"Своечасовы" гістарычны нацыяналізм і гістарычныя траўмы запозненых нацый (аксіёмы актуальнай гуманістыкі)

18.04.2022
ПРА ШТО “ЗАБЫВАЮЦЦА” СУЧАСНЫЯ ЗАХОДНІЯ БЮРГЕРЫ І ШТО НЕ “ЧУЮЦЬ” КАНДОВЫЯ ІМПЕРСКІЯ РАСЕЙЦЫ: “СВОЕЧАСОВЫ” ГІСТАРЫЧНЫ НАЦЫЯНАЛІЗМ І ГІСТАРЫЧНЫЯ ТРАЎМЫ ЗАПОЗНЕНЫХ НАЦЫЙ (аксіёмы актуальнай гуманістыкі)
Тэме сучасных “нацыяналізмаў” і грамадзянскай нацыі прысвечана безліч тэкстаў. У свой час я таксама дачыняўся неаднойчы да гэтай тэмы. Найбольш папулярна пісаў пра гэта у рэцэнзіі для нямецкіх чытачоў на перакладзеную ў Нямеччыне з расейскага арыгіналу кнігі Валянціна Акудовіча “Код адсутнасці”. У беларускім перакладзе рэцэнзія выйшла пад назвай “Кніга пра мяне, або рэсэнтыменты кібіца-інтэлектуала (“Дзеяслоў”, 2013-6).
Палічыў неабходным яшчэ раз звярнуцца да гэтай старой тэмы, калі паглядзеў, як пасля “вызвалення” чарговага паселішча данбаскай тэрыторыі расейскае ТБ пракруціла па розных каналах сцэнку адкрыцця збольшага ацалелай школы, але ўжо “русскоязычной” … Выступаў прадстаўнік адміністрацыі, дырэктар, бралі інтэрвію у бацькоў. Гаварылі і дзеці, яшчэ малыя, някемныя і шчырыя.
Як подла і гнюсна ўкладаць у вусны дзяцей анёльска-чыстые прызнанні, што фармальна супадаюць з геапалітычнай расейскай прапагандай! Дзіцятка бяз злосці гаворыць праўду: ”Мы же дома всё время говорим по-русски, а в школе всё стало ВДРУГ по-украински …”.
Узгадваюцца дакументальныя кадры часу гарбачоўскай перабудовы з занадта радыкальнымі выказваннямі НЕКАТОРЫХ тэмпераментных украінскіх патрыётаў, якія яшчэ задоўга да “майдану” час ад часу прарываліся ў публічнасць і сваімі неінтэлігентнымі опусамі і лозунгамі давалі нагоду спекуляваць на тэму ўкраінскага нацыяналізму, правінцыялізму і “бандэраўшчыны”.
Я добра ведаю украінскія падручнікі па гісторыі і бязмежную “калянавуковую” публіцыстыку таго часу (напрыклад, міфы пра старажытных украў, пошукі агульнасці паміж Буддам і тапонімамі “Буда” на украінскай тэрыторыі), бо ў сярэдзіне 90-х гадоў супрацоўнічаў у праграме “Школьныя падручнікі гісторыі” разам з грузінамі, малдаванамі і ўкраінцамі, фінансаванай і каардынаванай нямецкім “Інстытутам імя Георга Экерта для міжнароднага даследавання падручнікаў” (Браўншвайг), які цяпер ўжо прыняты як асобны аддзел у навуковы федэральны цэнтр “Інстытут імя Ляйбніца для адукацыйных медыя”.
Георг-Экерт-Інстытут (скарочана GEI, што выклікае часам добрую усмешку) займаецца “калектыўнымі узорамі талкавання ў школьных падручніках нацыянальных ідэнтычнасцяў і таксама культурна-антрапалагічнымі феноменамі СВОЙ-ЧУЖЫ”( kollektive Deutungsmuster sowie Selbst- und Fremdbilder, die in Schulbüchern geprägt werden”).
Не ведаю наколькі “вдруг” быў навучальны працэс ва ўзгаданай данбаскай школе пераведзены на украінскую мову.
Паралельна ўзнікаюць у галаве ўспаміны пра наш беларускі вельмі памяркоўны і эфектыўны “Закон аб мовах у БССР”, прыняты на 14-й сесіі ВС 11-га склікання 26 студзеня 1990 г.
