У сваім змаганні за права дзяцей (і людзей наогул) рабіць памылкі, асабліва арфаграфічныя, дайшла "да ручкі":))
Даўно ўжо тлумачу дзецям: вы прыходзіце ў школу не для таго, каб бясконца дэманстраваць бліскучыя веды, а для таго, каб чагосьці не ведаць і памыляцца, іначай — навошта вам школа? Каб стаяць ля дошкі і збіраць дзясяткі? І так адзінаццаць год? Гэта ж ад тугі можна памерці.
Таму калі вучань кажа: "А што, калі я памылюся?" — радасна крычу: дык гэта ж крута! Мы паглядзім на памылку, разбярэмся, адкуль яна ўзялася і разам выправім! І запомнім, як правільна.
Карацей, пісалі сёння анлайн дыктовачку: дзеці самі склалі тэксты, абралі аднаго дыктоўшчыка, ён дыктуе, усе пішуць, а адзін мусіць выкласці свой варыянт у чат: каб мы праверылі і ягонае, і сваё. "Давайце ў чат выкладзе той, хто можа патэнцыйна памыліцца — каб нам цікавей было правяраць". "Я, я, я магу!" — радасна падскоквае Маша, якая і сапраўды блага піша дыктоўкі. "Ганна! — крычыць другая, дзяўчынка з абсалютным арфаграфічным пачуццём — Ганна! Я магу спецыяльна памыліцца, можна, гэта буду я?"