Тэма супрацьстаяння булінгу папулярная ва ўсім свеце. У Беларусі пра гэта сталі гаварыць толькі апошнім часам. Хаця паводле апытання, кожны трэці школьнік сутыкаўся з запалохваннем і гвалтам у інтэрнэце. Дзіцячы фонд ЮНІСЭФ разам з МТС запусцілі кампанію #интернетбезбуллинга: яны сабралі гісторыі дзяцей і склалі парады, як дарослыя могуць ім дапамагчы.
«Аднакласнік напісаў: асцярожна, сярод нас тлусты!»
«Мяне завуць Міша, мне 13 год, — пачынаецца адна з гісторый, заснаваных на рэальных падзеях. Іх агучылі на YouTube вядомыя маладыя беларусы. — Летам, перад пятым класам, я дастаткова моцна набраў вагу. У мяне ў сям’і ўсе поўныя, так што мне не падалося гэта чымсьці асаблівым.
Але 1-га верасня адзін з аднакласнікаў напісаў у агульны чат: «Асцярожна, сярод нас тлусты! Раптам гэта заразна?» І пачалося! У твар мне нічога не казалі, затое пісалі ў чатах. Я спрабаваў паразмаўляць, але мне адказвалі, што я не разумею жартаў, і ўвогуле гэта ўсяго толькі чат.
Я падумаў, напэўна, яны маюць рацыю, але стараўся не прыцягваць да сябе ўвагу: не падымаў руку на ўроках, а часам стараўся прагульваць заняткі. Пачаліся праблемы з вучобай, і мяне адправілі да школьнага псіхолага.
Я не разумеў, як мне можа дапамагчы чужы чалавек. Але псіхолаг мяне пра ўсё распытала, і ў якасці аднаго з практыкаванняў прапанавала ўявіць, што яна — гэтае мае аднакласнікі, і я магу ім выказаць усё, што адчуваю. Мне было нязвыкла казаць пра свае пачуцці, але ў выніку я змог расказаць пра свае перажыванні спачатку псіхолагу, а пасля паўтарыць гэта падчас класнай гадзіны.
Аказалася, звяртацца па дапамогу зусім не сорамна, і гэта насамрэч можа дапамагчы. Толькі пару чалавек працягвалі зневажаць мяне, астатнія ўжо не ўключаліся ў гэтую гульню. І паступова мяне пакінулі ў спакоі.
Прайшло амаль два гады. Часам я па-ранейшаму сутыкаюся з жартамі, але я працягваю хадзіць да псіхолага і ведаю, што адказаць, каб абараніць сябе».
Каб дазнацца, як пазбегнуць цкавання ў школе, глядзіце відэа.
«Сказаў, калі я не зраблю, як ён хоча, інтымныя фота ўбачаць сябры»
«Мяне завуць Аня, мне 14. Год таму мяне зафрэндзіў 17-гадовы хлопец з іншага горада. Мы сталі перапісвацца, аказалася, нам падабаюцца адныя і тыя ж песні і серыялы, стыль адзення. Хутка пачало здавацца, мы ўсё ведаем адзін пра аднаго. Аднойчы на развітанне замест звыклага «Салодкіх сноў» ён напісаў: «Здаецца, я цябе кахаю».
Я прасядзела некалькі хвілін з дурацкай усмешкай і адказала: «Здаецца, я цябе таксама». Тады мне прыйшоў адказ: «Я не магу цябе абняць, але хачу табой любавацца». Ён угаварыў мяне зрабіць інтымнае фота. У адказ я атрымала шмат кампліментаў і сардэчак.
Пасля ён папрасіў зрабіць відэа. Мне падалося, што гэта ўжо занадта. А ён доўга ўгаворваў, маўляў, ты што, маленькая. А пасля сказаў, што калі я не зраблю, як ён хоча, фота ўбачаць усе мае сябры. Толькі тады я зразумела, што нарабіла.
Мне было вельмі сорамна расказаць камусьці пра тое, што адбылося. Сітуацыя падавалася безвыходнай. Праз некалькі дзён я ўсё ж звярнулася па дапамогу да мамы. Яна спачатку сварылася, але пасля сказала, што праблему трэба вырашаць. Мы зрабілі скрыншоты перапіскі і адправілі адміністратарам сайта з просьбай заблакаваць старонку хлопца.