Прыход Лукашэнкі да ўлады павярнуў у нас з мовай усё назад акурат у той 1995 год, калі ён пахваліў нямецкай “Гандэльсблят” Гітлера і загадаў збіць людзям у масках дэпутатаў апазіцыі БНФ, якія аб’явілі галадоўку супраць планаванага антыканстытуцыйнага рэферэндуму, дзе побач з іншымі пытаннямі стаяла змена гістарычных нацыянальных сімволаў і змена статуса расейскай мовы з МОВЫ МІЖНАЦЫЯНАЛЬНЫХ ЗНОСІН на статус ДЗЯРЖАЎНАЙ.
У тым жа 1995 г., першым годзе свайго прэзідэнства, з трыбуны Гомелькага гарадзкога савета, ён аб’явіў, што у свеце ўсяго дзве вялікія мовы, -- ангельская і расейская. Беларуская – нікчымная, на ёй нельга сказаць нічога вялікага. У далейшым гэта перарасло ў дзяржаўны мэм: “Говорите на нормальном языке!». Беларускамоўныя актывісты атрымалі пагардлівую мянушку – “Свядомыя”, “Змагары”, “Майданутыя” і г. д.
ГІСТАРЫЧНА “СВОЕЧАСОВЫЯ” НАЦЫІ І НАЦЫЯНАЛІЗМЫ. ЕЎРПЕЙСКІ АНТЫСЕМІТЫЗМ ЧАСУ СТАЛЕННЯ НАЦЫЙ
“Свой – чужы” першыя людзі на Зямлі пачалі адрозніваць па тым, як незнаёмец выглядаў і на якой мове гаварыў. Трымаючыся РАЗАМ, плямёны шукалі сабе ВЫГАДУ для штодзённага выжывання, фармавалі свае племянныя, пазней НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ “ЭГАІЗМЫ”.
“Своечасовасць” нараджэння яшчэ не-мадэрных нацый (канец 18-га – канец 19-га ст.ст.) ды іх “шчаслівы лёс і здароўе” часта параўноўваюць з найбольш прыдатным узростам жанчыны для нараджэння дзяцей (25-35 гадоў).
Глыбока разважаючы, падваліны еўрапейскіх нацый закладаліся ўжо ў эпоху Святой Рымскай імперыі.
Умоўна “своечасовымі” былі імперскія нацыі, чыя цывілізацыя наплывала хвалямі ад антычнай Грэцыі ды Рыму да прастораў, пазначаных гідронімамі з фармантай ДН (Дзьвіна, Дзюна, Днепр, Дунай, Дон, Днестр…): Італія, Францыя, Брытанія, Германія, Аўстра-Венгрыя, Польшча, Расея.
“Акраіны”, больш сельскія, неурбанізаваныя (“рустыкальныя”) заставаліся “на пазней”: Літва, Эстонія, Нарвегія, Україна, Беларусь, Славенія і г. д. -- з сваімі рэсэнтыментамі і траўмамі. Урбанізаваныя немцамі чэхі, як і эстонцы з нямецкімі “аграгарадкамі” – вартыя выдзяленню ў асобную падгрупу “запозненых”. На літоўскай мове першая друкаваная кніжка (катэхізіс Мажвідаса) з’явілася толькі ў 1547 г.
Рамеснікі, сяляне, войска гаварылі на сваіх лакальных мовах, царква ды навука паслугоўваліся лацінай.
У немцаў нават ёсць кніжка – “Як адбывалася кшталцаванне немцаў” (Die Verfeinerung der Deutschen. Erwin Seitz, 2011). Аўтар расказвае пра французскія уплывы і вылузванне немцаў з суседзкага моўна-цывілізацыйнага палону.
Гётэ некалі напісаў здзеклівае эсэ пра французскі дзеяслоў “composer” у дачыненні да напісання музычных твораў: скампанаваць можна толькі хіба пудынг! Толькі нямецкі дзеяслоў “aufsetzen’ (пакласці на нотаносец) адлюстроўвае працэс нараджэння музыкі ў адухоўленым натхненні, пра што сведчаць творы вялікіх немцаў.
Тэрытар’яльная “суспензія” нацый у Сярэдневеччы характарызавалася і неадменным антысэмітызмам з прычыны таго, што народжанае дзяржаўнае хрысціянства трымала ліхвярства за грэх яшчэ з часоў імператара Канстанціна, які сам хрысціўся толькі ў 337 –м годзе, а ўсё жыццё быў КАТЭХУМЕНАМ.
