Юлія НЕКРАШ: “Лепш цяжка, але цікава, чым проста, але сумна …”

Тры гады таму, дзякуючы намаганням звычайнай настаўніцы беларускай мовы і літаратуры з мінскай сярэдняй школы № 54 Юліі Некраш і яе вучняў, у свет выйшла 10-тысячным тыражом энцыклапедыя “Героі міфаў і легенд Беларусі” на роднай мове. Ілюстраванае выданне з элементамі дадатковай рэальнасці, прысвечанае беларускай міфалогіі, выдала кампанія “Еўрагандаль”. Але першапачаткова пра Баламуценя, Жэўжыка, Ваструху, Хатніка, Пунніка і іншых герояў вуснай народнай творчасці чытачам распавядалі…на рускай мове. 

– Мае вучні перачыталі кнігу ўздоўж і поперак, і яна дала ім больш ведаў, чым школьны падручнік. Але менавіта дзеці палічылі, што энцыклапедыя была б нашмат цікавейшай на роднай мове, -- расказала ў перадачы “Размовы пра адукацыю” Юлія Некраш. – Прызнаюся, што ўрокі перакладу з рускай на беларускую мову — традыцыйна самыя сумныя і складаныя ў школьнай праграме. Тэксты, якія прапануюцца, нецікавыя дзецям. І гэта вечная праблема: як зрабіць заняткі больш жывымі? І тут раптам такі падарунак лёсу! Я дала на ўроку сваім шасцікласнікам некалькі пробных тэкстаў з  “Героі міфаў і легенд Беларусі”. А ідэя перакласці ўсю энцыклапедыю (90 старонак) узнікла неяк спантанна. Падчас восеньскіх вакацый пяць маіх шасцікласніц самааддана працавалі ў школьнай бібліятэцы па восем-дзевяць гадзін. Плюс займаліся яшчэ і мастацкім афармленнем перакладу. Створаная імі рукапісная кніга, якую мы затым адсканавалі, атрымалася настолькі ўдалая і дарагая асабіста мне, што я рашылася, так бы мовіць, на авантуру — склала ліст у кампанію «Еўрагандаль» з прапановай нашага беларускамоўнага варыянта энцыклапедыі. 

Адказ на яго прыйшоў вельмі хутка. Нам паведамілі, што важнае для бізнесу рашэнне – друкаваць тыраж толькі па-руску -- было прынятае на падставе даследавання, якое паказала стрымана негатыўнае стаўленне да беларускай мовы ў рэгіёнах. І ўсё ж такі літаральна праз пару дзён я атрымала яшчэ адзін ліст,  у якім прадстаўнікі кампаніі “Еўрагандаль” паведамілі, што было прынята рашэнне выдаць дадатовы тыраж на беларускай мове. І калі прапанова па супрацоўніцтве ўсё яшчэ ў сіле, то ёй з задавальненнем скарыстаюцца. Нашы намаганні аказаліся недарэмныя! Напярэдадні каталіцкіх Калядаў энцыклапедыя выйшла дзесяцітысячным тыражом на роднай мове.  Але яе рукапісны варыянт з малюнкамі дзяцей для мяне ўсё роўна самы каштоўны! 

Падчас Эдкэмпа. Юлія Некраш (Мінск) і Васіль Туркевіч (Брэст).

Неўсвядомленая некампетэнтнасць 

“Гэта  вялікая удача – злавіць хвалю, каб уключыць дзяцей у нейкі праект, -- разважае настаўніца. --  І аднаму “выцягнуць”яго амаль немагчыма, асабліва калі праект – мульціпрофільны. І вось тут узнікае пытанне, як наладзіць супрацоўніцтва з калегамі? Здараеццца, што твой настаўніцкі рэсурс заканчваецца. Ты сутыкаешся з рознымі цяжкасцямі, перашкодамі, пачынаеш гаснуць, хоць павінен гарэць, і добра, калі ў калектыве знойдзецца калега, які цябе падтрымае. Між іншым, дзецям патрабуецца эмацыйнае падсілкаванне, куратараства, асабліва калі гэта вучні пятых-шостых класаў”. 

