Метадычны летнiк настаўнiкаў і метадыстаў у Альхоўцы - гэта адукацыйная падзея, падчас якой ствараецца асяроддзе ўзаемiн, што спрыяе ўзбагачэнню ўласнага вопыту ўдзельнiкаў прагрэсiўнымi педагагiчнымi iдэямi, стварае ўмовы для авалодання пэўнай школьнай тэхналогiяй, дае магчымасцi для творчай самарэалiзацыi настаўнiкаў. Летнiк праводзiцца ў вельмi прыгожай мясцовасцi на паўночным захадзе нашай краiны. Ён мае даўнюю гiсторыю (больш за 30 гадоў, першы летнік адбыўся 1-6 ліпеня 1990 года) i шмат цiкавых традыцый. Падрабязна з сутнасцю i асаблiвасцямi гэтага адукацыйнага мерапрыемства можна пазнаёмiцца з дапамогай гэтай «энцыклапедыi».
Адукацыя для будучыні – гэта асацыяцыя двойчы спансіравала наш летнік, пералічыўшы патрэбную ўдзельнікам летніка на харчаванне суму грошай на краму ў блізкай да Альхоўкі вёсцы – Міхалішкі. Асацыяцыя вельмі актыўна і вынікова прасоўвае ў школы і гімназіі STEM-адукацыю.
Акадэмiя паслядыпломнай адукацыi (АПА) — гэта вучэбна-навукова-метадычны цэнтр — вядучая навучальная ўстанова ў сiстэме дадатковай адукацыі педагагiчных работнікаў. У кастрычніку 2016 года АПА святкавала свой шасцідзесяцігадовы юбiлей. АПА ўпэўнена пазiцыянiруе сябе ў адукацыйнай прасторы нашай краiны. Дзякуючы намаганням кiраўнiкоў i супрацоўнiкаў, яна пераўтварылася ў моцную адукацыйную ўстанову. Найбольшых поспехаў Акадэмiя дасягнула ў навучаннi слухачоў камп'ютарным тэхналогiям, у перападрыхтоўцы i павышэннi квалiфiкацыi псiхолагаў i сацыяльных педагогаў, менеджараў у сферы адукацыі, дэфектолагаў і інш. У структуры АПА працуе два факультэты, шэсць кафедраў, метадычныя цэнтры, аддзелы i ўпраўленнi, аспiрантура. Акадэмiя — бюджэтная арганiзацыя, аднак пэўную частку фiнансавых сродкаў наша ўстанова зарабляе за кошт дадатковых адукацыйных паслуг. Спасылка на сайт Акадэміі http://www.academy.edu.by/
У метадычным летнiку «Альхоўка» пад эгідай Акадэмiі паслядыпломнай адукацыi праводзяцца аўтарскія курсы павышэння кваліфікацыі настаўнікаў і метадыстаў прафесара кафедры педагогікі і менеджмента адукацыі Мікалая Запрудскага.
Акадэмiя летнiка — гэта элiтарны клуб яго ўдзельнiкаў. Каб стаць правадзейным членам акадэмii, патрэбна десяць разоў пабыць у Альхоўцы. У нас ёсць урачысты рытуал пасвячэння ў акадэмiкi. Яго распрацавалi В.В. Такарская i А.А. Шалудзякова. Пералiчым паiменна нашых акадэмiкаў: А.А. Ананчыкава, Л.I. Апанасевiч, А.А. Аўсейчык, [У.А. Багамолаў], В.В. Барашкаў, А.А. Бацюлеў, С.П. Бацюлева, А.М. Валадзько, Г.М.Гадлеўская, Н.П. Гаравая, С.А. Гарбацэвiч, А.В. Гаўруковіч, В.М. Герцык, Я.М.Жвірко, У.А. Голубеў, Т.М. Граблеўская, Н.У.Дашчонак, С.В. Дзюбенка, А.А.Зайдзес, М.I. Запрудскi, П.М. Запрудскi, В.А.Званцова, Г.М. Каралёва, М.М. Катлярова, [Н.М.Кашэль], В.А. Кірэеў, Ю.І.Клімовіч, Р.У.Кунцэвіч, Н.В. Лазарэнка, Я.В. Лазарэнка, I.Р.Макатун, А.Э. Плятнёў, К.А. Пятроў, А.Л. Саковіч, У.М.Саладуха, А.Л.Сарока, А.Г. Сугакевіч, Г.А. Сухава, В.В. Такарская, Г.В. Унуковiч, Н.Г. Цішчанка, Я.У. Чабатароў, Л.М. Чыгiр (Кітова), А.А. Шалудзякова, [А.А. Шуба], Ю.А. Шчасны, В.С. Шумскi, Э.М. Якубоўская, А.У. Якубоўскі. (Тут і далей прозвішчы акадэмікаў выдзелены тлустым шрыфтам).
Актыўная ацэнка. Ёй мы займаліся ў летніку 2010 года. Напрацавана шмат матэрыялаў, некаторыя з якіх змешчаны на сайце www.aacenka.by. Выдадзены шэраг кніг: Запрудский, Н.И. Контрольно-оценочная деятельность учителя и учащихся. – Минск: Сэр-Вит, 2012. – 170 с. Актыўная ацэнка ў дзейнасці: вопыт настаўнікаў Беларусі /М.І. Запрудскі, М.В. Кудзейка, Т.П. Мацкевіч, А.А. Радзевіч і інш. Мінск, 2014. – 324 с. Запрудский, Н.И. Современные школьные технологии-3. – Минск: Сэр- Вит, 2017. – 160 с. Запрудскі, М.І., Сухава, Г.А. Дыялогі пра актыўную ацэнку. – Мінск: Сэр-Віт, 2018. – 170 с. Активная оценка в образовательном процессе школы/Под ред. Н.И. Запрудского – М.: Сентябрь, 2018. - 282 с.
Альфi. Праводзiлася з 1997 па 2003 год. Гэтае мерапрыемства нагадвае вядомыя ўсiм "Оскар" i "Тэфi". Конкурсная камiсiя ўстанаўлiвала шэраг намiнацый, а потым з дапамогай апытвання насельнiцтва летнiка i мэтанакiраваных назiранняў вызначала намiнантаў, а непасрэдна на свяце — пераможцаў. Прыгадаем некалькi намiнацый: "самы аўтарытэтны фiзiк", "аўтар найлепшага праекта", "здаровы лад жыцця", "тонкi гумар" i iнш. За гады правядзення пераможцамi Альфi сталi многiя альхоўцы. Конкурс звычайна вельмi цiкава i таленавiта арганiзоўвалi Зайдзес Алена, Званцова Вольга, Такарская Лера i Шалудзякова Аля. У 2000 годзе Альфi правялi Катлярова Марына i Ракевiч Мiкалай, у 2001 годзе - Клачкова Алена, Лебядзiнская Вольга i Емяльянчанка Наталля, у 2002 годзе — Лебядзiнская Вольга i Цiмашэнка Дзмiтрый, у 2003 годзе — Валадзько Алена i Федарына Сяргей.
Альхоўка — вёска ў Астравецкiм раёне Гродзенскай вобласцi. Знаходзiцца на беразе Страчы, якая бярэ пачатак ад Блакiтных азераў i недалека ад вёскi ўпадае ў Вiлiю. У Альхоўцы ёсць сярэдняя школа, працуе кардонная фабрыка, што вырабляе, акрамя кардону, розную тару. Яшчэ Альхоўка знакамiтая тым, што, пачынаючы з 1990 года, яна становiцца месцам правядзення метадычнага летнiка настаўнікаў фізікі (зараз – летнік настаўнікаў і метадыстаў). Летнiк размяшчаецца на беразе рэчкi, на адлегласцi 1 км ад школы. Пераважная большасць удзельнікаў начуе ў палатках, астатнія – у прышкольным інтэрнаце. Заняткі праводзяцца або ў школе, або ў «зяленым класе» пад спевы птушак.
Альхоўка – метадычны летнік: старонка ў Вікіпедыі.
Анонс летнiка "Альхоўка-2005"
Анонс летнiка "Альхоўка-2007"
Анонс летнiка "Альхоўка-2008"
Анонс летнiка "Альхоўка-2010"
Анонс летніка «Альхоўка-2012». Будзе праведзены на працягу тыдня, пачынаючы з другога ліпеня. Тэма курсаў у летніку «Тэорыя і практыка праблемнага навучання». Падрабязнасці чытайце ў часопісе «Фізіка: праблемы выкладання», 2012, № 2.
Анонс летнiка "Альхоўка-2014" Вучоба без суму і прымусу За статуснымі ведамі – у Альхоўку
Анонс XXYI методического летника
Анонс XXYII методического летника
Ананчыкава Алена. Дырэктар СШ № 13 г. Жодзіна ім. В. Гузава, настаўніца фізікі, настаўнік-метадыст. Фіналіст конкурса “Настаўнік года”. Ментар дыстанцыйнага курса па актыўнай ацэнцы. Паспяхова распаўсюджвае свой унікальны вопыт (не толькі ў нас, яшчэ і ў Расіі). На курсах у летніку выконвае ролю кансультанта. Аўтар артыкулаў у часопісе “Фізіка”.
Апанасевiч Леанiд — «Выдатнiк адукацыi», Сорасаўскi настаўнiк, былы выкладчык фiзiкi са школы аздараўленчага цэнтра «Зубраня». Мае адметную дыдактычную сiстэму, прыкметы якой: дзейнасны падыход да навучання школьнiкаў, якi рэалiзуецца на падставе творчых заданняў. Паспяхова займаўся арганiзацыяй тэхнiчнай творчасцi вучняў. Леанiд Iванавiч — аўтар некалькiх кнiг, якiя выйшлi ў АПА і ў выдавецтве «Бестпрынт». Ён здзiўляў ўсiх сваiмi вынаходнiцтвамi, якiя заўседы ўпрыгожвалі i спрашчалі быт у летнiку. I яшчэ Леанiд Iванавiч — мастак. Яго цудоўныя пейзажы ўпрыгожваюць кватэры многiх удзельнiкаў нашага летнiка. Калі пачыналася наша Акадэмія, Леанід Іванавіч зрабіў шапкі з ватмана. Потым (з 2005 года) яны сталі палатнянымі. Іх стварала Ларыса Чыгір.
Асаблівасці курсаў у Альхоўцы: па зместу: гэта найбольш актуальная для адукацыі, для настаўнікаў тэма, якая вызначаецца з улікам іх пажаданняў; па формах і метадах правядзення вучэбных заняткаў: трэнінгавы рэжым – пэўнай тэхнологіі настаўнікі і метадысты вучацца з дапамогай гэтай жа тэхналогіі, на занятках ствараюцца ўмовы для «пражывання» удзельнікамі новай адукацыйнай практыкі; па кантынгенту: склад удзельнікаў курсаў вызначаецца не па разнарадцы, што з’яўляецца агульнапрынятым, а па папярэдніх заяўках педагогоў: настаўнікаў агульнаадукацыйных устаноў, метадыстаў ІРА, дырэктароў школ і іх намеснікаў, выкладчыкаў універсітэтаў і каледжаў; па месцу праведзення: заняткі праходзяць «у зяленом класе» на березе возера і ў кабінеце інфарматыкі школы, пражыванне – у прышкольном інтэрнаце і ў палатках, харчаванне – у школьнай сталоўцы (вячэра – каля вогнішча).
Астранамічныя назіранні. Яны праводзіліся ў дзесяці летніках пад кіраўніцтвам У.А. Голубева. Назіралі у самы вялікі ў краіне тэлескоп.
