Сотні настаўнікаў з розных куткоў Беларусі без ваганняў скажуць: «Маё месца сілы – гэта Альхоўка». Гэта месца на паўночным захадзе краіны, зямля якога напаўняецца вопытам, энергіяй і адкрытасцю педагогаў вось ужо 32 гады. Штогод аўтар і натхняльнік праекта -- прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА Мікалай Іванавіч Запрудскі, вылучае найбольш актуальную тэму ў сферы адукацыі. Пра сёлетні летнік піша яго ўдзельніца Яніна ВОЙНАВА.
Яніна Войнава, выкладчыца фізікі, кандыдат фізіка-матэматычных навук, г. Мінск
Альхоўка-2022 прайшла пад тэмай «Супрацоўніцтва і ўзаемнае навучанне настаўнікаў як эфектыўны механізм прафесійнага развіцця». Удзельнікам курсаў удалося падрабязна разгледзець такія пытанні як «Кааператыўная кампетэнтнасць настаўніка» і «Метадычная праца ў школе, арганізаваная на прынцыпах актыўнасці і ўзаемадзеяння саміх удзельнікаў”.
Для навучання на курсах павышэння кваліфікацыі неабходна было запоўніць заяўку, трапіць у спіс удзельнікаў, прайсці дыстанцыйнае навучанне на працягу 5 тыдняў, выканаць 2 кантрольныя работы і запоўніць анкету. Далей сабраць усе свае веды і вопыт і адправіцца ў камандзіроўку на бераг ракі Страча. Менавіта тут, на базе Альхоўскай сярэдняй школы, праходзяць заняткі, сустрэчы з гасцямі, цёплыя зносіны ў коле аднадумцаў, розныя цікавыя мерапрыемствы, а таксама набыццё новых знаёмстваў, якія перарастаюць у падтрымку і сяброўства на гады.
Традыцыйна першы дзень пачынаўся з «прывітальнага кола», дзе кожны ўдзельнік распавёў пра сябе і падзяліўся сваімі дасягненнямі і поспехамі за мінулы год. Асаблівую ўвагу заўсёды прыцягваюць «Першагодкі». Гэта тыя настаўнікі, што прыязджаюць у летнік ўпершыню, каб адчуць падтрымку, падзяліцца ўласнымі напрацоўкамі, знайсці натхненне, ідэі і сілы на новы навучальны год.
Другі дзень быў не менш насычаны, а для кагосьці эмацыйна складаны. Заняткі гэтага дня праводзяцца ў фармаце Mini EdCamp. А гэта значыць, што на працягу толькі адной хвіліны неабходна зацікавіць тэмай выступлення прысутных, каб атрымаць найбольшую колькасць галасоў удзельнікаў курсаў. У барацьбе прынялі ўдзел 12 дакладаў, з якіх у першую тройку ўвайшлі майстар-клас «Да пазнання праз супрацоўніцтва, або Старое ў Новым» Алены Ананчыкавай і Элы Якубоўскай, даклад «Развіццё кааператыўных здольнасцей часам развіцця крэатыўных здольнасцей» Вольгі Званцовай і міні-ўрок у 4К-фармаце «Вадарод і яго ўласцівасці» Леаніда Шафарэвіча.
У гэты ж дзень ужо на лясной паляне адбылася сустрэча са спецыяльным госцем-выкладчыкам фізікі з Масквы Андрэем Тарчэўскім. Ён падзяліўся паспяховым вопытам не толькі ў сферы правядзення незвычайных фізічных эксперыментаў, але і расказаў пра падарожжы ў розныя куткі свету з камандай сваіх вучняў.
А. Тарчэўскі: «Чамусьці пераважная большасць настаўнікаў не паказвае дзецям нават элементарныя доследы. Але я лічу, што фізіка без доследаў ператвараецца ў вобласць абсалютна незразумелых ведаў. Таму я спрабую рухаць настаўнікаў да таго, каб яны вярталіся да эксперыментаў. Пачаў з калег у сваёй установе адукацыі, а дайшоў да того, што выдаў ўласны практыкум фізічных эксперыментаў".
Вечар па традыцыі прайшоў у барацьбе за званне самай кемлівай, эрудзіраванай і спартыўнай каманды. Спаборніцтвы праходзілі паміж трыма камандамі на кааператыўна-інтэлектуальна-спартыўнай паласе перашкод, якую прыдумаў і арганізаваў наш выкладчык.
