Апошнім часам часта даводзіцца гутарыць з цудоўнымі людзьмі, якія з розных прычын засвойваюць самавукам прафесію школьнага настаўніка. Як любая прафесія, яна мае і свае лайфхакі, і свой шлях, і шлях у настаўніцтва не самы просты. Дык я хацела напісаць некалькі словаў і тым, хто па парады не звяртаецца, але, пэўна ж, перажывае тыя самыя цяжкасці, што і мы ўсе.
1. Самае галоўнае: няхай вас не турбуюць мажорныя пасты ў фэйсбуку ад некаторых дасведчаных настаўнікаў:) Можа падацца, што ў іх, у гэтых шчасліўчыкаў, кожны ўрок – свята, дзеці сядзяць як мышкі і ловяць кожнае іхнае слаўцо:) Гэта ня так:) Ідэальны ўрок здараецца рэдка, вельмі рэдка (ад таго мы так радуемся, калі гэта атрымліваецца), і сцежка да кожнага такога ўроку надзвычай пакручастая:)
2. Трэба разумець, што ваш урок -- далёка не самае галоўнае ў жыцці дзяцей:) І калі ім не адгукнулася -- гэта не заўсёды значыць, што вы недапрацавалі. Гэта значыць, што ў іх зараз нейкія іншыя хваляванні, справы, зацікаўленасці і наогул дрэнны настрой. Уменне "ўзяць у рукі" клас – напрацоўваецца гадамі, і гэта адзін з самых фантастычных скілоў, які варты таго, каб гадамі яго напрацоўваць.
3. Любы ўрок для дзяцей школьнага ўзросту структурна мусіць будавацца на простым, але вельмі эфектыўным прынцыпе чаргавання відаў дзейнасці: гутарым-пішам-чытаем-спрачаемся-пішам-разглядаем-чытаем-пішам. У кожнага настаўніка свой тэмп, у мяне – вельмі высокі, калі хто ўмее пераключацца хутка – гэта добра, бо дзеці не паспяваюць ачомацца і саскочыць:) Высокі тэмп урока дазваляе, напрыклад, даваць не надта глыбокія заданні, то бок менш да іх рыхтавацца (хітра падмігіваю). Калі вы чалавек больш павольны і тэмп ваш не надта хуткі - тады заданні варта прадумваць глыбей, каб дзеці не маглі іх узяць "з наскоку".
4. Вельмі добра працуе "арэчаўленне" тэмы ўрока (добра фізікам – у іх усё гэта і ёсць іхны прадмет). Намаляваць, зрабіць мапу, арганізаваць кастынг актораў на ролю героя кніжкі, уявіць чалавека ў выглядзе інтэр'ера, інтэр'ера ў выглядзе чалавека, спасцігнуць з'яву ў выглядзе ката ці сабакі, зрабіць афішу, блог, маршрут, рэцэпт торта, якім мог бы стаць герой – ну вось такое.
4. На ідэальным уроку настаўнік маўчыць:) Калі ёсць давер дзяцей да вас і вашых метадаў, калі ў вас ужо напрацавалася з імі ўзаемадзеянне -- няхай і заданні прыдумваюць, і правяраюць, і адзнакі ставяць яны адзін аднаму, а вы толькі арганізуеце гэты балаган у больш-менш акрэсленае рэчышча і прамаўляеце фінальнае абагульняючае слова:)
5. Іншы раз дзяцей чапляюць цалкам нечаканыя фішкі:) Адзін настаўнік браў дзяцей тым, што выклікаў дзяцей да адказу, паклаўшы ў капялюш паперкі з іхнымі імёнамі. Чула натхнёныя водгукі дзяцей, калі настаўніца арганізоўвала франтальнае апытанне, кідаючы мячык таму, каго хацела пачуць (такі метад не варта паказваць правяраючым, бо кідаць мячык у класе – так сабе ідэя, але). Нейкія мілыя бяспечныя вар'яцтвы, нечаканае вырашэнне банальных працэдур кшталту падпісвання аркушыкаў (падпішыце псеўданімам, але такім, каб я зразумела), а таксама педагагічнае дуракавалянне заўсёды вітаецца:) Дзеці любяць падурэць, асабліва калі на пару з дарослым:)
6. Кожны чалавек, і асабліва падлетак, больш за ўсё мае патрэбу выказацца і пагаварыць пра сябе. Свой унутраны свет для яго нашмат важнейшы, чым што іншае. Нехта можа рабіць гэта публічна падчас адказаў на пытанні, нехта – піша, нехта – маўчыць, але ў гэты час сам перад сабой выказваецца. То няхай змест урока будзе лёгка дапасоўвацца да іх саміх.
7. Ну, і шмат чаго дзеці могуць прабачыць за харошы жарт і самаіронію:) Настаўнікаў з добрым пачуццём гумару дзеці моцна любяць і цэняць -- і выдатна адрозніваюць акуратны, шляхетны гумар ад зубаскальства. Таму лепей за ўсё пасмейвацца над сабой альбо над нейкімі з'явамі ў вашым прадмеце – але ніколі, ніколі, ні пад якім соусам не жартуйце з дзяцей, іх думак, знешнасці, вопраткі, захапленняў альбо памылак, як бы вам гэтага не хацелася, прынамсі пакуль не адчуеце, што дзеці вам гэта даруюць. Мала хто можа сабе гэта дазволіць, і мала ў каго гэта атрымліваецца.
Напрыканцы – учорашні ўрок у шостым класе, паўтаралі марфемы (корань, суфікс, прыстаўку і ўсю гэтую кампанію). Напісала ім на дошцы некалькі дзясяткаў рандомных частак слова. Вось, кажу, вашы работнікі. А вы -- эйчары буйных кампаній. Вам трэба наняць як найменей марфем -- і атрымаць ад іх як мага болей слоў.
Ну і ўсё, далей я сабе качала нагой і плявала ў столь, а дзеці пыхцелі:) Так як бы і няма ад такога ўроку відавочных вынікаў: ніхто нічога не зазубрыў, ніхто не выйшаў геніем словаўтварэння, мала таго, некаторыя так і не зразумелі, што такое постфікс, але гэта няважна:) Важна – што яны памацалі сваімі рукамі марфемны прынцып арганізацыі мовы, на якім стаіць уся арфаграфія.