Пасля мама напісала яму, што калі ён працягне мяне пераследаваць, у яго пачнуцца сур’ёзныя праблемы. Гэта падзейнічала. Фотаздымкі нідзе не ўсплылі, і гэты хлопец мне больш не пісаў. Але я разумею, што мне проста пашанцавала. Калі адпраўляеш свае інтымныя фота нават таму, каму давяраеш, можна атрымаць сур’ёзныя непрыемнасці».
У межах кампаніі супраць булінгу было праведзенае апытанне 12 тысяч беларускіх школьнікаў. Выявілася, што яны пачынаюць карыстацца інтэрнэтам з 5-6 год. 40% з апытаных камунікавалі з незнаёмымі людзьмі анлайн. Больш за 30% сутыкаліся з запалохваннем і цкаваннем у інтэрнэце, пры гэтым не ўсе расказваюць пра гэта бацькам.
«Кожны дзень з’яўлялася фота, дзе мая галава была прылепленая да целаў розных мужчын»
«Мяне завуць Оля, мне 13 год. У сёмым класе ў мяне ўжо быў 42-і памер нагі. Праз гэта я заўсёды насіла красоўкі. А яшчэ на дзень нараджэння мама дазволіла мне каротка пастрыгчыся і пафарбаваць валасы ў блакітны колер.
Праз некалькі дзён я знайшла ў інтэрнэце сваю фэйкавую старонку, падпісаную мужчынскім імем. Кожны дзень там з’яўлялася фота, дзе мая галава была прылепленая да целаў розных мужчын. Сярод падпісантаў былі амаль усе мае аднакласнікі і шмат незнаёмых людзей. Я была ў шоку.
Сказала бацькам, што больш не буду хадзіць у школу. Мама пазваніла нашай настаўніцы, і аднакласнікаў прымусілі выдаліць фэйкавы акаўнт.
Але я ўсё адно адмаўлялася выходзіць з дома. Здавалася, я больш нікому не магу давяраць. Бацькі прапанавалі перайсці ў новую школу ў іншым раёне. У новым класе была зусім іншая атмасфера, некалькі чалавек сказалі мне, што я класная і ў мяне прыкольны стыль.
Але мне складана было чуць кампліменты. У адказ я казала: «Чаго ты хлусіш?» Тады мама прапанавала мне пачаць хадзіць да псіхолага. Мне здавалася, навошта гэта, я ж нармальная, хоць і не давяраю людзям.
Аказалася, псіхолаг — гэта чалавек, які дапамагае палюбіць сябе і пачаць лепш сябе разумець. І нядаўна я зразумела, што і праўда класная, нават калі нехта спачатку гэтага не заўважае».
Мы ўжо пісалі і раней, як рэагаваць на падобныя рэчы ў сеціве. Карысныя парады — па спасылцы.
«Дырэктар школы сказаў, мяне могуць пакараць за пагрозы»
«Мяне завуць Паша, мне 17. Два гады таму мы пераехалі ў Мінск. У хлопцаў з новай школы былі свае прыколы, свае фразачкі. Яны ўвесь час абмяркоўвалі нейкія тусоўкі. Калі я пытаўся, ці можна мне з імі, пераводзілі тэму. Я вырашыў правучыць іх.
Стварыў старонку ў сацсетцы пад чужым імем і пачаў дасылаць аднакласнікам пагрозы. Напрыклад, «не хадзі заўтра ў школу, інакш не вернешся дадому». Мне здавалася, што гэта весела, што яны дакладна гэта заслужылі.
Не ведаю, як мяне вылічылі, але аднойчы бацькі вярнуліся дадому вельмі расстроеныя. Яны былі ў дырэктара школы, і ён сказаў, што мяне могуць прыцягнуць да адказнасці за пагрозы, хоць мне было ўсяго 16.
Я вельмі спалохаўся, плакаў амаль усю ноч. Дагэтуль сорамна ўзгадваць. Мне здавалася, бацькі адвярнуцца ад мяне, але яны сказалі, што невырашальных сітуацый не бывае, што яны мне дапамогуць.
Да канца 9 класа мяне перавялі на хатняе навучанне, кожны чацвер мяне чакала сустрэча з псіхолагам. Там я шмат даведаўся пра сябе.
Мне здавалася, што людзі глядзяць на мяне зверху ўніз, але так глядзеў я сам. Злавацца можна, але неабавязкова на іншых.