Наступны дзень быў адметны тым, што першая палова заняткаў прадугледжвала адказы ў групах на пытанні ўдзельнікаў дыстацыйнага навучання, што ўмацавала ўзаемнае супрацоўніцтва настаўнікаў і дазволіла пагрузіцца ў сутнасць кааператыўнасці.
У гэты ж дзень нам давялося пазнаёміцца з яшчэ адным спецыяльным госцем – намеснікам старшыні праўлення грамадскага аб'яднання Беларуская асацыяцыя "Конкурс" Генадзем Няхаем.
Г. Няхай: "З 1997 года мы пачалі рэалізоўваць у нашай краіне праект Савета Еўропы "Кенгуру -- матэматыка для ўсіх". А ці ведаеце вы, чаму конкурсы па розных прадметах маюць назвы "Кенгуру"," Буслік","Зубраня"? Напрыклад, конкурс па матэматыцы "Кенгуру" мае сваю гісторыю. Французскай асацыяцыі было даручана рэалізаваць і прыдумаць назву праекта, матэматыкі знайшлі ў Аўстраліі выкладчыка, які прыцягнуў да ўдзелу ў конкурсе 80% школьнікаў кантынента. Усім вядома, што Аўстралія асацыюецца з кенгуру. Так з'явілася гэтая назва. Пасля сустрэчы ў Румыніі я зразумеў, што можна арганізаваць такога роду конкурс па астатніх прадметах ужо ў нашай краіне. І як фізік пачаў з конкурсу па фізіцы -- "Зубраня". А чаму "Зубраня"? Сталі думаць. Кенгуру -- Аўстралія, значыць Беларусь -- Зубраня. І вось сёння нашаму праекту ўжо 25 гадоў".
Вечар быў напоўнены апавяданнямі і праглядам відэапрэзентацыі не менш унікальнага настаўніка фізікі Сяргея Гарбацэвіча. Ён адзіны настаўнік з Беларусі, які падарожнічаў ў Антарктыду. Гэта былі фота і відэа з яго вандровак на Чукотку, на Тыбет, на Таймыр, на Кубу і інш.
С. Гарбацэвіч: "Яшчэ з юнацтва я марыў скарыць гэты кантынент. Разумеў, што заробак педагога памяншаў шанцы трапіць у круіз, і чакаў магчымасць, калі мяне возьмуць у экспедыцыю. Прыйшлося шмат супрацоўнічаць з рознымі кампаніямі, але мара ўсё ж стала рэальнасцю, і я адправіўся ў займальнае падарожжа Мінск-Масква-Буэнас-Айрэс-Ушуая-Судна-Антарктыда. Быць моцным, упэўненым у сабе і толькі тады не будзеш баяцца жыць, як марыш – мой дэвіз жыцця».
На змярканні каманды педагогаў адправіліся на начное арыентаванне, якое штогод арганізоўвае настаўнік фізікі з Адэльскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна Анатолій Аўсейчык. Карыстаючыся картай, у лесе неабходна было знайсці пікетчыкаў, якія патрабавалі выканаць заданні на спрыт, кемлівасць і веданне фізічных законаў прыроды.
На наступны дзень абмяркоўвалі тэму "Узаемнае навучанне і супрацоўніцтва у сістэме метадычнай работы ўстановы адукацыі", пасля чаго прыступілі да распрацоўкі ў парах і групах заняткаў з калегамі ў розных формах супрацоўніцтва і ўдзелу. Другая палова дня дазволіла педагогам напоўніцца новай энергіяй і пазітывам. Унікальным праектам фізікаў-эксперыментатараў на працягу многіх гадоў з'яўляецца лазня на беразе ракі, зробленая з простых і падручных сродкаў. Такога роду вынаходства не саступае рэальным лазням, але выклікае захапленне і здзіўленне. Асабліва ў тых, хто прыехаў упершыню. Пазней Ларыса Кітава і Людміла Крылова правялі танцавальны майстар-клас. Моцна ўзяўшыся за рукі, у атмасферы падтрымкі і радасці «Альхоўцы» асвоілі такія танцы як «Падыспань», «Млын», «Ойра», «Полька-бабачка».
