Зацікавіць прадметам: новыя практычныя дамаможнікі па гісторыі і грамадазнаўстве

Настаўнікі гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 16 Брэста Галіна Свентухоўская (магістр гістарычных навук, аспірант кафедры гісторыка-культурнай спадчыны РІВШ) і Ілля Юзвук стварылі два практычныя вучэбныя дапаможнікі —“Гісторыя Старажытнага свету ў схемах, табліцах і ілюстрацыях” для 5 класа і зборнік заданняў па грамадазнаўстве для 9—11 класаў.

“Гісторыя Старажытнага свету ў схемах, табліцах і ілюстрацыях” для 5 класа змяшчае кароткія схемы і табліцы, якія адлюстроўваюць змест матэрыялу вучэбнага дапаможніка па гісторыі Старажытнага свету (абавязковы для засваення ў 5 класе). Аўтары рэкамендуюць выкарыстоўваць яго на ўроках і факультатыўных занятках па грамадазнаўстве, для самастойнай работы з вучэбным дапаможнікам. Адрасуецца вучням, настаўнікам, бацькам.

“Гэтыя табліцы і схемы служаць у якасці дапаможных канспектаў, каб лепш разабрацца ў вучэбным матэрыяле. Працаваць з імі навучэнцам можна як на ўроках, так і індывідуальна (сумесна з аднакласнікамі ці пад кіраўніцтвам настаўніка). Канспект у схемах, табліцах і ілюстрацыях дапаможа вам паўтарыць матэрыял вучэбнага дапаможніка, знайсці адказы на ключавыя пытанні параграфаў. Кніга будзе цікавая ў першую чаргу навучэнцам і іх бацькам пры падрыхтоўцы да ўрокаў гісторыі ў 5 класе, бо многія сутыкаюцца з праблемай работы з інфармацыяй, а прадмет не заўсёды паддаецца запамінанню”, — гавораць аўтары.

Нягледзячы на тое, што дапаможнік разлічаны на навучэнцаў, ён можа быць выкарыстаны і настаўнікамі. Педагогам кніга дапаможа пабудаваць урок і навучыць дзяцей працаваць з тэкстам параграфа. “Схемы і табліцы можна выкарыстоўваць для работы навучэнцаў з тэкстам падручніка, калі схаваць іх змест.

Мы рэкамендуем складаць аповед на аснове схем, табліц і ілюстрацый, каб лепш запомніць і засвоіць прачытанае. Можна сказаць, што кожны параграф — гэта своеасаблівы апорны канспект як для навучэнцаў, так і для настаўніка, які дапаможа паўтарыць матэрыял, знайсці адказы на ключавыя пытанні”, — тлумачаць Галіна Віктараўна і Ілля Ігаравіч.

У дапаможніку “Грамадазнаўства. 9—11 класы. Зборнік заданняў” прапануюцца цікавыя практычныя заданні, накіраваныя на развіццё вучэбна-пазнавальных, інфармацыйных і камунікатыўных кампетэнцый. Зборнік будзе карысны настаўнікам для адпрацоўкі розных прыёмаў і методык, а навучэнцам — для самастойнай работы, падрыхтоўкі да алімпіяд і творчых конкурсаў. Дапаможнік можа выкарыстоўвацца на ўроках і факультатыўных занятках па грамадазнаўстве, пры самастойнай рабоце. Адрасуецца настаўнікам, а таксама студэнтам і выкладчыкам пры вывучэнні вучэбнага курса “Методыка выкладання грамадазнаўчых дысцыплін”.

“Гэты зборнік заданняў арыентаваны на дасягненне прадметных, метапрадметных і асобасных вынікаў засваення вучэбнага прадмета “Грамадазнаўства”, пералічаных у вучэбнай праграме, і накіраваны на фарміраванне інфармацыйных і камунікатыўных кампетэнцый. Выкананы ў форме рабочых лістоў да кожнага параграфа, уключае ў сябе дадатковыя заданні да кожнага раздзела, тэмы для абагульнення. Пасля кожнага раздзела ёсць заданні для ўрока абагульнення. Заданні пабудаваны такім чынам, што навучэнец выбірае адну тэму і выконвае яе на рабочых лістах, размешчаных у канцы практыкуму. Рабочыя лісты ўяўляюць сабой чатыры формы заданняў: эсэ, гексы, інтэрв'ю з асобай, пытанні аднакласніку. Трэба выбраць адзін тып заданняў. Пры абагульненні пасля другога раздзела трэба выбраць ужо іншы тып заданняў і г.д. Гэта дазволіць навучэнцам цалкам пагрузіцца ў розныя формы работы, каб рознабакова развіваць сваю асобу”, — тлумачаць аўтары.

Акрамя таго, у практычным дапаможніку метадычны апарат пабудаваны ў выглядзе памятак для выканання пэўных заданняў. Каб выканаць заданні, навучэнцы павінны выкарыстаць вучэбны дапаможнік і іншыя крыніцы інфармацыі (не забываючы пра аўтарскае права). Таксама ў гэтым дапаможніку ёсць заданні, у якіх частка інфармацыі знаходзіцца ў воблачных сэрвісах. Каб праглядзець гэтую інфармацыю, неабходна скарыстацца смартфонам і адсканіраваць QR-код.

Зборнік заданняў можна выкарыстоўваць як рабочы ліст да ўрока. Акрамя саміх заданняў, у ім ёсць памяткі для работы з рознымі відамі заданняў (фішбоўн, алітэрацыя, таксаномія Блума, квадрат Дэкарта), таму зборнік можна выкарыстоўваць і студэнтам-грамадазнаўцам.

Матэрыялы Вольгі ДУБОЎСКАЙ

dubowska@nastgaz.by

Настаўніцкая газета, № 12 (8652), 1 лютага 2022 года