2 мая ў краіне распачнецца рэгістрацыя абітурыентаў на цэнтралізаванае тэсціраванне. Зрабіць гэта трэба не пазней за 1 чэрвеня.
Пункты рэгістрацыі будуць працаваць з 9.00 да 18.00 — у нядзелю 2 мая, з 9.00 да 19.00 у буднія дні і з 9.00 да 18.00 — па суботах 15 і 29 мая. Выхадныя дні — 8, 9, 10, 11, 16, 22, 23 і 30 мая.
У абітурыентаў ёсць выбар: рэгістравацца на ЦТ анлайн або прыйсці ў пункт рэгістрацыі асабіста.
Рэгістрацыя анлайн
Запісацца на ЦТ 2021 можна праз спецыяльную форму на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Папярэдняя рэгістрацыя будзе даступная з 9 гадзін 2 мая да 12 гадзін 1 чэрвеня. У апошні дзень пасля 12 гадзін і да закрыцця пунктаў рэгістрацыі ў 19 гадзін падаць заяву на ўдзел у ЦТ можна будзе толькі асабіста.
Спачатку трэба будзе ўвесці свае даныя (серыя і нумар дакумента, які сведчыць асобу, мабільны нумар тэлефона). Затым абітурыенту прыйдзе SMS з паролем да асабістага кабінета. Ён фарміруецца ў момант першага ўваходу. У наступныя разы трэба будзе толькі ўвесці лагін і пароль.
Абітурыент выбірае вучэбныя прадметы і пункты тэсціравання. Далей ён павінен аплаціць удзел у ЦТ праз сістэму АРІП (не пазней за 1 чэрвеня), выкарыстоўваючы нумар свайго асабовага рахунку, названага ў асабістым кабінеце сістэмы рэгістрацыі. Гэта сума складае 2,9 рубля за адзін вучэбны прадмет (у кошт закладваюцца выдаткі на работу пунктаў рэгістрацыі, афармленне дакументаў і правядзенне экзамену). І, каб завяршыць працэдуру, трэба прыйсці ў адзін з абраных пунктаў ЦТ і забраць пропускі. Без іх на тэсціраванне не пусцяць.
Абітурыенты, з якіх не спаганяецца плата за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў ЦТ, павінны ў прапанаваных ім пунктах рэгістрацыі дату і час асабіста (або праз законнага прадстаўніка) падаць заяву і забраць у пункце рэгістрацыі пропускі, маючы пры сабе дакумент, які сведчыць асобу, а таксама дакументы, якія пацвярджаюць права на льготу, і іх ксеракопіі.
Прыйсці па пропуск трэба не пазней за 1 чэрвеня. У графе «Абраныя прадметы і пункты тэсціравання» будуць указаны адрасы пунктаў рэгістрацыі, у адзін з якіх неабходна будзе звярнуцца пасля здзяйснення аплаты. Пры сабе трэба мець пашпарт або від на жыхарства, пасведчанне бежанца. Забраць пропускі замест абітурыента могуць таксама яго законныя прадстаўнікі.
Фота з архіва. Аўтар: Ганна Занкавіч
Рэгістрацыя асабіста
Калі абітурыент жадае запісацца на ЦТ афлайн, ён (або яго законны прадстаўнік) можа звярнуцца ў адзін з 41 пунктаў рэгістрацыі. Аднак у любы час гэта зрабіць немагчыма. З-за пандэміі, каб не дапусціць высокай канцэнтрацыі людзей у замкнёнай прасторы, пункт рэгістрацыі кожнаму абітурыенту прызначае пэўныя дату і час для візіту. Пры сабе абавязкова трэба мець пашпарт і грошы для аплаты ЦТ. Інфармацыю аб тым, якім чынам арганізуецца чарга, размесцяць на сайце пункта рэгістрацыі.
У кожным з пунктаў тэсціравання абітурыент можна запісацца ў любую ВНУ, дзе яму будзе больш зручна здаваць экзамен. Усё таму, што сістэма рэгістрацыі аўтаматызаваная. Напрыклад, прыйшоўшы ў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт, можна падаць заяўку на здачу ЦТ у Мінску, Гродне, Гомелі, Брэсце і г. д. І зусім неабавязкова пісаць тэсціраванне ў ВНУ, куды абітурыент збіраецца паступаць. Лепш выбраць месца бліжэй да дома, каб пазбегнуць непрадбачаных сітуацый (спазненне транспарту, забытыя дакументы і г. д.).
Абітурыентам дазваляецца зарэгістравацца не больш як на чатыры дысцыпліны. Такім чынам, у іх ёсць магчымасць ракіроўкі пры паступленні на роднасныя спецыяльнасці.
Пры жаданні можна памяняць прадметы для здачы на ЦТ. Да атрымання пропускаў у асабістым кабінеце можна змяніць даныя ў заяве: набор прадметаў, мову тэсту і г. д. Калі з'явіцца неабходнасць гэта зрабіць ужо пасля атрымання пропуску, трэба будзе звяртацца ў пункт ЦТ асабіста. Адпаведна, калі абітурыент рэгістраваўся афлайн, то і змены ўносяцца ў тым пункце, дзе ён пісаў заяву. Аднак усе маніпуляцыі можна будзе зрабіць толькі да 1 чэрвеня (уключна).
Выбар мовы, на якой абітурыент жадае здаваць тэсты, ажыццяўляецца яшчэ на этапе падачы заявы і рэгістрацыі на ЦТ. Заява запаўняецца ўдзельнікам ЦТ на адной з дзвюх дзяржаўных моў: беларускай ці рускай на выбар. Трэба мець на ўвазе, што пазней зона рэгістрацыі бланка адказаў будзе запаўняцца абітурыентам на той жа мове, на якой была пададзена заява пры рэгістрацыі. І сертыфікат удзельніка ЦТ будзе запаўняцца таксама на той мове, на якой падавалася заява.
Абітурыентам варта нагадаць, што працэс рэгістрацыі для ўдзелу ў ЦТ лічыцца завершаным толькі пасля атрымання абітурыентам пропускаў. Менавіта ў пропуску ўказваецца інфармацыя, калі і куды трэба прыходзіць у дзень правядзення тэсціравання.
Пропуск для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні лічыцца зарэгістраваным, калі на ім маецца пячатка ўстановы, вызначанай пунктам правядзення ЦТ, подпіс упаўнаважанага прадстаўніка пункта рэгістрацыі і рэгістрацыйны нумар. У выпадку страты пропуску выдаецца дублікат.
Замежнікі могуць зарэгістравацца на ЦТ любым з вышэйпералічаных спосабаў. Калі няма магчымасці аплаціць удзел у ЦТ і атрымаць пропускі да 1 чэрвеня, то можна прайсці рэгістрацыю па прыбыцці ў Беларусь. Трэба будзе звярнуцца ў пункт рэгістрацыі не пазней чым за адзін дзень да пачатку тэсціравання, атрымаць асабовы рахунак, унесці плату за прыём і афармленне дакументаў праз сістэму «Разлік» (АРІП), выкарыстоўваючы нумар асабовага рахунку, атрыманага ў пункце рэгістрацыі. Пры сабе, вядома, трэба мець пашпарт.
Надзея НІКАЛАЕВА, газета Звязда