Мэта медыяадукацыі - крытычнае мысленне

Аўтар: Алена Радзевіч (АПА)

Медыяадукацыя (media education) — частка адукацыйнага працэсу, накіраваная на фармаванне ў грамадстве медыякультуры, падрыхтоўку асобы да бяспечнага і эфектыўнага ўзаемадзеяння з сучаснай сістэмай масмедыя, уключаючы як традыцыйныя, так і найноўшыя медыя з улікам развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Калі карацей, гэта працэс навучання і вывучэння сродкаў масавай інфармацыі з дапамогай крытычнага мыслення.

Медыякультура – сукупнасць інфармацыйна-камунікацыйных сродкаў, выпрацаваных чалавецтвам у працэсе культурна-гістарычнага развіцця для данясення каштоўнасцяў, якія спрыяюць фармаванню грамадскай свядомасці і сацыялізацыі асобы. Медыякультура ўключае ў сябе культуру перадачы інфармацыі і культуру яе ўспрымання. 

Медыяграматнасць (медыяпісьменнасць) — сукупнасць навыкаў і ўменняў, якія дазваляюць людзям знаходзіць патрэбнае, аналізаваць, ацэньваць паведамленні ў розных відах медыя, жанрах і формах, а таксама ствараць такія паведамленні.

Такім чынам, медыяадукацыя – гэта працэс, а медыяпісьменнасць – вынік адпаведнай адукацыйнай практыкі.

Галоўныя складнікі медыяадукацыі і медыяграматнасці звязаныя з уменнямі:

1. атрымаць бесперашкодны доступ да інфармацыі;

2. крытычна яе асэнсаваць (прааналізаваць);

3. ацаніць інфармацыю з гледзішча закладзенага ў ёй паслання, патрэбнасці, адпаведнасці каштоўнасцям…;

4. адказна і этычна карыстацца медыяпрасторай і прымаць удзел у яе стварэнні.

Для настаўніка ёсць дадатковы аспект: уменне выкарыстоўваць медыя ў адукацыйным працэсе. 

Заўважце, што медыяпісьменнасць не адмаўляе традыцыйную пісьменнасць, якую дае школа, а пашырае яе адпаведна патрэбам сучаснага грамадства.

КРЫТЫЧНАЕ МЫСЛЕННЕ – асаблівы від разумовай дзейнасці, які дазваляе чалавеку сфармаваць разумнае меркаванне аб прапанаваным яму пункце гледжання або мадэлі паводзінаў. Без гэтага ён лёгка стане марыянеткай у руках нядобрасумленных палітыкаў, медыястваральнікаў, фінансавых махляроў. Некрытычнае ўспрыманне рэчаіснасці робіць чалавека ахвярай рознага роду “прафесіяналаў”, якія імкнуцца любымі спосабамі прымусіць нешта купіць, раптоўна (за ўмераную плату), вырашыць усе яго фізічныя і псіхалагічныя праблемы. Развіццё інфармацыйных тэхналогій ставіць чалавека ў залежнасць ад экспертных ацэнак і грамадскага меркавання.

Крытычнае мысленне -- надзейная абарона ад падобнага роду непрыемнасцяў. Крытычнае мысленне з'яўляецца выразам нецярпімасці да гвалту, які адбываецца супраць чалавечай свядомасці.

Крытычнае мысленне дапамагае ўдумліва ставіцца да навакольнай рэчаіснасці, знаходзіць і аб’ектыўна ацэньваць інфармацыю, супастаўляць і аналізаваць розныя пункты гледжання, разумець складанасць і супярэчлівасць грамадства.

Паказчыкі крытычнага мыслення

Найважнейшымі паказчыкамі крытычнасці мыслення з'яўляецца яго:  а)  эфектыўнасць і  б) незалежнасць.

 Эфектыўнае мысленне  -- здольнасць чалавека думаць лагічна і несупярэчліва, ўменне хутка і творча вырашаць пастаўленыя задачы, фармуляваць абгрунтаваныя высновы, прымаць узважаныя рашэнні.

«Навучанне навыкам крытычнага мыслення можа дапамагчы кожнаму распазнаць прапаганду і тым самым не стаць яе ахвярай, прааналізаваць ілжывую аргументацыю, убачыць відавочны падман, вызначыць надзейнасць той ці іншай крыніцы інфармацыі і абдумаць правільнасць прынятага рашэння»/

Незалежнае мысленне гаворыць аб унутраных і знешніх умовах свабоды мыслення, якія дазваляюць чалавеку супрацьстаяць прынятаму і замацаванаму ўладай праз сродкі масавай інфарацыі і камунікацыі грамадскаму меркаванню і пераадольваць бар’еры і перашкоды ва ўласнай свядомасці.

 

Крытычнае мысленне – асноўнае паняцце для медыяпісьменнасці, якая мае ў сваёй аснове даследчы падыход.

Элементамі крытычнага мыслення з’яўляюцца

НАЗІРАННЕ – у выніку назірання мы можам вылучыць

ФАКТЫ – ад фактаў ці іх адсутнасці мы можам перайсці да

ДАПУШЧЭННЯЎ, праверыўшы іх абгрунтаванасць мы пераходзім да

МЕРКАВАННЯЎ, ад якіх залежаць нашы

ПЕРАКАНАННІ. Абапіраючыся на перакананні, мы, падбіраем

АРГУМЕНТЫ, якія грунтуюцца на

СЦВЯРДЖЭННІ, ПЕРАДУМОВЕ і ВЫСНОВЕ

А калі мы хочам праверыць аргументы, мы абапіраемся на

КРЫТЫЧНЫ АНАЛІЗ, з дапамогай якога правяраем нашы назіранні, факты, меркаванні, перакананні і аргументы.