Аўсейчык Анатоль — настаўнiк фiзiкi вучэбна-педагагічнага комплекса яслі-сад- сярэдняя школа аг. Адэльск Гродзенскага раёна, настаўнік-метадыст, магiстр педагагiчных навук па спецыяльнасцi «методыка выкладання фiзiкi», пазаштатны лектар Гродзенскага ІРА. Вельмi цiкавiцца камп'ютэрам i яго прымяненнем у выкладаннi фiзiкi. Праяўляе вялiкi iнтарэс да астраномii. Менавiта па гэтаму прадмету мае прызёраў абласных алiмпiяд. Быў iнiцiятарам i арганiзатарам абласных фiзiчных алiмпiяд для вясковых школьнiкаў. Ён аўтар артыкулаў у часопiсе "Фiзiка: праблемы выкладання". Мае пераможцаў конкурсаў даследчых работ і праектаў. Анатоль Аляксандравiч – заўзяты турыст, са сваiмi выхаванцамi ён быў у вельмi многiх скаладаных падарожжах, агульны лік якіх набліжаецца да 250. У летнiку паспяхова выконвае ролю першага памочніка Мікалая Запрудскага, стварыў відэасалон, арганiзоўвае начное арыентаванне, арганізатар экскурсій. У 2020 годзе, калі курсы былі адменены з-за пандэміі, Анатоль Аляксандравіч усё ж такі сабраў групу настаўнікаў, для якіх наш летнік – вялікая каштоўнасць, і правёў на нашай паляне цікавую сустрэчу аднадумцаў. Ён прывозіць з сабой шмат вельмі патрэбнага для жыцця і працы ў летніку абсталявання: электрагенератар, шацёр, турыстычны рыштунак і інш.
Багамолаў Уладзiмiр. На вялікі жаль, гэты настаўнік ужо памёр. Ён — Сорасаўскi настаўнiк, працаваў выкладчыкам фiзiкi лiцэя БДУ i лiцэя № 2 г. Мiнска, член журы i аўтар задач для эксперыментальнага тура рэспублiканскай фiзiчнай алiмпiяды. У нашым летнiку праводзiў кансультацыi па рашэннi задач. Уладзiмiр Алегавiч — аўтар цiкавых артыкулаў у часопiсе «Фiзiка: праблемы выкладання». Ён быў арганiзатарам турнiраў, якiя штогод ладзiць экалагiчная арганiзацыя «Зялены крыж». Дарэчы, першы ў нашай краіне ТЮФ адбыўся ў 1990 годзе праміж вучнямі Уладзіміра Багамолава (СШ № 36), Леаніда Марковіча (ліцэй БДУ) і Мікалая Запрудскага (гімназія №1 ім. Ф. Скарыны).
Барашкаў Валерый — настаўнік фізікі Магілёўскага абласнога ліцэя № 1, народны настаўнік Беларусі, заслужаны настаўнiк Беларусi, Сорасаўскi настаўнiк, лаўрэат прэмii iмя Н.К. Крупскай. Валерый Васiльевiч — адзiн з самых знакамiтых настаўнiкаў, яго вучнi перамагалi ў алiмпiядах розных узроўняў. Найбольш удалы год — 2001, калi два яго вучнi прыехалi з залатым i сярэбраным медалямi з мiжнароднай алiмпiяды ў Турцыi. Выйшла ў свет кнiга Валерыя Барашкава па навучанню вучняў 9 класа ўменням рашаць задачы па механiцы. Ён, увогуле, цудоўны чалавек, якi мае шмат сяброў, умее iх берагчы i падтрымлiваць.
Бацюлевы Анатоль i Святлана – былыя настаўнiкi Астравецкай гімназіі. Анатоль – фізік, адзін з заснавальнікаў летніка. Святлана да выхаду на пенсію працавала псiхолагам i настаўнiцай рускай мовы i лiтаратуры. Яна была сярод тых, хто пачынаў справу нашага летнiка. Падтрымлiвае цiкавыя i карысныя пачынаннi фiзiкаў. Дапамагала ў псiхалагiчным забеспячэннi летнiка. Анатоль — Сорасаўскi настаўнiк, мае многа пераможцаў алiмпiяд. Выступаў з цiкавымi метадычнымi артыкуламi ў нашым прадметным часопiсе. Мае сваю ўласную метадычную сiстэму, якая грунтуецца на забеспячэннi сiстэматычнай работы вучняў над вучэбным матэрыялам, прымяненнi карэкцiруючага кантролю вучэбных дасягненняў школьнiкаў.
Буднік Сяргей – дырэктар выдавецтва “Сэр-Віт”, якое амаль штогод дарыла ўдзельнікам метадычную літаратуру, а аднойчы – нават цішоткі.
Валадзько Алена — выкладае фiзiку ў сярэдняй школе № 18 г. Магiлёва. Валодала “манетным дваром”, у якiм чаканiлiся медалi «5 год у Альхоўцы». Мае цiкавыя напрацоўкi па пазакласнай працы па фiзiцы, з якiмi выступала ў часопiсе «Фiзiка: праблемы выкладання», сааўтар кніг для ўдзельнікаў конкурсаў «Зубраня»,
«Каласок» і «Інфамышка».
Вежа «Міленіум». Яе пабудавалі з пластыкавых бутылек першагодкі 2000 года. Вышыня вежы была 8 метраў.
Відэасалон. Звычайна ў сераду Анатоль Аўсейчык запрашае на прагляд відэахронікі з папярэдніх летнікаў. Акрамя гэтага, ён дэманструе іншыя цікавыя відэаматэрыялы. Гэта адбываецца, як сцямнее, — на нашай паляне. Зразумела, што экран мацуецца да дрэва.
Вікіпедыя пра летнік:
https://be.wikipedia.org/wiki/%D0%90%D0%BB%D1%8C%D1%85%D0%BE%D1%9E%D0%BA%D0%B0_(%D0%BC%D0%B5%D1%82%D0%B0%D0%B4%D1%8B%D1%87%D0% BD%D1%8B_%D0%BB%D0%B5%D1%82%D0%BD%D1%96%D0%BA)
Вучэбныя заняткi. Кожны год яны праходзяць па розных тэмах (змест i працэдура атэстацыi настаўнiкаў фiзiкi, тэхналагiчны падыход да навучання, фiзiчны эксперымент, рашэнне задач, модульная тэхналогiя, асаблівасці вывучэння фізікі на павышаным узроўні, тэхналогiя педагагiчных майстэрань, праектнае навучанне, даследчае навучанне, перавернутае навучанне, практыкаарыентаваныя заданні, медыяадукацыя, развіццё крэатыўнасці вучняў i iнш.). Яны выклiкаюць вялiкую цiкавасць ўдзельнiкаў i, як правiла, завяршаюцца праектаваннем iнавацыйных дыдактычных працэсаў для ўрокаў. Вучэбныя заняткi — гэта аўтарскiя курсы Мiкалая Запрудскага. Акрамя асноўнай тэмы, праводзяцца кансультацыi па iншых актуальных пытаннях: цэнтралiзаванае тэсцiраванне, новыя праграмы i падручнiкi, рашэнне алiмпiядных i конкурсных задач, 10-бальная сiстэма ацэнкi вучэбных дасягненняў школьнiкаў, камп'ютэр у выкладаннi фiзiкi, астранамiчныя назiраннi i iнш. Тут у ролi выкладчыкаў-кансультантаў выступалі вядомыя педагогi: Уладзiмiр Багамолаў, Валерый Барашкаў, Наталля Гаравая, Уладзiмiр Голубеў, Ганна Гадлеўская, Іларыён Галуза, Святлана Дзюбенка, Нiна Кошаль, Канстанцін Пятроў, Аляксандр Саковіч, Галіна Сухава, Валерыя Такарская, Iван Шалатонiн i iнш.
Гаўрыловіч Сяргей – дырэктар Альхоўскай школы з 2011 года. Адна з самых паспяховых школ у раёне. І настаўнікі, і вучні вельмі вынікова ўдзельнічаюць у інтэлектуальных спаборніцтвах на раённым і абласным узроўнях. Школа ўдзельнічала ў рэспубліканскіх інавацыйных праектах па мульціпрофільнаму і перавернутаму навучанню. З Сяргеем Анатольевічам у нас наладжана цеснае і прадуктыўнае супрацоўніцтва: ён актыўна і паспяхова дапамагае вырашаць практычна ўсе пытанні заняткаў і жыцця ўдзельнікаў летніка.
Гаўруковіч Алена. Настаўніца фізікі з Асіповіцкага раёна. Цікава, што яна адной з першых жанчын стала прыязджаць у наш летнік на сваім аўтамабілі. Была актыўнай і карыснай і на вучэбных занятках, і на іншых мерапрыемтвах.
Гадлеўская Ганна — дацэнт кафедры оптыкi Гомельскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта iм. Ф. Скарыны. Яна абаранiла дысертацыю па тэме «Сферычныя хвалi ў гiдратропных асяроддзях»; мае больш за 50 навуковых i навукова-метадычных прац. Нягледзячы на сваю скiраванасць на фiзiку, Ганна Мiкалаеўна лiчыць, што для сённяшняй школы важным з'яўляецца не толькi пытанне «Чаму вучыць?», але i пытанне «Як вучыць?». Таму яна актыўна працуе з настаўнiкамi фiзiкi на курсах у Гомельскiм IРА, у летнiку «Альхоўка», а таксама з вучнямi: у СШ № 56, дзе кiруе навукова-даследчай работай школьнiкаў, трэнiруе зборную каманду вобласцi для ўдзелу ў рэспублiканскай фiзiчнай алiмпiядзе. Яе запрашаюць у склад журы аўтарытэтных iнтэлектуальных спаборнiцтваў: рэспублiканскай фiзiчнай алiмпiяды i Турнiра юных фiзiкаў. Мае публікацыі ў прадметным журнале.
Гаравая Наталля працавала галоўным iнспектарам упраўлення агульнай сярэдняй адукацыi Мiнiстэрства адукацыi, намеснiкам галоўнага рэдактара часопiса «Фiзiка: праблемы выкладання». Зараз працуе ў НІА. Падтрымлiвае ўсе творчыя пачынаннi фiзiкаў, каардынуе працы па нарматыўнаму i метадычнаму забеспячэнню выкладання фiзiкi, астраномii i матэматыкi на Беларусi. У летнiку праводзiла адпаведныя кансультацыi i вельмi сур'езна ставiлася да абавязкаў дзяжурнага па кухнi.
Гарбацэвiч Сяргей – зараз настаўнік гімназіі № 21, папулярны репетытар. У 90-х гадах працаваў выканаўчым дырэктарам Беларускай асацыяцыi настаўнiкаў фiзiкi, адзiн з аўтараў часопiса «Фiзiка: праблемы выкладання». Сяргея Аркадзьевiча ведаюць як пчаляра, аўтамабiлiста, грыбніка, падарожніка (быў на Паміры, Чукотцы, Таймыры, Кубе, Мальдзівах…), як добрага i надзейнага партнера ў розных справах.
Герцык Віктар. Настаўнік з Ушачскай СШ. Валодае эфектыўнымі метадамі і сродкамі навучання, Вядучы прынцып яго педагагічнай працы – дыферэнцыяцыя навучання. Мае пераможцаў фізічнай алімпіяды: ад школьнага да рэспубліканскага ўзроўняў. Аўтамабіліст, настаўнік бальных танцаў. Вядучы на нашай Акадэміі.
