«Чым больш знаходжуся ў сваёй прафесіі, тым больш разумею, што я — на сваім месцы. І ўвогуле прыйшла да высновы, што ў педагогіку павінны прыходзіць толькі тыя людзі, якія адчуваюць пакліканне быць настаўнікам. Некаторыя кажуць, што я прыходжу ў школу, каб зарабляць грошы. Нават чула і такую версію: «Настаўніцкая работа — маё хобі». Такую пазіцыю я не падзяляю, бо па-іншаму бачу сваю прафесію», — канстатуе настаўніца пачатковых класаў барысаўскай сярэдняй школы № 17, настаўнік-метадыст, аўтар «Ютуб»-канала для педагогаў Святлана ЛОКІС.
Глядзіце медыясайт Святланы Локіс, які яна назвала САМАразвіццё даўжынёю ў жыццё
Не толькі матэматыка
«Яшчэ гадоў пяць таму малыя хацелі быць настаўнікамі. І бацькі казалі, што іх дзеці пераймаюць міміку, інтанацыі і жэсты сваёй першай настаўніцы. Але ў сучасных дзяцей іншыя гульні, інтарэсы і заняткі, і настаўніцтва, на жаль, прыцягвае іх менш за ўсё, — расказала Святлана Локіс у праграме «Размовы пра адукацыю». — Яны нейкія больш упэўненыя, дакладна ведаюць, чаго хочуць, больш самастойныя і смялейшыя за нас у іх узросце. У іх няма комплексаў, якія ёсць у мяне. Напрыклад, мая аднагадовая ўнучка для мяне — сапраўднае адкрыццё. Калісьці на маё бачанне дзяцей моцна паўплывала дачка, а цяпер — унучка. Але нават паміж імі ёсць вялікая розніца. Калі мне хочацца ёй дапамагчы, я літаральна наступаю сабе на горла і стараюся хутчэй прыбраць свае рукі, бо яна не просіць мяне аб дапамозе... Прызнаюся, што сваю цяперашнюю гібкасць я вельмі доўга напрацоўвала».
— Мы ставімся да нашых вучняў крыху са спажывецкай пазіцыі, маўляў, яны павінны нам у якасці зваротнай сувязі даць веды, якімі мы іх напаўняем. Павінны быць выхаваныя так, як мы сабе гэта ўяўляем і як патрабуе грамадства. А яны нам насамрэч нічога не вінныя: у іх свае праблемы, сваё шчасце і гора, сваё разуменне свету, у якім яны жывуць. Нават казкі, на якіх мы ўсе выхоўваліся, цяпер напаўняюцца новым сэнсам, — разважае настаўніца. — А мы часам не ведаем, што з імі адбываецца не толькі за сценамі школы, а нават за парогам класа. За абавязкамі настаўніка, які павінен навучыць, пракантраляваць, скласці ўсе справаздачы, мы не бачым дзяцей з іх вялікай колькасцю праблем. А калі я навучылася іх бачыць і чуць , мне стала прасцей знаходзіць з імі агульную мову. Некалькі гадоў таму я пачула думку, якую доўга шукала, а знайшла ў Людмілы Петраноўскай. Гэта вельмі кароткая, але вельмі ёмістая фраза: «Ёсць такія людзі — дзеці». Лічу, што кожны педагог павінен над ёй задумацца.
Для настаўніка пачатковай школы вельмі важна ўстанавіць добрыя адносіны ў класе і атмасферу, дзе кожнаму будзе ўтульна. Мы заўсёды разам з дзецьмі дамаўляемся, што ў школьным доме супярэчыць нашым поглядам і каштоўнасцям. У нас наладжаны пастаянны калектыўны дыялог. Здараецца, што я нават магу ахвяраваць урокам, таму што менавіта ў гэту хвіліну для іх і для мяне ёсць штосьці больш важнае, чым матэматыка або вывучэнне назоўнікаў.
