Як сёння 200 год Фёдару Дастаеўскаму, то вось падарунак аматарам ягонай творчасці і школьным настаўнікам ад Павел Севярынец: ён склаў віктарыну па біяграфіі і творчасці юбіляра і прасіў перадаць вам у карыстанне:) Публікую адразу з адказамі:)
Віктарына “200 гадоў Дастаеўскаму – хрысціянскаму генію родам з Беларусі”
1. Родавае гняздо Дастаеўскіх – сядзіба і паселішча ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці: ва ўласнасці Дастаеўскіх яно з 1506 года. Цяпер тут дзейнічае адмысловы музей і стаіць помнік знакамітаму пісьменніку. А як называлася сядзіба? (Дастоева)
2. Шляхецкі род Дастаеўскіх – глыбока беларускі і глыбока хрысціянскі, вядомы ў ВКЛ на Меншчыне і Берасцейшчыне з залатога XVI стагоддзя як землеўладальнікі і ваяры. А назавіце герояў рамана Дастаеўскаг, чыё прозвішча ўзятае з імя вялікага князя ВКЛ? (Свідрыгайлаў у “Злычынстве і пакаранні”)
3. У сярэдзіне XVI стагоддзя прапрадзед Дастаеўскага валодаў у Менску вялікім хрысціянскім збудаваннем. Стаяла яно на Траецкай гары ля сённяшняга опернага тэатра там, дзе цяпер будынак Міністэрства абароны. Так што ж за маёмасць належала Стэфану Дастаеўскаму? (Праваслаўны манастыр Узнясення)
4. Геній беларускага паходжання Фёдар Дастаеўскі найлепш у цэлым свеце апісаў таямнічую р у с к у ю д у ш у. Калі ў свеце хочуць зразумець рускіх – раяць чытаць Дастаеўскага. Адзін з герояў несмяротнага рамана “Браты Карамазавы”, Міця Карамазаў кажа: “Шырокая руская душа! Я бы…” Скончыце фразу Міці адным словам. (Звузіў)
5. Вялікія раманы Дастаеўскага сталі асновай для новай філасоўскай плыні рускай думкі XIX ст. Пасля вызвалення сялянаў ад крапасного права ў 1861-62 гадах галоўнай тэмай для аграмаднай імперыі стала пытанне зямлі. І цэлая хваля мысляроў следам за Дастаеўскім назвалі сябе… Як? (“Почвенниками”)
6. Першы раман Фёдара Дастаеўскага, напісаны ў 1846 годзе, ва ўзросце 25 гадоў, быў пра людзей. А пра якіх людзей напісаў Дастаеўскі? Назавіце раман: якія людзі? (“Бедныя людзі”).
7. 27-гадовым Дастаеўскі трапіў у таемны сацыялістычны гурток Спешнева. Гурток быў раскрыты, а Дастаеўскі арыштаваны і прысуджаны… Да якой кары? (Смерці)
8. Раніцай 22 снежня 1849 года 28-гадовы Фёдар Дастаеўскі ўзыходзіць на эшафот. Стоячы на парозе смерці з мяшком на галаве пад рулямі стрэльбаў, ён перадумаў усё сваё жыццё. У апошні момант загадам імператара Мікалая I, дастаўленным праз кур’ера, смяротнае пакаранне было заменена чатырма гадамі катаргі і шасцю гадамі салдацкай службы. У гэты момант, згадвае Дастаеўскі, у яго сарвалі з галавы мяшок, і прамені ранішняга сонца раптам асвяцілі ўдалечыні… Што? (Царкву: залатыя купалы і крыжы сабора)
9. Катарга Дастаеўскага, дзе асуджаныя, закаваныя ў кайданы і ланцугі на цэлы дзень, працавалі і жылі, размяшчалася ў Сібіры, у горадзе, дзе сёння жыве больш мільёна жыхароў… (Омск)
10. У Омскім астрогу ў 1850-53 гадах, куды быў сасланы Дастаеўскі, у яго была толькі адна кніга. Якая? (Евангелле)
11. Пасля 4-х гадоў катаргі Фёдар Дастаеўскі быў пераведзены салдатам у горад, які пазней, у часы камуністычнага кіравання стаў знакамітым з-за сакрэтнага ваеннага палігона, дзе праходзілі выпрабаванні ядзернай зброі. (Семіпалацінск)
12. Праз 10 гадоў пасля пачатку свайго турэмнага тэрміну Фёдар Дастаеўскі апісаў свой досвед асуджаннага ў “Запісках…” А запіскі адкуль? (“Запіскі з мёртвага дома”)
13. 1863 год. У Беларусі грыміць паўстанне, узначаленае Кастусём Каліноўскім. А ў Пецярбургу выходзіць часопіс, заснаваны братамі Дастаеўскімі, з характэрнай назвай – потым праз 100 гадоў, яе возьме галоўная тэлевізійная праграма на 1/6 частцы сушы… (“Время”)
14. Гэты раман пра гульню Дастаеўскі напісаў (дакладней, надыктаваў стэнаграфістцы) усяго за 4 месяцы, каб разлічыцца з даўгамі. (“Ігрок”)
15. Свой першы вялікі раман “Злачынства і пакаранне” Фёдар Дастаеўскі пісаў у 1863-66 гадах, - у той жа самы час, што і іншы геніальны пісьменнік, ягоны апанент – сваю галоўную кнігу. Якую? (Леў Талстой, “Вайна і мір”)
16. Завязка “Злачынства і пакаранне” – забойства. Студэнт Радыён Раскольнікаў задумвае забіць старую сквапную працэнтшчыцу, якая бярэ рэчы ў заклад пад працэнты – каб з яе грашыма пачаць новае жыццё. Раскольнікаў прыходзіць да старой з сякерай, забівае працэнтшчыцу і забірае грошы ды рэчы. Але раптам штосці пайшло ня так. Што? (У кватэры аказалася сястра старой, Лізавета).