[Глухаў Андрэй]. На вялікі-вялікі жаль, наш сябра трагічна загінуў. Андрэй Георгіевіч унес ў летнік шмат новых традыцый, тэхнічных новаўвядзенняў. Многія ўдзельнікі не раз плавалі на катамаране, які ён прывозіў з сабой. Ен быў інжынерам, прадпрымальнікам, падарожнікам і проста – цудоўным чалавекам.
Голубеў Уладзiмiр — старшы выкладчык кафедры методыкi выкладання фiзiкi i астраномii ВДУ iм. П. Машэрава, настаўнiк астраномii гiмназii № 1 г. Вiцебска. Ён працягвае справу многiх знакамiтых нашых землякоў-астраномаў М. Пачобута, В. Цераскага, Г. Цiхава, О. Шмiдта, Я. Зяльдовiча, А. Азiмава, А. Чыжэўскага i iнш. Сваёй асобай ён паказвае, што, нягледзячы на адсутнасць у нашай краiне буйных астранамiчных абсерваторый, факультэтаў, якiя рыхтуюць астраномаў, у беларусаў не знiкае цiкавасць да Сусвету, зорак, планет. Уладзiмiр Аляксандравiч закончыў Кастрамскi педiнстытут, аспiрантуру па спецыяльнасцi «Методыка выкладання астраномii» Ноўгарадскага педагагiчнага iнстытута. Амаль дзесяць гадоў працаваў у астранамiчнай абсерваторыi Далёкаўсходняга навуковага цэнтра АН СССР. Там ён займаўся вывучэннем магнiтных палёў у сонечных плямах i фiзiкай камет. З 1978 года жыве i працуе ў г. Вiцебску. Менавiта ў нас — на Беларусi — праявiўся яго талент як папулярызатара астранамiчных ведаў. Ён паспяхова працуе як са школьнiкамi, так i з настаўнiкамi, студэнтамi. Дзякуючы Уладзiмiру Аляксандравiчу, на Вiцебшчыне праводзяцца астранамiчныя конкурсы, а таксама рэспублiканскiя астранамiчныя алiмпiяды. Ён сааўтар вучэбна-метадычнага комплекса па астраноміі, надрукаваў больш 15О кнiг, навуковых i навукова-метадычных артыкулаў, мае пераможцаў мiжнародных астранамiчных конкурсаў. Выдатнiк адукацыi РБ, Федэрацыяй касманаўтыкi СССР узнагароджаны медалем Ю.А. Гагарына. У летнiку У.А. Голубеў арганiзоўваў назiраннi зорнага неба ў самы вялiкi на Беларусi тэлескоп. Ён пастаянны аўтар i вядучы астранамiчнай рубрыкi прадметнага часопiса. Адзін з астэроідаў названы яго імем (па ініцыятыве яго вучня В. Неўскага, які адкрыў гэты астэроід). Верагодна, што астраномiя зрабiла пэўны ўплыў на асобу Уладзiмiра Аляксандравiча. Сябры i калегi яго ведаюць не толькi як астранома i педагога, але i як фiлосафа i лiрыка.
Граблеўская Таццяна працавала настаўнiцай гiсторыi Астравецкай СШ № 2. Стваральнiк адзiнага на Беларусi музея свайго земляка — Iосiфа Гашкевiча — слыннага падарожнiка, навукоўцы, першага консула Расii ў Японii. Таццяна Мечыславаўна — вельмi актыўны арганiзатар многiх цiкавых спраў у нашым летнiку, была адным з яго заснавальнікаў.
Група на фейсбуку “АЛЬХОЎКА: летнік настаўнікаў і метадыстаў”. https://www.facebook.com/groups/olxovka
Даследчая дзейнасць вучняў па праблеме энэргазберажэння. Да гэтага часу ўдзельнікі выкарыстоўваюць атрыманыя тут веды і ўменні пры рабоце з вучнямі. Гэта была тэма курсаў 2008 года. Мы ўдзячны за падтрымку Нарвежскай арганізацыі “ШПДіРЭ”.
Дашчонак Ніна – былая настаўніцай фізікі з Расонаў Віцебскай вобласці. Аўтар нашага часопіса. Са сваімі вучнямі зрабіла ўнікальны фільм пра гукавыя з’явы. Рыбачка і пачынаючы літаратар.
Дзюбенка Святлана. Працавала настаўніцай фізікі ў Асіповіцкай гімназіі. У 2001 годзе паспяхова выступала ў фінале рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”. Скончыла аспірантуру ў АПА, абараніла дысертацыю. Працавала на кафедры педагогікі ў АПА, потым – у маскоўскай школе. Цяпер працуе намеснікам дырэктара СШ № 19 г. Мінска імя Я.Купалы. Мае надзвычай грунтоўную падрыхтоўку па сучаснай дыдактыцы. Праводзіла заняткі на курсах у нашым летніку. У 2012 годзе замяніла на занятках па тэме праблемнага навучання Мікалая Запрудскага, які ў той год не змог прыехаць у Альхоўку. Аўтар кніг, артыкулаў у прадметным журнале.
Дошка гонару ў часопісе “Фізіка”. На ёй змешачаны многія ўдзельнікі нашага летніка: Віктар Мацецкі, [Юрый Ляшчынскі], Леанід Апанасевіч, Анатоль Аўсейчык, Анатоль Бацюлеў, Анатоль Слабадзянюк, Уладзімір Голубеў, Ганна Гадлеўская, Аляксандр і Эла Якубоўскія, Іпаліт Аўдзей, Генадзь Няхай, Аля Шалудзякова, Раіса Кунцэвіч, Наталля Емельянчык, Юрый Шчасны, Наталля Лазарэнка, Галіна Унуковіч, Сяргей Федарына, Ганна Андрэева, Алена Валадзько, Аляксандр Плятёў, Аляксандр Сугакевіч, Аркадзь Шуб, Раіса Балюк, Наталля Тамашэвіч, Уладзімір Паддубскі, Іларыён Галуза, Святлана Красікава, Вольга Званцова, Аляксандр Саковіч, Алег Купрацэвіч, Віктар Герцык, Ніка Цішчанка, Уладзімір Багамолаў, Іван Кульбеда, Алена Гаўруковіч, Алена Сарока, Генадзь Пальчык, Віктар Кротаў, Аляксандр Сядзяка, Алена Ананчыкава, Ала Сініца, Анатоль Чэпік, Дзмітрый Бондар, Валерыя Такарская, Жана Скачко, Сяргей Цімашук, Сяргей Гусеў, Святлана Ерамеева, Віктар Кірэеў, Таццяна Ждановіч, Андрэй Хвалінскі, Святлана Здаранкова, Таццяна Афанасік, Сяргей Яшчанка.
Дыпломы ўручаюцца нашым юбілярам (5, 15, 20, 25, 30 разоў ў летніку), а таксама тым, каго выбіраем у склад Акадэміі, хто становіцца акадэмікам. Дыпломы выраблялі Аляксандр Саковіч і Анатоль Шчыракоў. Апошнія гады — Сярей Цімашук.
Дзяжурства на кухні і ў сталовай. Кожны сам выбірае дзень для гэтай ганаровай працы. У 2019 годзе Сяргей Гарбацэвіч стварыў каманду дзяжурных з адных мужчын. Гэта было незвычайна. І, трэба сказаць, яны добра справіліся з абавязкамі: усе ўдзельнікі былі накормлены, а посуд – вымыты.
Жвірко Яўген. Настаўнік фізікі ў школе алімпійскага рэзерву (г. Ліда). Калі Жэня прыязджаў да нас у Альхоўку, то вельмі спрыяў стварэнню крэатыўнай атмасферы. Яго песні і жарты вельмі падабаліся ўдзельнікам. Цікавы факт: жонку Ірыну Дзмітрыеву ён знайшоў менавіта ў нашым летніку.
Зайдзес Алена — прадстаўляе СШ № 4 г. Салігорска. Праяўляе вялiкую цiкавасць да кiраўнiцтва навукова-даследчай творчасцю школьнiкаў, яе вучнi ўдзельнiчаюць у турнiрах юных фiзiкаў, прывозяць дыпломы з рэспублiканскiх навуковых вучнёўскiх канферэнцый, удзельнiчалі ў навукова-даследчай фiзiка-матэматычнай школе ў Лужасне. Алена Аляксандраўна друкавала свае матэрыялы на старонках часопiса «Фiзiка: праблемы выкладання», яна цудоўная спявачка, была арганiзатарам знакавых мерапрыемстваў летнiка: «Альфi», «Акадэмiя» i iнш.
Запрудскi Мiкалай — стваральнiк i кiраўнiк летнiка, прафесар кафедры педагогiкi і менеджмента адукацыі Акадэмii паслядыпломнай адукацыi, 3 1995 года галоўны рэдактар часопiса «Фiзiка», аўтар і сааўтар амаль 30 кніг і мноства артыкулаў, Сорасаўскi настаўнiк, выдатнік адукацыі.
Запрудскi Павел — выпускнiк кафедры энергетыкi фiзiчнага факультэта БДУ, потым атрымаў акадэмічную ступень магістра па спецыяльнасцi «Менеджмент iнфармацыйных сiстэм». Цяпер працуе бізнескансультантам у буйной кансалтынгавай кампаніі. Ён разам з Анатолем Аўсейчыкам правялі першае ў нашым летніку начное арыентаванне.
Званцава Вольга — настаўнiца фiзiкi Мiнскага абласнога лiцэя, настаўнік-метадыст. Яна з поспехам прымяняе iнтэгральную тэхналогiю адукацыйнага працэсу, якой авалодала на аўтарскiх курсах Мікалая Запрудскага. Вольга Аляксандраўна вельмi таленавiтая жыхарка летнiка, яна прыгожа ўпiсываецца ў яго адукацыйную прастору са сваiмi iдэямi, вершамi i спевамi. Аўтар артыкулаў ў часопісе. Вядучая нашай Акадэміі.
Заяўкi на курсы ў летнiк дасылаюцца ў тэрміны, якія ўказаны ў сакавіцкім нумары часопіса «Фізіка», на сайце АПА, на сайце nastaunik.eu, у групе АЛЬХОЎКА: летнік настаўнікаў і метадыстаў. Нiжэй прыводзiм мiкст выняткаў з пiсьмаў-заявак на ўдзел у летнiку 2002 года: «…жадаю блiжэй пазнаемiцца з метадам праектаў, жадаю ў Альхоўку, жадаю сустрэцца з сябрамi, аднадумцамi, жадаю спрачацца, абмяркоўваць, удзельнiчаць, вучыцца, жадаю авалодаць метадам праектаў, жадаю iдэй, адчуць кавалачак (дакладней, вялiкi кус) шчасця, аддаць свае сiлы, свае напрацаваныя вышукi, паглыбiцца ў галавакружную дзейнасць з элементамi фiзiкi i прыгажосцi, авалодаць дадзенай тэхналогiяй для далейшага прымянення на ўроках фiзiкi, удыхнуць свежага паветра ў фiзiчна-лiрычным братэрстве, жадаю быць кампетэнтнай пры рабоце са студэнтамi, хочацца атрымаць эмацыянальны штуршок i стымул для далейшай працы, авалодаць метадам праектаў, павучыцца ў лепшых настаўнiкаў Беларусi, крышачку праявiць сябе» і г.д.
Iдэя правядзення летнiка належыць Анатолю Бацюлеву i Мiкалаю Запрудскаму. Яна ўзнiкла падчас дэсанту вядомых настаўнiкаў фiзiкi краiны ў г. Гродна (2 кастрычнiка 1989 года).
