Дзённік настаўніцы. 6-7 ліпеня

Ганна Севярынец
07.07.2022

Была праваліўшыся на некалькі тыдняў у яму экзістэнцыяльнага крызісу:) У такім стане не варта выходзіць да людзей, і нават да сям'і, перад якой у цябе ёсць абавязкі "трымаць форс"  хіба толькі да самых блізкіх сяброў. Цяпер мне думаецца, што сапраўдныя сябры  гэта тыя, да каго ты можаш прыпаўзці ў самым ганебным са сваіх станаў, і яны не жахнуцца, а проста пасядзяць побач, і нават  як у маім выпадку  зладзяць лазню і добранька адлупцуюць па баках дубовым венікам:)

Ці то венік дапамог, ці то раптоўная Іллюхава хвароба, калі не да крызісаў, а трэба зварыць бульёнчык, натаўкці пюрэшкі, сачыць за горлам, метадычна арганізоўваць працэдуры і як мага меней рэфлексаваць над наваколлем  але пачаўся рух з ямы наверх:)

Выходжу з яе з непахіснай упэўненасцю, што кожны крок, нават самы маленькі, які мы робім у імя агульнага дабра, важны і важкі. Хаця б таму, што кругі па вадзе разыходзяцца ад нас да іншых, варушаць іх, не даюць зарастаць вадзе і ганяюць балотную ціну.

Словы ўсё яшчэ вельмі цяжка мне даюцца, таму проста ўсіх абдымаю, каму гэта трэба:)

 

Пакуль барахталася ў чорнай яме свайго экзістэнцыяльнага крызісу (назавем гэта так), пераадкрыла наноў усе простыя ісціны, якія з дзяцінства ўбіліся ў галаву ў выглядзе цытат, плакатаў, надпісаў над школьнымі дошкамі ў савецкіх кабінетах літаратуры, урыўкаў з нейкіх пераказаў, напісаных сто год таму на школьных кантрольных  чамусьці я засяродзілася менавіта на іх. Яны прыходзілі мне ў начной бессані, каравулілі на світанку, круціліся з невыносным гулам у галаве, пакуль я куды-небудзь ішла альбо ехала ў маршрутках, адным словам, зусім не давалі мне жыцця:)

Напрыклад, пачатак аднаго з хрэстаматыйных пераказаў па тэксце Сухамлінскага  калісьці ў дзяцінстве ён так моцна засеў у мяне ў галаве, што вялікую колькасць маіх дарослых учынкаў перадвызначыў. Сам тэкст  гэта чыйсьці ліст да сына, і пачынаецца ён так: "Ты з'ехаў, а кветкі, што ты пасадзіў, растуць". Дзіўным чынам гэты сказ знітаваўся ў мяне ў галаве з такой частай цяпер песімістычнай думкай пра тое, што ты можаш усё жыццё пакласці на прыгажосць, утульнасць, спакой і моц, а потым прыйдзе вораг  і насярэ пасярод тваёй прыгажосці, вырве з мясам унітаз і насцыць у вазы. Альбо прыляціць ракета  і ўсё.

Выблыталася я з гэтай дылемы даволі простым чынам:) Мне падумалася, што якраз таму і трэба рабіць, рабіць, рабіць дабро і прыгажосць, не адкладаючы на заўтра, кожную хвіліну, праз немач і стому, бо заўтра можа быць позна. У чаканні зла, у скарэнні перад злом можна пражыць усё жыццё, а можна кожную хвіліну насычаць працай у імя прыгажосці. Усё скончыцца, людзі паміраюць, дамы руйнуюцца, але тое імгненне, у якім ты быў малайчынкай і даваў магчымасць іншым глядзець на справу тваіх рук   яно застанецца. Кветкі, што ты пасадзіў, пасеюцца і ўзыйдуць.

Я даўно, некалькі год ужо, падпісаная на ўкраінскую групу "Ландшафтны дызайн". Там дзяўчаты пішуць пра свае кветнікі, клумбы, ружы (па-украінску яны прыгожа завуцца "траянды"), змагаюцца са слімакамі, хрушчамі, карацей, звычайная такая дачная суполка. Дык вось цяпер там бываюць такія пасты: хто-небудзь піша што-небудзь кшталту "мая Украіна квітнее!"  і кідае фота прыгожых кветак. І адна з адной у каментах дадаюцца, мільгаюць і мільгаюць пераможныя клумбы, як сцягі, і мацней за сцягі. Вельмі натхняльна:)

Такія вось справы, стужка:))

...

Не хочацца нешта сёння іншага фота Купалы, акрамя гэтага:)

Сто сорак гадкоў:) Найлепшы:)