-- Супрацоўніцтва з калегамі для мяне вельмі важнае, -- канстатуе Юлія Некраш. -- Трэба, каб настаўнікі як мага больш узаемадзейнічалі паміж сабой і дзяліліся вопытам. Але чаму мы ходзім на ўрокі толькі да тых, у каго ўсё атрымліваецца? Адкрытыя ўрокі непадобныя на тыя, што мы праводзім штодня. Напэўна, гэта ўтопія, каб настаўнік прызнаў, што ў яго ёсць нейкія праблемы, і паклікаў да сябе на звычайны ўрок. Прыкладна 80 працэнтаў з нас упэўнены, што рухаюцца ў правільным кірунку. На жаль, але вельмі шмат педагогаў знаходзяцца ў стане неўсвядомленай некампетэнтнасці і перайсці ў стан усвядомленай некаметэнтасці для іх балюча: гэта будзе суправаджацца фрустрацыяй, ломкай і вось тут патрэбны чалавек, які будзе клапаціцца пра псіхічнае здароўе настаўніка. На маю думку, у школе павінна быць кадравая адзінка, якая будзе адказваць за псіхічнае здароўе педагогаў, спрыяць стварэнню ў калектыве камфортнага асяроддзя, папярэджваць і  дапамагаць гасіць канфлікты, бо гэта насамрэч вялікая праблема ў сучаснай школе. Можа, тады б і менш настаўнікаў сыходзіла з сістэмы адукацыі? А своеасаблівы метадычны дэсант прыходзіў да тых, хто мае патрэбу ў такой дапамозе, падтрымліваў, падказваў, навучаў і трансляваў перадавы досвед.   

У Юліі Некраш ёсць свой сакрэт, як пастаянна працаваць у рэжыме мульцізадачнасці і не згарэць на працы – у педагога акрамя школы абавязкова павінна быць іншае жыццё: “Ты настаўнік – круглыя суткі, цябе заўсёды могуць знайсці ў месенджарах. У мяне, напрыклад, ёсць правіла – за дзве гадзіны перад сном не браць у рукі тэлефон. І добра, калі ты не толькі настаўнік, але яшчэ, напрыклад, і танцор, калі ў цябе ёсць нейкія захапленні па-за працай і  свае спосабы для аднаўлення і рэлаксацыі. Для мяне адным з такіх спосабаў з’яўляецца чытанне літаратуры. Для гэтага мне патрабуецца адзінота: я не толькі адсоўваю ўбок усе школьныя справы, але і зачыняюся ад мужа і дзяцей. Выдзяляю час на тое, каб заняцца тым, што мне падабаецца -- часцей за ўсе, чытаю або гляджу нейкі фільм, а потым рэфлексую. Мне дастаткова дзве гадзіны на тыдзень, каб мой жыццёвы рэсурс быў адноўлены.

Дзякуючы таму, што я пераключаюся на пазашкольнае, да мяне прыходзяць ідэі. Гляджу фільм і раптам у галаве нешта “выстраліла”. Тады я магу сесці і да чатырох гадзін ночы напісаць цікавы ўрок для дарослых або для дзяцей. Прызнаюся, што і сплю я з нататнікам пад ложкам, бо штосьці  прыходзіць да мяне ў снах. Калі мы з мужам будавалі свой дом, што і дзе павінна ў ім размяшчацца, я намалявала ў тры гадзіны ночы і да шасці раніцы чакала, калі муж прачнецца, каб падзяліцца з ім (смяецца – Аўт.). Многія прафесійныя ідэі прыходзяць да мяне менавіта позна ўвечары ці ў сне, і я адразу іх занатоўваю, бо за дзень ідэя сціраецца. Яна можа чакаць свайго увасаблення і год, і два, але я абавязкова да яе вярнуся. 

