Дзённік настаўніцы. 8 снежня

Ганна Севярынец
08.12.2021

Сёння з адным хлопчыкам абмяркоўвалі "Дзікае паляванне", і выйшлі на думку, што ўрэшце рэшт дабро, якое мела рэсурсам толькі чыстае сэрца і разумную галаву, перамагло зло, у якога была і зброя, і страх, і ўлада, і грошы. І я тады кажу: насамрэч так заўсёды і бывае, як ні дзіўна. Хлопчык пасміхнуўся, паглядзеў на мяне па-бацькоўску і сказаў: насамрэч не.

Да ладна, пярэчу яму. Прывядзі мне хоць бы адзін прыклад з гісторыі, калі б напрыканцы перамагло зло.

Хлопчык падумаў, зноў пасміхнуўся і сказаў: не, ну калі даць дабру час, то яно, канешне, калі-небудзь пераможа.

Тут я натхнілася і прамовіла, маўляў, ніводны гістарычны сюжэт не канчаецца перамогай зла. Як толькі бачыш кропку ў сюжэце, там і ёсць перамога дабра.

На што хлопчык прымружыў вочы і паправіў мяне: проста мы ставім кропку толькі тады, калі перамагае дабро.

На гэтым мы і паразумеліся)

 
 
Ілюстрацыі з публікацый  аповесці У.Караткевіча "Дзікае паляванне караля Стаха" у інтэрнэце