Учора сустрэла адразу некалькі пастоў са здзіўленнем: людзі, чаму вы маўчыце, чаму не рэагуеце на навіну.
Апошнім часам мне асабіста няма чым рэагаваць – у сэнсе слоў. Што ні скажаш, атрымліваецца альбо тупасць, альбо слабасць, альбо пафас.
У нас з сястрычкай учора адбылася драбязная, але паказальная гутарка. Яна спыталася ў мяне рэцэпт амлету, а я кажу: няма ў мяне ніякага рэцэпту. Сястрычка ўздыхнула і кажа: вы з мамай нейкія аднолькавыя, яна таксама кажа, што ў яе рэцэпту няма, тады я памяняю пытанне: як ты гатуеш амлет? Ну, тут я, канешне, адразу адказала. Аня, спыталася сястрычка, чаму вы абедзьве так аднолькава зрэагавалі? А я кажу: ну таму што мы філолагі.
Вельмі нізкі кошт старых словаў. Бла-бла-бла.
Калісьці Строцев Дмитрий сказаў вельмі трапную рэч: "Мне пашансціла, у мяне былі словы для гэтага часу". Я неяк тады павярхоўна ўспрыняла гэтую думку. Цяпер я яе вельмі добра разумею.
У мяне няма слоў для гэтага часу. Гэта вельмі пакутна.
І я хачу сказаць, што вакол сябе не бачу тых, у каго яны ёсць. Людзі апошнім часам пераважна гавораць не тое, што адчуваюць. Не ў сэнсе – маняць ці прыдумляюць, а ў сэнсе – называюць падзеі і пачуцці не тымі словамі. Шмат слоўнага шалупіння ў паветры. Ідзе выпрацоўка новай мовы, напэўна.
Нешта будзе з гэтага ўсяго, вось пабачыце. І думаю, менавіта тут. Упершыню беларусы праходзяць такія насамрэч знаёмыя нашай зямлі пакуты ў поўнай нацыянальнай прытомнасці. Капец як цяжка, але я хачу сказаць, што з усіх супольнасцяў, якія трапілі ў гэты замес, беларусы выглядаюць.... як бы гэта сказаць. Пранізліва гуманістычна, ці што. Трываюць гвалт, ціск і папрокі, робяць свае маленькія справы напалову адрэзанымі рукамі, прыкрываюць змізарнелымі крыламі малых дзетак у худых гняздзечках, і толькі ўціскаюць галаву ад навакольнай куламесы, адкуль усе, успацелыя крывавым потам ад вайны, крычаць ім: тупыя! дурныя! няздольныя! ідзіце і рабіце! гаварыце! крычыце! не крычыце!
А ты сядзіш такі пасярод сваёй пожні, рот немы раскрываеш, хаўкаеш распаленым паветрам і думаеш толькі: дзетачкі вы мае, ругайцеся, колькі хочаце, толькі каб вам палёгка выйшла, а я ўжо як-небудзь, дацярплю.