Iнтэгральная адукацыйная тэхналогiя — тэма аўтарскiх курсаў у летнiку 2003 года. Гэта вельмi прыдатная для выкладання фiзiкi тэхналогiя; яна iнтэгруе, па- першае, асобасна-арыентаваны, i прадметны падыходы; па-другое, — новыя iдэi ва ўласны досвед педагогаў. Тэхналогiя, аўтар якой В.В. Гузееў, будуецца на наступных навуковых падставах: 1) узбуйненне дыдактычных адзiнак, 2) псiхалагiзацыя вучэбна- выхаваўчага працэсу, 3) дыягнастычнае мэтавызначэнне, 4) камп'ютар як сродак навучання. Падрабязна пра дадзеную тэхналогію можна прачытаць у кнігах: Гузеев, В.В. Теория и практика интегральной образовательной технологии. - М., 2001. Запрудский, Н.И. Современные школьные технологии. - Мн., "Сэр-Вит", 2003. http://pdf.kamunikat.org/28135-1.pdf.
Казак Віктар – дырэктар Міхалішкоўскай СШ Астравецкага раёна, настаўнік інфарматыкі. Школа, якой ён упраўляе, з’яўляецца адной з лепшых у раёне. У ёй рэалізаваны інавацыйны праект па тэхналогіі перавернутага навучання. Вялікі сябра нашага летніка. Штогод бясплатна прадстаўляе нам аўтобус, каб забраць з чыгуначнай станцыі ўдзельнікаў, якія едуць не сваім транспартам, а на завяршэнні летніка — адвезці іх да цягніка. Сам і некаторыя яго педагогі наведвалі нашы заняткі і мерапрыемствы.
Каманды летнiка. Звычайна iх тры. Апошнiя гады гэта: першагодкi, сярэднякi i ветэраны. (Удалая знаходка-99: каманду маладых умацаваць Валерам Барашкавым). У склад гэтых каманд уваходзiць амаль усё насельнiцтва летнiка; для тых або iншых спаборнiцтваў з каманд вылучаецца па 3-5 чалавек. У 1993 годзе была каманда гуманітарыяў, якой удалося перамагчы фізікаў.
Канцэрт першагодкаў. Праводзiцца штогод у дзень закрыцця летніка. I заўседы першагодкi здзiўляюць усiх сваiм талентам, цiкавымi iмправiзацыямi, спевамi i гумарам.
Каралёва Ганна — магiстр педагагiчных навук, настаўнiца фiзiкi СШ № 3 г. Мiнска. Авалодала бухгалтарскай справай i працавала на грамадскiх пачатках бухгалтарам у Беларускай асацыяцыi настаўнiкаў фiзiкi.
Карыда зуброў. Інтэлетуальны турнір 1992 года. Зубрамі былі добрыя фізікі, яны спаборнічалі ў адказах на фізічныя пытанні. Перамог Сяргей Гарбацэвіч, які, у прыватнасці, вельмі талкова патлумачыў, чаму асінавыя лісты, у адрозненне ад лісця іншых дрэў, трапечуцца ад ветру. Натуральна, што прызам з’яўлялася бутэлька “Зуброўкі”, якую выйграў гэты настаўнік.
Катлярова Марына. Працавала настаўніцай фізікі, потым — метадыстам па фізіцы Гомельскага ІРА, затым – намеснікам дырэктара Гомельскага філіяла інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у галіне газазабеспячэння “ГАЗ- ІНСТЫТУТ", зараз — заведуе Гомельскім аддзяленнем МІПКіПК БНТУ. Друкавала артыкулы ў часопісе “Фізіка” і іншых выданнях. Праяўляла актыўнасць на вучэбных занятках і на іншых мерапрыемствах летніка.
Кацiльен. Праводзiўся да 2019 года. Калi ўдзельнiкi прывозілі з сабой вячэрнiя сукенкi i фракi, то яны патрэбныя былі менавiта да гэтага свята. Кожны выбiраў сабе ролю, iмя, рыхтаваў адпаведны строй, рабiў макiяж. У 2001 годзе кацiльен праводзiўся па французскiх матывах (паколькi курсы ў летнiку прысвячалiся тэхналогii французскiх педагагiчных майстэрань); у 2002 годзе — па галiвудскiх (мы займалiся праектным навучаннем, асновы якога вызначыў амерыканскi педагог Дж. Дзьюi). У 2003 годзе свята мела беларускiя характэрныя рысы (прадмет вывучэння — мадыфiкаваны на Беларусi варыянт iнтэгральнай тэхналогii). Спачатку аўтарамі сцэнарыя i гаспадарамі балю былі Аля Шалудзякова i Анатоль Шуба, потым Яўгенія Лазарэнка і Анатоль Шуба. Было выключэнне: у 2011 годзе адбыўся «Шляхецкі баль», на якім госці дэманстравалі і тлумачылі свае гербы. Вядучымі на балі былі Галіна Сухава і Яўген Жвірко.
Кірэеў Віктар – настаўнік з Быхава. Дасканала валодае камп’ютарам. Надзвычай карысны ў летніку чалавек. Аўтар нашага часопіса. Мае хобі – займаецца пчалярствам.
Клімовіч Юрась. Працуе ў 8-й школе г. Ліда. Аўтар сшыткаў для лабараторных работ па фізіцы, якія атрымалі грыф Міністэрства адукацыі. Мае хобі – тэарэтычна займаецца пчалярствам. У адным з летнікаў устанавіў рэкорд – перавёз на сваім «Опелі» найбольшую колькасць удзельнікаў.
Конкурс на права прыехаць на курсы ў летнік. Для удзелу ў конкурсе патрэбна напісаць заяўку па ўстаноўленай форме на адрас Мікалая Запрудскага. Анонс і форма заяўкі змешчаюцца на сайце АПА, у часопісе «Фізіка», на сайце nastaunik.eu, у групе “АЛЬХОЎКА: Летнік настаўнікаў і метадыстаў”. У конкурсе перавагай карыстаюцца тыя, хто заявіўся ўпершыню. Пажадана, каб прэтэндэнт выбраў варыянт начлегу ў палатцы, а не ў школе. Фізікам быць не абавязкова.
Кошаль Нiна. На вялікі жаль, яна ўжо памерла. Працавала загадчыцай кафедры ўпраўлення ў сферы адукацыі ў Акадэмii паслядыпломнай адукацыi, кандыдат педагагічных навук, дацэнт. Аўтар шматлiкiх кнiг i артыкулаў, якiя прысвечаны актыўным метадам навучання, праблемам якасцi адукацыi, павышэння квалiфiкацыi i экалогii. Аўтар і арганізатар шматлікіх адукацыйных праектаў. Удзельнiчала ў правядзеннi заняткаў у летнiку, прысвечаных модульнай тэхналогii. Кансультант i памочнiца для педагогаў, якiя займаліся навуковай дзейнасцю. Некалькі разоў праводзіла летнікі, падобныя нашаму, з кіраўнікам ўстаноў адукацыі.
Крэатыўнасць настаўніка як умова развіцця творчых здольнасцей вучняў (дыстанцыйна-вочны фармат). Гэта тэма курсаў у летніку 2021 года. Падрабязнасці можна прачытаць у часопісе «Фізіка» (2021, № 4, артыкул Мікалая Запрудскага).
Крыжаванка — тут прапануецца "Крыжаванка", якую склаў выкладчык фiзiкi з ліцэя БРУ (Магілёў) А.Г.Сугакевiч. Вы маеце магчымасць праверыць сваю дасведчанасць адносна асоб і падзей у летніку.
Кунцэвіч Раіса. Метадыст Клічаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета. Былая настаўніца фізікі Дзмітраўскага ВПК “Дзіцячы сад-сярэдняя школа”. У нашым летніку праяўляла актыўнасць на занятках, дапамагала ў падрыхтоўцы мерапрыемстваў, была адказнай за харчаванне ўдзельнікаў, доўгі час шыла шапкі акадэмікам.
Купалле. Свята праводіцца па тых традыцыях, якія складаліся стагоддзямі: скачкі праз вогнішча, зёлкі, папараць-кветка і інш. Вядучымі на свяце бывалі Мікалай Атрахімовіч, Тамара Мацкевіч, Галіна Унуковіч, Юрась Шчасны, Юрась Каласоўскі, Юля Некраш, Наталля Літвіновіч, Юля Паўлава, Алена Лемантовіч і інш.
Лагатып летніка. Вы яго бачыце ў самым пачатку энцыклапедыі. Быў аб’яўлены конкурс на лепшую эмблему. Ад членаў нашай суполкі паступіла 16 варыянтаў. Аляксандр Плятнёў пагадзіўся і правёў электроннае галасаванне. У выніку з вялікім адрывам ад іншых перамог Сяргей Цімашук з Беражноўскай школы Столінскага раёна.
Лазарэнка Наталля – былы метадыст па фiзiцы Магiлеўскага абласнога IРА. Наталля Васiльеўна вельмi iнiцыятыўны педагог. Яна арганiзавала ў сваiм iнстытуце шмат цiкавых i карысных курсаў, канферэнцый, якiя былі прысвечаны засваенню i прымяненню настаўнiкамi сучасных адукацыйных тэхналогiй. Яна таксама правяла некалькі, падобных на наш, летнікаў для настаўнікаў Магілеўскай вобласці. Наталля — трэнер па НЛП. А яшчэ яна пiша цудоўныя вершы.
Лазарэнка Яўгенія – працуе метадыстам па фізіцы Магілёўскага ІРА. Цікавы і творчы работнік. Яна праводзіць для настаўнікаў фізікі вобласці (і не толькі Магілёўскай) унікальны летні семінар на возеры Хатомля. Прыемна, што гэты семінар нагадвае наш альхоўскі летнік. Аўтар артыкулаў, якія надрукаваны ў журнале «Фізіка».
Лазня. Размяшчаецца ў палатцы. Арганізуецца, як правіла, ў 16 гадзін чацвярга. Працэсам кіруе Аляксандр Якубоўскі. Суправаджаецца купаннем у Страчы. Рабіць лазню пачынаў Ігар Волкаў са Жлобіна.
Мадэлiраванне i праектаванне аўтарскiх дыдактычных сiстэм — назва курсаў павышэння квалiфiкацыi настаўнiкаў i метадыстаў, якiя адбылiся ў юбiлейным — 15-м летнiку (2004 год). Далучаем артыкул пра гэтыя курсы, якi падрыхтавала метадыст Гомельскага IРА А.В.Фiлатава.
Макатун Iгар — iнжынер-кампутаршчык з Акадэмii паслядыпломнай адукацыi. Калі ён да нас прыязджаў, то ажыццяўляў кампутарную падтрымку курсаў у летнiку, а таксама таленавiта выконваў розныя незвычайныя ролi ў шматлiкiх мерапрыемствах другой паловы дня.
Мацкевіч Тамара. Фізік, намеснік старшыні Таварыства беларускай школы. Па яе ініцыятыве і дзякуючы яе прадуктыўнай дзейнасці ў школах нашай краіны распаўсюджваецца вельмі эфектыўная тэхналогія навучання – актыўная ацэнка (на Захадзе і ў Расіі яна называецца фарміруючым ацэньваннем) і медыяадукацыя. Тамара Пятроўна адмініструе вельмі карысныя для настаўнікаў сайты www.aacenka.by і nastaunik.eu. Дзякуючы ёй, у нас реалізуецца ўнікальны метадычны праект – EdCamp Belarus. Яна аўтар артыкулаў у нашым прадметным журнале. Увогуле – цудоўны чалавек.
