У кнізе, прадстаўлены розныя гульні, якія можна выкарыстоўваць у летніках, на ўроках і семінарах, пазакласнай дзейнасці, у вандроўках ці проста ў вольны час.
Кніга будзе цікавай і карыснай шырокаму колу чытачоў: настаўнікам, выхавальнікам, сацыяльным педагогам, псіхолагам, выкладчыкам, педагогам пазашкольных устаноў, трэнерам, студэнтам, бацькам і ўсім тым, хто любіць гуляць.
Некалькі словаў ад складальніцы:
Каб чытачам было лягчэй арыентавацца ў зборніку, мы падзялілі яго на некалькі блокаў: уступ, пяць частак, назвы якіх досыць умоўныя, і спіс літаратуры.
Першая частка зборніка ўключае гульні, якія дазваляюць стварыць добразычлівую атмасферу, арганізаваць іх знаёмства адно з адным. Гэтыя гульні будуць вельмі карысныя для педагогаў і класных кіраўнікоў, якія пачынаюць працу з невядомым ім калектывам альбо групай дзяцей.
У другой частцы чытачы знойдуць шмат рухомых гульняў. Гэтыя гульні паспрыяюць развіццю кемлівасці, уважлівасці, праяўленню фізічнай актыўнасці.
Трэцяя частка зборніка знаёміць з “інтэлектуальнымі” гульнямі, напрыклад, такімі як “Капялюш”, “Манеты”, “Прама – накрыж”, “Нажніцы” і інш. Зразумела, што мы не забыліся
напісаць правільнае рашэнне для некаторых галаваломак.
Чацвёртая частка - гэта апісанне гульняў з парашутам. (Парашут уяўляе сабой зроблены з шоўку круг дыяметрам 3 метры з прышытымі ручкамі). У сваёй дзейнасці мы вельмі часта карыстаемся гэтымі гульнямі. Яны дазваляюць гульцам адчуць сябе адной камандай, спрыяюць развіццю каардынацыі рухаў, узнікненню добрага настрою альбо, наадварот, супакойваюць групу.
У пятай частцы прадстаўлены дзве вялікія гульні: “Казка пра Краіну Колераў” і “Падарожжа ў Галівуд”. Гульня “Казка пра Краіну Колераў” карыстаецца вельмі вялікай папулярнасцю сярод настаўнікаў, асабліва пачатковай школы. Поспех, на наш погляд, заключаецца ў тым, што яна цудоўна падыходзіць для правядзення розных свят, а таксама лёгка адаптуецца да тэмаў некаторых заняткаў.
Усе гульні зборніка прадстаўлены па пэўным алгарытме, які ўключае наступныя элементы: мэты, пляцоўка, матэрыяльнае забеспячэнне і г.д. У апісанні некаторых забаў
чытачы могуць знайсці словы: “Увага!” – азначае неабходнасць звярнуць увагу на асаблівасці правядзення гульні, і “Варыянт!”, што падказвае наяўнасць іншага спосабу
яе правядзення.
Напрыканцы невялікага ўступу хацелася б адзначыць, што выданне гэтага зборніка стала мажлівым дзякуючы аб’яднаным намаганням некалькіх грамадскіх арганізацыяў.
Сацыяльна-педагагічнае грамадскае аб’яднанне «Чазенія» і Гарадское грамадскае аб’яднанне «Цэнтар Супольнасьць» працавалі над зместам. Цудоўныя малюнкі, якія
ўпрыгожваюць гэтую кнігу зрабіла Аля Дзяргай – сябра Грамадскага аб’яднання «Адукацыйны цэнтр “ПОСТ”». Рэдактарскую працу выканала Святлана Гаўдзіс з Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Адукацыя без межаў».
А яшчэ мы ўдзячныя ўсім тым, хто падтрымаў другое выданне гэтай кнігі.
Складальніца зборніка Іна Губарэвіч
Скарбонка гульняў, Мінск, 2000 г. (спампаваць)