17. Злачынства Раскольнікава не даказваецца без ягонага прызнання: з'яўляюцца іншыя, на каго падаюць падазрэнні і хто бярэ віну на сябе. Здавалася б, забойца ўратаваны. Але нешта прымушае Раскольнікава прызнацца ў забойстве. Што? (Сумленне)
18. У сарцавіне кожнага з вялікіх раманаў Дастаеўскага – вобраз Ісуса Хрыста. У "Злачынстве і пакаранні" ролю кульмінацыі выконвае эпізод, дзе Соня Мармеладава чытае Раскольнікаву ўрывак з Евангелля пра ўваскрасенне. Менавіта ў гэты момант у душы Раскольнікава адбываецца паварот да пакаяння і новага жыцця. А каго ўваскрэсіў Ісус, паводле гэтага ўрыўку? (Лазара)
19. Гэты раман-прароцтва пра будучую камуністычную рэвалюцыю Дастаеўскі напісаў на аснове судовага працэсу радыкальнага левага падпольшчыка Нячаева. Назва рамана – прамая ацэнка тых, хто разгорне тэрор супраць свайго ўласнага народа ў 1917-ым. ("Бесы")
20. "Браты Карамазавы". Тры браты, законароджаныя дзеці таямніча забітага памешчыка Фёдара Карамазава, сімвалізуюць тры шляхі развіцця Расіі. Халодны рацыяналіст і цынік Іван, гарачы, але сумленны і шчыра Міця, ціхі інак, багамолец Алёша – хто ж з іх забіў свайго бацьку? (Чацвёрты – незаконнанароджаны Смердзякоў)
21. Манастыр у "Братах Карамазавых", дзе жыве старац Зосіна, эпіцэнтар падзеяў рамана, меў сваім прататыпам дзеючую абіцель, вядомую ў ваколіцах Калугі з XV ст. Гэты манастыр быў месцам прыцягнення і для Гогаля, і для Талстога, і, канечне, для самога Дастаеўскага. Менавіта ён стаў агмянём развіцця хрысціянства ў Расіі, быў разбураны камуністамі, а цяпер узноўлены. (Опціна пустынь)
22. Гэтую легенду, уключаную ў "Братоў Карамазавых", брату Алёшу расказвае Іван Карамазаў. Як сучасны святар можа асудзіць на смерць Хрыста – паказвае нам… ("Легенда пра Вялікага інквізітара")
23. Падчас напісання "Братоў Карамазавых" Дастаеўскі страціў адзінага сына. А як яго звалі? (Алёша)
24. Глыбокі даследчык чалавечай душы, Дастаеўскі дайшоў да самых таемных куткоў сэрцаў сваіх герояў, выявіў першапачатковыя пабуджэнні сучаснага чалавека. Такая псіхалагічная проза атрымала адмысловае найменне ад прозвішча аўтара. Такім чынам, як называецца глыбокі псіхалагізм у літаратуры? (Дастаеўшчына)
25. "Бог і д'ябал змагаюцца за душу чалавека" – кажа Дастаеўскі вуснамі аднаго са сваіх герояў у "Братах Карамазавых": - "і поле бітвы…" Што? ("… сэрцы людзей")
26. Пісьменнік Уладзімір Набокаў лічыў, што раманы Дастаеўскага са злачынствам як асновай драмы, таямніцамі следства, судовымі разборамі, верслемі падзеяў і пошукам ісціны да апошніх старона належаць менавіта гэтаму жанру. Якому? (Дэтэктывы)
27. Для вялікіх раманаў Дастаеўскага характэрны вобраз "фатальнай жанчыны", якая прыцягвае мужчынаў і робіцца прычынай іх злачынства ці смерці. Назавіце такіх жанчынаў – гераіняў Дастаеўскага. (Настасся Філіпаўна і Аглая ў "Ідыёце", Груша і Кацярына Іванаўна ў "Братах Карамазавых")
28. Радыён Раскольнікаў і Міця Карамазаў асабліва блізкія Дастаеўскаму, бо ён адправіў іх туды, дзе пабываў і сам… (у турму і на катаргу)
29. Многія з вас чыталі ў дзяцінстве знакамітую кнігу былога беспрызорніка Лёнькі Панцялеева ці глядзелі фільм паводле яе – "Рэспубліка ШКІД". А што гэта за такі "ШКІД", як мае непасрэднае дачыненне да тэмы нашай віктарыны? ("Школа імя Дастаеўскага")
30. А якое дачыненне да Дастаеўскага маюць геніяльны фізік Альберт Энштэйн, нобелеўскія лаўрэаты па літаратуры немец Томас Ман, амерыканец Уільям Фолкнер, француз Альберт Камю, італьянскі рэжысёр Федэрыка Феліні? (Усе яны прызнавалі ўплыў Дастаеўскага на сваю асобу і творчасць)
31. Самыя светлыя вобразы ў раманах Дастаеўскага – с в я т ы я. Да гэтай катэгорыі ягоных герояў належаць сапраўдныя хрысціяне: былая прастытутка, былы афіцэр-самадур, інак – брат забойцы ўласнага бацькі… Назавіце іх. (Соня Мармеладава, старац Зосіма, Алёша Карамазаў)
32. Дастаеўскі перажыў духоўны пералом на катарзе ў Омскім астрогу якраз у гэтым узросце – з 30-ці да 33-х гадоў. Хрысціяне лічаць менавіта гэты ўзрост найважнейшым, ключавым у жыцці чалавека. А чаму? (Гэта ўзрост Ісуса Хрыста падчас Яго зямнога служэння)