У маёй практыцы было шмат складаных педагагічных сітуацый, напрыклад, у класе было асаблівае дзіця. Вучань стаяў побач з партай: удзельнічаў ва ўроку, але сядзець не мог. Я не ведала, што з гэтым рабіць, але адчувала, што ціснуць на яго нельга. І калі ўжо і я, і яго аднакласнікі прызвычаіліся, што хлопчык стаіць за партай, ён раптам сеў. Прызнаюся, я была шчаслівая, што гэта адбылося не пад маім прымусам. Увогуле педагогам вельмі складана не ціснуць на дзяцей, бо тыя не адчуваюць рамак, у якіх выхоўваліся мы, калі навучаліся ў школе. А нам хочацца, каб усё было, як раней. Нас раздражняюць занадта самаўпэўненыя дзеці, яны для нас нязручныя...
Калі вучань хоча што-небудзь сказаць, то яму гэта трэба зрабіць неадкладна. І ты разважаеш: а чаму б і не даць яму выказацца, бо ён агучвае цікавыя думкі, але ў той жа момант разумееш, што хацеў бы пачуць адказ ад іншага дзіцяці. Дзіцячая непасрэднасць перашкаджае настаўніку, але калі ты задушыш гэтую непасрэднасць, то атрымаеш пасрэдны клас. Таму патрабуецца пэўнае майстэрства, каб і за тую нітачку пацягнуць, калі трэба, і за тую, калі можна... У маім класе вельмі актыўныя хлопчыкі, я маю на ўвазе не праблемы з паводзінамі: яны ўсе жадаюць адказваць і ўдзельнічаць ва ўроку, а дзяўчынкі больш пасіўныя. І я разумею, што калі не прыдумаю што-небудзь, то дзяўчаткі так і будуць маўчаць увесь урок.
Ёсць адзін вельмі добры прыём. Калі я раней паказвала яго на семінарскіх занятках, ён выклікаў у калег абурэнне. Але паступова свядомасць настаўнікаў змяняецца... У класе заўсёды ёсць вучні, якія хутчэй спраўляюцца з заданнем, і наадварот — дзеці, якім патрабуецца больш часу. Каб больш спрытныя не сумавалі, па маім сігнале яны ідуць да тых, хто ўжо таксама справіўся з заданнем, абмяркоўваюць, спрачаюцца, правяраюць адзін аднаго. На гэта даецца ад трох да пяці хвілін. І дзеці разумеюць, што яны не павінны перашкаджаць тым, хто яшчэ працуе. Затым мы можам разам прагледзець відэа, якое я запісала на ўроку для свайго «Ютуб»-канала, і абмеркаваць, што не спрацавала, што дзеці зрабілі не так. Свабодзе таксама трэба вучыць, і дзеці павінны адчуваць адказнасць за дадзеную ім свабоду.
Адзнака і самаацэнка
На думку Святланы Локіс, першарадная мэта навучання — не назапашванне ведаў, а ўменне дзейнічаць у нестандартнай сітуацыі. Натуральна, што чым больш адукаваны чалавек, тым большую колькасць дзеянняў ён можа ажыццявіць і тым большая ў яго свабода выбару. «Я вельмі часта чую ад калег: «А мае вучні так не змогуць...» і заўсёды кажу ім: «А вы спрабавалі?» Галоўнае, каб было жаданне штосьці зрабіць. Настаўнік павінен быць дырыжорам у класе. Калі ён ведае, чаго хоча ад вучняў, то абавязкова гэтага даб'ецца.
— Я вельмі ўдзячная актыўнай ацэнцы, якая шмат чаму навучыла мяне і ў прафесійным, і ў асабістым плане, — падкрэслівае педагог. — Для мяне заўсёды пераход ад безадзнакавага навучання ў трэцім, а па асобных прадметах — у чацвёртым класе быў складаны і дыскамфортны, бо адзнака закрывае многія перспектывы як для настаўніка, так і для вучня. Наўрад ці дрэнныя адзнакі, асабліва ў пачатковай школе, матывуюць дзяцей да вучобы. Адзнакі выконваюць выключна кантрольную, а зусім не пазнавальную ці стымуляцыйную функцыю. Як вы думаеце, чаму ў пачатковай школе бацькі ахвотна прыходзяць на бацькоўскія сходы, а ў сярэдняй і старэйшай школе іх шэрагі радзеюць? Прычым на запрашэнні настаўніка завітаць у школу хутчэй адгукаюцца бацькі паспяховых дзяцей. Мяркую, таму, што ў першыя гады вучобы дзіцяці бацькі максімальна зацікаўленыя ў тым, каб атрымаць ад настаўніка зваротную сувязь. Але што адбываецца далей? Настаўнік сістэматычна выстаўляе пэўнаму вучню нізкія і сярэднія адзнакі. Наколькі яны інфарматыўныя для бацькоў? Упэўненая, што вельмі інфарматыўныя, таму што праз адзнаку бацькі атрымліваюць ад настаўніка негатыў пра сваё дзіця. І навошта ім ісці на бацькоўскі сход, каб яшчэ раз пачуць тое, пра што яны і так ужо здагадваюцца. А калі няма пасрэдніка, у ролі якога выступае адзнака, у дарослых узнікае патрэба асабіста даведацца аб праблемах і поспехах вучобы свайго дзіцяці ў школе. Адзнака на пэўным этапе адсякае ўзаемадзеянне бацькоў з настаўнікам. А пры актыўнай ацэнцы ў вучня няма залежнасці ад адзнакі. І гэта вялікі плюс. Ён задаволены тым, як ацанілі работу яго аднакласнікі, і як, у першую чаргу, ён сам сябе ацаніў. Самаацэнка — магутны рухавік навучання.
Нядаўна пачула фразу ад сваёй калегі «правільная памылка». Ура! Ты здзейсніў правільную памылку. Настаўнік дасылае сігнал, што вучань хоць і не думае зараз у правільным кірунку, але яго памылка дала магчымасць ускрыць праблему, спыніцца, разгледзець і паспрабаваць вырашыць яе, таму той і не баіцца памыляцца.
Я выкарыстоўваю адзін цікавы прыём — трэба пытаннем адказваць на пытанне. Вынікі бываюць вельмі нечаканыя. Так, на маё пытанне «Чаму гэта парта не сіняга колеру?» у выніку ланцужка пытанняў мы прыйшлі да прапановы: а чаму б нам не напісаць дыктоўку на тэму космасу? Уменне задаваць пытанні — таксама важны навык для сучаснага чалавека. І крытычнае мысленне трэба развіваць яшчэ ў пачатковай школе. Настаўнік павінен выкарыстоўваць на сваіх уроках прыёмы, якія спрыяюць яго развіццю. Паверце, нашы дзеці да гэтага падрыхтаваныя. Увогуле цяпер столькі магчымасцяў: і актыўная ацэнка, і перакулены ўрок, і медыяадукацыя, і іншыя тэхналогіі. Таму настальгіі па старых падручніках я не адчуваю. Не трэба азірацца назад: лепш жыць сёння і ўпэўнена глядзець наперад.
Святлана Локіс прызнаецца, што падручнік на ўроку для яе — не галоўны. «Мне дастаткова вопыту, які я назапасіла больш чым за 30 гадоў. Быў час, калі я асуджала калег, якія выкарыстоўвалі «метадычкі», — прызнаецца яна. — Нам дазволілі не пісаць планы ўрока, каб спрасціць падрыхтоўку да заняткаў, і прапанавалі выкарыстаць чужыя метадычныя распрацоўкі. Але я змяніла сваё стаўленне, зразумела, што кожны выбірае свой шлях, і тыя педагогі, у якіх на стале ляжаць чужыя планы і чужыя думкі, таксама выдатна праводзяць свае ўрокі. Мы ўсе розныя і ў кожнага свой падыход.
Да таго ж «урок-выбух» немагчыма праводзіць кожны дзень. Крэатыўным можа быць нейкі элемент урока ці яго можа не быць зусім. У мяне ёсць індыкатар: калі вучні пачынаюць хістацца на крэсле з боку ў бок, трэба тэрмінова штосьці прыдумаць: няхай гэта будзе экспромт, але іх увагу трэба вяртаць.
Любы настаўнік пацвердзіць, што можна прыйсці на ўрок з выдатнай падрыхтоўкай, а яна ўвогуле не спрацуе, таму што нешта пайшло не так: медсястра зазірнула і адцягнула ўвагу, хтосьці спазніўся і гэтак далей. Таму любы якасны ўрок, нават традыцыйны, — гэта крута!»
Рэцэпт ад прафесійнага выгарання
Два гады таму Святлана Локіс стала настаўнікам-метадыстам. Гэта катэгорыя — прызнанне вышэйшага пілатажу ў прафесіі. Каб яе атрымаць, трэба прайсці праз шмат выпрабаванняў, даваць адкрытыя ўрокі і потым апраўдваць сваё званне — рэгулярна дзяліцца сваім прафесійным досведам з калегамі.
— Цудаў у нашым жыцці не бывае. Мне любая катэгорыя давалася цяжкай працай, — канстатуе яна. — А «настаўнік-метадыст» — мая асабістая планка, прыкладна шэсць-сем гадоў прафесійнага шляху і абагульнення вопыту. Можна сказаць, перамога над сабой. Ты шмат увагі аддаеш той сферы, у якой развіваешся — і гэта пазбаўляе сям'ю тваёй прысутнасці, адбірае цябе ад блізкіх людзей, якія хочуць з табой паглядзець фільм ці разам чаю выпіць. А ты кажаш: «Ідзі, разагрэй сам...»
Лічу, што набыццё досведу толькі для сябе — гэта блюзнерства. Вопытам трэба дзяліцца, тым больш калі адчуваеш, што хтосьці мае ў гэтым патрэбу. Быць гатовай да прысутнасці старонняга чалавека ў класе, які цябе ацэньвае, няпроста. Стварыць свой «Ютуб»-канал для калег — таксама вельмі страшна. Неабходная пэўная смеласць, каб вылажыць свой урок на ўсеагульны агляд. Зразумела, што будуць і лайкі, і дызлайкі. Але калі гэта камусьці дапаможа, то чаму б не зрабіць?
Роўна дзесяць гадоў таму я сур'ёзна думала пра змену прафесіі, але гэта не адбылася, чаму я цяпер вельмі радая, — прызналася настаўніца. — Калі апынулася ў яме прафесійнага выгарання, калі мне было вельмі цяжка, я проста... змяніла школу. І трапіла ў такую атмасферу, дзе мне паверылі і забяспечылі метадычную і прафесійную свабоду. Але ці ўсім патрэбная свабода, я не ведаю, і не ўпэўнена, што ўсе гатовыя ёй з карысцю распарадзіцца. Ведаю, што ў некаторых краінах настаўнік, які адчувае прафесійнае і псіхалагічнае знясіленне, можа ўзяць акадэмічны водпуск на год з захаваннем нейкай часткі заробку. Калі б такая магчымасць была ў нас, то мне, напэўна, хапіла б месяца для адпачынку, каб штосьці дапісаць, дачытаць, сустрэцца з дарагімі мне людзьмі, наведаць матулю і эмацыянальна аднавіцца. Чаму менавіта месяц? Нядаўна з прычыны хваробы я на доўгі час выпала з адукацыйнага працэсу. Абуралася тым, што гатовая ісці працаваць, але ўрачы мяне не пускаюць. А праз месяц раптам адчула, што мяне ўжо не так моцна цягне на работу (смяецца. — Аўт.). Таму ў кожнага ёсць свой шлагбаум, які можна адкрыць і закрыць. Мяне можа натхніць вельмі многае: і размова з аднадумцамі-калегамі, і прыемная навіна, і нават смайлік у сацыяльных сетках. Мне вельмі шанцавала ў жыцці на людзей, якія знаходзілі для мяне патрэбныя словы падтрымкі...»
На пытанне, а што б яна змяніла ў школе, Святлана Локіс адказала наступнае: «Дабавіла б у пачатковую школу яшчэ хоць бы адзін год навучання. Ведаю, што ў некаторых краінах пачатковая школа — гэта шэсць класаў. Калі я падыходжу да парога чацвёртага класа, то заўсёды аналізую, што я не паспела зрабіць. У нас вельмі востра стаіць пытанне пераемнасці з сярэдняй школай, але нічога не змяняецца. Фактычна мы садзім дзіця ў лодку і кажам яму: «А далей грабі сам...» Добра, калі дзецям пашанцуе з моцным і неабыякавым класным кіраўніком, які паспявае ўсё: і свой прадмет якасна выкладаць, і з класам працаваць, і з бацькамі. Мала хто з настаўнікаў, якія працуюць у сярэдняй школе, знаходзяць час, каб завітаць да нас і пазнаёміцца са сваімі будучымі вучнямі. Ды, шчыра кажучы, і не кожны настаўнік пачатковай школы гатовы, каб да яго прыходзілі на ўрок...»
Надзея НІКАЛАЕВА, Звязда