Пяты дзень летніка -- адзін з самых насычаных і актыўных дзён. На аснове ведаў, якія былі атрыманы ў папярэднія дні, а таксама з дапамогай кансультантаў: самога Мікалая Запрудскага, Алены Ананчавай і Элы Якубоўскай узельнікамі былі распрацаваны і праведзены навучальныя заняткі: "Кейс-стадзі", "Сінгапурская методыка", "Майстэрня будучыні", "Урок для дарослых", "Коўчынг", "Дэбаты", "Урок з навучэнцамі на аснове прынцыпаў кааперацыі". У другой палове дня пад кіраўніцтвам настаўніка фізікі Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Вольгі Званцовай і выкладчыка з Брэста Васіля Туркевіча адбылося паседжэнне "Акадэміі". Галоўнай падзеяй сталі выбары ў акадэмію настаўніка фізікі Сяргея Цімашука, які прыехаў у Альхоўку ўжо ў 10-ы раз. Таксама ўшаноўваліся юбіляры, якія прыехалі 5-ы 15 раз. А яскравым завяршэннем плённага дня стала народнае гулянне «Купалле». У пачатку свята ўсё ўдзельнікі атрымалі сапраўдную асалоду ад вадэвіля, аўтарам якога стала настаўніца з Мінску Юлія Некраш.
Ю. Некраш: «Сутнасць п'есы заключалася ў тым, што францужанка Розі прыязджае ў вёску, каб знайсці скарбы, якія, згодна з сямейнай легендай, схавала прабабуля пад папараццю. Але парадокс заключаецца ў тым, што багацце – гэта і ёсць папараць-кветка, якую ўжо знайшлі Купаліш з Купалінкай. Яны здабылі сваё каханне і шчасце. Розі трапляе ў сям'ю да Васіля, яго маці і бацькі. Сям'я з недаверам, але цяплом сустракае іншаземку і вырашае дапамагчы ў пошуках скарбаў. У канцы п'есы Купаліш і Купалінка вырашаюць падарыць папараць-кветку Розі і Васілю”. Завяршылася свята народнымі танцамі, якія напярэдадні развучылі на майстар-класе, і скокамі праз вогнішча.
У суботу падвялі вынікі курсаў: кожны ўдзельнік казаў пра тое, што ён будзе далей рабіць з атрыманымі ведамі і новаым вопытам. А потым мы накіраваліся на экскурсію ў Лынтупы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. Мы пабачылі і даведаліся пра касцёл Св. Андрэя Баболі і сядзібу Бішэўскіх. Лынтупы вядомыя яшчэ з сярэдзіны 15 стагоддзя, калі ў гэтых краях быў закладзены драўляны касцёл. Каля касцёла, на месцы брацкай магілы, узведзены помнік, дзе пахаваныя Героі Савецкага Саюза Аляксей Канстанцінавіч Галубкоў і Генадзь Іванавіч Красільнікаў. Лёс сядзібы Бішэўскіх звязаны з прозвішчам паноў Бішэўскіх, да якіх Лынтупы перайшлі ў 1854 годзе. Як і належыць, сярод мясцовых жыхароў бытуе рамантычная легенда. Юзэф Бішэўскі, які замовіў будаўніцтва сядзібы ў Лынтупах, закахаўся ў французскую прыгажуню. Яна паабяцала выйсці за яго замуж, калі той пабудуе для яе шыкоўны дом. Аднак францужанка ацаніла працу Юзэфа словамі: «У майго бацькі стайні лепшыя». Дзяўчына не захацела выканаць абяцанне і вярнулася ў Парыж.
Па традыцыі ў апошні вечар канцэртную праграму арганізоўваюць "першакурснікі" і дэманструюць свае таленты ў выкананні танцаў, песень і майстэрстве складаць вершы. Сваімі ўражаннямі ад курсаў падзяліўся "першагодка" Леанід Шафарэвіч, настаўнік-метадыст хіміі і біялогіі ДУА "Ёдкоўская сярэдняя школа" Лідскага раёна: «Мне спадабалася псіхалагічная атмасфера адкрытасці, якая адладжана гадамі, уменне працаваць у супрацоўніцтве, а не ў канкурэнцыі. Асабліва гэта было бачна ў момант, калі мы працавалі на занятках, пастаянна мяняліся ў групах. Здзівіла насычанасць праграмы. Мне было вельмі камфортна».
Тыдзень праляцеў вельмі хутка, і, на жаль, прыйшоў час развітвацца. У развітальным коле ўдзельнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі ад курсаў і летніка, планамі на будучы навучальны год.
