Выпускнікоў 2023 года чакае новае выпрабаванне – здача ЦЭ (цэнтралізаванага экзамену). Што вядома пра ЦЭ сёння? Што думаюць пра чарговыя навацыі педагогі і эксперты, бацькі і навучэнцы? Як рыхтавацца да ЦЭ 2023, калі пра яго мала вядома? Сабралі з розных крыніц інфармацыю і меркаванні.
Што зменіцца на выпускных іспытах?
У новы навучальны год сістэма адукацыі нашай краіны ўступае з новай рэдакцыяй Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Асноўнае новаўвядзенне Кодэкса — абавязковая агульная сярэдняя адукацыя (у мінулай рэдакцыі абавязковай была базавая адукацыя). У сувязі з абнаўленнем Кодэкса зменяцца пералік і форма здачы выпускных іспытаў. Адзінаццацікласнікі ў сярэдзіне мая будуць здаваць цэнтралізаваны экзамен па беларускай ці рускай мове (на выбар) і матэматыцы.Па іншых прадметах пры паступленні трэба будзе здаваць усё тое ж цэнтралізаванае тэсціраванне. Але, цалкам магчыма, будзе не два сумешчаныя іспыты, а больш і на выбар. Увогуле, канчатковага рашэння яшчэ няма. Для правядзення ЦЭ на базе ўстаноў адукацыі адкрыюць больш за 100 спецыяльных пунктаў. Школьнікаў туды будуць дастаўляць арганізавана. Кантраляваць працэс і апрацоўваць вынікі будзе Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў, які займаецца правядзеннем у краіне цэнтралізаванага тэсціравання.
Больш дакладнай інфармацыі, як усё будзе праходзіць, яшчэ няма: чакаем новыя правілы правядзення ўступнай кампаніі.
Што думаюць пра ЦЭ педагогі і эксперты, бацькі і навучэнцы?
Адзінаццацікласнікі: Ніхто не ведае, да чаго рыхтавацца!
Кацярына, вучаніца 11 класа:
– Адносна адзінага цэнтралізаванага экзамену, мне і маім аднакласнікам страшна: бо мала таго, што мы будзем першапраходцамі, дык яшчэ і ніхто не ведае да чаго рыхтавацца!
Калі раней вучні разумелі, якія тэмы і заданні будуць на іспытах, то зараз перад намі нявызначанасць. Што будзе як будзе? Незразумела.
Настаўнікі прамым тэкстам нам кажуць: «Калі хочаце дапамагчы свайму атэстату, наймайце рэпетытараў, ці вы ўсё «пасыпецеся». І гэта не можа не палохаць. А як знаходзіць час на гэтых рэпетытараў? Бо адзінаццацікласнікі і так дзіка загружаныя, дык іх яшчэ абавязваюць хадзіць на факультатывы па суботах. Усе новаўвядзенні павінны быць дакладна прапрацаваны, перш чым іх укараняць. А тут ствараецца ўражанне, што ўсё рабілася спехам.
Бацькі: Насамрэч, можа, гэта і да лепшага! Але нявызначанасць заўсёды палохае і дадае нервовасці...
Ірына, маці вучня 11 класа:
– Добра, што не давядзецца два разы запар здаваць адны і тыя ж прадметы. Сын кажа, што ў іх у класе большасць вучняў паставіліся спакойна да гэтага адзінага іспыту, хаця ёсць і тыя, каго гэта не задавальняе. Асабіста мне падаецца, што ўжо даўно трэба было правесці такія змены, бо дзеці ў школах вельмі загружаныя і моцна перажываюць з-за іспытаў. Так, мяркую, будзе толькі прасцей.
Вікторыя, маці вучаніцы 11 класа:
– Магчыма, цэнтралізаваны іспыт – гэта плюс. Для бацькоў і вучняў. Асабліва для тых, каму не давядзецца паўторна здаваць ЦТ па тых жа прадметах. Гэта эканомія часу і сіл. А для кагосьці і грошай, бо найчасцей рэпетытараў наймаюць па мовах і матэматыцы. І ўсё б добра, калі б ужо зараз было ўсё зразумела: да чаго рыхтавацца, якія будуць заданні. А так ніхто нічога не ведае. Нават самі настаўнікі. Як яны будуць рыхтаваць школьнікаў да іспыту, калі самі не ведаюць, як гэта будзе праходзіць? Усе пытанні па іспытах нібыта павінны быць вырашаны да канца года. А гэта значыць, што дзве чвэрці ўжо праляцяць, і за пару месяцаў дзеці павінны будуць падрыхтавацца да выпускных іспытаў і паступлення. Для дзяцей – гэта вялікая нагрузка. Нявызначанасць заўсёды палохае і дадае нервовасці. Можа, не варта было спяшацца, калі няма дакладнага разумення, як усё павінна быць.
Настаўнікі: ЦЭ зберажэ нервы і дзяцей і бацькоў, але для першапраходцаў можа выклікаць лішні стрэс.
Марына Жук, настаўніца рускай мовы:
– Я падтрымліваю гэтае новаўвядзенне. Гэта станоўчы крок для аб'ектыўнай атэстацыі і не будзе падвойнай нагрузкі для дзяцей, як раней.
