Галіна Давідоўская, метадыст НІА, у суполцы настаўнікаў Web Κλειώ гісторыя і грамадазнаўства падзялілася ўласным прыкладам распрацоўкі другога пытання ў білетах для экзамену па гісторыі Беларусі ў 9 класе.
Адной з самых актуальных тэм сярод настаўнікаў гісторыі ў апошні час з'яўляецца тэма выпускнога экзамену па гісторыі Беларусі ў 9 класе. Больш за ўсё настаўнікі абмяркоўваюць, якім павінна быць другое пытанне білета, так званае практычнае заданне. І гэта не здзіўляе, бо распрацоўваць гэтыя пытанні да экзамену ў 2022/2023 годзе настаўнікам прыйдзецца самім. Пытанні практычнай накіраванасці ўжо выкарыстоўваліся раней пры здачы выпускнога экзамену ў 11 класе, але ў 9 класе яны будуць мець зусім іншую форму. У тлумачальнай запісцы да білетаў сказана: «Другія пытанні білетаў накіраваны на праверку ўменняў вучняў працаваць з рознымі крыніцамі гістарычнай інфармацыі (фрагмент дакумента, картасхема, табліца, дыяграма, фрагмент артыкула, ілюстрацыя, іншыя крыніцы). Пры адказе на другое пытанне білета вучні аналізуюць прапанаваныя 3 (тры) крыніцы інфармацыі і выконваюць 4 (чатыры) заданні да іх».
Адразу хачу адзначыць, што заданні павінны мець рознаўзроўневы характар. Гэта неабходна, каб аб'ектыўна ацаніць сфарміраваныя ўменні вучняў. Акрамя гэтага, заданні павінны правяраць не кампанент ведаў, а менавіта практычныя ўменні. Выкарыстоўваюцца чатыры, а не пяць заданняў, бо адзнакі першага ўзроўню 1 – 2 лічацца адмоўнымі.
Прапаную для абмеркавання свой прыклад такога задання з адпаведнымі тлумачэннямі. Прапаную менавіта для абмеркавання, бо гэта маё асабістае бачанне такога задання і пры калектыўным абмеркаванні мы можам зрабіць яго больш дасканалым узорам для распрацоўкі іншых заданняў. Можна прапанаваць другія пытанні да тых крыніц, якія я выкарыстала, можна прапанаваць другія крыніцы і ўвогуле другое заданне на зададзеную тэму. А можна ўвогуле паспрабаваць распрацаваць заданні на іншыя тэмы. Але я думаю будзе важна, калі кожнае заданне будзе патлумачана па тому ўзору, які я прывяла ў табліцы пасля задання. Таму адразу пры распрацоўцы заданняў бярыце білеты, нормы ацэньвання і вучэбную праграму, у якой прапісаны патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці ў частцы “Умець”.
Заданне на рускай мове можна спампаваць тут