Вераніка Васільева : «Мне зараз вельмі сумна, таму што я ў коле зорак, да якіх імкнуся. Гэты час зблізіў нас, і цяпер кожны ў сэрцы маім».
Людміла Мікуліч: «Альхоўка -- гэта не проста месца, гэта перш за ўсё людзі. Людзі, якія прыязджаюць сюды і становяцца сябрамі. Адзін унікальны чалавек сабраў вакол сябе ўнікальных людзей».
Сяргей Цімашук: «У пэўны час у пэўным месцы сходзіцца ўсё: прырода, вогнішча, рэчка, дзівосныя людзі. І гэта вельмі важна для мяне».
Аксана Іодка: «Альхоўскі тыдзень -- выдатны тыдзень! Акрамя ўсяго таго магутнага матэрыялу, які быў на занятках, у душы засталіся і танцы, і ўрок зорнага неба. Калі я буду ісці па лесе, то буду ўспамінаць наш дзённы маршрут: школа-паляна. Усім ўдзячная, усе ў маім сэрцы».
Максім Яўланаў: «Дзякуй усім за гэты час. За час разам з вамі, за тое, што былі побач на нашых альхоўскіх вуліцах, у класе, калі планавалі кааператыўныя заняткі. Гэта вельмі важна і прыемна, што я знаходжуся ў гэтым коле. З кожным годам усё болей мы насычаем гэтае месца пазітыўнай і неверагоднай энергіяй».
Наталля Літвіновіч: «Для мяне Альхоўка – гэта месца, дзе можна вызваліцца ад усяго назапашанага негатыву і атрымаць станоўчыя эмоцыі, натхненне. Гэтага натхнення хапае да наступнага года. Альхоўка – гэта месца, дзе я ўпершыню ўбачыла светлякоў. І вы для мяне ўсе светлякі, якія гараць знутры, зараджаюць пазітывам, гармоніяй у адносінах на ўсіх узроўнях. Дзякуй вам за гэта».
Людміла Крылова: «Нерэальнае месца, суперкрутыя людзі, якія сюды прыязжаюць, і касмічнае пачуццё, якое кожны з нас вязе дамоў. Самае вялікае шчасце, што зараз мы раз'едземся па ўсёй краіне і пачуццё Альхоўкі паедзе ў розныя куточкі Беларусі. Альхоўка будзе жыць і аддаваць сваё цяпло дзецям у розных месцах».
Таццяна Мікульчык: «Альхоўка…Тыя, хто толькі чуў пра яе, скажуць, што гэта курсы. Тыя, хто пабываў, упэўнена сведчаць: гэта Сусвет, гэта месца Сілы, гэта месца, куда ўвесь час хочацца вярнуцца, гэта нейкія касмічныя Людзі, што збіраюцца штогод і вынаходзяць кожны раз нешта новае для адукацыі. Навучанне ў летніку дае значна больш за веды. Ты становішся ўпэўненай, што можаш значна больш, чым да гэтага. Ты атрымліваеш накірунак, у якім дакладна будзеш рухацца. Ужо сорамна нешта не рабіць або рабіць напаўсілы. Усё гэта адбываецца і дзякуючы таму, што дае Мікалай Запрудскі, і дзякуючы штодзённым стасункам з таленавітымі настаўнікамі і шчырымі людзьмі, што жывуць цэлы тыдзень побач, крэатывяць, ствараюць. І вось летнік завершаны, але, я абсалютна ўпэнена, усё толькі пачынаецца, бо ёсць задумкі і ёсць рашучасць іх здзейсніць. І ёсць мара: сказаць на беразе Страчы простыя словы: «Добры дзень, Альхоўка».
Такім быў гэты год. Такой насычанай і плённай была «Альхоўка-2022». Вялікую падзяку хочацца выказаць арганізатару курсаў Мікалаю Іванавічу Запрудскаму за атрыманые веды, Анатолію Аляксандравічу Аўсейчыку за камфортныя ўмовы знаходжання ў летніку і арганізацыю вольнага часу, Мікалаю Атрахімовічу і Марыне Дудойць за цудоўную арганізацыю харчавання.
Вялікі дзякуй ад усіх удзельнікаў курсаў!
Фота - Святланы Здаранковай і іншых удзельнікаў летніка.