяржаўнай Думы, членам Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі, членам Рады і Прэм'ер-міністрам Беларускай Народнай Рэспублікі.

Тым не меньш, аднойчы ён мне прызнаўся, што яму вельмі цяжка выступаць на публіцы, і што ён вельмі зайздросціць маёй легкасці ў кантактах з людзьмі., бо сам у кампаніях адчувае сябе няёмка і вельмі часта не можа паказаць свае лепшыя якасці. Пры гэтым ён дадаў, што каб меў такі ж лёгкі характар, як у мяне, то шмат чаго змог бы дасягнуць.

Ведаеце, гэта вельмі здзівіла мяне. Мой дзядзечка быў знаёмы з многімі вядомымі людзьмі: і з Эдвардам Вайніловічам, і з Максімам Багдановічам, і Дзмітрыем Жылуновічам, Вінцэнтам Гадлеўским і інш., і ўсе яны вельмі высока ацэньвалі яго якасці.

Напрыклад Вінцэнт Гадлеўскі адзначаў, што яго прамовы вызначаліся і зместам і формай, заўсёды былі высокапатрыятычнымі і зыходзілі з беларускага пункту гледжання, заўсёды вызывалі ў прысутных захапленне.

Цікавіўся мой дзядзька Раман філатэліяй – збіраў маркі. Аднойчы яму ў калекцыю папалі цікавыя маркі: на палове ліста 5 штук, якія былі выпушчаны ў 1855 г. у Швецыі і мелі брак – неправільны колер. Гэтыя маркі былі вельмі каштоўным экспанатам майго дзядзькі. Другая палова такога ж ліста з 5 маркамі папалі да шведскага міліянера і філатэліста Карла Стэнера, які захацеў атрымаць і тыя 5 марак, што знаходзіліся ў майго дзядзькі. Карл Стэнер напісаў Раману і прапанаваў яму за гэтыя маркі 45000 злотых рублёў, а гэта было аж у два разы вышэй рыначнага кошту. Мой дзядзька вельмі здзівіўся і нават занепакоіўся, і звярнуўся ў паліцыю, каб праверыць Карла Стэнера. Але ўсё было ў парадку. Аднак самае цікавае было ў тым, што калі швед атрымаў гэтыя маркі і заверыў здзелку натарыяльна, ён спаліў ўсе маркі, акрамя адной. У адказ на абураныя крыкі гледачоў ён патлумачыў, што адзіная марка, што засталася ў яго будзе каштаваць цяпер у шмат разоў больш. Як мой дзядзька шкадаваў, што прадаў свае маркі гэтаму шведу!

За што яшчэ я ганаруся сваім дзядзкам, то за тое, што хоць яму і прыйшлося сысці ў адстаўку з паста прэмьер-міністра Беларускай Народнай Рэспублікі, але мненавіта пры ім быў прыняты герб, сцяг, грашовыя адзінкі БНР.

5 этап. Дзённік памяці. 

Удзельнікі воркшопу выказваюць прапановы аб тым, чым у той ці іншы час займаўся Раман Скірмунт. Гістарычныя перыяды ў кожнай групы розныя.

Чакаемы вынік: Удзельнікі майстэрні змогуць уявіць цэльную карціну дзейнасці Рамана Смірмунта. Прыкладны вынік працы ў групах можна прадставіць з дапамогай наступнай табліцы.

Перыяд

Асноўная дзейнасць Рамана Скірмунта

Чакаемыя адказы і дапаўненні вядучага да іх

1888 – 1904 гг.

Займаецца гаспадаркай у бацькоўскім маёнтку 

 

Раман Скірмунт ўваходзіў у склад Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі.

Выступаў супраць усеагульнай нацыяналізацыі зямлі і за захаванне прыватнай уласнасці. Пры гэтым бачыў неабходнасць даць сялянам магчымасць купіць ва ўласнасць зямельныя ўчасткі і спрыяць развіццю індывідуальных сялянскіх гаспадарак. Беларусь ён бачыў на той момант як аграрную фермерскую краіну, здольную пастаўляць на сусветны рынак тавары годнай якасці.

1906 г.

Дэпутат I Дзяржаўнай Думы

 

Раман Скірмунт разам з паплечнікамі фармуе ў парламенце «Групу заходніх ускраін», а таксама ў аб'яднанні з польскімі нацыяналістамі ўваходзіць у склад парламенцкай групы "Саюз аўтанамістаў», якая выступае за аўтаномію заходніх зямель Расійскай імперыі.

Ужо ў 1906 годзе ён адмаўляецца ад паняцця "Літва і Русь" і пачынае ўжываць назву Беларусь. Таксама ў інтэрв'ю газеце польскіх нацыянальных дэмакратаў ў 1906 годзе ён назваў сябе беларусам, што выклікала буру абурэння сярод польскай публікі.

У 1906 годзе ахвяраваў сродкі на выданне газеты «Н@ша Н!ва».

Сакавік – ліпень 1918 - 

Член Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

 

З ініцыятывы Скірмунта ў красавіку 1918 ад Рады БНР была паслана тэлеграма кайзеру Германіі. 

У пачатку мая Раман Скірмунт па даручэнні Рады БНР фарміруе новы ўрада Беларускай Рэспублікі, стаў Прэм’ер-міністрам. Аднак з-за супярэчнасцяў унутры Рады вымушаны быў пакінуць свой пост, бо не хацеў абвяшчаць сябе дыктатарам, хоць і меў моцную падтрымку. Яшчэ некаторы час працаваў на карысць Рады БНР.