Хрысціянства вымушанае было змагацца з неабкладанымі падаткамі гебрайскімі купцамі ды мяняламі. Хрысціянам займацца ліхвярствам было грахоўнай справай. Рымскія Папы сачылі за “працэнтнай стаўкай”, падпісваючы адпаведныя “эканамічныя булы” з устанаўленнем працэнтных ставак па крэдытах як бы супраць гебрайскіх банкіраў, дынамічных гандляроў ды мянялаў.
Яшчэ са школьнага курсу мы помнім нешта прыблізнае пра “Вялікую хартыю вольнасцяў” (1215 г., на лацінскай мове), дадзеную паводле патрабаванняў маёмаснага стану перад Джонам Беззямельным, “ад Бога каралём Англіі, сэньёрам Ірляндыі, герцагам Нармандыі і Аквітаніі, графам Анжуйскім і г. д.”, дзе ў п. 10 гаварылася: “Калі хто возьме у яўрэя у доўг суму, вялікую ці малую, і памрэ раней, чым пагасіць сваю пазыку, росту гэтага доўгу не павінна быць, пакуль малалетнія наследнікі не вырастуць, незалежна, ад каго яны успадчыннілі зямлю, калі гэтая пазыка пападзе ў нашы каралеўскія рукі, мы вернем толькі тую маёмасць, якая пазначана ў закладзе.”
У п. 11 напісана: “ Калі хто памрэ, аставаючыся даўжніком яўрэю, ягоная жонка павінна атрымаць сваю удовіну долю, з якой доўг не вылічаецца; калі ў памерлага засталіся непаўналетнія дзеці, з доўга павінна быць пакінута належнае для утрымання дзяцей, астатняе ж павінна пайсці на пагашэння доўгу, але так, каб залежныя маёмасна ад памерлага не панеслі ніякай страты …”
Шылер, Гофман, Фон Арнім, большасць ваймарскіх класікаў аддалі даніну антысеміцкаму патрыятызму НОВАГА ЧАСУ.
Германскі геній Гётэ напісаў паскудны шванк (тыпова нямецкі часам сальны вершаваны жанр) пра яўрэяў – “Гадавы кірмаш у Плюндэрсвайлерн” (плюндэрн=рабаваць), дзе таксама, як у “Вялікай хартыі вольнасцяў” вытыркае банальная “кірмашовая”, зусім не рамантычна-таямнічая прычына антысемітызму.
Чэрчыль некалі сказаў, што ў Англіі няма антысэмітызму, бо мы лічым сябе не дурнейшымі за яўрэяў.
Цытацыі проста сведчаць пра ЗЯМНЫЯ ЭКАНАМІЧНЫЯ прычыны антысэмітызму, не таму, што гебраі носяць пейсы і ярмолкі і распялі Хрыста.
Сярэдневечная еўрапейская царква і буржуазія змагалася за рынкавы прыбытак. Рым вынайшыў форму змагання з сярэдневечнымі “бургамі”-банкамі (MONTES), якія дралі кабальныя працэнты і дзе было нямала разумных удачлівых яўрэяў – ствараць грашовыя фонды, якія давалі пазыкі пад мізэрны працэнт, з боскай хрысціянскай назвай MONTES PIETATIS.
Біскуп Лондана Michael Northburg (14ст.) нават спрабаваў у канкурэнцыі з банкамі адкрываць фонды з беспрацэнтнымі пазыкамі, але безпаспяхова. Тады ж узніклі і ланбарды (у Ланбардыі ў “неяўрэйскіх” закладных канторах з умераным ліхвярствам) як канкурэнты “ненасытных” банкаў, дзе раскашавалі не толькі прадстаўнікі яўрэйскай дыяспары.
Сёння можна ўзгадаць нобелеўскага лаўрэата з Індыі 2006 г., які першы разгарнуў кампанію мікракрэдытавання. Усё паўтараецца ў свеце бізнэсу. Потым быў прыняты закон, што асобнымі агаворкамі абмежаваў магчымасці такога крэдытавання. Спрачаюцца, хто да гэтага дачыніўся.