Зараз я хаджу ў іншую школу, дзе я знайшоў некалькі сяброў і здаецца, за паўтары гады стаў іншым. Часам я з жахам думаю, што па сваім глупстве мог моцна сапсаваць сваё жыццё».
***
Дзеці і падлеткі, што сутыкнуліся з гвалтам, могуць звярнуцца на гарачую лінію 8 801 100 16 11 (званок ананімны, бясплатны, лінія працуе кругласуткава). На сайце сабраныя парады, як пазбегнуць непрыемнасцяў у камунікацыі анлайн. А для дарослых — бацькоў і настаўнікаў — існуюць вэбінары, на якіх можна даведацца, як дамовіцца з падлеткамі аб правілах бяспекі ў інтэрнэце, як пераканацца, што акаўнт дзіцяці абаронены, як падтрымаць дзіця, калі на яго накінуліся тролі.
Якія бываюць тыпы гвалту?
Адназначнай метадалогіі ў гэтым пытанні няма, але непрынцыпова, бо сутнасць больш-менш тая ж, незалежна ад варыяцый. Такім чынам, тыпы гвалту:
Фізічны
Якія сімптомы?
Паколькі гэта найбольш відавочны тып гвалту, то першая прыкмета — сляды фізічных пашкоджанняў. Гэта могуць быць сінякі, шнары, сляды розных тыпаў (пачынаючы ад наступстваў моцнага сціскання пальцамі да выпадкаў з выкарыстаннем прадметаў, зубоў і г.д.), кровападцёкі, невытлумачальныя вывіхі, пераломы...
Што да псіхалагічных фактараў, то ахвяра такога тыпу можа вельмі моцна баяцца рэзкіх гукаў і рухаў, прычым без лагічнага тлумачэння. Таксама магчымая вельмі балючая рэакцыя на выпадковы паўтор пэўных дзеянняў, якія, з вопыту дзіцяці, прыводзілі да далейшага гвалту. Умоўна кажучы, вы можаце проста сесці насупраць яго, і яно ўздрыгне, бо на яго памяці менавіта так пачыналіся размовы, якія дрэнна заканчваліся. Вядома, магчымая і рэакцыя на самога гвалтаўніка, страх фізічнага кантакту і страх вяртацца дахаты. Таксама вельмі папулярны сімптом — поўны недавер да людзей.
Як дапамагчы?
Калі вы выпадкова сталі сведкам акту фізічнага гвалту, то можаце паспрабаваць гэта спыніць і выклікаць міліцыю. Калі ж гэта было ўжо постфактум, то звяжыцеся з сацыяльнымі службамі, міліцыяй — няхай знімуць пабоі і пачнуць далейшыя працэдуры расследавання гэтай справы. Калі ж не можаце гэта зрабіць самі, то паспрабуйце дапамагчы дзіцяці і скажыце, як і куды яно можа звярнуцца. Ну ці самі падайце звесткі ў спецыяльныя органы. Некаторыя тэлефоны такіх службаў мы прыкладзём у канцы артыкула.
Псіхалагічны (эмацыйны)
Гэта самы складаны тып гвалту, бо яго не так лёгка выявіць, прычым само дзіця да канца можа не разумець, што стала ахвярай псіхалагічнага ціску.
Якія сімптомы?
Адразу скажам, што гэтыя сімптомы таксама могуць паказваць на булінг, але гэта іншая тэма. Таму будзем разглядаць усё з побытавага боку гледжання.
Што такое булінг? (Відэа)
Ахвяры дадзенага тыпу могуць праяўляць эмацыйную халоднасць, сум. Таксама ў іх магчымая яскравая дэпрэсія ці яе сімптомы. Ахвяра схільная прыбівацца да любога дарослага чалавека, каб атрымаць увагу і цяпло, якіх ёй так не хапае. Маленькія могуць смактаць палец, хістацца, не мець цікавасці да гульняў. Таксама такія дзеці схільныя да замкнёнасці, задуменнасці ці, наадварот, да агрэсіі. Ну і яшчэ адзін яскравы фактар — скаргі на псіхасаматычныя болі ў галаве, вобласці жывата, паколванні ў сэрцы і г.д.
Як дапамагчы?
