Дзённік настаўніцы. 29 кастрычніка

Ганна Севярынец
29.10.2022

Паляцелі і мае птушачкі ў белы вольны свет. Ніколі не мела такіх планаў, наадварот: заўсёды хацела, каб вучыліся мае дзеці тут, і прыносілі б гонар і славу сваім універсітэтам. І яны б гэта зрабілі, безумоўна: у іх інтэлектуальных перамог, медалёў і ўзятых вышыняў ужо болей, чым у мяне за ўсё жыццё.

Шчэ калі я працавала ў Смалявіцкай гімназіі і перыядычна мела выхаваўчыя гутаркі з нашым дырэктарам (ён думаў, што выхоўвае мяне, я думала, канешне ж, адваротнае) – зайшла ў нас спрэчка наконт сервільнасці адукацыі. Маўляў, мы дзяржаўныя людзі, мы мусім не разважаць, а рабіць тое, што сказана. Я тады перамагла ў той спрэчцы, выкарыстаўшы адзін бясспрэчны аргумент. Я яму сказала тады: вось вы адкрыта марыце, каб ваш сын вучыўся за мяжой. А я ўпарта мару, каб мае дзеці вучыліся тут. Скажыце, хто з нас будзе дбаць аб беларускай адукацыі з большай адказнасцю? Нашто вашая паслухмянасць і сервільнасць, калі вы нават сыну свайму не жадаеце такой адукацыі? Не было ў яго словаў мне запярэчыць.

Але тым ня менш, парадокс у тым, што ягоныя дзеці тут, а мае – ужо не.

Учора на вакзал прыйшлі сяброўкі дзяўчат – усе такія пяшчотныя, прыгожыя, такія мілыя і цёплыя дзеці, як кацяняты. Хто сядзеўшы, хто працу згубіўшы, хто адлічаны, хто звольнены. Стаялі, муркаталі, мяўкалі нешта кранальнае, пісалі адзін аднаму цыдулачкі, клалі ў сумачкі памятныя птушыныя перайкі і стразікі, паштовачкі з мілымі словамі і іншую мімімішную драбязу.

Яны будуць жыць у іншым свеце, вольным і прыгожым. Яны вернуцца і пабудуюць тут нарэшце сваю вольную гаспадарку. Маю ролю ў ёй я бачу так: сядзець у куце, магчыма, паліць сурова якую-небудзь старасвецкую трубку (ці яшчэ што брутальнае рабіць) і расказваць павучальныя гісторыі пра тое, як будаваўся, гніў і паміраў стары злы свет – каб болей яны ніколі не праваліліся ў гэтую прорву.