Дзённік настаўніцы. 6 - 12 верасня.

Ганна Севярынец
13.09.2022

Ведаеце, што. Шмат роспачы навокал. Такой жудаснай роспачы, гранічнай. Я так скажу. Уявіце сабе, што вас у такім стане пабачыў Мукавозчык. Ці хто там яшчэ з іх. І вы седзяце перад ім, у роспачы, слязах і адчаі. Буэ. 

Трэба жыць і рабіць сваё хаця б назло. Рабіць дабро са зла, бо няма з чаго яго рабіць цяпер, акрамя як так.

У нас шмат спраў. Зараз усім цяжка, а сем'ям палітвязняў – яшчэ цяжэй. Яны не перасталі мець патрэбы ў падтрымцы. Знайдзіце сабе адну сям'ю - і апеквайцеся ёй. У нас растуць дзеці. Ім трэба любоў і павага, вандроўкі і шчаслівыя сямейныя вечары. Выдаюцца кніжкі, спяваюцца песні, ім трэба гледачы і слухачы. На будучыню трэба пісаць мемуары, хто ўмее і можа, трэба занатоўваць час. Няма калі рыдаць, ну праўда. 

Балада пра апошні ўдых

Ён быў натхнёны і малады

У гэты прыгожы год.

У каго быў сцяг, у кагосьці - дым,

У яго ж быў кісларод.

Балон на літраў пад сто пяцьсот,

Дыхай – і руш далей,

Праз вагонь, праз слёзы, праз кроў і пот,

І бруд, і золь, і глей.

І як першы ўпаў – маску на твар,

Дыхай! – і дыхаў той,

І зноўку трываў, і трымаў удар,

І праз пекла ішоў пехатой.

І з кім ты дыхаў у масцы адной –

іх незлічона было.

Пусцеў балон, бліжэла дно,

Ды верыў, што дапамагло.

А час ляцеў, ішоў, папоўз,

І зводу няма чарцям,

І ўжо задыхнуліся тыя, хто

Спрабаваў ратавацца сам.

А потым і тыя, каго ратаваў,

Глыталі атрутны дым,

І вам засталося на ўдых напалам –

З тым, хто першым быў.

Той маску рашуча сарваў – і лёг:

Ідзі, не глядзі на мяне.

Табе я вяртаю нясплатны доўг

На гэтай апошняй вайне.

Няхай табе хопіць яшчэ на ўдых,

На пераможны крок.

Я бачу: сонца  б’ецца праз дым,

Я веру: сыходзіць змрок.

І б’ецца ў лёгкіх ягоны дар,

І вагонь спапяляе зло

Над зямлёй, дзе няма з кім трымаць удар,

І няма з кім дзяліць святло.

 

От харошы дзянёк) І настрой добры, хаця і стрыманы, і працуецца, і пішацца)

Калі пра кошт гэтага ўсяго не думаць.

Ужо даўно заўважыла: варта крышачку парадавацца, асцярожна, на трацінку ад колішняга ўмення, і потым дні два поўзаеш зусім без сіл. Радасць адымае моц чамусьці.

А шчэ кажуць, чаму беларусы на вуліцы не пасміхаюцца. Батарэйка зарад не трымае бо.