Як "працуюць" інфаграфікі ў падручніку грамадазнаўства

Аўтар: Алена Палейка,

метадыст аддзела метадычнага забеспячэння

гісторыка-грамадазнаўчай і сацыякультурнай адукацыі 

Нацыянальнага інстытута адукацыі

 

 

 

Кожны параграф новых падручнікаў грамадазнаўства пачынаецца з уступнай інфаграфікі, якая візуальнымі сродкамі рэпрезентуе змест тэмы і выконвае іншыя функцыі.

Як “працуе” інфаграфіка?

Інфаграфіка гэта не проста графічнае прадстаўленне інфармацыі, а спецыфічны медыятэкст: 

  • выкарыстоўваецца там, дзе аб’ёмную і складаную інфармацыю трэба прадставіць кампактна і выразна.
  • запатрабавана там, дзе трэба паказаць алгарытм работы чаго-небудзь, суадносіны прадметаў і фактаў ў часе і прасторы, прадэманстраваць тэндэнцыю, паказаць як што выглядае.

Эфектыўнасць інфаграфікі залежыць ад таго, як візуальна структуруецца інфармацыя, якія ствараюцца вобразы для перадачы паведамлення, якое вы хочаце данесці да аўдыторыі. Нават размяшчэнне і групоўка элементаў на старонцы ўплывае на тое, як чытачы ўспрымуць інфаграфіку. Вылучэнне ўзаемасувязяў з дапамогай базавых элементаў дызайну  межаў, ліній і фігур  дапамагае лепш зразумець структуру і змест інфаграфікі. З дапамогай розных шрыфтоў ствараецца дакладная іерархія тэксту  для галоўнага загалоўка, для загалоўкаў раздзелаў і для асноўнага тэксту. Моцна ўплывае на ўспрыманне інфармацыі колер, з дапамогай якога можна прыцягваць увагу да самай важнай інфармацыі, а другасную, дапаможную інфармацыю адсоўваць на задні план. Адзін кантрасны колер кіруе ўвагай чытачоў. Візуальныя элементы робяць інфармацыю цікавай і запамінальнай. У лепшых узорах інфаграфікі мы бачым ідэальную раўнавагу паміж тэкстам і графікай. 

У залежнасці ад кантэнту, які візуалізуецца, вылучаюць наступныя віды інфаграфікі: статыстычная (дыяграмы), інфармацыйная (тэкставае апісанне), храналагічная (таймінг, стужка часу), працэсуальная (вылучэнне этапаў, паслядоўнасць дзеянняў), геаграфічная (арганізацыя прасторы), параўнальная (вылучэнне пар, супрацьпастаўленне), іерархічная (вертыкальная структура), спіс (пералік), рэзюмэ (падсумаванне, падагульненне). 

Навошта інфаграфіка грамадазнаўцам?

Грамадазнаўства вывучае не мінулае як гісторыя, а сучаснае, інфармацыйнае грамадства. Таму, калі навучанне гісторыі можна параўнаць з чытаннем летапісаў і кніжных фаліянтаў, то навучанне грамадазнаўству — гэта чытанне і стварэнне інфаграфікі.

Крыніцамі канструявання зместу грамадазнаўчай адукацыі з'яўляюцца педагагічна адаптаваныя веды, адабраныя з такіх гуманітарных і сацыяльных навук, як антрапалогія, культуралогія, правазнаўства, паліталогія, псіхалогія, педагогіка, рэлігіязнаўства, сацыялогія, сацыяльная экалогія, этыка, эстэтыка, філасофія, футуралогія, эканамічная тэорыя і інш. Інфаграфіка, якая мае інтэгратыўны характар, найлепшым чынам адпавядае мэтам гарманічнага аб’яднання і ўпарадкавання блокаў інфармацыі з розных галін, што праяўляецца ўжо ў вокладцы вучэбнага дапаможніка.

Грамадазнаўцы цікавяцца не асобнымі падзеямі грамадскага жыцця, а іх ўласцівасцямі і станамі, сацыяльнымі з'явамі, іх сувязямі і працэсамі. Таму асноўнай адзінкай грамадазнаўчых ведаў з'яўляецца не факт як у гісторыі, а паняцце. З дапамогай інфаграфікі можна эфектыўна працаваць з паняццямі і працэсамі, бо яна вылучае асноўныя паняцці з вучэбнага тэксту і адлюстроўвае сувязі паміж імі, з’явамі і працэсамі. 

