Дзённік настаўніцы. 9-10 мая

Ганна Севярынец
10.05.2022

У перадапошнюю вайну адзін мой дзед, Жэня, працаваў у бауэра ў Нямеччыне: яму было шаснаццаць год, калі яго ўгналі на працы. Баба Галя ўсю вайну правяла ў Сібіры: іх акурат дэпартавалі з Лунінца як "палякаў". Дзед Павел паваяваў два тыдні: у бітве на рацэ Проні яму адарвала нагу.

Але страшней за ўсё мне сёння думаць пра бабу маю Марусю. Ёй у 1941 споўнілася 15, і ніхто ніколі не расказваў, як яна перажыла вайну. Наглуха. Аднойчы толькі бацька неяк хуценька, неахвотна, выпіўшы, сказаў быў мне, што яе некалькі разоў забіралі з іхнага хутара пад Рагачовам і вазілі ў мястэчка мыць падлогу ў камендатуры.

Толькі сёння раптам дайшло да мяне гэта ўсё: пятнаццацігадовае дзяўчо мые падлогу пасярод вайны у камендатуры ворага.

Ёсць нейкая жорсткая праўда ў тым, што гэтае свята - дзень Перамогі - нарэшце перастала быць святам.

Харошы выпуск. Сумны, але харошы.

Дзякуй, Nikita Monich

Адна заўвага: рукапісы ДударА!!! Націск на апошні склад!!! Ён ДудАр, а не ДУдар.

Папрашу гэта напісаць на маім помніку замест эпітафіі, а то памру - і людзі канчаткова перастануць называць гэтага паэта правільна.

...

 

У такія дні, як сёння, пачынаеш шмат думаць пра іншых. Нашто яны апранаюць на дзяцей ваенную форму, нашто яны ідуць на гэтыя канцэрты, чаму яны тое, чаму яны сёе, ад гэтых думак можна ачумець і зусім згубіць настрой, але тут важна памятаць, што правільнае пытанне не "чаму яны" - а "чаму я".

Важна, каб я не рабіла благога. Важна, каб мае дзеці не хадзілі ў пілотках.

За іншых я не адказваю.

Я адразу не стала прымаць на сябе калектыўнага пачуцця віны. Сёння я канчаткова зразумела, што не прымаю на сябе і калектыўнай адказнасці. Я не магу рабіць болей, чым я рабіла і раблю.

Я вунь раз на год, а то і часцей, пішу пост пра тое, як правільна ставіць націск у прозвішчы Алеся Дудара (на апошні, на апошні, на апошні склад!!!) Пішу і з доказамі, і без іх. Прачытала сотні лекцый, напісала тры кнігі, запісала дзясяткі інтэрв'ю, павесіла таблічку ў Курапатах, арганізавала пераклады ягоных вершаў на еўрапейскія мовы, што, што яшчэ мне зрабіць? Людзі не могуць вывучыць націск:)) Што ўжо казаць пра болей важныя рэчы.

Нічога калектыўнага не бяру на сябе. Мне б са сваёй адказнасцю справіцца б. 

Я думаю, эгаістычная канцэнтрацыя на сабе - на сваёй адказнасці, сваіх справах, сваёй маралі, сваіх правілах жыцця, сваёй краіне - збераглі б чалавецтву шмат нерваў, грошай і жыццяў.

 

...

Празлаваўшыся ўчора ўвесь вечар на тое, што ніяк не магу занатаваць у культурнай прасторы правільны націск у Дудары, вырашыла пайсці старой настаўніцкай сцежкай і прыдумаць мнеманічны вершык для запамінання)

Вось вам адразу ўсё оптам:

Прымі як закон, як лёс і дар:

У нас ёсць дудА, і з ёю - ДудАр.

Цвёрдага націску не кідай з рук:

Шэкспіра ў нас перакладаў ГаўрУк.

Таксама запомні, як двойчы два:

У іх крапИва, у нас - КрапівА.

Ну, і калі ўжо такая п'янка:

Колас - Якуб, а Купала - Янка.