Баршчэўскі — пра першыя падручнікі 90-х і першую катастрофу ў адукацыі

У савецкі час аўтар школьнага падручніка за ганарар мог пабудаваць сабе дом. Калі ў нечым сучасныя беларускія падручнікі да савецкага стылю і вяртаюцца, дык не ў гэтым. Перакладчык, выкладчык, аўтар вучэбных дапаможнікаў Лявон Баршчэўскі коратка сістэму выдання падручнікаў у Беларусі апісвае так: “На кафедру спусцілі задачу, дэдлайн у сакавіку, паспелі, галачку паставілі — і адчапіцеся”.

Ганарар, які выплачваецца за такую працу, не вымушае аўтара кінуць свае навуковыя даследаванні і засесці за складанне вучэбнага дапаможніка. Тым больш ён не матывуе збіраць сур'ёзную канферэнцыю настаўнікаў, якія б некалькі дзён абмяркоўвалі падручнік і ўносілі прапановы.

Але ганарары аўтарам — не адзіная і не галоўная праблема беларускіх падручнікаў.

— У нашай сістэме адукацыі кожныя некалькі гадоў спрабуюць рабіць рэвалюцыі, а адукацыя патрабуе паслядоўнасці, настойлівасці, пераемнасці, глыбокага аналізу. Як кажуць, сем разоў адмераць, адзін адрэзаць. На жаль, рэжуць па жывым кожныя тры-чатыры гады, а адмераць нікому не даюць, — кажа Лявон Баршчэўскі.

На пачатку 90-х ён адказваў за адукацыю пры спецыяльнай камісіі Вярхоўнага Савета. І ўпэўнены, што калі б гісторыя дала магчымасць спакойна дапрацоўваць выдадзеныя на пачатку 90-х гадоў падручнікі, дык ужо да пачатку 2000-х яны б выглядалі вельмі прыстойна.

Але ж тыя падручнікі, выдадзеныя ў 1992–1994 гадах, запомніліся вучням галоўным чынам адсутнасцю малюнкаў ды схем. А ў 1995-м яны былі літаральна забароненыя.

Пачатак: як у Беларусі з’явіліся першыя падручнікі і за што іх забаранілі

— На пачатку 90-х на змену савецкім падручнікам прыйшлі ўласна беларускія. Як іх стваралі?

На пачатку 90-х не хапала кадраў, але было, прынамсі, памкненне выхаваць асоб, якія будуць пісаць якасныя падручнікі па ўсіх прадметах. У нас дамінаваў аптымізм.

У 1990 годзе ў Мінску прайшла навукова-практычная канферэнцыя, падчас якой працавалі дзве секцыі: адна была прысвечана выкладанню гісторыі Беларусі, другая — выкладанню сусветнай гісторыі. У той канферэнцыі ўдзельнічалі ўсе, хто хацеў, — і самыя знакамітыя на той час нашыя гісторыкі, метадысты, і педагогі-практыкі.

Была створана канцэпцыя, было патлумачана, якія падыходы павінны быць для беларусацэнтрычнага вывучэння гісторыі: як ставіцца да Кіеўскай Русі, да ВКЛ. Згодна з гэтай канцэпцыяй і распрацоўваліся падручнікі. Гэта значыць, аўтары не напісалі тое, што камусьці захацелася б, — яны працавалі на базе навуковай канцэпцыі.

Гэта была не такая праца, якую прадэманстравалі аўтары, што складалі ў 2021 годзе падручнік па гісторыі Беларусі для 11 класа — чыста ідэалагічны заказ, які нават не адпавядае праграме, якая існавала раней.

Кіраўніком па распрацоўцы першай канцэпцыі быў Міхась Біч, намеснік дырэктара Інстытута гісторыі нашай Акадэміі навук. Удзельнічала вялікая колькасць спецыялістаў з Інстытута адукацыі. А ў 1995 годзе пачаўся валюнтарызм, сказалі: усе падручнікі на сметніцу.

Пачалі працаваць чыста палітычныя чыннікі, уводзілася афіцыйная цэнзура. Кулуарна, падпольна стварылі «камісію па ацэнцы падручнікаў гуманітарнай сферы».

Ніхто нічога не аналізаваў, не праводзілася ніякіх абмеркаванняў. Проста было прынята дырэктыўнае рашэнне: падручнікі забароненыя. Так не робіцца ў педагогіцы.