Асаблівасцю інфаграфікі ў вучэбным дапаможніку па грамадазнаўстве з’яўляецца тое, што кожная прапануе ключавое пытанне для абмеркавання на вучэбным занятку па пэўнай тэме. Ключавыя пытанні гэта пытанні  адкрытага тыпу, адказы на якія могуць мець альтэрнатывы, ствараюць умовы для вылучэння навучэнцамі сваіх версій і ідэй, стымулююць іх пазнавальную актыўнасць і развіваюць крытычнае мысленне. Падчас адказу вучань не толькі ацэньвае інфармацыю, але і заяўляе сваю пазіцыю, стаўленне да прадмета дыялогу, узровень валодання матэрыялам або сітуацыяй. Ключавое пытанне мае некалькі функцый: стымуляванне цікавасці да тэмы і мыслення, прыцягненне ўвагі і стварэнне сітуацыі выкліку, паскарэнне засваення вучэбнага матэрыялу і арыенцір у руху да мэты ўрока.

Сёння разгледзім метадычныя аспекты і прыклады работы з інфаграфікай з вучэбнага дапаможніка па грамадазнаўстве. Інфаграфіка можа эфектыўна выкарыстоўвацца ў навучанні як:

  • сродак матывацыі да вывучэння тэмы і рэфлексіі па яе выніках;
  • сродак актуалізацыі наяўных ведаў навучэнцаў па тэме;
  • аснова для выканання заданняў па перакладзе інфармацыі з адной знакавай сістэмы ў іншую (напрыклад, скласці апавяданне, напісаць невялікі тэкст пэўнага стылю, скласці схему, запоўніць табліцу);
  • сродак рашэння вучэбна-пазнавальных задач і разбору канкрэтных сітуацый (інструкцыя ці алгарытм дзеянняў);
  • сродак арганізацыі гульнявой дзейнасці на ўроку;
  • праблемнае поле для дыскусіі і работы з заданнямі рубрыкі "Абмяркоўваем  і дыскутуем".

Прапануем варыянты выкарыстання інфаграфікі з вучэбных дапаможнікаў па грамадазнаўстве для 9 і 10 класаў (пад рэд. А.М. Данілава).

Інфаграфіка як сродак матывацыі да вывучэння тэмы і рэфлексіі па яе выніках

Тэма: Пазнанне чалавекам самога сябе (9 клас)

Каментар: Заматываваць дзевяцікласнікаў на самапазнанне і самааналіз можна  з дапамогай візуалізацыі інфармацыі пра Я-канцэпцыю К.Роджэрса і формулу самаацэнкі В.Джэймса. Важная роля ў матывацыі вучняў належыць пытанням, якія ўтрымлівае інфаграфіка (пытанні пра два вядучыя складнікі «Я-рэальнае» і «Я-ідэальнае»). Адначасова адбываецца засваенне асноўных паняццяў і замацаванне асобных палажэнняў, якія вывучаюцца. 

 

 

 

 

Тэма: Філасофія (10 клас)


Каментар: Матываваць навучэнцаў на вывучэнне асобных тэм вучэбнага прадмета досыць складана. Напрыклад, філасофія як феномен духоўнай культуры грамадства даволі часта не выклікае ніякай цікавасці ў старшакласнікаў. Уводная інфаграфіка да параграфа "Філасофія" вырашае праблему нізкай матывацыі сродкамі гумару (праз прывабныя фігуркі філосафаў, вобраз ракі плыні развіцця ідэй). Пазнавальны інтарэс навучэнцаў стымулюецца таксама "адвечнымі пытаннямі", якія прапаноўваюцца ў матэрыяле параграфа.

Інфаграфіка як сродак актуалізацыі наяўных ведаў навучэнцаў па тэме

Тэма: Сацыяльная камунікацыя (10 клас).

Каментар: Інфаграфіка да параграфа "Сацыяльная камунікацыя" можа паспяхова выкарыстоўвацца для актуалізацыі наяўных ведаў аб медыя (матэрыял 9 класа, тэма "Медыякультура сучаснага грамадства"). Таксама гэта інфаграфіка з'яўляецца інструкцыяй для выканання задання з параграфа (аналіз актуальнай навіны). 

 

Навучэнцы для адказу на пытанні гэтага задання звяртаюцца да інфаграфікі. Часта загалоўкі адной і той ж навіны на розных каналах могуць супярэчыць адзін аднаму. Ад чаго гэта залежыць? Глядзім на інфаграфіку: ад таго, хто з'яўляецца адпраўніком паведамлення, якая ў яго мэтавая аўдыторыя, які канал выкарыстоўваецца.

 
Інфаграфіка як аснова для задання-перакладу інфармацыі з адной знакавай сістэмы ў іншую.

