Міхась Булавацкі
16.05.2022
Пражыўшы 75 год на белым свеце, я перастаю гэты свет разумець. Углядваюся-ўслухоўваюся ў тых хлопчыкаў і дзяўчат, якіх прыводзяць да мяне з праблемамі па матэматыцы, спрабую праз іх адчуць, якой яна будзе, тая будучыня.
Вось Сёмка. Пяцікласнік. Бацькі з вышэйшай адукацыяй абодва. Нядаўна развяліся. Сёмка жыве па буднях з мамай, па выходных – з бацькам. Па матэматыцы – “4”. Трэба патлумачыць яму, што за штука прамавугольны паралелепіпед і як развязваць задачкі на вылічэнне аб’ёму і плошчы паверхні. Просьба нескладаная, але я бачу глыбей і спрабую спачатку высветліць, як Сёмка ўмее вылічваць. Пачынаю з просценькіх дробаў. Ніяк. Ні складання, ні множання. Тройчы шэсць, – пытаюся. Хлопчык напружвае мазгавыя звіліны і праз 17 секунд (дакладна!) выдае: 16. Восем на чатыры – 36. Зноў пасля доўгага маўчання. “Ты ж зусім не ведаеш табліцы множання!” – здзіўляюся я. “Не, я вучыў.” – “Вучыў і забыў?” – “Ну, я разгубіўся.” – “З чаго разгубіўся? Я ж цябе не падштурхоўваю: хутчэй-хутчэй. Думай, колькі хочаш. За гэты час можна было тыя тры шасцёркі скласці. А якія вершы ты ведаеш з рускай ці беларускай мовы?” Хлопчык задумваецца, успамінае. “Што, ніводнага не ведаеш?” – “Не, я вучыў.” – “Ну дык раскажы той, што запомніўся. Хаця б частку.” Хлопчык спрабуе ўспомніць, каб пацешыць мяне хаця б двума радкамі, але нічога не ўспамінаецца.
І карціна мне становіцца выразна празрыстай. Бацькі ўвесь час высвятлялі адносіны між сабой, побач неяк цялёпалася, мільгала дзіця, якое яны кармілі, апраналі, адпраўлялі ў школу. Ну і куплялі ўсякія забаўкі кшталту мабільніка, у якія ён мог занурыцца, каб не назаляў. А ўсякае там “развіваць памяць, назіральнасць, мысленне” – гэта няхай школа. Маўляў, не наша праблема. А школа… Мы ведаем, якая сёння школа. І дзіця – нармальнае дзіця! – расло ў недаразвітасці. І ператварылася ў ненармальнае.
Я не разумею бацькоў, якія не турбуюцца, што дзіця не ведае табліцы множання, не можа ўспомніць ніводнага вершыка. Навошта ж тады яго нараджалі? Ну як бы пагадзіліся (мабыць, яшчэ ў дашкольным яго ўзросце), што “матэматыкам яму не быць”, але ж матэматыка сёння выконвае ролю логікі, якую даўно выкінулі з школы, матэматыка фарміруе мысленне чалавека. Няхай забудзе ўсё з матэматыкі, што вучыў у школе, але застануцца спосабы разважанняў, хаця б элементарныя мысліцельныя працэсы. А тут што? – Не ведае табліцы множання, ну і што, націсне кнопкі калькулятара. Забыў, не помніць тое-другое, ну і што, спытае ў інтэрнэта. Там усё ведаюць.
Усё ды не ўсё. “Ты помніш, калі твой дзень нараджэння?” Задумаўся. Успомніў, дзякуй Богу. І пра дзень нараджэння бацькі і маці адказаў, але няўпэўнена.
“Ты, калі нарадзіўся, колькі слоў ведаў?” – “Ніводнага!” – “А як жа ты запомніў столькі слоў, якімі зараз карыстаешся?” – “Ну дык дваццаць тысяч разоў паўтаралі.” – “Вось і табліцу множання варта многа разоў паўтараць, каб запомнілася. Не дваццаць тысяч, нашмат менш. Ты ж ужо не той малюпасік, якім быў.”
Прывёў да мяне яго дзед, мой сябра. Дзед, бач, устурбаваўся. А бацька, музыкант, праблемы не ўбачыў. Што ж да маці… Задаў бы я вам задачку ўгадаць з трыццаці разоў, дзе маці працуе. І не ўгадалі б. Маці выкладае ў універсітэце… псіхалогію. У тым універсітэце, з якога нядаўна звольнілі трох беларускамоўных – двух прафесараў і дацэнта. Спецыялісты высокай кваліфікацыі дзяржаўнай адукацыйнай установе непатрэбныя. Застаюцца вось такія, як тая псіхолаг, што свайму адзінаму дзіцёнку не можа дапамагчы ў свет увайсці.
Дзімка. Васьмікласнік. Ён з маіх сваякоў, таму назіраю за ім (хаця й здалёку) даволі працяглы час. Да дзесяці год мне ўсё ў ім падабалася. Стройная, досыць правільная фігура, хуткі розум. У абоіх бацькоў вышэйшая інжынерная адукацыя, таму гены спрыяльныя да матэматыкі. А дзед і бабка ўвогуле скончылі фізмат з чырвоным дыпломам. У пятым класе пачаў падленьвацца. Бацька вырашыў вызначыць зарплату за вучобу адпаведна адзнакам. Спачатку працавала, пакуль “зарабіў” на мабільнік. Тады платай стала магчымасць “пасядзець у мабільніку”. Праз скандалы і капрызы хлопец сваё адваяваў. З мабільнікам часцей лёжачы. Пад галавой скамечаная коўдра, каб высока было для галавы. У такім скручаным стане праводзіць па некалькі гадзін. Прыгожая стройная фігура пераўтварылася ў фігуру-пытальнік, з’явілася сутуласць. У вучобе пачаліся праблемы.
