Я хачу расказаць важнае. Расповед мой зараз стане колам у стужцы. Але я раскажу.
Паўгадзіны таму патэлілі нам у дамафон. Усе дома, таму, безумоўна, я напружылася, як заўсёды мы цяпер напружваемся ў такіх выпадках. Пытаюся: "Хто там?" Мне ў адказ: "Участковы".
Ну ясна, думаю. Дачакаліся. Ладна. Плотненька закрыла дзверы ў Любін пакой і пайшла дзверы адчыняць.
Ну і прыйшоў хлопец да нас. Ветлівы, сімпатычны, малады. Аказалася, мой сусед - а ён служыць у міліцыі, маладзенькі хлопчык, я яго ведаю з ягонага сёмага класа і калісьці пісала яму рэкамендацыю ў ворганы, такі парадак, суседзі даюць характарыстыку, маўляў, харошы чалавек, можна служыць - карацей, кудысьці ён там пераводзіцца, мой сусед, і зноў трэба ад суседзяў пару словаў, ці не сапсаваўся ён з часам. Дык прыслалі участковага спытацца.
Участковы піша, я дыктую, у перапынках гамонім. Пра школу, пра дзяцей, пра заробкі. Пра тое, што ў нашым доме не надта прынята з суседзямі сябраваць, а ў іхным доме - завядзёнка адваротная, моцная суседзкая супольнасць. Пра тое, што ў лясгасе бярозавы сок прымаюць па 40 капеек за літр. Пра тое, што вясна затрымліваецца. Пра тое, што позна, а ён на працы. Адначасова пакрысе складаем характарыстыку на суседа майго. А ён харошы хлопец, і не сапсеў, і гэта праўда. Я жыву з ім праз сценку, я ведаю.
Участковы пайшоў, а мне моцна-моцна хочацца плакаць. Я хачу жыць у свеце, у якім чалавек чалавеку чалавек. І калі абстрагавацца, калі проста вось у гэтыя хвіліны, пакуль мы гаманілі, дапусціць, што мне ўсё дрэннае проста прыснілася - то я маю доказ: чалавек чалавеку чалавек. Проста людскія справы, проста людзі, проста вечар.
Госпадзе, як даўно мы не жылі нармальным жыццём.
Не пішыце злога ў каментах.