Дзённік настаўніцы. 21 красавіка

Ганна Севярынец
21.04.2022

Цікавую з'яву назіраю апошнім часам у стужцы. Цягам тыдня сустрэліся мне два допісы, у якіх якое-небудзь беларускае слова аб'яўляецца смешным ці няўдалым, і ў каментах пачынаецца бздурычаскі і некампетэнтны пошук замены, і яшчэ два допісы, пабудаваных па прынцыпе "гнілога селядца": прыводзіцца спіс беларускіх словаў, напрыклад, нібы навуковых тэрмінаў, і частка з іх - звычайная, а частка - нібыта "смешная". І ў каментах пачынаюцца жарты, охі і ахі.

Гэта як калісьці гуляў па сеціве нібыта пераклад "Анегіна" на ўкраінскую мову, дзе Ленскага "калолі дручком", і наіўныя каментатары прыходзілі "паржаць" альбо жахнуцца "гэтым варварам".

Што хачу сказаць.

Па-першае, нашы ўзаемадачыненні з гумарам - гэта заўсёды паказчык інтэлекту. Калі дарослы чалавек пачынае смяяцца з чужых прозвішчаў, знешнасці, мовы, вопраткі - гэта сведчыць пра інтэлектуальны інфантылізм. Гэтаксама, як лёгка можна вызначыць, ці гатовае дзіця да школы: калі яно ў шэсць год працягвае цыкліцца на фекальным гумары пра какашкі і гаршкі, то можна шчэ і пачакаць.

Па-другое, допісы пра "смешныя словы" самі па сабе не забароненыя, безумоўна, але яны могуць быць сігналам пэўнай тэндэнцыі: паржаць, зрабіць смешным, дурным. З розных прычын: уласнай непісьменнасці, інфантыльнасці, непераборлівасці альбо свядомай непрыстойнае пазіцыі, іншы раз - за грошы кшталту "камент - долар, допіс - тры".

Дыскрэдытацыя беларускай (украінскай, польскай) мовы - рэч даўняя і не заўсёды аплочаная кімсьці, паржаць над мовай (любой) - любімая забаўка недалёкіх людзей. Дык не паддаваймася, каб не ўмёрлі)