Новаўвядзенне стартуе ўжо з гэтага навучальнага года, вядома, для першапраходцаў гэта можа быць нязвыкла і выклікаць лішні стрэс. Тым не менш, да мая 2023 года вучні ўжо будуць маральна гатовы да новых выпрабаванняў. Упэўнена, што ў далейшым, калі школьнікі прывыкнуць да такога падыходу, яны будуць толькі рады.
Карына Шаршнева, рэпетытар па хіміі:
– Я думаю, што гэтае навіна новаўвядзенне на карысць вучням, "разгрузіць" іх. Бо замест таго, каб здаваць іспыты (школьны і ЦТ) па адных і тых жа дысцыплінах два разы запар, выпускнікі, па сутнасці, здаюць іх адзін раз. Адпаведна, гэта толькі зберажэ нервы як вучням, так і іх бацькам. Больш за тое, я лічу, што гэта толькі дадасць аб'ектыўнасці атэстату, бо новаўвядзенне мае на ўвазе больш дбайную прапрацоўку пытанняў для экзаменаў, скараціўшы колькасць тых, на якія можна адказваць наўздагад. Такім чынам, гэта дазволіць выявіць сапраўды падрыхтаваных і здольных выпускнікоў.
Эксперты: Новаўвядзенні, якія прадугледжаны для новага навучальнага года, кардынальна нічога не мяняюць і наўрад ці змогуць палепшыць беларускую сістэму адукацыі, у якой праблем з кожным годам толькі больш.
Тамара Мацкевіч, медыяпедагог:
– Што тычыцца замены звыклых школьных экзаменаў адзіным, то дрэннага ў гэтым нічога няма. Хутчэй, наадварот. Бо зараз ацэньваць вучняў, па сутнасці, будзе не школа, што толькі дадасць аб'ектыўнасці ў ацэнцы ведаў. Бо ні для каго не сакрэт, што ў шматлікіх школах настаўніка "цягнуць" вучняў, завышаючы ім адзнакі. Таму кантроль, які на сябе бярэ Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў, у дадзеным выпадку гэта не дрэнна. Іншае пытанне, што сутнасць нашай сістэмы адукацыі застаецца ранейшай. Так ці інакш, каментаваць трэба вынікі, а не намеры. Ацаніць вынікі і карысць гэтых новаўвядзенняў можна будзе толькі праз пэўны час. Але тое, што гэта ніяк не паўплывае на якасць навучання ў школе – факт. Па сутнасці, міністэрства адукацыі проста апраўдвае сваё існаванне тым, што дадае нейкія нікому непатрэбныя новаўвядзенні. Узяць тую ж школьную форму: вучонымі ўжо даўно даказана, што на працэс навучання ніяк не ўплывае дрэс-код, якога прытрымліваюцца вучні. Навошта цяпер гэтая мітусня – незразумела.
Новаўвядзенні, якія прадугледжаны для новага навучальнага года, кардынальна нічога не мяняюць і наўрад ці змогуць палепшыць беларускую сістэму адукацыі, у якой праблем з кожным годам толькі больш. Ва ўсім свеце рэгулярна мяняюцца тэхналогіі, прынцыпы навучання ў школах, а мы па-ранейшаму топчамся на месцы. Змест школьнай праграмы і метадычная база зжылі сябе – дзецям нецікава ісці ў школу па веды, таму часта яны звяртаюцца да паслуг рэпетытараў. А колькі вучняў пакідаюць школу без добрай базы ведаў. Свет мяняецца вельмі хутка і імкліва. І ў першую чаргу трэба мяняць падыход да навучання, а ўжо потым кантроль.
Як рыхтавацца да ЦЭ 2023, калі пра яго мала вядома?
Тры парады абітурыенту па падрыхтоўцы да ЦЭ (паводле Адукар)
- Вывучы ўжо вядомую інфармацыю аб ЦЭ
Перш чым панікаваць, даведайся пра ўсё, што вядома пра ЦЭ на дадзены момант. Аказваецца, тэсты ЦТ і ЦЭ моцна адрознівацца не будуць.
- Карыстайся матэрыяламі ЦТ, якія ёсць у свабодным доступе
Мы ўжо разабраліся, што ЦЭ і ЦТ падобныя. Шукай разнастайныя ДРТ, кансультацыі РТ, банк тэстаў РІКВ, ЦТ анлайн, спецыялізаваныя дапаможнікі.
- Дачакайся зборнікаў ЦТ 2022
У канцы жніўня РІКВ апублікаваў у зборніках усе варыянты ЦТ, якія абітурыенты пісалі ў 2022 годзе. Абавязкова пашукай гэтыя кнігі ў кнігарнях свайго горада ці анлайн. Яны дапамогуць табе адпрацаваць навык рашэння тэстаў.
Поспехаў!
Крыніцы:
- https://zviazda.by/be/news/20220831/1661960650-pragramy-navuchannya-zmyanilisya-kropkava-shto-chakae-shkoly-z-1-verasnya
- https://minsknews.by/v-belarusi-izmenilis-pravila-priema-v-shkoly-i-gimnazii-kakie-bally-nuzhno-imet-budushhemu-gimnazistu/
- https://www.intex-press.by/2022/08/31/u-pervoprohodtsev-eto-mozhet-vyzvat-lishnij-stress-pedagogi-roditeli-i-budushhie-vypuskniki-o-plyusah-i-minusah-tsentralizovannogo-ekzamena/
- https://adukar.com/news/kak-gotovitsya-k-ceh-2023-esli-pro-nego-malo-izvestno