На пошту nastaunik.eu прыйшоў вялікі ліст на англійскай мове з сур’ёзнымі прапановамі ад фонду з гучнай назвай “Foundation for the Support of International Projects” за подпісам Яўгенія Бараноўскага.
У лісце распавядаецца пра Глабальны міжнародны педагагічны форум, які ладзіць гэты фонд у супрацоўніцтве з іншай арганізацыяй з не менш гучнай назвай “Еўрапейскі інстытут адукацыйнага развіцця” (European Institute for Educational Development). Распавядаецца, што Форум ладзіцца пры падтрымцы ўрадаў краін, прафсаюзаў, місіі ЮНЕСКА, лідараў дзяржаў, недзяржаўных арганізацый… Лісты падтрымкі і ўдзячнасці арганізатарам Форуму шлюць Біл Гейтс, прэзідэнт Венгрыі і кароль Нідэрландаў, Сусветная арганізацыя здароўя....
Праўда, у лісце гаворыцца, гэты Форум не атрымалася зрабіць у 2019 г.: для адабраных найлепшых настаўнікаў з краін-лідараў не знайшлося грошай на дарогу, потым пандэмія… Але ўзамен арганізатары прапануюць нашым педагогам і школам далучыцца да Міжнароднага тыдня абмену метадамі працы з дзецьмі-інвалідамі ў інтэрнэце і даслаць заяўкі на правядзенне анлайн-канферэнцыі.
Здаецца нічога падазронага, але далей удакладняецца, пра што хацелі б пачуць арганізатары мерапрыемства ў 30-60 хвіліннай прамове: “настаўнікам з розных краін свету было б цікава пазнаёміцца з вашай арганізацыяй, даведацца, як працуюць настаўнікі, як арганізавана адукацыя ў вашай краіне, як вучацца дзеці, якая форма ацэньвання і іншыя прафесійныя пытанні. Напрыклад, што мы ведаем пра выкладанне настаўнікаў у Кеніі? Колькі гадоў дзеці вучацца ў школе? Колькі доўжыцца сам урок? Колькі ўрокаў у дзень? Як настаўнік ацэньвае поспехі вучняў? Якія метады выкарыстоўваюць настаўнікі? І шмат іншых пытанняў.”
Стоп! А пры чым тут дзеці-інваліды? І што - гэтых звестак няма ў інтэрнэце?
Пстрыкнуўшы парай клавіш, каб удакладніць, трапляем на шматмоўны сайт і сацыяльныя сеткі адукацыйнага форуму, які ладзіць Фонд Яўгенія Бараноўскага і Еўрапейскі інстытут адукацыйнага развіцця, які, аказваецца, выпадкова ўзначальвае таксама Яўгеній. На сайце бачым, што ў планах Бараноўскага процьма глабальных усясветных канферэнцый: і анколагаў, вірусолагаў, гісторыкаў, і спецыялістаў па ўстойлівым развіцці…, але прыгледзімся - усе планы з пратэрмінаванымі датамі і ніводнага паведамлення па выніках. Выходзіць, усе гэтыя глабальныя падзеі не адбыліся, ці што?
Яшчэ пару шчаўчкоў і мы можам прачытаць, што саракагадовы расійскі грамадзянін і многастаночнік Яўгеній Бараноўскі, які піша, што паступіў у педагагічны інстытут толькі па рэкамендацыі па-за конкурсам пасля службы ў арміі больш, чым праз 12 год пасля сканчэння школы, але не піша, ці яго скончыў, узначальвае процьму адукацыйных арганізацый у розных краінах і гарадах свету, мае ў прыватнай уласнасці цэлы “Институт повышения квалификации и профессиональной переподготовки” у Расіі, прапануе 2500 розных курсаў і выдае сертыфікаты дзяржаўнага ўзору, а яшчэ ён эксперт у адукацыі без публікацый па тэме, заснавальнік і рэдактар “найбуйнейшага СМІ ў галіне адукацыі ў Расіі «Завуч.Инфо»”, у якім апошні артыкул датуецца 8 сакавіка. Сацыяльныя сеткі “эксперта” распавядаюць пра яго ўдзел у форумах і перамовах з рознымі ўплывовымі людзьмі, аднак большасць перамоваў чамусьці, як спявае Лявон Вольскі, “праходзілі ў барах і бістро”.
Зазірнуць у вочы эксперту - г.зн., праверыць факты, якія ён піша пра сябе.
Сайт расійскага "эксперта" Яўгенія Бараноўскага
Сябры, прапаганда і фэйкі становяцца больш якаснымі. Іх стваральнікі не шкадуюць сродкаў і часу, каб заблытаць нас: мова - англійская, арганізацыі нібыта зарэгістраваны ў ЕС, могуць мець філіялы, сайты, старонкі ў сацсетках, толькі напоўненыя перапостамі ці шматслоўем без канкрэтыкі. Шмат дыпломаў, сертыфікатаў на старонках, звестак пра спонсараў, нават нумары тэлефонаў - усё, як мы любім…
Давайце разам пільнаваць, каб у тым, чаму мы вучым, і чаму мы вучымся самі, былі толькі правераныя факты! А галоўнае - не забываем, што навучыць дзяцей заўсёды правяраць надзейнасць крыніц інфармацыі не менш важна, чым даць прадметныя веды. Камунікацыя цяпер перайшла ў інтэрнэт і мы не можам зазірнуць эксперту ў вочы!
Скрыншот са старонкі https://vk.com/zavuchinfo