Небанальны ўрок атрымаўся ў нас сёння па біяграфіі Кузьмы Чорнага, дык падзялюся, магчыма, каму спатрэбіцца ідэя. Карыстайцеся.
Сыходныя дадзеныя простыя: дзясяты клас наш агульнымі намаганнямі больш ці менш уяўляе сабе гістарычную сітуацыю першай паловы ХХ стагоддзя, разумее асноўныя даты, заканамернасці, з большага арыентуецца ў літпрацэсе, прынамсі, Маладняк і Узвышша ўжо адскокваюць ад зубоў, але пры гэтым пра Чорнага мы яшчэ не гутарылі, таму ягоная біяграфія — тэра інкогніта, што таксама важна для эксперымента. Чытаць мы будзем "Пошукі будучыні", таму гэты ўрок мусіць быць не толькі біяграфічным, але і зматываваць да чытання.
Адразу я папярэдзіла дзяцей, што ўрок гэты вельмі важны для мяне асабіста, што я хацела б вырашыць для сябе адно няпростае пытанне, і яны могуць мне дапамагчы ў гэтым, калі пагодзяцца на эксперымент. Хто б не пагадзіўся:))
Тады агучыла пытанне, якое хацела б вырашыць з дапамогай дзяцей: ці сапраўды чалавек — гаспадар свайго лёсу, ці кожны час дае магчымасць рабіць выбар, ці заўсёды выбар чалавека - гэта ваганне паміж благім і добрым, альбо часта гісторыя прымушае нас абіраць паміж благім і благім, і якія крытэры ёсць у выбара, і ці можна ад гісторыі ўхіліцца і пражыць шчаслівае жыццё, схаваўшыся ад часу дзе-небудзь на хутары альбо ў лесе. Троху пагаманілі пра гэта, абапіраючыся на малады і гарачы аптымізм дзяцей.
Ну, і пачаўся ўласна эксперымент. Загуглілі мы сапраўднае імя Чорнага, родную вёску (паглядзелі на мапе, дзе яна знаходзіцца, суаднеслі з лініяй фронта першай сусветнай) і даты нараджэння і смерці. Усё, закрылі гугл.
Потым мы вызначылі асноўныя часовыя кропкі, у якія чалавеку, народжанаму ў 1900 годзе, трэба было рабіць выбар. 1914 год — што рабіць жыхарам Цімкавіч? Бежанства, акупацыя, ціхенька сядзець па дамах? 1916 — пачынаюць працаваць школы, вучыцца ці не? 1921, сыходзяць палякі — прымаць Саветы ці не? Друкаваць першае апавяданне ці не? 1925 — які выбар? Сядзець у вёсцы ці ехаць на Менск, паступаць у БДУ ці шукаць працу на заводзе, ці ісці ў Маладняк? Ці выходзіць з яго альбо заставацца? 1930, першая хваля арыштаў — пайсці у турму альбо на кампраміс з уладай? 1937? 1941?
Усе магчымасці чалавечага выбару пісалі ля дат. А потым адкрылі біяграфію Чорнага — і абводзілі іншым колерам тыя рашэнні, якія прымаў ён. Так вымалёўваўся лёс, так мы бачылі, на якіх развілках куды ён ішоў, так разумелі, ці цяжкі выбар перад ім стаяў.
Пакуль дайшлі да 1944, дзеці ўжо ведалі Мікалая Карлавіча як роднага, прайшоўшы з ім увесь жыццёвы шлях. І тут мы загуглілі ягоны дзённік. Прачыталі трагічны апошні запіс.
У гэтым моманце чакала нас кульмінацыя, калі дзеці паглядзелі дату апошняга запісу ў дзённіку - і паднялі вочы на дошку. Дата апошняга запісу - дата смерці. Я бачыла, што некаторых ажно перасмыкнула ад імгненнага ўражання. "Божа, напішы за мяне мае раманы, так мне маліцца, ці што?"
І тут я ўжо падняла над галавой растрэсеную кніжачку "Пошукі будучыні". Раман, які Чорны пісаў "у стол", які не марыў пабачыць у друку, за які заплаціў высокі кошт асабістых кампрамісаў, да якога ішоў усё жыццё і які быў ягоным патаемным выбарам.
О так. Эмацыйна выйшла крута, метадычна — не ведаю, потым паглядзім.