Дзённік настаўніцы. 20 верасня

Ганна Севярынец
20.09.2021

Калі ўважліва глядзець на пяцікласнікаў на ўроку, праз некаторых будзе падсвечваць іх першы настаўнік. Вось дзіця стаіць ля дошкі, і кожны свой рух каментуе, паўтарае словам ход сваёй унутранай думкі: калі выдзяляе канчатак, калі вызначае склон, калі падбірае прыметнік да назоўніка. І не проста каментуе, а з такім унутраным супакоем, яму ад гэтага каментавання камфортна, ён адчувае пад нагамі грунт. Гэта дзіця надзвычай харошага настаўніка, класічнага, старой генерацыі. Такія настаўнікі – мой недасягальны ідэал.

А вось дзіця сядзіць як бы і само па сабе, не надта слухае, паглядвае ў вакно, пстрыкае ручкай, але як толькі задаеш якое-небудзь каверзнае пытанне – падскоквае на месцы і выдае крэатыўную, не з неба, а сур’ёзную, абгрунтаваную школьнымі ведамі, выснову. Тады я разумею, што ў яго была настаўніца кшталту мяне: вясёлая халтама, у якой вучэбнай дысцыпліны асабліва не было, але дурака на ўроках яны валялі даволі педагагічна.

А вось харошая дзяўчынка, у якой любое правіла адлятае “ад зубоў”, але спытаешся ў яе што-небудзь гэткае, “на падумаць”, яна рэагуе весела, але дзіўна. “Маша, а паспрабуй сфармуляваць, што такое ўвогуле – скланенне?” – і яна выхоплівае з дзённіка патрэсеную, кудлатую з бакоў таблічку і крычыць радасна: “Вось! Скланенне – гэта табліца!” “Угу, кажу, малайчына вашая настаўніца. Напэўна, вельмі строгая?” – “Оооо, вельмі!” – ківае галавой дзяўчынка.

Заўважыла, што дзеці харошых настаўнікаў вельмі радуюцца, калі іх былых настаўнікаў хваляць. Адзін хлопчык пасля таго, як я пахваліла ягоныя веды і ягоную настаўніцу, нават прыйшоў на перапынку – і стаў расказваць пра сваю Вольгу Аляксандраўну. Расказваў, расказваў, хваліўся, а потым і кажа: “У нас у класе ўсе дзеці былі харошыя, адны выдатнікі, а адзін – дурань. Праўда, Вольга Аляксандраўна лічыла, што ён проста ўсё вывучыць пазней, што ён не такі хуткі, як мы, але яна памылялася, ён проста дурань”.

Пасмяялася і кажу яму: “Думаю, ваша цудоўная Вольга Аляксандраўна ніколі не памыляецца”.