Я паказваю яму прыём знаходжання кораняў квадратнага раўнання без вылічэння дыскрымінанта. Яму падабаецца. Невялікая трэніроўка – здаецца, засвоіў. Назаўтра ўжо не помніць. “Давай пагуляем, – прапаную я. – Гульня просценькая, называецца нім. Вось кучка з дзесяці гузікаў. За адзін ход можна ўзяць з кучкі адзін, два або тры гузікі. Выйграе той, хто забярэ апошні(я) гузік(і).” У гэтай гульні разумны гулец можа хутка знайсці выйгрышную стратэгію. “Хто пачне?” – пытаюся. –“Пачынайце вы.” Я пачынаю і хутка выйграю. “Давай па новай. Хто пачне?” Пачынае ён і хутка прайграЕ. Мы згулялі разоў пятнаццаць і ўсе скончыліся яго паразай. Ён так і не зразумеў, як у гэтай гульні выйграваць.
У інтэрнэце ў яго кампанія, якая засяроджана на нейкай калектыўнай гульні. Ён там часта выйграе (калі верыць яму). Але што гэта за гульня, якая не развівае мазгі, не скіроўвае тыя мазгі на пошук і знаходжанне выйгрышнай стратэгіі у любой сітуацыі? “Ты бачыў калі-небудзь, напрыклад, па тэлебачанні, як паводзяць сябе малыя дзеткі розных жывёл? Яны гуляюць, бораюцца, бегаюць, кувыркаюцца. Гэта не проста забава. Так яны вучацца неабходным у далейшым жыцці навыкам. Чалавек у дзяцінстве таксама павінен гуляць у самыя розныя гульні. Асабліва ў такія, дзе патрабуецца не толькі сіла і спрыт, але і розум. Розум таксама развіваецца ўпартымі трэніроўкамі, трэніроўкамі спачатку на гульнях. Бо дарослае жыццё – гэта таксама гульня. Вялікая гульня. І калі ты не навучышся вышукваць і знаходзіць выйгрышныя стратэгіі, ты будзеш прайграваць. А прайграваць па жыцці – гэта балюча і крыўдна.”
Не ўпэўнены, што ён мяне пачуў.
Сонечка. 8 год. Пазнаёміўся з ёю і яе бацькамі на нейкім гасцяванні ў сваякоў. Першая яе просьба мяне ўразіла. “Намалюйце мне які-небудзь лабірынт, каб я разгадала.” Узяў аркушык у клетку, намаляваў не вельмі складаны. Яна зірнула: “Вой, гэта зусім проста!” І адразу паказала ход праз мой лабірынт. “Намалюйце складаны.” Памучыўся, намаляваў досыць складаны. Яна ўважліва разглядвала зігзагі і тупікі майго лабірынта і праз пару хвілін паказала правільны ход. Я выказаў здзіўленне, пахваліў. Яна засвяцілася. “Давай пагуляем,” – прапаную. “Якую гульню?” – “Ну, напрыклад, крыжыкі-нулікі.” Гульня аказалася ёй добра знаёмай і яна рабіла правільныя хады. Тады я вырашыў паказаць ёй больш складаную гульню з крыжыкамі-нулікамі. Яна ўважліва выслухала правілы і мы пачалі гуляць. Неспрактыкаваная ў новай гульні яна ўсё ж рабіла хады ўдумліва, разважала пра магчымыя варыянты. Мяне гэта вельмі цешыла. Гульню мы не скончылі, нас паклікалі абедаць. “Хто цябе вучыць галаваломкам і гульням?” – “Мама.”
Вось разумная мама! Яна не толькі корміць і апранае. Яна клапоціцца пра розум дзіцяці.
Наступным разам я прывёз Сонечцы некалькі дротавых галаваломак, якія яна адразу ўзялася разбіраць.
Даражэнькія мамы і таты! Калі ласка, знаходзьце ў сваіх будзённых справах паўгадзіны ў дзень, каб пагуляць з дзіцём. У што заўгодна – у карты, у шашкі (пазней у шахматы), у розныя гульні на паперы, якіх шмат.
Узяць хоць той жа нім. Просценькая і вельмі карысная для розуму гульня. І шмат часу не патрабуе. Калі дзіця зразумее, як выйграваць на дзесяці шарыках (гузіках, палачках…), павялічце кучку да 15, да 23… Пакуль чалавек не раскажа вам, як выйграваць, калі ў кучцы з 257 фішак. Змяняйце правілы. Напрыклад, цяпер, за адзін ход можна ўзяць ад 1 да 4-х фішак (потым ад 1 да 6). Або: той, хто забярэ апошнюю, – прайграе. Зноў жа, мяняючы колькасць у кучцы.
ГУЛЯЙЦЕ З ДЗЕЦЬМІ Ў РАЗУМОВЫЯ ГУЛЬНІ! Без гэтага яны застануцца такімі Сёмкамі. Праўда, і ў Сёмкі яшчэ не ўсё страчана. Клеткі кары галаўнога мозгу заканчваюць фарміравацца недзе на трынаццатым годзе жыцця. Пасля гэтага змяняць нешта ў розуме чалавека амаль немагчыма. Дзед Сёмкі паклапаціўся своечасова: у Сёмкі два гады яшчэ маюцца…