— Але ж тыя падручнікі з пачатку 90-х таксама крытыкавалі — нехта за афармленне, а нехта і за ідэалогію — маўляў, таксама былі перагібы і нязвыклая трактоўка гісторыі.

Натуральна, што падручнікі першых гадоў былі недасканалыя з метадычнага пункту гледжання. Дый не хапала ў нас тады гісторыкаў-метадыстаў.

Потым, наадварот, з’явіліся неблагія метадысты, але забаранілі пісаць пэўныя рэчы. Зноў з’явілася Кіеўская Русь як глабальная эпоха беларускай гісторыі. Яна была эпізодам, але не такім значным, як цяпер падаецца ў падручніках. Зноў пайшлі перагляды ацэнкі эпох, і асабліва апошняга стагоддзя. Напрыклад, уводзілася аднабаковая трактоўка перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне без уліку навуковых публікацый, якія ўзніклі за той час.

Нармальны падручнік вытрымлівае па 20-25 выданняў, і ў кожным выданні — нейкая дапрацоўка. Аўтары бяруць пад увагу заўвагі, якія прыходзяць ад настаўнікаў, вучняў, бацькоў.

І калі б эвалюцыя падручнікаў ішла паслядоўна, тыя недасканалыя дапаможнікі пачатку 90-х гадоў далей дапрацоўваліся б з метадычнага, паліграфічнага боку. І цяпер былі б такімі ж прыгожымі, як сённяшнія падручнікі з каляровымі малюнкамі і электроннымі дадаткамі.

— Тады, у 1995 годзе, сітуацыя з падручнікамі адразу стала катастрафічнай ці можна было яшчэ пазмагацца за змест?

Увосень 1995 года пад кіраўніцтвам Ніла Гілевіча (тады кіраўніка парламенцкай Пастаяннай камісіі па адукацы, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны) была скліканая вялікая канферэнцыя з удзелам намеснікаў міністра адукацыі, нашых самых знакамітых гісторыкаў і педагогаў. На ёй было заяўлена, чаму ў справе нашай адукацыі нельга сячы па жывым. То значыць, інтэлігенцыя не змаўчала, яна змагалася за кожны радок, за кожны твор у праграме па літаратуры. Але апынулася ў меншасці.

 

А пасля нармальныя людзі пачалі сыходзіць з Міністэрства адукацыі, з Нацыянальнага інстытута адукацыі, на іх месца прыходзілі іншыя, і многія працавалі паводле прынцыпа «чего изволите». Не скажу, што ўсе, але такіх цяпер там даволі шмат.

Але тады яшчэ існавалі альтэрнатыўныя падручнікі. Быў славянафільскі падручнік, але быў і падручнік, напісаны спецыялістамі Інстытута гісторыі НАН. Хаця апошні таксама цэнзураваўся, але тыя падручнікі ўсё ж такі мелі прыстойны выгляд: гістарычная праўда там не скажалася. Нешта замоўчвалася, але не скажалася.

Альтэрнатыўныя падручнікі, дарэчы, маюць усе нашыя суседзі. І ў Расіі, і ва Украіне, і ў Польшчы, і ў Літве, і ў Латвіі. Па кожным прадмеце ёсць па два, тры, а часам і больш аўтарскіх падручнікаў, якія дапушчаны міністэрствамі адукацыі да ўжытку. І настаўнік можа выбіраць, якім падручнікам павінныя карыстацца вучні.

Нават пры той цэнзуры мне ўдалося ў 1999 годзе выдаць адзін свой дапаможнік — «Літаратура народаў свету: ХХ стагоддзе», складзены разам з дацэнтам БДУ Евай Лявонавай. Але тады ўжо некаторыя тэксты з яго выкідалі.

Самая жахлівая цэнзура: «Каб склалася ўражанне, што беларускае — дадатак да рускага»

— Складваецца ўражанне, што нейкі час усё было не так блага. Калі сітуацыя змянілася кардынальна?

Самая жахлівая цэнзура падручнікаў у гісторыі адбылася ў 2008 годзе. Гэта рэформа была злачынствам. За такія рэчы трэба судзіць. Уся альтэрнатыўнасць у сістэме адукацыі была знішчана. Засталося фактычна па адным падручніку — без усялякай альтэрнатывы. Адбывалася рэгулярнае адвольнае ўмяшанне ў змест з боку рознага кшталту цэнзараў-ідэолагаў.

