Дзённік настаўніцы. 30 чэрвеня-1 ліпеня

Ганна Севярынец
01.07.2022

Увесь дзень трапляюцца ў стужцы відэа, як пілігрымкі з розных гарадоў заходзяць у Будслаў. І ад кожнага відэа пачынаю раўсці бялугай, слёзы коцяцца самі сабой і не спыняюцца. Абрыдалася за дзень ушчэнт. І гэта я шчэ нерэлігійны чалавек. Проста гэтая вось ідэя: па спёцы, па сваёй зямлі, сваімі ножкамі, да сваёй абаронцы, у шматпакутны храм, сваімі ручкамі пабудаваны і адноўлены, нейкая яна вельмі нашая.

Не, беларусы не вялікі народ. Крый Божа ад народнай велічы. Але беларусы такі прыгожы, цярплівы, цягавіты і спакойны народ, што мне іншага не трэба.

Гэты клён я памятаю маленькім,

Гэты дуб памятае маленькай мяне.

На гэтай прыступцы я збіла калісьці каленку,

А гэты чарот да сёння бачу ўва сне.

Гэтая рака раз на пяць год мяняе свой бераг,

Няма нічога больш вечнага, чым гэтая змена.

Я не веру ў перамены – я ведаю,

Што яны неадменныя.

Тым, хто будзе пасля, абавязкова падасца,

Што яны ведаюць, якім жыццём жыве гэты клён.

Што яны змогуць вечна ў гэтай рацэ купацца,

Што гэта яны адкрылі від з гэтых вакон.

І мы з табой будзем жыць ціха-ціха,

Каб не плёхнуць халоднай вадою на вогішчы іх душы.

Мілы мой. У дом нашага з табою дзяцінства

Уваходзяць бязлітасныя мурашы.