А я сёння хачу павіншаваць з першым верасня тых, хто не ўвойдзе сёння ў клас, не прынясе дадому мільён кветак, не будзе мітусіцца на лінейцы, не зможа абняць сваіх вучняў – і не таму, што не хоча, а таму, што яму гэта нібыта забаранілі. Нашае першае верасня – самае сапраўднае, дарагія калегі, то ўдыхнем як мага глыбей свежае восеньскае паветра і ўспомнім, што можна выкінуць настаўніка са школы, але нельга – школу з настаўніка:) У кожнага з нас ёсць каго вучыць і ёсць ад каго вучыцца, і няхай кожная восеньская кветка на вераснёўскай вуліцы будзе сёння для вас:))
А яшчэ сёння – дзень народзінаў нашай з братам і сястрой першай і галоўнай настаўніцы:)
Мамусік:) Ты наш першы званок, лінейка і выпускны, бацькоўскі сход і пяцёрка за паводзіны:) З тваім днём! Дзе б мы сёння не былі, мы на тваім уроку:))
…
Як жа я люблю праводзіць вечары са сваімі дзецьмі. От сёння Жэня расказала мне каротка, але ёміста гісторыю Англіі, Любаня падзялілася нейкімі лінгвістычнымі фішкамі з французскай, потым мы разам абмеркавалі назву новай маёй кніжкі, якая пакрысе рухаецца да фіналу, ўдакладнілі назву для прадмовы і абмеркавалі дакладнасць фармулёвак у ёй, і я нават крыху пакалупалася ў тэксце, няшмат, але ў смак, пакуль дзяўчаты, седзячы побач, таксама нешта ўтрасалі ў сваіх файлах. Не, ну можна нас паадлічваць адкуль заўгодна, але мазгі з нас не выкалупаеш))
А яшчэ сёння адзін хлопчык сказаў: "Я мечтаю, чтобы у меня был такой тихий и спокойный кот, с которым можно чилить по вечерам". Спыталася ў Жэні, што такое гэтае слэнгавае "чыліць", і яна патлумачыла, што гэта амаль што "рэлаксаваць", але – за нейкай прыемнай справай.
А ў мяне якраз і кот такі, з якім можна чыліць))
То мы ўвесь вечар чылілі сабе ў радасць, а па хаце мітусіўся Ільюшка: пісаў у дзённіку расклад, збіраў партфель і шукаў просты аловак на матэматыку.
І толькі муж у далёкім Менску ў начную змену не чыліў, не мітусіўся, а зарабляў нам капейчыну на гэтае вось усё))