Пантэон Айчыны: цыкл гістарычных нарысаў Вітаўта Чаропкі пра вялікіх беларусаў

Звяртаем увагу настаўнікаў на эксклюзіўныя матэрыялы на ўрокі айчыннай гісторыі, літаратуры і мастацтва.
«Пантэон вялікіх беларусаў» — цыкл гістарычных эсэ Вітаўта Чаропкі — сапраўдная хрэстаматыя беларускага мінулага (на партале Выдавецкага дома «Звязда» праект "Пантэон Айчыны").Там можна ў даступнай, займальнай форме, у суправаджэнні выяў сустрэцца з князямі і філосафамі, друкарамі і паэтамі, ваеначальнікамі і навукоўцамі нашай зямлі, даведацца незвычайныя факты пра іх. У «Пантэоне Айчыны» багата дапаможнага матэрыялу для школьнікаў, студэнтаў, настаўнікаў і шмат цікавага для ўсіх аматараў гісторыі.


Напрыклад, ці ведалі вы, што:

  • Міхаіл Эльвіра Андрыёлі. Маляваў жабракоў і ілюстраваў раманы Фенімора Купера
  • Мастак Напалеон Орда іграў з Шапэнам у чатыры рукі
  • У гонар Ігната Дамейкі назвалі мінерал, кветку і горад
  • Оперы Манюшкі забаранялі за беларускія песні
  • Іван Хруцкі атрымаў залаты ланцуг, але прафесарам не стаў
  • Са зборніка фалькларыста Паўла Шэйна набыла папулярнасць «Лявоніха»
  • Казімір Альхімовіч праславіўся карцінай пра смерць Гедзіміна

    ...

Пантэон Айчыны чытаць тут: https://zviazda.by/be/project/panteon-aychyny

 

 

 

Чытайце таксама інтэрв'ю Людмілы Рублеўскай з Вітаўтам Чаропкам: Мой абавязак — вярнуць беларусам імёны іх слаўных продкаў

— Пра колькі постацяў ты ўжо напісаў і ці лёгка «знаходзіць» новыя? Якімі крыніцамі карыстаешся?

— Пэўна, за сотню будзе. Калі пішу пра гістарычную постаць, дык імкнуся выкарыстаць усе даступныя крыніцы. Вельмі каштоўным матэрыялам з'яўляецца эпісталярная спадчына. Удаецца зазірнуць чалавеку ў душу, зразумець яго пачуцці і матывы. Усялякі раз, калі заканчваеш пісаць нарыс пра чарговага героя, адчуваеш сум, нібыта развітваешся з добрым сябрам, бо за доўгі час ён становіцца табе блізкі і дарагі. Нават робіцца сорамна за нейкія яго паводзіны ці ўчынкі, хочацца ў іх разабрацца і апраўдаць яго. Гэта, вядома ж, суб'ектывізм, але куды ад яго дзецца, калі ты пішаш пра чалавека, хай нават і вялікага.

— Сярод персаналій тваіх артыкулаў не толькі тыя, каго можна падвесці пад азначэнне «этнічны беларус», і не толькі адназначна станоўчыя героі. Пытанне, якое выклікае шмат спрэчак: хто варты быць занесены ў нацыянальны пантэон? Якімі крытэрыямі ты кіруешся? Ці здаралася, што рашэнне прадставіць кагосьці як беларускага героя выклікала супраціў?

— Для мяне і крывіцкія князі (як іх называе «Аповесць мінулых гадоў»), і вялікія князі літоўскія, і «літвіны» Радзівілы, і «русіны» Сапегі — прадстаўнікі нашай, беларускай, гісторыі. Важна не этнічнае паходжанне той ці іншай асобы, а тое, што яна зрабіла для нашай зямлі, якую мы цяпер называем Беларусь. Вось я і расказваю сціпла і дасціпна пра гэта. І ў «Пантэоне» прадстаўлены людзі рознага этнічнага паходжання, напрыклад татарскага — Якуб Ясінскі і Напалеон Орда, ці нямецкага — Антоні Тызенгаўз, Эмілія Плятар. Гэтыя людзі ўпісалі свае імёны ў нашу гісторыю і культуру. Можна пашкадаваць, што не пра ўсіх вартых удалося расказаць. Канешне, ёсць асобы, якія выклікаюць унутраны супраціў, напрыклад Жыгімонт Аўгуст. Але мне яго шкада як няшчаснага чалавека з даволі драматычным лёсам. Зрэшты, ён імпануе тым, што ўмеў шукаць кампраміс — адна з галоўных якасцяў уладара. Ён быў аматарам мастацтва і гуманістам і не дапусціў рэлігійнай і палітычнай варажнечы, як у Францыі ці пазней у Германіі.
Чытаць далей на "Звяздзе": https://zviazda.by/be/news/20201207/1607350378-vitaut-charopka-moy-abavyazak-vyarnuc-belarusam-imyony-ih-slaunyh-prodkau