Дзённік настаўніцы. 11 мая

Ганна Севярынец
11.05.2022

Неблага атрымалася ў мяне зматываваць дзяцей да чытання "Людзей на балоце" - то дзялюся.

Пачыналася ўсё вельмі трывожна, бо тыя дзеці, што пачалі чытаць раней, надзьмулі ў вушы астатнім, што кніжка нецікавая. Тут мэа кульпа: толькі мы з пакутамі скончылі "Пошукі будучыні", а тут шчэ і Мележ. Трэба было неяк разбавіць чымсьці, але мне важна абодва гэтыя тэксты даць разам і побач.

То ўсё думала, як бы гэта мне першы ўрок па іх зрабіць як-небудзь хвацкі.

Прыдумала так. першы ўрок назваўся ў мяне: "Нацыянальны эпас". Спачатку пачыталі, што такое нацыянальны эпас, пагаварылі пра тое, чаму кожная культура імкнецца займець свой эпас, і што там мусіць быць.

Тады кожны ўзяў сабе краіну - абсалютна любую, хоць Інданэзію, хоць Намібію, па жаданні - і пайшоў у гугл, найперш англамоўны, гугліць наконт нацыянальных эпасаў: калі з'явіліся, аб чым распавядалі, што за героі.

Дзеці моцна захапіліся (а чаму б і не, нацыянальныя эпасы - гэта ж захапляльныя казкі). Высветлілі, што некаторыя народы бяруць эпасы адзін у аднаго, некаторыя ўвогуле карыстаюцца грэчаскімі міфамі, падзівілся з Амерыкі - аказваецца, там лічыцца нацыянальным эпасам кніга Уітмана, а гэта ж мадэрны гімн асобе і індывідуальнасці. Параўналі, як маглі, каштоўнасці розных краін з каштоўнасцямі іхных эпасаў. Канешне, ўсё вельмі абагульнена і ненавукова, але што важна - дынамічна:)) Дзеці перыядычна ахалі, охалі і гуглілі карцінкі. Прагучалі Шах-намэ, Рамаяна, песня пра Сіда і пра Раланда, палінезійскі варыянт Махабхараты, Аміраніані і нешта яшчэ.

Ну, а тады палезлі глядзець, што там у нас з нашымі нацыянальнымі эпасамі. Тут я і сама здзівілася, бо нейкім дзіўным чынам ў беларускім інтэрнэце без ВПН можна прачытаць, што наш нацыянальны эпас - гэта творы Дуніна-Марцінкевіча (тут ўжо ахала і охала я сама). Нагуглілі "Пана Тадэвуша", закранулі яшчэ і Міцкевіча і ягоную Літву.

Так дагугліліся і да Мележа нарэшце. І тут скончыўся ўрок. На дом задала даказаць альбо абвергнуць пры дапамозе трох аргументаў "нацыянальную эпаснасць" "Людзей на балоце".

Пакінула іх з адчуваннем крайней неабходнасці мець свой нацыянальны эпас:)) Калі ўжо ва ўсіх ёсць, дык як гэта мы свой не прачытаем:))