РАМАНТЫЧНЫЯ ОДЫ ВЕЛІЧЫ РОДНЫМ МОВАМ І ГЕРАІЧНЫЯ МІФЫ ПРОДКАЎ
У розны час і на розных тэрэнах Еўропы да сфармавання мадэрных “дзяржаўных” нацый лепшыя розумы і авантурысты славілі сваіх продкаў і непаўторнасць сваёй мовы. Хто вельмі прыгожа, хто -- не вельмі адмыслова.
Жыхары Вялікабрытаніі шануюць як “першаанглічанку” жанчыну, якую звалі Баўдыка (Boudicca). Пасьля сьмерці мужа, што быў у хаўрусе з рымлянамі, яна ўзначаліла кельцкае племя іцэнаў, адважна змагалася супраць прыхадняў, помсьцячы ім за зьдзекі з сваіх дзьвюх дачок і супляменьнікаў, прададзеных у рабства. У адной зь бітваў, адчуваючы немінучую паразу і не жадаючы здавацца ў палон, прыняла атруту з чорнага ваўчка (балігалова). Здарылася гэта паводле паданьня на пачатку 60-х гадоў пасьля Н.Х.
Падобным чынам немцы лічаць легендарнага Германа (паводле рымскіх гісторыкаў – Армінія), вайскавода германскага племені херускаў, “першым змагарным немцам”, які, будучы ўзятым маладым у палон рымлянамі, авалодаў вайсковым майстэрствам, ваяваў на баку рымлянаў, атрымаў рымскае грамадзянства, як манкурт, біў сваіх, а потым у адным з паходаў перабег на бок германскіх плямёнаў, якія нанесьлі цяжкую паразу рымскім легіёнам на чале з вайскаводам Публіем Квінтыліем Варам (Varus) у так званым Тойтэбурскім лесе .
Адбылася гэтая бітва (у немцаў – Varusschlacht) у 9-м годзе пасьля Н. Х. Не было тады яшчэ ніякіх немцаў. Былі толькі германцы-варвары.
Аднак у эпоху рамантычнага нацыятварэньня, асабліва перад франка-прускай вайной у 70-я гг. ХІХ стг. зьявіліся каля г. Дэтмольд помнік Герману, манумэнт на 54 м. вышыні, і прысьвечаныя яму дзясяткі гераічных паэмаў, опэраў і карцін. Тады яшчэ ня ведалі, дзе дакладна той “лес”, бо раскопак тады не праводзілі. І высока ўзьняты сямімятровы меч Германа быў скіраваны ня ў бок гістарычнага ворага, на Рым, а ў бок Парыжу...
У 2009 г. у Нямеччыне выйшлі тры таўшчэзныя манаграфіі, прысьвечаныя той бітве, разбудаваны сучасны мемарыяльны комплекс, які наведваюць тысячы школьнікаў, немцаў з усіх фэдэральных земляў ды замежных гасьцей.
У немцаў ёсьць добрая кніжка “Немцы і іхныя міты” (Герфрыд Мюнклер). Ужо пасьля ўзьяднаньня перавыдавалася некалькі разоў. Пра што яна? Пра нібэлюнгаў, Барбаросу, Германа-херуска, Рэйн, кайзэра Вільгельма, Фаўста, Люізу і жалезны крыж... Калі тое было ...
Нават “своечасовая” уладкаваная нацыя шануе свае старыя міты, якія разьдзяляюцца “разрывамі” з сучаснасьцю памерам у стагодзьдзі, бо нацыя хоча з аптымізмам глядзець у будучыню.
Томас Джэфэрсан, трэці амэрыканскі прэзідэнт (1743-1826), прапаноўваў зьмясьціць на дзяржаўны сьцяг ЗША выявы легендарных кіраўнікоў першых саксонцаў Хенгіста (Hengist) і Хорсы (Horsa), што высадзіліся на Альбіён паводле легенды ў 304 годзе пасля Н. Х. Джэфэрсан лічыў сябе і сваіх паплечнікаў патомкамі тых гераічных англасаксаў.