Медалi ўручаліся (адначасова з выбарамi ў Акадэмiю) тым удзельнiкам, што прыехалi ў летнiк у пяты, дзясяты, пятнаццаты раз. Іх прадстаўляў “Манетны двор” Алены Валадзько, а потым — Вольгi Лебядзiнскай. Затым медалі замянілі дыпломамі, якія ствараў спачатку Аляксандр Саковіч, а зараз робіць Сяргей Цімашук.
Метадычная работа ў школе як механізм прафесійнага развіцця настаўнікаў. Тэма курсаў у летніку 2017 года. Матэрыялы з заняткаў ў значнай ступені абагульнены ў кнізе: Запрудский, Н.И. Сухова, Г.А. Эффективные практики методической работы в школе. – Минск: Сэр-Вит, 2022. – 172 с.
Метадычны летнік настаўнікаў фізікі: 20 год гісторыі. Так называецца кніга, складальнікамі якой cталі Аляксандр Плятнеў і Аляксандр Сугакевіч, а рэдактарам –- Мікалай Запрудскі. Кніга выдадзена ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў 2009 годзе. Раім пачынаць яе чытаць з апошняй старонкі – Заключэння, а потым вярнуцца да пачатку кніжкі.
Модульная тэхналогiя навучання — вывучалася ў летнiку 2000 года. Яна будуецца на падставе тэорыi паэтапнага засваення разумовых дзеянняў, кiбернетычнага падыходу; ўлiчвае iндывiдуальны тэмп засваення вучэбнага матэрыялу. Настаўнiк прымяняе два механiзмы ўпраўлення дзейнасцю вучняў: непасрэдна i праз модуль. У модулi прапiсаны вучэбныя элементы, змест дзейнасцi вучняў i парады, указаннi педагога. У той раз, акрамя аўтара курсаў, некаторыя заняткі праводзіла Ніна Кошаль.
Настаўнiцкая газета — перыядычнае педагагiчнае выданне, якое з’яўляецца інфармацыйным спонсарам нашага летніка, якое амаль штогод друкуе артыкулы пра летнiк у Альхоўцы. Аўтарамi былi Ганна Андрэева, Марына Катлярова, Святлана Кірсанава, Георгiй Клябанаў, Юлія Некраш, Галiна Сiдаровiч, Галiна Унуковiч, Людміла Шаматранава і інш.
Нашы пераможцы. Мы можам ганарыцца тым, што нашы калегі-альхоўцы перамагалі ў конкурсах «Настаўнік года-2004» (Ігар Якіменка – пераможца, Зміцер Мацкевіч – дыплом першай ступені), «Настаўнік года-2009» (Алег Купрацэвіч – дыплом першай ступені; Галіна Сухава – дыплом трэцяй ступені; Вікторыя Бандарэнка – суперфіналіст); «Настаўнік года-2011» (Іван Якіменка, Дзмітрый Шыц – суперфіналісты); «Адкрыты ўрок-2010» (Аляксандр Якубоўскі – гран-пры, Аляксандр Плятнеў – фіналіст); «Ноўтбук для актыўнага настаўніка-2009» (Аляксандр Плятнеў – першае месца ў адной з намінацый); «Ноўтбук для актыўнага настаўніка-2010» (Галіна Сухава), Захар Якубоўскі – пераможца рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў даследчых работ.
Начное арыентаванне ў лесе. Упершыню праведзена ў сёмай Альхоўцы. Для гэтых спаборнiцтваў Анатоль Аўсейчык, Паша Запрудскi i Iван Таўрогiнскi спецыяльна падрыхтавалi тапаграфiчную карту. Яна была даволi дакладна зроблена, бо, ў рэшце рэшт, удзельнiкi заўседы знаходзiлi пiкеты i яшчэ гэтай жа ноччу вярталiся ў летнiк. Тут начальнiк дыстанцыi i галоўны суддзя спаборнiцтваў — Анатоль Аўсейчык. Зараз пры правядзенні начнога арыентавання выкарыстоўваюцца тапаграфічныя карты, зробленыя на аснове касмічных здымкаў мясцовасці.
Няхай Генадзь. Старшыня асацыяцыі «Конкурс» (зараз – намеснік старшыні), якая праводзіць «Зубраня», «Кенгуру» ды іншыя інтэлектуальныя гульні. Мы вельмі рады, калі Генадзь Уладзіміравіч прыязджае да нас у летнік з кніжнымі падарункамі для ўдзельнікаў. Але гэта бывае не заўсёды, бо ў гэты ж час ён звычайна ўдзельнічае ў чэмпіянатах свету па спартыўным арыентаванні.
Ойра – народны танец, які з захапленнем танчаць удзельнікі летніка падчас вячэрняга адпачынку, на Купаллі.
Палёты на паветраным шары былi тройчы (1999, 2000, 2002 гады). Вы ўяўляеце сабе, наколькi цудоўна з вышынi палету птушкi паглядзець на навакольныя краявiды, на вадасховiшча, на Страчу, на Альхоўку, на тых, хто ўнiзе чакае чаргi для палёту?!. Гэта фантастычна! Як выказалiся некаторыя фiзiкi: "Гэта быў цудоўны фiзiчны дослед", за якi вялiкая наша падзяка Анатолю Шубу, Алегу Давыдзенку i Аляксандру Фiрсакову.
Пiянеры летнiка, што першымi ў 1990 годзе прыехалi ў Альхоўку: Апанасевiч Леанiд, Балюк Раiса, Барашкаў Валерый, Батура Леанiд, Бацюлеў Анатоль, Бацюлева Святлана, Бацюлева Наталля, Валочнiк Людмiла, Гаравая Наталля, Граблеўская Таццяна, [Глушчанка Сяргей], Запрудскi Мiкалай, Казiмiраў Мiхаiл, Кiсялева Альбiна, Клябанаў Георгiй, [Ступакоў Уладзiмiр], Субач Мiкалай, Шчасны Юрый, Унуковiч Галiна, Чабатароў Яўген, Шуб Аркадзь, Шумскi Вiктар.
Першагодкі. Гэта тыя настаўнікі, якія ўпершыню прыязджаюць у наш летнік. Дакладна: кожны з удзельнікаў калісці прыехаў у Альхоўку ўпершыню. Зараз ёсць тыя, хто тут быў 30 разоў, і тыя, хто адзначыўся толькі аднойчы. Вельмі шмат удзельнікаў захварэлі на летнік і імкнуцца папасці сюды кожны год.
Плабут. Сутнасць гэтых спаборнiцтваў вынiкае з назвы: плаванне з пластыкавымi бутэлькамi. З iх рабiлi плыты, на якiх плавалi за прызам (перамагла каманда Сяргея Гарбацэвiча), рабiлi водныя лыжы, лодку, падвескi i iнш. Чакайце, магчыма, тут у наступным летнiку сюрпрызаў ад Анатоля Аўсейчыка. Дарэчы, пластыкавыя бутэлькi прымянялiся яшчэ як фiзiчныя прылады на нашым фiзiчным турнiры, з бутэлек мы рабiлi кеглi ў нашым кегельбане, розныя ўпрыгожваннi, яны былi мiшэнямi, вымяральнымi прыладамi, падсвечнiкамi, будаўнiчым матэрыялам пры ўзвядзеннi "вежы веку" i iнш.
Плятнёў Аляксандр працуе ў ліцэі пры Беларуска-Расійскім універсітэце, настаўнік- метадыст. Аўтар артыкулаў у часопісе «Фізіка», адзін з арганізатараў «Фестывалю навукі», які ладзіцца ліцэем і ўніверсітэтам; арганізатар галасавання на лепшы лагатып летніка.
Правілы альхоўцаў:
- Альхоўцы шануюць традыцыi летнiка.
- Альхоўцы не спазняюцца на заняткi. Вучэбныя заняткi — прыярытэт.
- Для альхоўцаў дзяжурства па прыгатаванні ежы — любiмая справа і справа гонару.
- Альхоўцы падтрымлiваюць чысцiню i парадак у летнiку.
- Альхоўцы памятаюць, што купанне ў возеры звязана з пэўнай рызыкай.
- Прагулка ў лес — дровы для вогнiшча.
- Норма для альхоўцаў: гатоўнасць для дапамогi калегам.
- Усё робiцца дабраахвотна ў абавязковым парадку.
- Альхоўскi дэвiз: "Я хачу, я магу, я зраблю".
Праектнае навучанне — гэта тэма, якой быў прысвечаны летнiкі 2002 і 2019 (дыстанцыйна-вочны фармат) гадах. Падчас курсаў iх удзельнiкi не толькi авалодалi тэарэтычнымi асновамi метада праектаў, але i стварылi свае адукацыйныя праекты. Сутнасць метада заключаецца ў тым, што вучань у працэсе работы над праектам вывучае рэальныя працэсы i аб'екты. Пры гэтым ён пражывае канкрэтныя сiтуацыi выбару, пошуку, даследавання, ацэнкi, прэзентацыi i г.д., а настаўнiк арганiзуе знешнюю i ўнутраную актыўнасці вучняў, стварае ўмовы для iх развiцця. Праектнае навучанне мае на ўвазе стварэнне сiтуацый свабоднанага выбару: тэмы праекта, яго падтэмы, партнераў для сумеснай працы, крынiц для пошуку iнфармацыi i г.д.
Прафесiйная самапрэзентацыя. Праводзiцца з 1990 года. Яна адбываецца на другi дзень. Кожны з удзельнiкаў прадстаўляе свае напрацоўкi, бачанне праблемы, якая адпавядае тэме летнiка. Гэта стварае ўмовы для прафесійных зносін, абмену вопытам.
Прынцып свабоды. Так было заўсёды. Усё адбываецца так, што ўдзельнiкi самi вызначаюць стратэгiю i тактыку сваiх паводзiн, прымаюць рашэнне аб удзеле ў тым або iншым мерапрыемстве, але ўсе абавязкова падпарадкоўваюцца рэгламенту летнiка.
Пятроў Канстанцін. Намеснік начальніка ўпраўлення вучэбна-метадычнай работы АПА, намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Фізіка”, арганізуе дзейнасць рэспубліканскй творчай групы настаўнікаў фізікі, аўтар прадметнага журнала, сааўтар кніг “Настольная кніга настаўніка фізікі”, “Эксперыментальныя даследаванні вучняў”.
Рэкорды летнiка. Iх рэгiстрацыя праводзiлася ўжо шмат разоў. У 1998 годзе гэта зрабiў Аляксей Паўлаў:
- знайдзены самы прыгожы падасiнавiк (Лера Такарская);
- знойдзена 34 баравiкi (Аля Шалудзякова, Лера Такарская);
- першая жанчына, якая засталася ахоўваць летнiк (Алена Валадзько);
- за 18 мiнут парэзаў на дровы 0.5 куб.м. лесу (Уладзімір Голубеў);
- два разы падняўся ў неба на паветраным шары (Уладзімір Голубеў);
- чэмпiен па армрэслiнгу (Анатоль Аўсейчык);
- самы прыгожы мужчынскi касцюм на кацiльёне (Аляксандр Чарнюк);
- самы працяглы камплiмент жанчыне падчас кацiльёна (Сяргей Гарбацэвiч);
- адзiны чалавек, якi абедае з дапамогай кiтайскiх палачак (Анатоль Шуба);
У 1999 - 2000 годах рэкорды рэгiстрыраваў Юрый Шчасны. 1999 год:
- злоўлены вугор даўжыней 74 см (Павел Шалудзякоў);
- зроблена самая вялiкая (80 см) драўляная лыжка (Аляксандр Журба),
- самы кемлiвы лодачнiк: пакатаў за два днi 11 жанчын (Леанід Апанасевiч),
- самыя познiя паветраныя падарожнiкi - 23 г.35 м. (Вольга Званцова, Наталля Лазарэнка, Лера Такарская i пiлот Фiрсакоў Аляксандр).