Юлія Некраш разам з калегам Міколам Атрахімовічам

Настаўніца прызнаецца, што для яе вельмі важна быць паспяховай ва ўсіх сацыяльных ролях: “Бо калі я прыйду да сваіх вучняў і не буду дэманстраваць сацыяльны поспех, яны не будуць мне верыць. Калі я не буду размаўляць на беларускай мове па-за класам з калегамі і роднымі, мне не будуць верыць. Чалавек павінен быць шчаслівым у плане работы, сям’і, сяброў, здароўя… Шчасце – гэта гармонія, калі табе ўдалося знайсці баланс, колькі працэнтаў свайго часу ты можаш выдаткаваць на працу, колькі – на сям’ю і дзяцей, колькі -- на самаразвіцце і колькі пакінуць на свае захапленні.  А вучні любяць паспяховых, прыгожых людзей, якія ўсміхаюцца і дораць ім пазітыў. 

У адной лодцы 

На думку Юліі Некраш, у школе павінна быць менш кантролю і больш свабоды і даверу да настаўніка: 

-- Што тычыцца мяне, то мая ўнутраная свабода, разуменне майго месца ў школе, ролі ў жыцці дзяцей давалі мне патрэбную энергію і прастору для творчасці. Прызнаюся, я ніколі не клапацілася пра такія рэчы, як рамонт кабінета – вось на гэта мяне не хапала. Да таго ж такія “настаўніцкія абавязкі” мне нецікавыя… Я ніколі не шукала лёгкіх шляхоў: лепш цяжка, але цікава, чым проста, але сумна. І так было  заўсёды, яшчэ з маіх школьных гадоў. 

Школьная сістэма ацэньвання вучняў для мяне – вельмі балючая тэма. Яна моцна б’е па дзецях. І калі б мне сказалі, што з заўтрашняга дня ты больш не ставіш адзнакі, я была б, напэўна, самым шчаслівым чалавекам на свеце. Пагадзіцеся, што калі вучань напісаў дыктоўку з 12 памылкамі, а ў мінулы раз зрабіў 22 памылкі, то для яго гэта прагрэс. Але ў балах яго ніяк адлюстраваць немагчыма. Часцей за ўсё дзіця не можа патлумачыць сваім бацькам, чаму яно атрымала тую ці іншую адзнаку ў балах. Яна для іх неінфарматыўная. І я заўсёды баюся быць неаб’ектыўнай, лічу, што лепш завысіць адзнаку, чым недаацаніць дзіця. Упэўнена, што без адзнак жыць можна, а вось без ацэнкі – нельга. Настаўнік павінен ацэньваць дзейнасць вучня на ўроку, даваць яму зваротную сувязь, якая павінна заахвочваць да далейшай работы. Вучню кажуць, што ў яго атрымліваецца, а над чым яшчэ трэба працаваць ці што трэба дапрацаваць, дзе знайсці патрэбны матэрыял (канкрэтную старонку параграфа, спасылку на інтэрнэт-рэсурс і гэтак далей). Зваротая сувязь – гэта ядро актыўнай ацэнкі. 

Праца з бацькамі -- вельмі важны момант для мяне. У першы год майго класнага кіраўніцтва я больш працавала з імі, чым з дзецьмі. Школа змянілася, і бацькам незразумела, што там сёння адбываецца, чаму іх дзяцей вучаць па-іншаму. Я праводзіла для іх майстар-класы, каб яны зразумелі, што адчувае вучань сёння ў школе, што яго хвалюе, за што ён перажывае, калі вяртаецца з дрэннай адзнакай, і як павінны сябе паводзіць бацькі: пра што пытацца, якія рабіць высновы, як дзейнічаць, пра што размаўляць з настаўнікамі.  Бо што адбываецца: мы быццам бы робім агульную справу – настаўнікі, адміністрацыя школы, бацькі -- але кожны цягне ў свой  бок.  Упэўнена, што школа павінна стаць больш празрыстай для бацькоў. Мы ўсе -- у адной лодцы, мы не канкурыруем, а плывем разам. І настаўнікам трэба часцей дэманстраваць, што канкрэтнае дзіця для яго важнае. 

