Ну вось зноў: не надта вялікая, але заўважная з раніцы хваля каментаў, напісаных пад капірку. З'яўляюцца пад навінамі пра злітую базу рэпрэсаваных грамадзян СССР.
"Нужно поименно узнать, кто строчил доносы", "А узнаем ли мы, кто строчил доносы", "Хочу поименно знать, кто строчил доносы, чтобы плюнуть им на могилу". Прычым пішуць людзі, у якіх у стужцы ніколі і ніяк гэтая тэма не пракідалася.
Між тым менавіта гэты аргумент – маўляў, адкрываць базы рэпрэсаваных нельга, бо пачнецца некантраляваная хваля помсты – быў заўсёды самым распаўсюджаным публічным аргументам за яе закрыццё.
Перанос адказнасці з тых, хто рэпрэсаваў, на тых, хто "строчил доносы" -- старая і паспяховая тактыка ворганаў.
Пры гэтым даносчыкі – безумоўна, подлыя людзі. Але справа зусім не ў іх.
....
Нішто не мінае так хутка, як даўгі летні настаўніцкі адпачынак. Але ў першы працоўны дзень можна шчэ не ляцець у школу, а крыху пасядзець на лавачцы перад аўтобусам.
Гэта маё сакральнае месца. Сюды, у чацвёрты інтэрнат БДУ, мама мяне прынесла з раддома, тут мёў прыступкі Палацу Спорту мой маладзенькі тата -- падпрацоўваў дворнікам, як я нарадзілася, тут мой любімы архіў, дзе я правяла найшчаслівейшыя гадзіны свайго інтэлектуальнага жыцця, тут Багдановіч, Купала, замчышча, няісная цяпер вуліца Школьная, і гімназісты пачатку ХХ стагоддзя з віскам коцяцца на дошчачках з гары да Нямігі, якую шчэ не ўзялі ў калектар...
Так, ды ня так. З Менска нібыта вынулі душу. Апошнімі днямі рэзка і вельмі заўважна на вуліцах з'явілася вялікая колькасць брудных, хамаватых, тупаватых у паводзінах грамадзянаў. Не тое каб іх стала болей. Проста іншых стала меней.
Што ж. Будзем займацца нашай вечнай безнадзейнай справай: вучыць і выхоўваць наступных добрых людзей.
...
Тут пішуць, што "у Беларусі цяпер пісьменнікам забаронена пісаць, а тыя, хто застаўся, альбо выслужваюцца, альбо баяцца".
І пісаць не забаронена, пішы – ажно запішыся, і не выслужваюцца, і не баяцца.
Гэта з той жа серыі, калі кажуць пра нашых літаратараў мінулага: "яны самі сябе паздавалі", "ўсхвалялі Сталіна", "пісалі даўгія вершы дзеля ганарараў", "усе былі паламаныя", "спіліся" і гэтак далей.
Жывеш жыццё, а потым табе ў плечы прылятае ярлычок. Хацела б з гэтай нагоды сказаць аматарам выказацца пра беларусаў, не знаходзячыся тут унутры: ніхто звонку цяпер не ведае, як мы тут жывём. Любыя абагульненні і высновы будуць міма. Проста таму, што інфармацыі ў вас – няма, бо няма яе ў публічнай прасторы.
Потым раскажам) Пісаць нам ніхто не забароніць.