2000 год:
- самы доўгi шлях у Альхоўку - 535 км — (Аля і Паша Шалудзяковы);
- рэкорд па чыстцы рыбы — уся, што была - (Ніна Дашчонак);
- паходы з летнiка ў iнтэрнат за адну ноч — тры — (Хведар Бардзiлоўскi);
- самая высокая вежа з пластыкавых бутэлек — амаль 8 метраў – (першагодкi);
2001 год (рэгiстрацыя ў выкананнi Ганны Андрэевай):
- першы год, калi ў палатках жыве ў 1.5 разы больш людзей, чым у iнтэрнаце;
- у два разы ў летнiку стала больш прыгожых жанчын з прозвiшчам Лазарэнка;
- ні разу не хадзiў харчавацца ў сталовую, таму менавiта так прыгожа знешне выглядае (Анатоль Аўсейчык);
- за ўсе альхоўскiя летнiкi самае шумнае наваселле (Сяргей Гарбацэвiч i Іван Шалатонiн);
- першае начное купанне з компасам i картай падчас правядзення начнога арыентавання;
- самая працяглая лоўля рыбы з парным падзеннем у балота (Валера Барашкаў i Іван Шалатонiн), сведкi – Яўген Чабатароў i жыхары вескi Радзюшы;
- самая позняя чыстка шчупака i самы раннi сняданак - у 4 гадзiны ранiцы - (Ніна Кашэль i яе сябры);
- самая вялiкая балонка (Арчы Анатольевiч);
- два прыезды ў Альхоўку за адзiн сезон (Пётр Шумскi).
2002 год (Алена Несцярук):
- парушана адна з фундаментальных заканамернасцей прыроды: час пайшоў назад (на 257 с) у спаборнiцтваў на фiзiчна-спартыўнай паласе перашкод;
- чалавек, дзякуючы якому вельмi многае ў летнiку атрымалася (Ларыса Чыгiр- Кітова);
- пiкет на начным арыентаваннi, якога не было (Мікалай Давыдаў i Аляксандр Казакевiч);
- чалавек, якi бывае ў летнiку да яго пачатку (Шалатонiн Iван).
2003 год (Уладзiмiр Падддубскi):
- "Хапае на ляту" - Сяргей Федарына.
- "Жахі Альхоўскi" – Уладзімір Саладуха.
- "Гiгант думкi" – Мікалай Запрудскi.
- "На сваёй хвалi" – Міхаіл Макаед.
- "Толькi быў i раптам знiк" – Аляксандр Журба.
- "Проста зорка" – Ганна Гадлеўская.
2004 год:
- Роўна ў два разы ў летнiку павялiчылася колькасць кампутараў.
- За тыдзень тры разы прыязджаў у летнiк (Анатоль Шуба)
- Упершыню на нашай паляне працавала лазня (Iгар Волкаў)
- На небывалы ўзровень былi падняты праблемы экалогii (Iгар Волкаў, Уладзiмiр Чачэнiн)
- Зроблена небывалая колькасць фотаздымкаў (Ганна Андрэева, Аляксандр Плятнеў).
Апошнім часам рэконды фіксуе, вельмі прыгожа, і з тонкім гумарам іх аб’яўляе Сяргей Цімашук.
Саковіч Аляксандр. Працуе ў Магілеўскім абласным ліцэі № 1. Падрыхтаваў многа пераможцаў алімпіяд (ад раеннай да рэспубліканскай), трымальнік вельмі карыснага сайта «Школьная фізіка», на якім змяшчае, у прыватнасці, артыкулы нашага часопіса, аўтар часопіса. Галоўны відэааператар Альхоўкі.
Саладуха Уладзiмiр – ужо былы настаўнiк фiзiкi СШ №2 г.Слуцка, кiраўнiк метадычнага аб'яднання фiзiкаў. Жаданы для ўсiх партнёр цiкавых спраў у летнiку, надзейны сябра i "авантурыст" у начным арыентаваннi.
Сарока Алена. Былая настаўніца фізікі са Слоніма. Зараз займаецца рэпетытарствам. Аўтар нашага часопіса. Была актыўнай у многіх справах нашых курсаў і летніка. Выгадавала вельмі паспяховую дачушку Таццяну Афанасік – настаўніцу з гімназіі Слоніма, якая прыязджае да нас у летнік.
Спонсары летнiка ў розныя гады: Альхоўская СШ, Міхалішкоўская СШ, Астравецкi аддзел адукацыi, Мiжнародная Сорасаўская адукацыйная праграма ў галiне дакладных навук, Iнстытут «Открытое общество», Альфа-радыё, Вера Руцкая, Вольга Лебядзiнская, грамадзянiн Германii Клаус..., Выдавецтва «Сэр-Вiт» – Сяргей Буднік, Асацыяцыя «Конкурс», грамадскае аб’яднанне ЭКАДОМ, Асацыяцыя «Адукацыя для будучыні», ШПДіР і інш. Мы вельмi цэнiм Вашу дапамогу, сябры. Шчырая Вам падзяка ад усiх удзельнiкаў.
Страфіз. Гэты акронім азначае: фізічная алімпіяда ўдзельнікаў на беразе Страчы. Праводзілася ў 1992 – 1994 гадах.
Страча – маляўнічая рэчка агульнай даўжынёй 59 км, якая пачынаецца ад Блакітных азераў. За два кіламетры да яе ўпадзення ў Вілію зроблема плаціна. На беразе вадасховішча размяшчаюцца вёска і наш летнік. Некалькі разоў ад моста (дарога Полацк – Вільня) па гэтай рацэ сплаўляліся на лодках “начальнік” летніка і два Анатолі – Аўсейчык і Шуба.
Сунічны букецік. Каб быў конкурс на лепшы букет, які кавалер падорыць сваёй даме падчас кацільёну, то перамога была б за Сяргеем Гарбацэвічам. Гэта было вельмі незвычайна, прыгожа і кранальна.
Супрацоўніцтва і ўзаемнае навучанне настаўнікаў як эфектыўны механізм прафесійнага развіцця. Тэма будучых курсаў у летніку 2022 года.
Сугакевіч Аляксандр. Працуе ў ліцэі БРУ (г. Магілёў). Не толькі вельмі добры фізік, але яшчэ захапляецца астраноміяй. Друкуе артыкулы ў нашым прадметным журнале. Стварае цікавыя крыжаванкі пра наш летнік.
Сухава Галіна – настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 5 г. Віцебска, настаўнік-метадыст, выдатнік адукацыі, лаўрэат конкурсу “Настаўнік года-2009”, член клуба “Крыштальны журавель” і аб’яднання настаўнікаў-метадыстаў “Імкненне”. Сааўтар трох кніг па тэхналогіі актыўнай ацэнкі, аўтар і сааўтар шматлікіх артыкулаў, якія выйшлі не толькі ў айчынным друку, але і ў педагагічных часопісах Беластока і Масквы. Ментар дыстанцыйных курсаў па актыўнай ацэнцы і медыяадукацыі. Перамагла ў конкурсе “Наўтбук для актыўнага настаўніка” (2010). Падчас летнікаў і курсаў у летніку рэалізована шмат ідэй, якія вылучыла гэта настаўніца. На курсах у летніку паспяхова выконвае ролю кансультанта, правяла цудоўны ўрок для дарослых па аповесці В.Быкава “Жураўліны крык”; разам з Жвірко Жэнем – Шляхецкі баль.
Сучасныя метады і сродкі ацэнкі якасці адукацыі вучняў. Тэма курсаў у летніку 2016 года. Звяртайцеся да кніг: Запрудский, Н.И. Контрольно-оценочная деятельность учителя и учащихся. – Минск: Сэр-Вит, 2012. – 160 с. Запрудский, Н.И. Современные школьные технологии-3. – Минск: Сэр-Вит, 2012. – 170 с. (глава 2). Актыўная ацэнка ў дзеянні: вопыт настаўнікаў Беларусі /М.І. Запрудскі, М.В. Кудзейка, Т.П. Мацкевіч, А.А. Радзевіч і інш. Мінск, 2014. – 324 с. Запрудскі, М.І., Сухава, Г.А. Дыялогі пра актыўную ацэнку. – Мінск: Сэр-Віт, 2018. – 170 с. Активная оценка в образовательном процессе школы/Под ред. Н.И. Запрудского – М.: Сентябрь, 2018. - 282 с.
Такарская Валерыя — настаўніца фізікі СШ № 149 г. Мінска. Кожны чалавек, якi бывае ў нашым летнiку стварае вакол сябя пэўную аўру, робiць свой адметны ўнёсак у наш альхоўскi дом. Валерыя Валянцiнаўна ў гэтым сэнсе прыносiць надзвычай вялiкую карысць. Многае ў нас робiцца выдатна, як у зместавым плане (па асноўнай тэме летнiка), так i ў культурнай праграме, дзякуючы менавiта ёй. Яе iдэi i талент у многiм вызначылi фармат i змест «Альфi», «Акадэмii»; яе датскiя вершы i песнi ўпрыгожваюць наша тыднёвае свята ў Альхоўцы. Яна — адказны i вельмi надзейны чалавек.
Тапаніміка. У нашым летніку ёсць дзве вуліцы палатак: Бульвар Французкі (такая назва ад таго, што на ёй у большасці селяцца ўладальнікі французскіх аўто) і Азёрная — цягнецца ўздоўж возера. Яшчэ ёсць Шанхай – густа заселены ўчастак, які прымыкае да нашай паляны – месца правядзення вучэбных заняткаў, вячэры, кацільёна і інш.
Творчая група настаўнікаў фізікі пры Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Яе работу арганізуе Канстанцін Пятроў. У яе склад у большасці ўваходзяць настаўнікі – старажылы нашага летніка. Дарэчы, большасць педагогаў-фізікаў, якія сталі настаўнікамі-метадыстамі, да гэтай кваліфікацыйнай катэгорыі прыходзілі праз навучанне ў альхоўскім летніку.
Тэорыя і практыка абагульнення вопыту педагагічнай дзейнасці. Тэма курсаў у летніку 2013 года. Карыснай будзе кніга: Запрудкий, Н.И. Педагогический опыт: обобщение и формы представления. – Мн.: Сэр-Вит, 2014. - 254 с.
Традыцыi летнiка. На працягу 31 года (шляхам генерыравання i апрабацыi iдэй, спроб i памылак, адбору ўдалых знаходак) вызначаны элементы летнiка, якiя з'явiлiся каркасам, асновай нашага тыднёвага свята ў Альхоўцы: 1) абавязковыя грунтоўныя вучэбныя заняткi па адной з актуальных праблем адукацыi, 2) урачыстае адкрыцце з кругам знаёмства, 2) iнтэлектуальныя спаборнiцтвы, 3) вечары адпачынку, 4) астранамiчныя назiраннi з Уладзiмiрам Голубевым , 5) начное арыентаванне, 6) канцэрт першагодкаў, 7) кнiга рэкордаў, 8) "Акадэмiя", 9) "Альфi", 10) Відэасалон, 11) Экскурсіі i iнш.
