Дзённік настаўніцы. 27 студзеня

Ганна Севярынец
27.01.2022

Беларускія музейшчыкі мая бясконцая крыніца натхнення. От сёння, напрыклад, я, настаўніца рускай і беларускай літаратуры, павяла дзяцей у музей. Там у нас: а) перасоўная выстава пра гісторыю напісання "Ганны Карэнінай" (мы яе якраз чытаем па-руску), і б) выстава Залатая раніца беларускага Адраджэння, дзе, сярод іншага, артэфакты, датычныя Узвышша, і нават піяніна з сям'і Кузьмы Чорнага, якога мы чытаем па-беларуску.

Але гэтае супадзенне шчэ самая дробязь. Экскурсія па Талстому вядзецца па-беларуску) Змест яе, перададзены з Масквы, значна пашыраны за кошт беларускіх экспанатаў. Экскурсаводка маладая, хуткая, дасведчаная дзяўчына, імгненна ўсталявала з дзецьмі кантакт, і я ўжо проста атрымлівала асалоду ад выставы, бо дзеці былі ў надзейных руках.

Ну і, трэба сказаць, рэгулярныя выезды ў музеі маюць сур'ёзны выхаваўчы эфект. Калі раней мне ўвесь час даводзілася шыкаць, цішкаць і глядзець на сваіх экскурсантаў настаўніцкім позіркам, то сёння не ўключала ніводнага разу) Прывычка добрых паводзінаў у музеях харошая вучнёўская прывычка)