Ехалі сёння з сястрычкай у віцебскім тралейбусе, і пабачылі на прыпынку групу дзяцей з настаўніцамі – дзве суворыя дзяўчыны некуды везлі на выгул летні лагер.
– Канешне, настаўнікі – асаблівыя людзі, – кажа Даша. Яна ў нас універсітэцкая выкладчыца і акадэмічны вучоны, піша доктарскую. – Гэта ж кожную хвіліну мусіш быць гатовы, што нехта збяжыць, нехта згубіцца, кагосьці званітавала, у кагосьці забалеў жывот, каму піць, каму есьці, нехта з кімсьці пасварыўся, і ўсё твая адказнасць.
Потым глянула на мяне і дадала:
– Напэўна, у цябе такая моцная нярвовая сістэма, што ты настаўніца.
Гэта сапраўды так і ёсць. Скілы, якія пракачваюцца ў настаўнікаў у тыя дні, калі ты некуды вывозіш дзяцей, дый наогул – у любую хвіліну гэтай працы, не пракачваюцца болей нідзе, акрамя як у школе.
Больш за тое. Працуючы з дзецьмі, ты дасканала вывучаеш чалавецтва наогул, ува ўсіх ягоных шчырых і не схаваных яшчэ за дарослымі прыгожымі словамі праявах. Менавіта праца з дзецьмі навучыла мяне не толькі таму, на якія вышыні здольны чалавек, калі яго любяць, паважаюць і цэняць, але і таму, на якое паскудства здольны любы, калі пазбавіць яго любові, мэты і абароны.
І ёсць яшчэ адно веданне. Я пакуль яшчэ трымаюся з усёй моцы, каб не прызнаць яго памылковым. Настаўніцкі досвед унутры мяне пераканаўча сведчыць: усё можна паправіць. Усяму можна навучыць. Зло можна перамагчы, нават калі ты адзін у полі воін. Гэта робіцца доўга, вельмі доўга, неверагодна доўга, не месяц, не год, не тры (іншы раз бывае і хутчэй, але вельмі рэдка). І важна: не чакаць удзячнасці, не прымаць геройскага выгляду, не ляпіць з сабе Дон Кіхота, разумець, што гэта проста твая справа, паўсядзённая і неадменная, і ты мусіш яе рабіць, бо ўзяўся.
І на гэтым шляху ты маеш права памыляцца, стамляцца, адпачываць, нервавацца, плакаць ціхенька ў куце, выгадваць сабе асабісты час і непарушны супакой – для таго, каб з раніцы ўстаць і ўзяцца за справу. Ад таго ты такі знешне спакойны, з выгляду трывалы, можа, іншы раз суворы – а насамрэч сканцэнтраваны, дзесьці жалезабетонны, дзесьці залішне просты, а дзесьці залішне гучны. Неважна. Важна, што ты не спыняешся і разумееш, куды ты ідзеш і куды вядзеш дзяцей.
І вядзеш ты іх не да ідэальнага правапісу ці вывучаных формул. Бог з імі. Я цяпер думаю, што самае важнае – весці дзяцей да ўмення гэтак сама спакойна, трывала, з упэўненасцю і любоўю ствараць вакол сябе нармальны, адэкватны свет. Няважна, дзе ты будзеш пасля школы, у інтэлектуальным асяродку альбо ў краме прадаўцом. Гэта зусім няважна, зусім. Будзеш ты пісаць з памылкамі альбо без іх. Галоўнае – каб ты не спыняўся ў спакойнай, трывалай, паўсядзённай невялікай працы дзеля таго, каб і табе, і людзям побач з табой было добра.
А звонку выглядае, што мы проста стаім з каменнымі тварамі на прыпынку і пільнуем, каб усе селі ў тралейбус і ніхто не згубіўся:)