Тэматыка курсаў у летніку. З 1996 года ў змесце кожнага летніка асноўнай часткай з’яўляюцца аўтарскія курсы Мікалая Запрудскага па самых актуальных тэмах:
- тэхналогія педагагічных майстэрань (2001),
- модульная тэхналогія навучання (2000),
- тэхналагічны падыход у навучанні фізіцы (1996),
- асобасна арыентаваны падыход у навучанні фізіцы (1997),
- фізічны эксперымент у розных адукацыйных мадэлях (1998),
- навучанне вучняў уменням рашаць фізічныя задачы (1999),
- тэхналогія праектнага навучання (2002),
- інтэгральная тэхналогія вучэбна-выхаваўчага працэсу (2003),
- мадэліраванне і праектаванне аўтарскіх дыдактычных сістэм (2004),
- праектнае навучанне як механізм забеспячэння якасці адукацыі вучняў — дыстанцыйна-вочны фармат (2019),
- дыдактычныя заданні як асноўны сродак арганізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў
- метадычная работа ў в школе як механізм прафесійнага развіцця настаўнікаў (2017),
- сучасныя метады і сродкі ацэнкі якасці адукацыі вучняў (2016).
- фарміраванне медыяграматнасці педагогаў і вучняў. Перавёрнутае навучанне (2015),
- сучасныя электронныя сродкі навучання (2014),
- тэорыя і практыка абагульнення вопыту педагагічнай дзейнасці (2013),
- тэорыя і практыка праблемнага навучання (2012),
- арганізацыя самастойнай пазнавальнай дзейнасці вучняў (2011),
- сучасныя сродкі навучання (2009).
- педагагічныя асновы і арганізацыя даследчай дзейнасці вучняў па праблеме энергазберажэння (2008),
- кампьютэрная падтрымка вучэбна-выхаваўчага працэсу па фізіцы (2007),
- стратэгіі навучання фізіцы ў профільнай школе (2006),
- арганізацыя эксперыментальных даследаванняў вучняў (2005),
- тэхналогія актыўнай ацэнкі (2010),
- дыстанцыйна-вочны фармат (2018),
- крэатыўнасць настаўніка як умова развіцця творчых здольнасцей вучняў - дыстанцыйна-вочны фармат (2021).
Тэндэнцыі летніка:
- усё больш грунтоўныя практычныя вынікі летнiка: асвоеныя метады, вопыт, артыкулы, кнiгi, новыя iдэi, абарона дысератацый, усё больш настаўнікаў- метадыстаў, альхоўцаў-пераможцаў у розных прафесійных конкурсах;
- усё больш жанчын размяшчаецца не ў iнтэрнаце, а ў палатках непасрэдна ў летнiку, на беразе Страчы;
- усё раней пачынаецца нулявы дзень. Жартуюць, што гадоў праз 20 ён можа пачацца яшчэ ў жнiўнi года заканчэння папярэдняга летніка,
- усё больш цудоўных людзей пападае ў махавiк Альхоўкi, пры гэтым не абавязкова настаўнікаў фізікі;
- усё больш машын паркуецца каля палатак,
- усё менш рыбы ў возеры, усё радзейшы лес.
Тэхналогiя педагагiчных майстэрань. Аўтарскiя курсы Мiкалая Запрудскага па гэтай тэхналогii праведзены ў летнiку 2001 года. Дадзеная тэхналогiя заключаецца ў спецыяльна арганiзаваным педагогам-майстрам развiваючым асяроддзi, якое дазваляе вучням у iндывiдуальным i калектыўным пошуку «будаваць новыя веды». Майстэрня — гэта незвычайная форма правядзення вучэбных заняткаў. Яна складаецца з паслядоўнасцi ўзаемазвязаных этапаў. На кожным з iх вызначальным з'яўляецца пэўнае вучэбнае заданне (індуктар), якое накiроўвае пазнавальную дзейнасць дзяцей. Адным з «прадуктаў» курсаў стала кнiга: Запрудский Н.И. Технология педагогических мастерских. – Минск—Мозырь: АПО — ИД «Белый ветер», 2002.
Урачыстае адкрыцце летнiка. Яно захавала да апошняга часу свой фармат i змест. Гэта — круг знаёмства (хто я, чым буду цiкавы для iншых, што прывяло мяне ў летнiк i г.д.), вiтаннi, падарункi, чытанне пасланняў з папярэдняга летнiка, пад'ем сцяга, наша песня:
«А если станет трудно - ведь в жизни всё не просто, Не трать напрасно нервы, не куксись и не злись.
А просто тихо вспомни Ольховку девяностых:
Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались» (Г. Клебанов)
Унуковiч Галiна — настаўнiца гімназіі г. Астравец. Яна была ў лiку стваральнiкаў летнiка. Менавiта, на курсах у Альхоўцы яна авалодала iнтэгральнай адукацыйнай тэхналогiяй i паспяхова прымяняе яе на сваiх уроках. Галiна Вiктараўна — аўтар артыкулаў у часопiсах «Фiзiка: праблемы выкладання» i «Физика в школе», яна выпусцiла кнiжку дыдактычных матэрыялаў для 7 класа. Галіна Унуковiч вельмi цэнiць тое сяброўства i партнерскiя сувязi, якiя ўзнiклi ў летнiку.
Фарміраванне медыяграматнасці педагогаў і вучняў. Перавернутае навучанне. Тэма курсаў у леніку 2015 года. Карысны дапаможнік: Медыяадукацыя ў школе: фарміраванне медыяграматнасці вучняў: дапаможнік для настаўнікаў / М.І. Запрудскі, Т.П. Мацкевіч,А.А.Палейка, А.У. Радзевіч, і інш.; пад рэд. М.І. Запрудскага. – Мінск, 2016. – 336 с. http://svetlana-yan.blogspot.com/2016/09/blog-post_28.html
Фiзiка: праблемы выкладання (зараз «Фізіка») — навукова-метадычны часопiс для настаўнiкаў фiзiкi. Выходзiць з 1995 года. Галоўны рэдактар – Мікалай Запрудскі. Журнал з'яўляецца iнфармацыйным спонсарам летнiка ў Альхоўцы. У сваiх цудоўных артыкулах пра падзеi ў летнiку пiсалi: Святлана Жыгала і Святлана Здаранкова (2019 год), Таццяна Афанасік (2018 год), Аляксандр Яўсееў, Сяргей Талмачоў (2016 год), Эла Якубоўская (2012 год), Ніка Цішчанка (2011 год), Святлана Каўганка (2010 год), Віктар Герцык (2009 год), Саша Плятнеў, Вольга Шчасновіч (2008 год), Віктар Кірэеў (2007 год) Ірына Катлова (2006 год), Сяргей Федарына (2005 год), Алiна Фiлатава (2004), Уладзiмiр Паддубскi (2003), Святлана Дзюбенка (2002 год), Алена Клачкова (2001 год), Марына Катлярова (2000 год), Нiна Дашчонак (1999 год), Ганна Гадлеўская (1998 год), Аля Шалудзякова (1997 год), Юрый Шчасны (1996 год).
Фізічна-спартыўная паласа перашкод. Ужо праводзілася 30 разоў. І заўседы па- новаму. Аўтар-арганізатар – Мікалай Запрудскі. Ідэя гэтых спабоніцтваў заключаецца ў тым, што каманды па чарзе прабягаюць маршрут і пры гэтым выконваюць заданні па фізіцы. У 2010 годзе нават была фізічна-філалагічная паласа, калі адным з яе аўтараў была Галіна Сухава. Апошнія гады на паласе шмат крэатыўных заданняў. Пазнаёміцца з тым, як арганізоўваліся спаборніцтвы, можна па кнізе Мікалая Запрудскага «Весёлые соревнования по физике» (Минск, «Конкурс», 2009). https://www.bakonkurs.by/books/books_author.php?a=61.
Фінансаванне. Амаль кожны год мы знаходзілі спонсараў. Але не заўсёды. Заўсёды былі ўласныя ўнёскі. Некаторыя ўдзельнікі атрымліваюць камандзіровачныя грошы.
Фотаальбом. У альбоме змешчаны фатаграфіі з нашых летнікаў. Можа быць Вы, чытачы, некага пазнаеце? Найбольшы ўнёсак у наш фатаграфічны зборнік робяць Анатоль Аўсейчык і Святлана Здаранкова. Глядзіце:
Альхоўка-2021 24-28.06.2021: https://photos.app.goo.gl/4yRuoQWCJLiTDVzu5
Альхоўка-2021 29.06-3.07.2021: https://photos.app.goo.gl/vhgw9kcb7CVdx3oLA
Альхоўка -2019 https://photos.app.goo.gl/4r1gYiz44spS9ZhA8
Хроніка курсаў у летніку. «Альхоўка-2013». XXVIII методический летнiк "Альхоўка- 2017". XXIX методический летнiк "Альхоўка-2018". XXX методический летнiк "Альхоўка-2019". XXXI методический летнiк "Альхоўка-2021"
Харчаванне. Сняданак і абед – у школьнай сталовай, а вячэра – каля вогнішча на нашай паляне. Яшчэ бываюць кава-паўзы.
Хатомля – возера ў Крулянскім раёне, на беразе якога Яўгенія Лазарэнка ладзіць фестываль педагагічнага майстэрства “Творчыя канікулы”. Падзея адбываецца штогод у сярэдзіне жніўня. Удзельнікі – настаўнікі фізікі Магілёўскай вобласці. Бываюць госці з іншых рэгіёнаў краіны. Гэты фестваль можна лічыць малодшай сястрой нашага летніка на Страчы. Справаздачы чытайце ў журнале “Фізіка”
Цішчанка Ніка. Працуе настаўніцай фізікі ў пятай гімназіі г. Віцебска. Яе каманда паспяхова ўдзельнічала ў рэспубліканскім ТЮФ. Друкавала артыкулы ў нашым часопісе.
Чабатароў Яўген Уладзiмiравiч — былы дырэктар Альхоўскай сярэдняй школы. Ён доўгі час падтрымлівае нас, дапамагае нам у гаспадарчых справах. Мы карыстаемся яго лодкай. Чалавек вельмi шчодры, адначасова сцiплы i iнтэлiгентны. Сябра ўдзельнiкаў летнiка.
Чыгiр (Кітова) Ларыса — былая настаўнiца агратэхнiчнага каледжа iмя К. П. Арлоўскага, што знаходзiцца ў а.г. Буйнічы каля г.Магiлева. Выдатнік адукацыі. Яна прыехала ў Альхоўку ўпершыню 1991 годзе i больш не змяняла спосаб павышэння свайго прафесiяналiзму i адпачынку — курсы ў летніку. 25 разоў была ў нашым летніку. Яна сваёй асобай упрыгожвае альхоўскае спадарства. Пры гэтым яна, як i многiя, тое, чым авалодала на курсах, паспяхова прымяняла на сваiх занятках, аб чым сведчаць, у прыватнасцi, яе публiкацыi ў прадметным часопiсе i распавядаюць калегi. Па матэрыялах курсаў у летніку апісала сваю аўтарскую дыдактычную сістэму “Практычная педагогіка развіццёвага тыпу”. Ларыса Мiкалаеўна – умелы арганiзатар прафесiйнай камунiкацыi; на працягу 10 гадоў выдатны арганізатар харчавання ўдзельнікаў; знакамiты закройшчык (палатняныя шапкi для акадэмiкаў — гэта яе справа). У той год, калі Анатоль Шуба выбіраўся у Акадэмію, ён прывёз шмат чорнай тканіны і з таго часу нашы акадэмічныя шапкі сталі сапраўднымі. Наша Ларыса Мікалаеўна ведае дні нараджэння многіх ветэранаў летніка, нумары тэлефонаў -– яна своеасаблівы інфармацыйны даведнік Альхоўкі. Першыя відыяфільмы з летніка – гэта таксама справа Ларысы Чыгір (Кітовай).