Вядома, у Інстытуце адукацыі намагаліся нешта добрае захаваць. Таму ў сённяшняй праграме па беларускай літаратуры, напрыклад, засталіся творы Алеся Разанава, Анатоля Вярцінскага, Васіля Зуёнка. І народных пісьменнікаў — Быкава, Барадуліна, Гілевіча — пакуль што не наважыліся выкінуць.

 

Але засталіся іх творы ў вельмі малым аб’ёме. Па сутнасці, праграма па літаратуры была знішчана пад корань, вернута да стану 80-х гадоў. Атрымаўся такі дадатак да вялікай рускай літаратуры. У большасці як бы наўмысна для вывучэння падбіраюцца творы, якія не могуць канкураваць з творамі рускай літаратуры.

Гэта значыць, прынцып падбору пабудаваны на тым, каб склалася ўражанне, нібыта беларускія літаратары нікчэмныя і нічога вартага не зрабілі.

А пра падручнікі гісторыі і гаварыць няма чаго. Добра, што да падзей 2020 года ўдалося выдаць падручнікі па старадаўняй гісторыі. Гэтыя падручнікі напісаныя на даволі неблагім узроўні. Безумоўна, і там было істотнае ўмяшальніцтва цэнзуры, але адносна нязначнае ў параўнанні з тым, што адбылося сёлета.

Тое, што з’явілася ў гэтым годзе пад выглядам дапаможніка для 11 класа па гісторыі Беларусі, проста не вытрымлівае ніякай крытыкі. Гэта проста палітычны заказ, прычым заказ у сталінскім духу: абяленне сталінізму і ачарненне тых, хто змагаўся за незалежнасць Беларусі. У лепшым выпадку — замоўчванне.

Нават штосьці пазітыўнае знайсці ў той пісаніне, што змяшчаецца ў новым падручніку гісторыі 11 класа, вельмі складана. Калі б тое было 20 гадоў назад, я б сказаў, што гэта трагічна. Але сёння, нягледзячы на ўсе перашкоды і блакаванні, пры жаданні можна знайсці факты пра сапраўдную гісторыю, можна вывучаць яе без школы. І дапытлівая моладзь гэта зробіць.

Але падручнікі разлічаныя не на дапытлівую моладзь, а на маўклівую большасць, на тых, хто вучыцца не хоча.

— А як працаваць настаўнікам? Тлумачыць, прапаноўваць альтэрнатыўныя падручнікі?

Калі пішуць даносы, я не магу параіць настаўнікам нешта адкрыта казаць на ўроку. Яны мусяць захоўваць меры асцярожнасці. Але спосабы данесці праўду да вучняў ёсць.

Не трэба рабіць гэта дзеля ўсіх. Распавядайце гістарычныя факты тым вучням, у якіх ёсць галава на плячах. Можна даць лінк на крыніцы ў сеціве. Але цяпер настаўніку трэба быць асцярожным, працаваць з дзецьмі індывідуальна, працаваць з тымі, хто здольны ўспрымаць інфармацыю, разбірацца ў ёй, трактаваць яе. Дый увесь свет пераходзіць да індывідуалізаванай сістэмы адукацыі.

Сама эпоха падручнікаў у ранейшым выглядзе сыходзіць у мінулае. Даецца толькі рамка, а запаўняць яе могуць і настаўнікі, і вучні, і навукоўцы. Тая старая праблема — надрукавалі наклад, а яго спалілі — выглядае смешнавата. Інтэрактыўнасць, ілюстраванасць, магчымасць глядзець фільмы — усё гэта павінна замяняць стандартны падручнік.

Таму я б праблему не дэманізаваў. Яна застаецца для тых бацькоў, якім няма часу на дзяцей ці якія не надта разумеюць, што да чаго. Але любыя высілкі перапісаць падручнікі таго эфекту, які яны маглі б прынесці ў другой палове 90-х гадоў, мець не будуць.

Што цяпер 

Лявон Баршчэўскі меў шчасце выкладаць літаратуру па тых падручніках, якія напісаў сам. Гэта практыка, прынятая ў Беларускім гуманітарным ліцэі: самастойна ствараць падручнікі, выдаваць іх і па іх жа весці заняткі.

