Дзённік настаўніцы. 16 лютага

Ганна Севярынец
16.02.2022

Самае цяжкае ў працы настаўніка гэта калі ў цябе праз гадзіну пачынаецца бясконцая колькасць урокаў, а ты не тое што сіл і настрою не маеш пры захаванні агульнай матывацыі, а тупа наогул не разумееш, навошта каму трэба гэтае вось усё. От зараз папсую дзецям назаўсёды і Гарэцкага, і Зарэцкага, і "Анегіна", і пунктуацыю ў бяззлучнікавых сказах, і што толькі пад руку падвернецца, і сама ж потым буду разграбаць.

І натхнення браць няма адкуль, і запалу, і настрою. А ўзяць аднекуль трэба.

Сядзеў бы дзе ў офісе на якіх званках альбо дакументах, выпіў бы каньячку. А на гэтай працы і таго не зробіш.

Туга і сум. Тата мой казаў заўсёды: нават доктар, калі памыляецца, псуе жыццё толькі аднаму чалавеку. Настаўнік памыляецца адразу класамі.

Праваліся яно ў пекла, усе гэтыя іхныя войны, перамовы, суды, геапалітыка і сінія пальцы. От каб ім трэба было проста зараз усім праверыць дваццаць вершаў Максіма Багдановіча на памяць, перачытаць сачыненні па "Анегіне" і прыдумаць захапляльнае заданне па Гарэцкаму  не было б ім ніякага часу займацца бздурай.

 

От так паскардзішся на ўсю стужку на сваю настаўніцкую долю, сцісьнеш зубы, адкрыеш для праверкі заданне дзесяцікласнікаў па беларускай літаратуры а там табе дзяўчынка пераклала "Зорку" Дудара на французскую мову:) Проста сама, з цікавасьці:))

От так:))

Алесь Дудар. Зорка. Пераклад Ірыны Валіевай:)

L'étoile verte s'est perdue

L'univers l'a assombrie...

A l'aube de la bande dorée

L'étoile verte s'est perdue.

Et voyage dans la rosée argentée

Et cherchant des chemins dans le noir

L'étoile verte s'est perdue

L'univers l'a assombrie

Заблудзіла зялёная зорка –

атуманіў яе сусьвет...

У зарніц залатой паласе

заблудзіла зялёная зорка.

І вандруе ў срыбрыстай расе

і шукае дарогі ў змроку...

Заблудзіла зялёная зорка –

атуманіў яе сусьвет.

1926