Шалудзякова Аля — была намеснiкам дырэктара СШ № 56 г. Гомеля, Сорасаўскi настаўнiк, нястомны педагог, якi пастаянна знаходзiцца ў пошуку. Каманда фiзiкаў з яе школы, якую ўзначальвала Аля Анатольеўна, паспяхова выступала на рэспублiканскiм турнiры юных фiзiкаў, дзе не згубiлася на фоне каманд лiцэя БДУ. Яе вучнi ўдзельнiчалі ў канферэнцыях даследчых работ, летняй фiзiка-матэматычнай школе ў Лужасне. Аля Шалудзякова — аўтар публiкацый у прадметным часопiсе, а таксама ў журнале «Кiраванне ў адукацыi». Яна вельмi шмат зрабіла для нашага летнiка. Казалі так: «Калi ёсць Аля Анатольеўна, то ўсё будзе змястоўна, iнтэлiгентна i прыгожа». Сёння яна шмат часу прысвячае фотамастацтву. Былі праведзены дзве персанальныя выставы. Пашукайце ў інтэрнэце яе цудоўныя фота. Не пашкадуеце.
Шанаванне гасцей летнiка. Мы заўседы з радасцю сустракалi на нашай паляне дырэктара Альхоўскай школы Яўгена Уладзiмiравiча Чабатарова, яго жонку — настаўнiцу [Тамару Уладзiмiраўну], цяперашняга дырэктара Альхоўскай школы – Сяргея Анатольевіча Гаўрыловіча, дырэктара Міхалішкоўскай школы Віктара Казіміравіча Казака, загадчыкаў РАА Уладзiмiра Булавiцкага, Лілію Янкоўскую, Віктара Млечку; генеральнага дырэктара ВД «Белы вецер» Пятра Шумскага, паветраплавальнiкаў Алега Давыдзенка i Аляксандра Фiрсакова, намеснiка дырэктара выдавецтва «Сэр-Вiт» Тамару Дрозд, кансультанта МА Наталлю Гаравую, прарэктара АПА Ірыну Аляксандраўны Дзюбу, загадчыцу кафедры педагогікі і менеджмента адукацыі АПА Таццяну Андрэеўну Лапацік; гасцей з іншых краін: Андрэя Тарчэўскага, Рыму Кашчэеву, Рыгора Шустэфа, Алену Дворак i iншых VIP- персон.
Шуба Анатоль. На вялікі жаль, у 2020 годзе мы яго пахавалі. Вельмi шмат карыснага зрабiў для адукацыi нашай краiны, калi ўзначальваў Мiжнарожную Сорасаўскую Адукацыйную Праграму ў Галiне Дакладных Навук (ISSР). Можна гаварыць, што, менавiта, дзякуючы яму, многiя педагагiчныя мерапрыемствы на Беларусi ўсё часцей праводзяцца на падставе такiх прынцыпаў, як 1) самавызначэнне педагогаў на ўдзел у семiнары або канферэнцыi, 2) забеспячэнне ўдзельнiкаў неабходнымi метадычнымi матэрыяламi. Пры фiнансавай падтрымцы ISSP была створана Беларуская Асацыяцыя Настаўнiкаў Фiзiкi, выдавалася шмат кнiг, праводзiлiся iнтэлектуальныя спаборнiцтвы вучняў i г.д. У нашым летніку ён быў 26 разоў, праводзіў кацільён, актыўнічаў у іншых мерапрыемствах. Анатоль Аляксандравіч застаецца з намі, застаецца ў сэрцах тых альхоўцаў, якія доўгія гады ведалі яго як сапраўднага інтэлігента, чалавека высокай культуры, таленавітага майстра чалавечых зносін.
Шчасны Юрась — Сорасаўскi настаўнiк, настаўнiк фiзiкi СШ № 19 г. Брэста. Такiя альхоўцы, як Юра, з'яўляюцца тым "чалавечым фактарам", якi цэментуе будынак "альхоўскага" дома. Сваёй асобай, талентам узаемiн Юрый Аляксандравiч аб'ядноўвае людзей, матывуе iх на добрыя справы. Ён праявiў сябе i як арганiзатар, i як добры фiзiк, i як выканаўца гумарыстычных маналогаў, i як вядучы на свяце "Купалле". Ю.А. Шчасны — адзiн з аўтараў часопiса "Фiзiка: праблемы выкладання", дзе ен, у прыватнасцi, змясцiў артыкул пра летнiк у Альхоўцы.
Шумскi Вiктар — дырэктар, настаўнiк фiзiкi з СШ № 4 г. Старыя Дарогi Мiнскай вобласцi. Ён заўседы вельмi жаданы ў летнiку чалавек. Аўтар артыкулаў у часопiсе "Фiзiка: праблемы выкладання", а таксама вершаў i песен, якiя выконваюцца вечарам каля вогнiшча.
Шумскi Петр — генеральны дырэктар ВД "Белы вецер". Спонсар нашага летнiка, якi прывозiў у Альхоўку бiблiятэчкi лiтаратуры (для школы i аддзела адукацыi), сувенiры удзельнiкам, падарункi школе. Больш таго, многiя ўдзельнiкi летнiка (Валерый Барашкаў, Мiкалай Запрудскi, Альбiна Кiсялева, Валерыя Такарская, Галiна Унуковiч i iнш.) выдалi ў "Белым ветры" свае вучэбна-метадычныя дапаможнiкi для вучняў i настаўнiкаў.
Экскурсія. Амаль за суткі да завяршэння летніка, у суботу ў 10 гадзін раніцы мы на 12 — 15 машынах едзем на экскурсію па знакавых мясцінах Астравеччыны і суседніх раёнаў. Былі ў Гервятах і Рымдзюнах, у Варнянах, Міхалішках, Быстрыцы, на Блакітных і на Сарачанскіх азёрах, на возеры Нарач, побач з АЭС, у Астраўцы, на радзіме М. Агінскага ў Залессі. У 2022 годзе мяркуем паехаць у Лынтупы Пастаўскага раёна. Паглядзіце ў інтэрнэце, там ёсць чаму падзівіцца. Натхняльнік і арганізатар тут Анатоль Аўсейчык.
Эксперыментальныя даследаванні вучняў. Такая тэма курсаў у летніку была вызначана з-за таго, што ў вучэбную праграму па фізіцы былі ўключаны эксперыментальныя даследаванні. У выніку Мікалаем Запрудскім, Андрэем Карпуком, Канстанцінам Пятровым і Валерыяй Такарскай былі падрыхтаваны і выдадзены выдавецтвам «Сэр-Віт» спецыяльныя сшыткі для вучняў. Дарэчы, яны атрымалі грыф Міністэрства адукацыі.
Энцыклапедыя летнiка ад А да Я — гэта тэкст, якi вы, калега, зараз чытаеце.
Юшка ў нас варыцца і ўдзельнікі ей частуюцца, калі Валерыю Барашкаву, Сяргею Гарбацэвічу, Аляксандру Якубоўскаму і іншым нашым рыбакам удаецца налавіць рыбы. Аднойчы першы з гэтага спіса аматараў рыбнай лоўлі злавіў шчупака, які змясціўся ў слоіку ад маянэзу.
Якубоўскія Эла і Аляксандр. Жодзінскія настаўнікі. Эла працуе ў гімназіі, Аляксандр - у школе № 9. Абодва настаўнікі-метадысты. Яна абараніла магістарскую дысертацыю. Эла Мікалаеўна – аўтар шматлікіх артыкулаў, аўтар кніг па медыяадукацыі, якія выдадзены і ў нас, і на Украіне. Праводзіць майстар-класы, іншыя заняткі ў АПА і МАІРА. На курсах у летніку паспяхова выконвае ролю кансультанта. Ментар дыстанцыйных курсаў па актыўнай ацэнцы і медыяадукацыі. Член суполкі настаўнікаў-метадыстаў “Імкненне”. Аляксандр трэніруе каманду Мінскай вобласці на заключны этап фізічнай алімпіяды. Рыбак, аўтамабіліст, пад яго кіраўніцтвам у летніку арганізуецца лазня.
Я вам дасылаю свае прывiтаннi/пажаданні. Падчас урачыстага закрыцця летнiка Юра Шчасны па традыцыі хаваў ў зямлю пад дрэвам слоiк, у якiм знаходзіліся лiсты з пажаданнямi наступным удзельнiкам курсаў у Альхоўцы. Для прыкладу прыводзiм запiсы, якiя пакiнулi «нашчадкам» альхоўцы 6 лiпеня ў апошнi год мiнулага стагоддзя. Амаль праз год, 1 лiпеня, адкрываючы новы летнiк, мы iх прачыталi:
- Ольховцы! Если вы сейчас здесь нашли и читаете эту записку, значит всё в порядке! Ура!!!!
- Рада буду бачыць вас у 2001 годзе (Подпiс неразборлiвы).
- Усiх вельмi-вельмi люблю. Адчуваю асалоду ад сустрэчы. (Чачэнiн з-пад Брэста).
- 11-я Альхоўка, гарачае лета запомнiцца надоўга. Няхай будзе 12-ы летнiк. Да сустрэчы.
- Я так хочу, чтобы Ольховка не кончалась, Чтобы мысль не истощалась
- У нас у всех.
- Я так хочу, чтобы все друзья встречались, Чтобы все они общались,
- Чтобы дела все получались, И в новый век! Лера.
- Улетаю, чтобы снова вернуться. Уже сейчас жду встречи со всеми ольховитянами. Искренне Ваша-Нэ-Нэ-Нэ Баскет. 6.07. 2000.
- Працуйце, дзялiцеся, дапамагайце, расслабляйцеся, адпачывайце, сумуйце, прыязджайце.
- Жадаю iмклiвага развiцця фiзiкам i фiзiцы, методыцы i тэхналогiям: Жадаю бачыць усiх альхоўцаў шчаслiвымi, прызнанымi калегамi i начальствам. А.Г. · Быць тут праз год (Подпiс неразборлiвы).
- Вiтаю цябе, Альхоўка! Шаноўныя сябры. Жадаю вам выдатна адпачыць i папрацаваць. Усiх вас люблю. Вольга Зв.
- Гэта самыя цiкавыя i цудоўныя днi майго жыцця. Тут самыя добрыя сябры. (Подпiс неразборлiвы).
- Сябры мае, як хочацца, калi вы чытаеце гэтыя радкi, каб я быў разам з вамi ў нашым крузе. Як хочацца перажыць гэты тыдзень радасцi яшчэ раз! Жадаю ўсiм радавацца ўзаемiнамi, набiрацца сiл на новы навучальны год i зноў балдзець на гэтай цудоўнай зямлi Альхоўкi. Вiват Альхоўка-2001. (Подпiс неразборлiвы).
- Маладзее Альхоўка разам з намi. Няхай так будзе заўжды. Журба.
- Жыве Альхоўка! Усiм вярнуцца праз год, новых iдэй, творчых поспехаў, кахання. Расшырыць склад каманд у спаборнiцтвах. Паласу жахаў зрабiць яшчэ больш жахлiвай, паласу асалодаў яшчэ больш салодкай. Яснага неба, цяпла, многа вады i рыбы ў Страчы.
Даеш трыццаць другую Альхоўку!!!
Крыніца: сайт АПА