Сяджу сёння ўвесь дзень з кніжкай выбраных артыкулаў колішняй, яшчэ беларусацэнтрычнай, "Саўбеліі", і думаю розныя несвоечасовыя думкі.
Думаю, напрыклад, што ўжо ведаю, чаго (дакладней – каго) буду болей за ўсё баяцца, калі настане нарэшце доўгачаканая будучыня (а яна, канешне, настане).
Ведаю, што болей за ўсё будуць мяне страшыць усе гэтыя "камісары ў пыльных шлемах", чыя нянавісць і злоба будуць цалкам зразумелымі і вытлумачальнымі, а таму – даравальнымі ў вачах людзей. Я нават цяпер іх бачу, гэтых будучых камісараў.
Думаю яшчэ пра тых матросаў, якія сцалі ў вазы пераможанага Зімняга дварца. Гэта такі ў мяне быў свой трыгер калісьці: матросы, якія сцуць у вазы. Мне ў дзяцінстве было цяжка тым матросам тыя вазы дараваць. А потым я раптоўна ўсвядоміла, што ў кожнага такога матроса дома, у гнілой вёсцы, былі апухлыя ад голаду брацікі і сястрычкі, чорная ад дурнога жыцця маці і бацька з двухпалай рукой, бо пальцы на заводзе адарвала. Як тут у вазу не насцаць.
Думаю пра тое, што цяжэй за ўсё ў такія часы, як цяпер нашы, утрымацца ад нянавісці. Утрымацца ад жадання помсты. Утрымацца ад зла ўнутры сябе, чым бы яно не тлумачылася.
І думаю яшчэ, што моцна не люблю людзей, якія прагнуць улады. Чаму я ўсім сэрцам люблю – і не разлюблю ніколі – наш 2020 год, дык гэта таму, што людзі не хацелі ўлады, а хацелі толькі дабра.
Чытала днямі нейкі футуралагічны прагноз ад нейкага тытулаванага футуролага, забылася, якога і дзе. Але думка там была наступная: маўляў, чалавецтва да 2050 года будзе калбасіць і штырыць, пройдуць рэгіянальныя войны, пазмяняюцца рэжымы, народзяцца і памруць жорсткія хунты, але ў выніку чалавецтва нарэшце прыйдзе да таго, што кожны будзе маральным не таму, што так трэба, а таму, што так варта. Таму, што так – выгадна.
І гэта будзе тое, дзеля чаго варта было здымаць тапачкі, падымаючыся на лаву. От.
А пакуль я хаджу па хаце ў меланхалічным задуменні і пяю сабе пад нос: "І каміса-а-а-а-ары ў пы-ы-ы-льных шлемах скланяцца моўчкі нада мной".