 
Швайцарцы лічаць пачаткам сваёй нацыі легендарную клятву прадстаўнікоў трох камунаў (Уры, Швіц і Унтэрвальдэн) на лугу Рутлі (Rüttli-Schwur) каля Фірвальдштэцкага возера у 1291 годзе. Гэта легенда 15 стагодзьдзя. Тут спрацоўвае гісторыя месца. Дакладна невядома, хто былі тыя клятвадаўцы пра ўзаемны хаўрус дзеля адзінства барадзьбы супраць “злых габсбурскіх намесьнікаў”. Адно паданьне кажа, што гэта былі мудрыя старцы, другое – што палымяныя маладзёны, трэцяе – што сярод тых трох была адна жанчына. Некаторыя гісторыкі ідэнтыфікуюць гэтых герояў з канкрэтнымі асобамі: Вернэр Штаўффахэр, Вальтэр Фюрст, Алнольд фон Мэльхьталь (або Вільгельм Тэль з гэтай жа камуны).
Сьпіс народаў і легендаў можна доўжыць і доўжыць. Палякі ўзгадваюць пра свайго легендарнага Леха, іракцы шукаюць сваіх продкаў сярод старажытных бабілёнцаў, венгры – у гунаў, французы – у галаў, румыны – у дакаў, туркі – у шумэраў і хетаў...
Наш сярэднявечны Скарына раіў нам браць прыклад зь зьвяроў, птушак, пчол, рыбаў, якія ведаюць свае логавы, гнёзды, віры ды бароняць вульляў сваіх і да тых месцаў вялікую ласку маюць ... Прадмовы ды запісы на “боцях” рабіў на жывой мове. Сам перакладны тэкст – беларускі варыянт царкоўна-славянскай. Мова Васіля Цяпінскага – непаранаўльна больш беларуская, чым Скарынава.
Канцлер ВКЛ Леў Сапега, які, прэзэнтуючы Статут 1588 году зьвяртаўся да ўсіх станаў гаспадарства, заклікаў да годнага веданьня правоў, “пісаных не чужой якойсьці моваю, а сваёй уласнай ...” .
Нашы землякі, што ў складзе 22-х харугваў хадзіл з нашых мястэчкаў на Грунвальдскае поле і на бітву пад Воршай гаварылі ж па-лагойску, барысаўску, наваградзку … Багушэвіч, Купала, Колас стваралі нашу новую літаратурную мову.
Ламаносаў, які выдатна гаварыў на лаціне і “тварыў” расейскую мову, як Лютэр у сярэдневечнай Германіі, пры нямецкім засіллі ў Акадэміі афарыстычна і ўзнёсла гаварыў пра расійскую мову: “Карл Пятый, римский император, говаривал, что гишпанским языком с Богом, французским — с друзьями, немецким с неприятелем, италианским — с женским полом говорить прилично. Но если бы он российскому языку искусен был, то, конечно, к тому присовокупил бы, что им со всеми оными говорить пристойно, ибо нашел бы в нем великолепие гишпанского, живость французского, крепость немецкого, нежность италианского, сверх того богатство и сильную в изображениях краткость греческого и латинского языков.“
Купала непаўторна напісаў у “Нашай ніве” 1914 г.: Скажа хто-небудзь: хай бы была адна мова на свеце, бо і праўда – нашто гэтулькі? Яно б то, можа, было і добра, а мо і не саўсім. Скажам, каб было аднаго толькі гатунку дзерава або аднаго толькі гатунку жывёліна ці збажына, то, напэна, лёгка дагадацца, што на свеце было бы далёка не так прыгожа, як цяпер ёсць. Але калі дзерава ці жывёліна ёсць толькі з верхняй аздобай зямлі , то мова людзей ёсць як бы цэнтрам гэтага жыцця, яго душой, яго ўнутранай аздобай.
Для мовы, для гэтай выразіцелькі душы і думак чалавека, не патрэбна ні скіпетраў, ні каронаў, як не патрэбна для сонца якога-небудзь яшчэ пазалочанага абруча, рамак. Сонца само па сабе адна аздобленасць – і золата, і брыльянт. Таксама і мова якога-небудзь народа ёсць для яго і скіпетрам, і каронай, яго нічым не апаганенай аздобнасцяй…».
ПЕРАКЛАДЫ БІБЛІІ ДЛЯ “ЗАПОЗНЕНЫХ НАЦЫЙ”. АЎТАКЕФАЛІЯ – СКЛАДНІК НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭНТЫЧНАСЦІ
Задумайцеся: некаторыя расейскамоўныя беларусы кажуць -- “какая разьніца на каком языке гаварыць?”. А чаго ж гэта расейцы бамбяць Украіну ды на “асвабаждзённых “ тэрыторыях адкрываюць расейскамоўныя школы? Тут яны нават спасылаюцца на еўрапейскія хартыі аб правах нацыянальных меншасцяў і дэфініцыі карэннага насельніцтва.