Калі вы не псіхолаг, у вас не так шмат сродкаў дапамогі. Паспрабуйце завесці даверлівую размову, даведацца, што можа хваляваць дзіця, чаму яно так сябе паводзіць. Калі вы зразумееце, што сапраўды тут мае месца псіхалагічны гвалт, то парайце дзіцяці звярнуцца ў гарачую службу псіхалагічнай дапамогі дзецям. Ну ці зноўку ж самі выйдзіце на кантакт з сацыяльнымі службамі, распавядзіце пра свае падазрэнні і ўсё, што здолелі даведацца. І падкрэслім: такі тып гвалту далёка не лёгкі і можа вельмі моцна пашкодзіць унутранае здароўе дзіцяці на ўсё жыццё, таму можа так стацца, што менавіта ад вашай рэакцыі залежыць будучыня асобы.
Ігнараванне
Якія сімптомы?
Кажучы простай мовай, гэта самы відавочны тып гвалту, калі бацькі ці апекуны дзіцяці не выконваюць сваіх абавязкаў. Напрыклад, ахвяра можа быць пастаянна галоднай, не мець нармальнага чыстага адзення, жылля (маглі выкінуць з дому ці там антысанітарныя ўмовы), бруднай (недахоп гігіены), хворай (адсутнасць нармальнай медычнай дапамогі), а магчыма, нават адсутнасць належнай адукацыі (абмежаванне доступу да атрымання адукацыі) і г.д.
Як дапамагчы?
Відавочна, што калі вы бачыце жорсткую патрэбу ахвяры ў чым-небудзь і ў вас ёсць магчымасць, напрыклад, яе накарміць і даць якога адзення — дайце яму гэта. І хутчэй за ўсё гэта даволі вострая сітуацыя, таму тут неабходна звярнуцца ў міліцыю ці іншыя сацыяльныя службы, каб як мага хутчэй палепшыць умовы жыцця дзіцяці, аказаць яму ўсю неабходную дапамогу, бо, напрыклад, голад ці адсутнасць гігіены могуць прывесці да хвароб, што таксама неабходна высветліць. Разумейце, што ў дадзеным выпадку закрываць вочы ні ў якім разе нельга.
Сэксуальны гвалт
Якія сімптомы?
Вызначыць ахвяру сэксуальнага гвалту вельмі складана, калі, вядома, ахвяра сама не вырашыць вам даверыцца і пра гэта распавесці. У звычайнай сітуацыі ёсць некалькі вельмі прыблізных сімптомаў, дзякуючы якім можна пачаць аб гэтым думаць у побытавай сітуацыі. Калі ж вы бацькі ці супрацоўнік установы адукацыі, то праз назіранне ў вас нашмат больш шанцаў гэта зразумець. У іншых жа сітуацыях звярніце ўвагу, калі:
* Дзіця мае неўласцівы свайму ўзросту ўзровень сэксуальных ведаў
* «Сэксуалізацыя» паводзін падчас гульняў і размоваў
* Пэўны страх ці, наадварот, правакацыйныя паводзіны ў дачыненні да пэўнага полу
* Пастаянны плач
* Нежаданне вяртацца дахаты
* Невядома, куды перыядычна знікае дзіця
Як змагацца?
Сэксуальны гвалт на дзецьмі — вельмі жорсткае крымінальнае злачынства, таму калі вы маеце дастаткова падстаў лічыць, што хтосьці сапраўды стаў ахвярай сэксуальнага гвалту — адразу звяртайцеся ў міліцыю!
Куды можна звярнуцца па дапамогу і інфармацыю:
* міліцыя — 102
* дзіцячы псіхіятрычны дыспансер г. Мінска (тэлефон даверу, дзе акажуць псіхалагічную дапамогу і дадуць парады) — 8-017-246-03-03
* ГА «Дзеці — не для гвалту» (аказваюць дапамогу ахвярам гвалту і ў выпадках парушэння правоў дзіцяці) — 8-017-283-13-26
* Міжнароднае аб’яднанне «Гендарныя перспектывы» (дапамогуць, могуць даць часовы прытулак) — 8-801-100-8-801
* Тэрміновая псіхалагічная дапамога дзецям і падлеткам — 8-017-246-03-03
Памятайце, ад вашых дзеянняў можа залежаць дабрабыт, будучыня, і нават жыццё дзіцяці! Будзьце пільнымі!
Багдан Сакалоў, budzma.by