Знаходзіўся ў складзе міжнароднай камісіі і стараўся дамагчыся прызнання БНР краінамі Еўропы. Ездзіў з дэлегацыямі ў Берлін, Парыж, Лондан. Бываў таксама па справах Рэспублікі ў Швейцарыі.

1919 – 1930 гг.

Займаецца гаспадаркай ў сваім маёнтку Парэчча

 

Меў цукровы завод, бровар, фабрыку сукна, вадзяны млын, збудаваў касцёл, лякарню, зрабіў падмурак новага палацу.

Раман Скірмунт, маючы прадпрыемства ў Парэчча, выкарыстаў наёмную працу сваіх сялян. Плаціў ён добра, працаваць на фабрыку Скірмунта прыязджалі нават з-за мяжы. Пры фабрыцы ён пабудаваў 4 дома на 90 кватэр і 4 інтэрната для не сямейных. Ён аплачваў пражытак, арэнду і медыцынскае абслугоўванне. Для дзяцей рабочых адкрыў бясплатнае вучылішча, дзе навучалі грамаце і ткацтву.

У канцы 30-тых гадоў Раман Скірмунт пачаў практыку бясплатнай раздачы зямлі сялянам. Часта гэта выглядала як вясельны падарунак маладым сем'ям

1930-я гг.

Дэпутат Польскага сейму

 

Прымаў удзел у распрацоўцы Канстытуцыі II Рэчы Паспалітай. Супрацьстаяў палітыцы асіміляцыі і паланізацыі беларусаў, а таксама выступаў за права сялян валодаць зямлёй.

Далучыўся да беспартыйнага блёку супрацоўніцтва з урадам, выступаў супраць асыміляцыі нацыянальных меншасьцяў.

6 этап. Драматычны канфлікт.

Удзельнікі воркшопу павінны будуць выказаць меркаванне аб тым, якія пачуцці і дзеянні былі ў тых ці іншых людзей у адпаведнай сітуацыі.

Чакаемы вынік: удзельнікі майстэрні змогуць адчуць драматычнасць сітуацыі, у якую трапіў Раман Скірмунт і яго сям’я. 

Апісанне сітуацыі.

1 верасня 1939 г. пачалася Другая сусветная вайна. 17 верасня часткі Чырвонай Арміі ўступілі на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Вечарам 20 верасня яны ўжо ўвайшлі ў Пінск. Што адбываецца ў Парэччы?

Заданне группам: спрагназаваць рэакцыю і дзеянні наступных людзей у зададзенай сітуацыі:

1) Сям'і Скірмунтаў (Рамана, яго сястры Алены з мужам Баляславам, пляменніцы Вацлавы).

2) Прадстаўнікі польскіх мясцовых органаў улады.

3) Сяляне-вяскоўцы, якія працавалі ў маёнтку Скірмунта.

4) Сяляне – прадстаўнікі мясцовага «рэвалюцыйнага камітэта»

5) Прадстаўнікі органаў НКУС.

 

Вядучы воркшопу зноў выступае ў ролі плямнніцы Рамана Скірмунта Вацлавы Нээф і апісвае сітуацыю.

Расказ пляменніцы Рамана Скірмунта аб апошніх падзеях.

У ноч на 6 кастрычніка да Скірмунтаў пагрукаў у дзверы адзін з парэцкіх сялян, які паведаміў, што «рэвалюцыйны камітэт» прыняў рашэнне расстраляць Скірмунтаў, і параіў ім уцякаць. 

Аднак іх апярэдзілі. Раніцай 6 кастрычніка Рамана Скірмунта і яго швагера арыштавалі ўзброеныя прадстаўнікі «рэвалюцыйнага камітэта» і памясцілі ў карцар былой управы гміны, якая стала сядзібай Камітэта. Раніцай наступнага дня арыштаваных пасадзілі на воз і заявілі, што павязуць у Пінск на допыт. 

Насамрэч іх адвезлі на 8–10 км ад Парэчча і расстралялі ў лесе «Корань» паміж вёскамі Велясніца і Кажанёва.

Калі забойца прыставіў да галавы Рамана Скірмунта рэвальвер, то загадаў яму адвярнуцца, каб стрэліць у затылак. На што Раман Скірмунт адказаў: «Я ад людзей не адварочваўся, і ад вас не адвярнуся». двое з забойцаў не вытрымалі спакою і годнасці гэтага чалавека і ўцяклі, трэці ж забіў яго і нават зняў з рукі забітага гадзіннік, каб насіць самому.

 

7 этап. Сведчанне.

Расповед гісторыі с кропкі погляду іншага чалавека ці паказ відэасюжэта пра вывучаемую асобу (кропка погляду аўтара відэасюжэта).

Чакаемы вынік: удзельнікі воркшопу змогуць аб’яднаць асобныя часткі драмы, атрымаць дадатковую інфармацыю. Гэты этап стварае напружанне, выклікае цікавасць (паглыбленае разуменне).

Дэманстрацыя відэароліка “Жыццё і смерць Рамана Скірмунта”

 

 
 

8 этап. Рэфлексія.

Дае магчымасць удзельнікам воркшопу усвядоміць, якія пачуцці яны перажывалі і што новага даведаліся, падзяліцца гэтым з іншымі і зірнуць на гэта ў шырэйшым кантэксце.

Чакаемы вынік: атрыманне зваротнай сувязі пра ход драмы з пункту гледжання ўдзельнікаў, якая дае вядучаму магчымасць пры неабходнасці рабіць змены ў яе структуры.

Спампаваць распрацоўку можна тут: