Як тэрор стаў вялікім

Ірына Раманава, прафесар дэпартамента гісторыі ЕГУ

Асноўны тэзіс майго выступу:

- як бы мы ні распісвалі жахі таталітарызму (нават у будучых падручніках, цяперашні - не ў лік), колькі б мільёнаў-мільярдаў нявінна забітых мы не называлі, але пакуль будзе захоўвацца такі “традыцыйны” падыход да структурыравання матэрыялу, мы не зможам наблізіцца да ўсведамлення праблемы рэпрэсій, сутнасці таталітарызму.

“Традыцыйна” матэрыял у школьных падручніках, падручніках ВНУ структурыруецца па параграфах наступным чынам: грамадска-палітычнае жыццё (а тут адзначаецца, напрыклад, абвяшчэнне БССР, палітыка беларусізацыі і г.д.), затым эканамічнае развіццё (напрыклад, поспехі індустрыялізацыі), потым могуць ісці рэпрэсіі, а затым развіццё культуры. Такім чынам, як бы мы ні напісалі гэтую частку / параграф, папярэднімі і наступнымі – апісваючы дасягненні і поспехі ў справе індустрыялізацыі ці развіцці савецкай культуры – мы зводзім раздзел аб рэпрэсіях да ўзроўню прыватнага выпадку, эпізоду, накшталт, «АЛЕ! Разам з тым, былі і асобныя адмоўныя бакі... » (як гэта, напрыклад, адзначаецца пра калектывізацыю – і гэта сорам!). Каб сфарміраваць больш-менш адэкватнае ўяўленне пра феномен сталінізму, трэба памяняць саму структуру падачы УСЯГО матэрыялу па дадзеным перыядзе. Рэпрэсіі - гэта тое, што зрабіла і эканоміку і культуру і інш. такімі, якімі яны былі (!), гэта тое, што рабіла іх менавіта такімі, якія яны былі не толькі ў той перыяд, але і пасля яго і, нават, у некаторай ступені зараз ёсць!

Бясконцае прайграванне савецкай схемы з некаторым перапісваннем “старых” тэм і  невялікім украпленнем новых - вось што характарызуе нашыя падручнікі па ХХ стагоддзі. Натуральна, варта было б спыніцца на памылках падручнікаў, на прамой падтасоўцы фактаў і г.д., але, яшчэ раз падкрэслю, неактуальнай на сённяшні дзень з’яўляецца і сама канцэпцыя падачы матэрыялу. Нельга разрываць культуру і рэпрэсіі, ці эканоміку і рэпрэсіі і г.д., нельга пісаць пра поспехі індустрыялізацыі і маўчаць пра ГУЛаг, пісаць пра новую савецкую літаратуру і маўчаць аб тым, колькі і якіх кніг было знішчана фізічна, што такое самацэнзура і г.д.

У падручніку павінен быць матэрыял аб сутнасці сталінізма, таталітарызма і далей, як развіваецца і культура, і навука, і эканоміка, і “грамадска-палітычнае жыццё” у яго ўмовах.

Але сёння і сама таталітарная мадэль вывучэння савецкага грамадства з’яўляецца ў пэўнай ступені ўжо састарэлай. Сёння гісторыкаў цікавіць, найперш, адказ на пытанне адносна ўзаемасувязі паміж грамадствам і доўгачасовасцю існавання дыктатуры (у дадзеным выпадку  камуністычнай). Выйсцем бачыцца даследаванне не толькі гісторыі палітычных інстытутаў і структур, не толькі дзеянняў палітычных функцыянераў і іх непасрэдных праціўнікаў, як гэта рабілі т.зв. “таталітарысты”, але і не менш важную частку павінен скласці матэрыял, які будзе паказваць: чаму гэта стала магчыма; як усё больш шырокія колы насельніцтва стваралі не толькі базу для функцыянавання таталітарнага рэжыму, але самі станавіліся часткай гэтага механізму. Разам з тым, неабходна тут паказаць, што варыятыўнасць паводзін “маленькага чалавека” абмежаваная, што нярэдка гэта выглядала так – “хто не з намі, той супраць нас”, але і, што не менш важна, сістэма жыццязабеспячэння ў 1930-я гады была пабудавана так, што толькі інтэграцыя ў савецкі праект дазвалася разлічваць на кавалак хлеба.

Для вывучэння ўзаемаадносін ўлады і грамадства, верагодна, карысным з метадалагічнага пункту можа стаць паняцце стратэгій (штодзённых стратэгій) і выкарыстанне іх у якасці пэўнага метадалагічнага фрэйму (кансенсус, маніпуліраванне, адаптацыя, пасіўны і актыўны супраціў). Абавязкова павінен быць і матэрыял аб тым, якія месцы/пытанні прымушалі пераходзіць ад згодніцтва або пасіўнага ўспрымання рэжыму (нягледзячы на ўзгаданы вышэй кавалак хлеба) да супраціву і, нават, узброенай барацьбы супраць яго.

Менавіта другая складовая частка, на мой погляд, дазваляе зрабіць падручнік неверагодна цікавым. Гэта другі мой тэзіс - падручнік гісторыі павінен быць цікавым!

Пры выкарастанні прапанаванай мной схемы з'яўляецца месца для самастойнай працы з крыніцамі, эга-дакументамі, якія заўсёды і ва ўсіх выклікаюць значна большы інтарэс, чым афіцыйныя дакументы. (Пакуль прыведзеныя ў падручніку дакументы вельмі афіцыйныя і вельмі малацікавыя: цяжка ўявіць сабе дзіця, якое добраахвотна чытае самую хлуслівую ў свеце Канстытуцыю 1936 года, якая, дарэчы ў падручніку прыводзіцца ў іншым кантэксце).

Трэці тэзіс майго выступу. У век “усезнаючага гугла” і даступнасці вялікай колькасці супярэчачых адна адной крыніц, задачай школьнага курса павінна быць фарміраванне навыкаў крытычнага мыслення. Прасцей (элегантней) за ўсё будзе паказаць адносную праўду на прыкладзе аналіза архіўных дакументаў. Паказаць, што гісторыкі не з’яўляюцца носьбітамі нейкай сакральнай веды аб мінулым. Няма аб’ектыўнай гістарычнай праўды, ёсць аб’ектыўныя факты (якія ўтрымліваюцца, напраклад, у архіўных дакументах), на падставе якіх гісторыкі ствараюць сваю інтэпрэтацыю падзей. Але сам архіўны дакумент празмерна утылітарны. Найперш неабходна паглядзець: хто для чаго / каго яго ствараў, што аўтар павінен быў сказаць, аб чым павінен быў прамаўчаць, чаму выкарыстана такая тэрміналогія (“ворагі”, “кулакі”, “царкоўнікі”), што на падставе дадзенага дакумента мы можам вывучаць, а для чаго нам патрэбны нейкія іншыя віды крыніц, і, у такім выпадку, якія? Дакумент заўсёды нам нешта паведамляе, але ён заўсёды аб нечым умоўчвае. Няма такіх рэчаў, як “сапраўды аб’ектыўныя крыніцы” па-за межамі часу і месца, без чалавечай перадузятасці.

Калі мы навучым вучняў працаваць з першакрыніцамі, апрацоўваць іх і, галоўнае, ужывацца ў іх, вучні стануць больш крытычнымі мыслярамі, тэкст будзе для іх не толькі крыніцай інфармацыі, але і падставай для рэфлексіі. Пры чым любы тэкст.

Пералічэнне ж у канцы параграфа сучаснага падручніка падыходаў да інтэрпрэтацыі праблемы рэпрэсій выклікае недаўменне: для чаго?! Адзінае тлумачэнне, якое я магу даць гэтаму: папярэдзіць вучня, што ёсць больш радыкальныя падаходы да праблемы, але нельга ім верыць, бо ў падручніку (якому вучань мусіць давяраць) дадзена іншая трактоўка?!

І калі вярнуцца да праблемы рэпрэсій. У сучасным падручніку не паказаны маштаб, не названы нават прыблізныя лічбы рэпрэсаваных (паводле У.Адамушкі гэта прыкладна 600 тыс.), нечакана ўказана толькі колькасць рэабілітаваных (160 тыс.). Што гэта? Спроба за меншымі лічбамі схаваць маштаб? У пераліку ахвяр, зноў жа, партыйныя кадры, дзеячы мастацтва, зусім не адзначана, што найбольшую колькасць рэпрэсаваных склалі “маленькія людзі” і, найперш, сяляне. Няма ніводнага слова аб масавых аперацыях, якія склалі “вертыкаль Вялікага тэрору”[1] (“Аб аперацыі па рэпрэсаванні былых кулакоў, крымінальнікаў і іншых антысавецкіх элементаў”, 30 чэрвеня 1937 г., арыштавана па СССР было больш за 700 тыс. (у тры разы больш, чым планавалася), больш за 50% расстраляна ( у пяць разоў больш, чым планавалася), па БССР было асуджана 24 209 (у 2,5 разы больш) чалавек, асуджана да ВМП 6869 (у 3,5 разы больш, чым планавалася)[2]; нацыянальныя аперацыі 1937-1938 гг.: арыштавана больш за 300 тыс., 75% растраляна; па БССР было арыштавана не менш за 23,4 тыс., з іх не менш за 19 тыс. былі асуджаны да ВМП). Паказ на прыкладзе канкрэтных архіўных дакументаў, чаму і як былі перавышаны на месцах ў тры-пяць разоў спушчаныя з Масквы ліміты;  што станавілася падставай для абвінавачвання чалавека ў шпіянажы, ці антысавецкай змове – вось, што сфарміруе ў вучня дакладнае ўяўленне, што такое рэпрэсіі, што такое таталітарызм, сталінізм. А пошукі прыведзеных у дакументах прозвішчаў “шпіёнаў” і “ворагаў” у картатэцы рэпрэсаваных і рэабілітаваных (можна выкарыстоўваць і кнігі “Памяць”) дазволіць яшчэ раз паглядзець на дадзеную трагедыю, але праз лёсы канкрэтных “маленькіх” людзей.

Дзякуючы Леаніду Маракову зараз для нас 1937 год – гэта яшчэ і тая ноч, калі было расстраляна каля 100 беларускіх пісьменнікаў, ноч, калі было “растраляна беларускае адраджэнне”.  Але ілюстраванне рэпрэсій лёсамі толькі “вялікіх” людзей стварае ілюзію, што, па першае, рэпрэсіі тычыліся не ўсіх, што таталітарны рэжым – гэта тое, што мела адносіны толькі да тых, хто недзе там “наверсе”. Але дыктатура існавала  не толькі дзякуючы тым, хто наверсе, з якімі тыя, што ўнізе не мелі нічога агульнага, ёй спрялі ўсе слаі і структуры грамадства. А з іншага боку, у “падначаленых” заўсёды застаецца крыху аўтаноміі, невялікая магчымасць дзейнічаць самастойна, хоць гэта можа і не праяўляцца адкрыта. Паставіць пытанне так, гэта значыць закрануць і злачынны саўдзел так званых “маленькіх людзей” у справах дыктатуры,  не даць ім застацца толькі ў ролі ахвяраў рэжыму. Добрым прыкладам тут будуць даносы, альбо паказанні арыштаваных у 1938-1939 гг. супрацоўнікаў НКУС. Безумоўна, неабходна гаварыць і аб маніпуляванні грамадскай думкай, аб вялікай агітацыйна-прапагандыскай працы, аб тым, што некаторыя верылі ў існаванне разгалінаванага шпіянажу, аб тым, што людзей падвяргалі страшэнным пыткам, што ў такіх умовах чалавек не мог не агаварыць сябе, ці, нават, вялікую колькасць людзей, часам зусім незнаёмых.

Лічбы па ўзгаданых вышэй масавых аперацыях НКУС у БССР, якія я знайшла ў архіўных дакументах:  чэрвеня 1937 г. да лістапада 1938 г. НКУС Беларусі арыштавала 54 845 чалавек, з іх больш за 27 391 было расстраляна.




[1] Юнге М., Бордюгов Г., Биннер Р. Вертикаль большого террора. История операции по приказу НКВД № 00447. Москва: Новый Хронограф, АИРО – ХХІ век, 2008.

 

[2] Юнге М., Бордюгов Г., Биннер Р. Вертикаль большого террора… С. 522.