Але як намеснік дырэктара ліцэя па навучальна-метадычнай рабоце, ён мусіў чытаць усе падручнікі па ўсіх прадметах, прынятых для выкладання ў беларускіх школах. Мы папрасілі спадара Баршчэўскага расказаць пра самыя ўдалыя і катастрафічныя дапаможнікі, па якіх цяпер вядзецца выкладанне ў школах.

Удалыя прыклады 

—Калектыў, які ствараў падручнікі па грамадазнаўстве для 9 і 10 класа, якія выйшлі да сярэдзіны 2020 года. Гэта дастаткова сучасныя падручнікі з дастаткова добрым метадычным апаратам. З адной агаворкай: там, дзе прыходзілася гаварыць пра сучасную палітычную сістэму Рэспублікі Беларусь, аўтары праўду напісаць не маглі. Але яны адкрыта не хлусілі, проста фармальна выклалі, якія тут органы ўлады, як часта адбываюцца выбары — і ўсё.

Але астатнія раздзелы, датычныя гуманістыкі, агульных пытанняў рынкавай эканомікі, агульнай паліталогіі, філасофіі, — дастаткова карэктна выкладзены і няблага метадычна апрацаваны. Падручнік па грамадазнаўстве 11 класа выходзіў у іншых умовах. Ён горшы, хоць і там рэшткі прыстойнасці захаваліся.

Няблага ў цэлым выглядаюць падручнікі па замежных мовах, хаця і там фрагменты няроўныя: ёсць лепшыя, ёсць горшыя. Моцнага ідэалагічнага кантролю там не заўважана, яны напісаны на дастаткова неблагім узроўні.

Сярод пазітыўных прыкладаў — спроба вярнуць прадмет «Мастацтва». Праўда, яго не варта было адлучаць ад літаратуры, гэта павінен быць адзін прадмет. 

Яшчэ адна праблема ў тым, што гэты прадмет вывучаецца несур’ёзна, бо па ім не праводзіцца сур’ёзная атэстацыя — проста выстаўляюцца залікі. Таму яго як бы можна вучыць, а можна не вучыць.

Няўдалыя прыклады 

— На жаль, праз палітыку прыцяснення адукацыі, выціскання найлепшых кадраў з усіх устаноў і па прадметах негуманітарнага цыкла адбыўся адкат. Не самыя лепшыя спецыялісты пішуць падручнікі па хіміі, фізіцы, біялогіі. Там, безумоўна, ёсць лепшыя, ёсць горшыя фрагменты, але гэтыя падручнікі прайграюць савецкім.

Беларускі гуманітарны ліцэй усе гады вывучаў матэматыку па савецкіх падручніках. Алгебру — па падручніках пад рэдакцыяй Андрэя Калмагорава і Юрыя Макарычава, геаметрыю — па падручніку пад рэдакцыяй Аляксея Пагарэлава. Таму што беларускія падручнікі, на жаль, выразна прайгравалі канкурэнцыю. Але несупадзенне праграмаў, хоць невялікае, змушае настаўнікаў карыстацца і сучаснымі гэтымі падручнікамі.

Што тычыцца беларускай і рускай моваў, праблема не ў падручніках, хаця з іх і выкінутыя прыклады з «забароненых» пісьменнікаў. Напрыклад, сёння фактычна нельга ў практыкаванне ўключыць сказы з твораў Уладзіміра Арлова, Уладзіміра Някляева, Анатоля Сыса, Барыса Пятровіча і яшчэ шмат каго з нашых найлепшых творцаў. Але гэта паўбяды.

Праблема ў тым, што сёння беларуская ці руская мовы выкладаюцца па методыках, прынятых у XIX стагоддзі ў Расійскай Імперыі. Сёння нідзе ў свеце так мову не вучаць.

У свеце не вучаць, як пісаць сказы, як спісваць практыкаванні, як устаўляць прапушчаныя літары. Сёння ў свеце мова выкладаецца ў комплексе з літаратурай, з мастацтвам. Мова — гэта ўменне выказвацца вусна і пісьмова. Гэта — уменне будаваць лагічныя схемы, прыводзіць аргументы. У падручніках вельмі мала гэтага. Толькі па некалькі старонак такіх падручнікаў напісаны па-сучаснаму.