Дзённік настаўніцы. 7-14 чэрвеня

Ганна Севярынец
14.06.2022

Прымала экзамены  –  і чарговы раз думала, што бываюць такія канкрэтныя абставіны, калі ты нічога, зусім нічога не можаш зрабіць для маленькага чалавека  –  акрамя аднаго. Сесці побач і роўна, спакойна дыхаць. Роўна дыхаць і весці якую-небудзь вельмі спакойную гутарку пра вельмі нязначныя рэчы. 

І гэта аказваецца нашмат важней за тыя правілы, якія ты ўмееш тлумачыць, за тыя канспекты, якія вы маглі б разам намаляваць, за тыя веды, якія ты мог бы забіць, як цвікі, у ягоную свядомасць. Проста роўна, мерна, спакойна дыхаць, як дыхае моцны, упэўнены, бясстрашны чалавек. 

Дзеці да такога вельмі адчувальныя. І не толькі яны.

 

 

Патэлілі мае смалявіцкія дзеці: Ганна Канстанцінаўна, ідзем з выпускнога, хочам да вас зайсці. Блін, кажу, дзеці, а я ў Менску на выпускным, выпускаем дзявяты клас.

Сказала і расперажывалася. Дзеці заўсёды раўнуюць у такіх выпадках. Эх.

Але дамовіліся на наступны тыдзень)) Для кожнага класа варта мець месца ў сэрцы і на тыдні))

 

 

Уся ранішняя электрычка едзе здаваць ЦТ па рускай мове. Абмяркоўваюць спражэнне, правапіс, "вследствие, в течение, в продолжение" і астатнія тэмы. Уціснулася ў кут, заплюшчыла вочы, стаіла дыханне і загадала сабе: "гусары, маўчаць!"