Эканамічная сістэма дзяржавы. Рыначная і дзяржаўная сістэмы ўласнасці

Гульня “Акіян”

Фрагмент урока.Тэма: Эканамічная сістэма дзяржавы. Рыначная і дзяржаўная сістэмы ўласнасці.

Аўтар: Галіна Дрокіна, Маладзечна. 

Навучальная мэта. Гатоўнасць прааналізаваць эканамічныя сістэмы, вызначыць іх перавагі і недахопы.

Задачы асабовага развіцця. Стварыць сітуацыю для засваення дзецьмі каштоўнасці прыватнай уласнасці.

Падрыхтоўка да ўрока. Для правядзення ўрока патрабуецца вялікі аркуш паперы фармату А1, набор дробных прадметаў.

Правядзенне.

У цэнтры пакоя ставіцца стол, на які кладзецца вялікі аркуш паперы. “Уявіце сабе, што гэта акіян”, – кажа настаўнік. Запрашаюцца 4 добраахвотнікі, якія выступаюць у ролі рыбакоў.

Першы этап
На ліст паперы кладуцца розныя дробныя прадметы, напрыклад гузікі, цукеркі, сашчэпкі, шышкі – гэта рыбы розных відаў, што жывуць у акіяне. Па камандзе настаўніка 4 добраахвотнікі пачынаюць лавіць рыбу.
(Заўвага: Звычайна, рыбакі вылоўліваюць з акіяну амаль усю рыбу.)
Настаўнік просіць кожнага растлумачыць свае дзеянні. Напрыклад, першы ўдзельнік лавіў рыбу дзеля цікавасці, другі – дзеля колькасці, трэці – любіць есці рыбу, чацвёртаму – падабаецца працэс лоўлі. Пасля тлумачэнняў рыбу выпускаюць назад у акіян. Настаўнік не дае ніякіх каментарыяў.

Другі этап
Настаўнік дзеліць тэрыторыю акіяна з дапамогай маркера на 4 роўныя часткі і абвяшчае, што кожны гулец мае зараз прыватную ўласнасць. Па камандзе зноў пачынаецца рыбалка. У гэты раз сітуацыя змяняецца: хтосьці хутка ловіць рыбу на сваёй тэрыторыі, потым пачынае частку адпускаць. Хтосьці пачынае лавіць у суседзяў. Праз некаторы час удзельнікі разгубіліся і не ведалі, што рабіць далей. Яны пачалі вяртаць рыбу назад. У выніку кожны вылавіў усяго па некалькі рыбак са свайго басейна. 

Настаўнік просіць удзельнікаў растлумачыць іх дзеянні.

(Заўвага. Вынікі правядзення гульні аўтарам: Першы ўдзельнік сказаў, што вылавіў некалькі рыбак для селекцыі, другі – не лавіў, пакінуў на развод, трэці – вылавіў найменшых на продаж, а чацвёрты – вылавіў некалькі рыбак для ежы. )
 

Каментар настаўніка. Такім чынам, мы бачым, як змяняюцца адносіны людзей да ўласнасці, калі яна не агульная, а прыватная. Адсюль вынікаюць тэзісы, якія ляжаць у аснове рыначнай эканомікі:

• Кожны выбар мае цану.

• Вынікі нашага выбару знаходзяцца ў будучыні.

• Усе людзі эканомяць.

• Добраахвотны абмен садзейнічае ўзбагачэнню абодвух бакоў.

• Эканамічная сістэма ўплывае на выбар.

Настаўнік прапануе пракаментаваць гэтыя тэзісы.

Далей настаўнік просіць параўнаць дзве эканамічныя сістэмы – рыначную эканоміку і дзяржаўную.

Гульня дапамагае дзецям зрабіць высновы, прааналізаваць эканамічныя сістэмы, убачыць іх перавагі і недахопы.