Калі бацькі разумеюць, што ты зацікаўлены і нераўнадушны да дзіцяці, яны гатовы на ўсё. Але трэба выканаць сваё абяцанне і знайсці час для гэтага дзіцяці . Таму калі ты не можаш -- не абяцай. Бацькі на інтуітыўным узроўні адчуваюць тваю няшчырасць. 

Яшчэ адно правіла -- ніколі не крытыкуй, бо для бацькоў іх дзіця -- найвышэйшая каштоўнасць. Нельга распачынаць размову з крытыкі, трэба спачатку абавязкова распавесці пра яго плюсы і толькі потым казаць, што трэба выправіць, над чым папрацаваць. Калі бацькі становяцца тваімі паплечнікамі, дзіця змяняецца на вачах. 

Веды і меркаванні 

Новыя падручнікі па беларускай мове, на думку Юліі Некраш, атрымаліся вельмі ўдалыя: яны ўтрымліваюць цікавыя тэксты, задаюць добры тэмп работы на ўроку. Але падручнік для настаўніка  -- толькі памочнік.

 – За шаснаццаць гадоў у школе мяне ні разу ніхто не папракнуў, што я ўзяла заданне не з падручніка, -- канстатуе педагог. – Чаму дамашняе заданне абавязкова павінна быць з падручніка? А навошта яно ўвогуле? Я, напрыклад, практыкую сертыфікаты вызвалення ад дамашніх заданняў, калі вучань добра папрацаваў на ўроку. Няхай ён свой час лепш накіруе на іншыя прадметы. Прынесці дамоў сертыфікат – добры матыватар. Ці вучні  самі могуць выбіраць, якое заданне выконваць. Я ніколі не ставілася да дамашніх заданняў, як да важнага аспекта ў навучанні. Калі такое заданне не спрыяе развіццю, то гэта проста марнаванне часу, а дамашняе заданне з падручніка – гэта марнаванне часу.    

Настаўніца праводзіла апытанне сярод вучняў, цікавілася, ці патрэбнае дамашняе заданне і ці лічаць яны яго важным? Задавала гэтыя пытанні дзецям з самай рознай паспяховасцю.  Высокаматываваныя вучні адказалі, што ім хацелася б самім выбіраць, якое заданне выконваць. Вучні з нізкімі адзнакамі адказалі, што яны ўсё роўна не будуць яго рабіць. А навучэнцы з сярэдняй паспяховасцю не ведалі адказу і нават шукалі падвох. Ну як можна пра такое пытацца?

 Таксама практыкую на ўроках літаратуры пытанне настаўніку па змесце ўрока, які вучні задаюць напрыканцы занятку. Калі гэта пытанне мяне зачапіла ці я не ведаю на яго адказ, таксама можна атрымаць сертыфікат.

Яшчэ адзін матыватар -- рознакаляровыя стыкеры для вучняў, якія былі актыўныя на ўроку. За некалькі адказаў я не магу выставіць “дзесятку”, а стыкеры дабаўляюць паўбала да рабочага сшытка.  

Настаўніца заўважае, што сённяшнія вучні маюць сваё меркаванне па ўсіх пытаннях і лічаць патрэбным яго агучыць: “Іх вучаць гэтаму і сацыяльныя сеткі. Ты прагледзеў відэа -- стаў лайкі, пішы каментарыі. Ім унушаюць, што нам важныя вашы каментарыі, і дзеці вераць у гэта. Усе маюць меркаванні, але не веды, і як гэта змяніць? Як зрабіць, каб высновы рабіліся на падставе ведаў? Даводзіцца апускаць вучняў на зямлю. Былі моманты, звязаныя з маім навучаннем на курсах медыяадукацыі. Калі я сама вучылася і паглыбляла ў медыяадукацыю сваіх вучняў. Тлумачыла ім, што адбываецца падмена паняццяў, і цяпер яны больш дасведчаныя за сваіх бацькоў”. 

Надзея НІКАЛАЕВА.