Перадражніваюць украінцаў, “самостійность” вымаўляюць са скрыўленым тварам, а заходнеукраінскія дыялектныя словы, германізмы, паланізмы, што натуральна для запазычання ў любой літаратурнай мове, кляймяць як “нацыяналітычна-фашыстоўскія галіцызмы”, што атручваюць спрадвечна ”рускую” мову гэтай “тэрыторыі”.
Барацьба Украіны ў апошнія гады за аўтакефалію вядомая нам усім. Незычліўцы Украіны замоўчваюць гуманістычны аспект праблемы: мова тэалогіі і публічных казаняў фармуе духовую сферу, нацыянальнае адзінства інтэлектуалаў і працаўнікоў штодзённай жыццёвай нівы.
І тут сярод як бы “праведных” інтэлектуалаў расейскага людзтва ўсёроўна з-пад знешняй апраткі часта праглядае імперскае аблічча…
Узгадваю візіт у Мінск Андрэя Кураева ў почаце з Мітрапалітам Аляксіем, цяпер ужо нябожчыкам.
Пасля публічнай лекцыі ў Палацы мастацтваў тады “правільны фактотум Мітрапаліта”, цяпер апальны тэолаг протадыякан Кураеў, паміж іншым заявіў: “ «А зачем вам своя автокефалия? Чтобы у вашего Патриарха была шапочка другой формы, не такая, как у Московского? А зачем Библию переводить на белорусский язык? Чем вам не нравится церковно-славянский? Это очень хорошее церковное эсперанто. А вдруг какой-нибудь поляк захочет перейти в православие. Зачем ему учить белорусский?
Забываецца прапаведнік РПЦ, што каля 60% высокастылёвых лекісных адзінак сучаснай расейскай мовы разам са словаўтваральнымі дэрыватывамі складаюцца з царкоўнаславянізмаў.
Пасля той лекцыі на другі дзень “Народная воля” змясціла мой артыкул на расейскай мове «Минское послушание Андрея Кураева: всё ли благодать в его устах?», дзе я паміж іншым напісаў (перапрашаю за самацытаванне): “Идя на встречу с живым Кураевым, я хотел увидеть и услышать, прежде всего не что, а как он будет предварять выступления Патриарха в Беларуси, как он, человек умный и образованный, разрешит публично самую главную, на мой взгляд, проблему современного миссионерства в Беларуси: как совместить идею интимности веры с тезисом о так называемых ТРАДИЦИОННЫХ ТЕРРИТОРИЯХ ПРАВОСЛАВИЯ? ... Сам смысл предполагаемых речей Патриарха в Беларуси был понятен заранее: для РПЦ «Белоруссия – это часть святой Руси», а тесное сотрудничество белорусской власти с православием – «явление, заслуживающее самых высоких похвальных слов».
Такія словы напісаліся …
Дзіўлюся, якой тоўстай скурай абраслі еўрапейскія бюргеры, якія папракаюць украінцаў, беларусаў, латышоў, літоўцаў у нацыяналізме, калі яны бароняцца ад расейскай духоўнай агрэсіі праз насаджэнне нам сваёй мовы і нораваў. Забыліся, як самі тры стагоддзі таму абтрасалі з сябе лаціну і чужы моўны гвалт дужэйшых суседзяў.
Нашы беларускамоўныя кантакты у сацыяльных медыя, мясцовыя беларускамоўныя сябрыны, літаратурныя тэксты, ажыўленыя ў каментарах успаміны пра звычаі, песні – наша вечнае уручча, такое ж годнае і не менш эфектыўнае, чым захаванне ў сэрцы нацыянальнай сімволікі.
Трэба шмат вучыцца, станавіцца сістэмнымі, кемнымі, метафарычнымі, сяброўскімі і добрымі. Авалоданне мовай патрабуе егіпецкай мурашынай цягавітасці, нашмат больш доўгай, чым вывучэнне фінансавай справы ці мастацтва шыць, кухарыць, гандляваць … Гэта асабліва цяжка, калі твая дзяржава не любіць сябе і цябе.
Пётра Садоўскі.
18.04.2022