Эла і Аляксандр Якубоўскія. Вучні гатовы камунікаваць увесь урок, а не адседжвацца. Значыць, я на сваім месцы!

Настаўнікі фізікі Якубоўскія: «Проста не вучы фізіку ў школе, і ўсё тваё жыццё будзе напоўнена цудамі і чараўніцтвам, — смяюцца яны. — Усё, што акружае чалавека, гэта фізіка. Яна вучыць нас жыць і ўзаемадзейнічаць з навакольным светам. Як працуюць нашы мабільныя тэлефоны? Чаму небяспечна ездзіць са сцёртымі шынамі? Чаму адбываюцца сонечныя і месяцовыя зацьменні? Што такое эфект Гало? Усё гэта тлумачыць фізіка. Матэматыка — гэта мова, на якой размаўляе фізіка, але матэматыка — навука абстрактная, а фізіка — канкрэтная. Каб зачапіць увагу вучняў, можна выкарыстоўваць ключавыя пытанні. Чаму крынічная вада не замярзае зімой? Што агульнага ў космасу з патэльняй? Ці можна зрабіць так, каб вада кіпела толькі ў палове пасудзіны? Чаму высока ў гарах вывіхі ў людзей адбываюцца часцей, чым унізе? Ці магчыма зрабіць, каб цела рухалася бясконца? Здавалася б, элементарныя пытанні, але ці можаце вы даць на іх хуткі адказ? Ключавыя пытанні — той „кручок“, які не адпускае ўвагу вучня, пакуль задача не будзе вырашана. Дзякуючы адкрыццям фізікаў сёння дыягнастуюцца анкалагічныя захворванні. Рэстаўратары і мастацтвазнаўцы могуць „убачыць“ гістарычную пабудову ці мастацкую карціну знутры. А што такое кардыяграма сэрца? Гэта вельмі прыгожая асцылаграма, электрычныя імпульсы, якія ідуць з розных абласцей сэрца... Далёка не ўсе з нашых навучэнцаў будуць рашаць пасля школы задачы па фізіцы, але ўсе павінны разумець, як дзейнічаюць базавыя фізічныя законы. Наша задача — навучыць дзіця думаць, аналізаваць, супастаўляць...»


У сям’і ЯКУБОЎСКІХ з Жодзіна з фізікай сябруюць усе. Эла Мікалаеўна выкладае гэты вучэбны прадмет у гарадской гімназіі № 1. Яе муж Аляксандр Уладзіміравіч — у жодзінскай сярэдняй школе № 9. Старэйшы сын Захар скончыў факультэт радыёфізікі БДУ, а малодшы Яраслаў зараз навучаецца на трэцім курсе таго ж факультэта.
Сям’я Якубоўскіх — адзіная ў краіне, дзе і муж, і жонка маюць катэгорыю «настаўнік-метадыст». Між іншым, яе наяўнасць — сведчанне найвышэйшага пілатажу ў прафесіі і гатоўнасці дзяліцца з калегамі сваімі прафесійнымі ідэямі і знаходкамі, што яны з задавальненнем і робяць.
Чытайце пра сям'ю фізікаў Якубоўскіх у артыкуле Надзеі Нікалаевай: https://zviazda.by/be/news/20220930/1664543702-shto-agulnaga-u-kosmasu-z-patelnyay-yak-syameynaya-para-nastaunikau-fiziki