Тэма: Сямейныя адносіны (9 клас)

Каментар: Работа з інфаграфікай ўяўляе сабой перш за ўсё «пераклад» інфармацыі з адной сістэмы знакаў у іншую (схема, табліца, дыяграма, выява, тэкст). Інфаграфіка добра сябе зарэкамендавала падчас працы па замацаванні вывучанага матэрыялу з сярэдне і слаба паспяховымі навучэнцамі, якія з задавальненнем пераказваюць тэкст параграфа з яе дапамогай, складаюць невялікія апавяданні, ствараюць і запаўняюць табліцу. Высока матываваныя вучні могуць выконваць больш складаныя заданні па складанні тэксту пэўнага стылю (навуковага, публіцыстычнага, мастацкага), а таксама выкарыстоўваць фрэймы інфаграфікі ў якасці крытэрыяў для напісання эсэ па ключавым пытанні да яе. 

Яшчэ большы эфект ад інфаграфікі дасягаецца пры выкананні заданняў на аналіз і пошук інфармацыі. Напрыклад, прааналізаваўшы статыстыку ўзросту ўступлення ў шлюб, вучні вызначаць, што ён пастаянна павышаецца. Знайшоўшы інфармацыю пра сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб у іншых краінах, навучэнцы могуць зрабіць самастойныя высновы пра тэндэнцыі развіцця шлюбна-сямейных адносін. 

 
Інфаграфіка як сродак для рашэння вучэбна-пазнавальных задач і разбору канкрэтных сітуацый (інструкцыя ці алгарытм дзеянняў)

Тэма: Вырашэнне міжасобасных супярэчнасцей (9 клас)

Каментар: Інфаграфіка можа стаць эфектыўным інструментам для засваення новага матэрыялу падчас  рашэння вучэбна-пазнавальных задач з падручніка. З дапамогай уступнай інфаграфікі і тэкста параграфа вучні могуць самастойна  растлумачыць, як і чаму кожная стратэгія паводзінаў у канфлікце суадносіцца з перамогай ці пройгрышам для бакоў.  Інфаграфіка, якая зроблена на аснове схемы мадэлей паводзін у канфлікце Томаса-Кілмена, дазваляе добра прапрацаваць гэты дастаткова складаны для навучэнцаў матэрыял.

 
 

Інфаграфіка як сродак арганізацыі гульнявой дзейнасці на ўроку

Тэма: Канкурэнцыя і яе роля ў эканоміцы (10 клас)

Каментар: інфаграфіку можна выкарыстоўваць для арганізацыі гульнявой дзейнасці на ўроку. Напрыклад, настаўнік можа самастойна напісаць правілы эканамічнай гульні на аснове інфармацыі пра настольную гульню "Манаполія" ці можа прапанаваць гэта зрабіць навучэнцам ў якасці домашняга задання або міні-праекта.

У працэсе стварэння міні-праекта, а потым гульні ў класе адбываецца замацаванне асноўных паняццяў (манаполія, канкурэнцыя, алігаполія, маркетынг, менеджмент, рэклама), характарыстыка месца на рынку папулярных беларускіх брэндаў (гл. фішкі для гульні), абмеркаванне этапаў маркетынгавай дзейнасці і эфектыўнасці менеджменту.

 

Інфаграфіка як праблемнае поле для дыскусіі і для работы з заданнямі рубрыкі "Абмяркоўваем  і дыскутуем".

 

Выкарыстанне інфаграфікі як праблемнага поля для дыскусіі таксама мае вялікі патэнцыял. Па-першае: інфаграфіка прапануе ключавок пытанне для дыскусіі. Па-другое: інфаграфіка ўтрымлівае змест, які можа быць выкарыстаны ў якасці асновы тэзісаў для выступлення ці аргументацыі свайго меркавання. Па-трэцяе: інфаграфіка пэўным чынам акрэслівае мэжы дыскусіі, не дазваляючы ўдзельнікам далёка адыходзіць ад прадмета абмеркавання.

Тэма: Палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні (10 клас).

Каментар: Шматпартыйная сістэма характарызуецца наяўнасцю ў краіне некалькіх палітычных партый, якія спаборнічаюць у барацьбе за ўладу. Шматпартыйныя сістэмы таксама могуць быць рознымі. Шматпартыйныя сістэмы трэба адрозніваць ад шматпартыйнасці. Наяўнасць мноства палітычных партый яшчэ не азначае, што паміж імі склалася пэўная сістэма адносін у барацьбе за ўладу і за ўплыў у грамадстве.

Каб аргументаваць гэтыя палажэнні мэтазгодна зрабіць заданне па пошуку інфармацыі пра палітычныя партыі ў Беларусі.

Тэма: Масавая, элітарная, народная культура (9 клас).

Каментар: Дыскусія пра культуру будзе мець большы плён, калі навучэнцы змогуць правесці параўнанне масавай, элітарнай і народнай культуры (вылучыць агульнае і адрознае), канкрэтызаваць прыкладамі асноўныя характарыстыкі культур.