Дзённік настаўніцы. 1 чэрвеня.

Ганна Севярынец
01.06.2022

Дваццатае стагоддзе вучыць нас таму, што любая ідэя, нават самая прыгожая - асабліва надзвычай прыгожая ідэя - заўсёды абарочваецца гвалтам супраць чалавека.

Яно ж вучыць нас, што словы, напісаныя ў выглядзе лозунгаў, найперш выкарыстоўваюцца для апраўдання непрыстойнасці альбо злачынстваў.

Дваццатае стагоддзе, з ягонымі стылістычнымі і лексічнымі маніпуляцыямі, гаворыць нам, што любую бздуру можна назваць прыгожымі словамі, а потым гэтымі словамі апраўдаць нанесеныя крыўды, маральную неахайнасць, подласць альбо гвалт.

Дваццаць першае стагоддзе вучыць, што няма такой чухні, у якую нельга было б паверыць, і заўсёды знойдуцца людзі, гатовыя падымаць прыгожа сказаную чухню на сцягі, не правяраючы сапраўднага сэнсу словаў хаця б па слоўніках.

І ў гэтай сувязі мне згадваецца прынцып пабудовы Бібліі, у якой няма ніводнага слова, напісанага самім Хрыстом, а ўсё толькі пераказы і пазнейшыя тлумачэнні. Біблія, безумоўна, кніга кніг - у тым ліку і таму, што сапраўднае слова ў ёй застаецца непрамоўленым, і як ты яго на сцяг не бяры - гэта ўсё адно чыясьці інтэрпрэтацыя, а не ісціна.

Таму я для сябе ведаю адно: чым больш прыгажэйшае, ідэйна правільнае слова мне прапануецца ў якасці тлумачэння будзь якіх сітуацый - тым менш веры ў ягоную шчырасць.

Мы моцна ачарсцвелі за гэты час. Мы ўжо не вытрымліваем той ступені эмпатыі і спачування, якую мусілі б мець адзін да аднаго - бо няма столькі эмпатыі на такую колькасць агульнага гора. Мы прызвычаіліся да таго, што людзям навокал блага і цяжка. Нам складана адчуваць - і таму нам прасцей браць на сцягі нейкія прыгожыя словы замест таго, каб проста спачуваць і проста думаць пра людзей побач. Пра іх крыўды, слёзы, паламаныя надзеі і жыцці, расчараванні і роспач.

Нам трэба неяк выруліваць. Вяртацца да чалавечага ў сабе. Зло прадукуецца з дурной хуткасцю. Дабро прадукаваць заўсёды цяжэй, але і важыць яно больш.

Адзін чалавек нядаўна ў роспачы сказаў мне: "Я звяртаўся да іх як да людзей, а мне адказвалі ад імя арганізацыі".

Давайце будзем людзьмі, а не ідэямі альбо арганізацыямі.