Дзённік настаўніцы. 21 чэрвеня

Ганна Севярынец
21.06.2022

У мяне, канешне, даволі спецыфічная ўнутраная эміграцыя  у 1928 год. Часы што тыя, што гэтыя, па сабе вельмі падобныя, хіба што гэтыя -–  у працэсе, а тыя  ужо скончыліся, закансерваваліся, усе сюжэты атрымалі працягі і фіналы, і таму яны падаюцца больш зразумелымі.

І я заўважаю, як мне важна разумець час у ягоных невялікіх, ледзь заўважных рухах. Той я, здаецца, з большага разумею, гэты  не да канца. 

Але так прыемна адчуваць сябе ўсе яшчэ "у тэме", хаця шмат чаго з даваенных маіх росшукаў з галавы павысыпалася. Вось, прыкладам, гартаю падшыўку "Саўбеліі", і раптам заўважаю –  з нумара ў нумар пачынаюць ісці фельетоны Паўлюка Шукайлы. Да ладна, думаю, каб Чарот даў пляцоўку Шукайлу? Ды не можа таго быць! Гляджу на апошнюю паласу  і праўда) Чарот сышоў у адпачынак, а яго замяняе Шастакоў. Гартаю далей і тут  опа! Невялікі артыкульчык Вацлава Ластоўскага. Да ладна! Шастакоў каб падпісаў паласу з Ластоўскім?? Гляджу подпіс рэдактара на апошняй паласе –   а гэта ўжо Чарот з адпачынку выйшаў) І на першай паласе цэнтральнай газеты даў месца непажаданаму аўтару.

Потым, калі ўсё скончыцца, гэты наш цяперашні час таксама набудзе выразныя абрысы і стануць зразумелымі розныя дробязі, якія мы сёння ці не заўважаем, ці не можам сабе патлумачыць.

У кожнага з нас навечна пакоцаныя і парэпаныя аўтабіяграфіі  як ва ўсіх, каму давялося жыць у падручніку гісторыі.