Дзённік настаўніцы. 6 чэрвеня

Ганна Севярынец
06.06.2022

У ранішняй электрычцы на Менск часта бачу старэнькага ўніверсітэцкага выкладчыка. Садзіцца ён на прыпынку, дзе шмат дачных кааператываў, і едзе да канца.

Сваіх калег я звычайна пазнаю проста звонку, без дадатковых прыкмет, бо настаўнікі і выкладчыкі, асабліва старыя, моцна адрозніваюцца і выглядам, і поглядам) 

Але гэтага чалавека ніхто б не зблытаў) Ён высокі, сухі, прамы і падцягнуты, але адначасова распаволены, такімі бываюць лектары, што стаяць па некалькі гадзін запар за кафедрай. У яго выразны, прыгожы твар, спецыфічна падціснутыя вусны (настаўнікі часта падціскаюць іх, не ведаю, чаму). Ён садзіцца, з прамой спінай, акуратна дастае з партфеля альбо пакета кнігу, дыпломную працу, сшытак, з патрэбнай кішэні вымае акуляры, з іншай ручку, і пачынае правяраць альбо падкрэсліваць нешта ў кнізе. Я бачу, як ён крэсліць нешта, і разумею, што чытае ён вельмі пільна, па радочку. Праўкі ў яго вельмі частыя, але кароткія. Пэўна, расстаўляе коскі)) Сучасныя дзеці грэбуюць коскамі.

Ён увесь такі старасвецкі, з найлепшымі рысамі свайго часу, што я ім заўсёды любуюся.

А сёння ён увайшоў, сеў ля вакна і дастаў з партфеля старамодную папку з завязкамі. З папкі стары зжаўцелы лахматы канверт. А з канверту  планшэт Apple)) Потым акуратна дастаў з кішэні навушнікі, ўставіў у акадэмічнай формы, прыгожыя вушы і ўключыў кіно))

Хутка ўсе выкладчыкі пойдуць нарэшце у адпачынак)) Святы час, калі настаўнікі адпачываюць.